17 верасня ў мінскай архікатэдры адбудзецца святая Імша з нагоды пачатку новага навучальнага года, падчас якой Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч удзеліць студэнтам благаслаўленне і асвеціць студэнцкія залікоўкі.
Catholic.by сустрэўся з арцыбіскупам і распытаў пра яго студэнцкія гады. Мітрапаліт узгадаў, як рыхтаваўся ў свой час да іспытаў, чаму яго любімай літаратурай былі кнігі па ядзернай фізіцы і што прымусіла яго вывучыць літоўскую мову за адзін семестр.
10 цікавостак ад Мітрапаліта
1. Быў прызёрам алімпіяд па фізіцы
«Сярод школьных прадметаў найбольш мне падабаліся фізіка і матэматыка. Яшчэ школьнікам, удзельнічаючы ў раённых і абласных алімпіядах па гэтых прадметах, я займаў высокія месцы. Таму страху перад паступленнем не было, ды і цяжкасцяў з паступленнем таксама. Нейкі час задумваўся пра медыцыну, але паступіў у выніку на фізмат Гродзенскага педагагічнага інстытута».
2. Адлічыўся пасля першага курса па ўласным жаданні
«У інстытуце мне падабалася. І атмасфера, і студэнты. Але кожную нядзелю я хадзіў у касцёл, і гэта не заставалася незаўважаным. У часы “ваяўнічага атэізму” было зразумела, што доўга пабыць студэнтам мне не дадуць. Неяк у адной з газет якраз пра мяне і было: як так — будучы выхавацель камуністычнай моладзі ходзіць у касцёл!.. Каб нікому не ствараць праблем, пасля першага курса я забраў дакументы.
Год адпрацаваў у будаўнічай арганізацыі ў Гродне, а пасля паехаў паступаць у Маскоўскі інжынерна-фізічны інстытут, дзе асаблівая ўвага звярталася на вывучэнне ядзернай фізікі. У тыя часы гэта была закрытая навучальная ўстанова. Дакументы ў мяне там нават не прынялі, спаслаўшыся на тое, што я іх позна прывёз, хоць насамрэч гэта быў апошні дзень падачы дакументаў.
Тады паехаў паступаць у Ленінградскі палітэхнічны інстытут на факультэт энергетычнага машынабудаўніцтва. Там мой першы дзень таксама мог быць апошнім. Падаючы дакументы, я выпадкова дастаў разам з дакументамі нацельны медалік. Але жанчына з прыёмнай камісіі мне яго вярнула са словамі: «Вазьміце і нікому не паказвайце».
3. Распрацаваў сваю методыку падрыхтоўкі да іспытаў
«Вучыўся я заўсёды добра (чырвоны дыплом Ленінградскага палітэхнічнага інстытута — заўв. аўт.). Таму перад іспытамі калі і перажываў, то толькі праз тое, што хацеў атрымаць 5, а не 4. Мне плацілі павышаную стыпендыю, і тая даплата ў 10 рублёў (у тыя часы для студэнта вялікія грошы) была для мяне добрым стымулам.
Вучыцца я любіў, навука давалася лёгка. Нас такіх на курсе было некалькі чалавек. Вось мы і прыдумалі свой метад падрыхтоўкі да экзаменаў: першыя дні кожны вучыць сам, а за дзень да экзамену збіраемся разам і цягнем адзін перад адным білеты, «мадэлюючы» іспыт. Ты адказваеш першы білет, ты — другі і г.д. Па чарзе мы паўтаралі ўсе білеты. Методыка дзейсная і пасля я перанёс яе нават у семінарыю, калі там вучыўся».
4. Здаваў экзамены датэрмінова
«Здаваць экзамены ў нас можна было датэрмінова. Гэта дазвалялася. Проста прыходзіш да выкладчыка і кажаш: экзамен 20-га, а я хачу здаць 15-га, ці можна прыйсці? Адзін згаджаўся, другі не згаджаўся. І калі сесія завяршалася дзесьці ў пачатку студзеня, то я ехаў дадому ўжо на тыдзень раней. Аднагрупнікі рэагавалі цалкам нармальна — я не адзін так здаваў. Каб лепш запаміналася, я рабіў кароткія канспекты. І калі мы сядалі за дзень да экзамена ўсё паўтараць, такія канспекты ў мяне ўжо былі. Гэта свайго роду шпаргалка, але на іспыт я яе не браў. Вучыць па такім канспекце лягчэй».
5. Гуляў за зборную факультэта ў футбол
«Спорт я заўжды любіў. Але ўніверсітэцкіх заняткаў спортам мне было мала. Для сябе я хадзіў у басейн, зімой — на лыжах. Гуляў у футбол і ў хакей. Набегаешся — і ў галаву навука лепш лезе. У Расіі была адмысловая культура заняткаў спортам. Асабліва папулярны быў футбол. Каманда ўніверсітэта была настолькі моцнай, што я нават не ўвайшоў у яе склад, хоць і вельмі хацеў. А вось за зборную факультэта гуляў».
6. Палюбіў Ленінград за рэлігійную талерантнасць
«Ленінград — горад не толькі трох рэвалюцый, але і рэлігійнай талерантнасці. У гэтым я пераконваўся неаднойчы, але адзін выпадак у памяці і дагэтуль. Аднойчы 25 снежня нам паставілі экзамен. Я вырашыў, што ў касцёл паеду ўжо пасля іспыту. І вось, я стаю ў калідоры разам з аднагрупнікамі, заняўшы чаргу на экзамен, а наш выкладчык, які некуды выходзіў, вяртаючыся, падыходзіць да мяне: ідзі, цягні білет.
Я пачаў пярэчыць, маўляў, тут чарга, ды і тое, што я добра вучуся, не дае мне права ісці перад астатнімі. Але ён мне ізноў: цягні білет і здавай экзамен, бо сёння 25 снежня і ў цябе няма часу (усміхаецца — заўв. аўт.). У Ленінградзе мне ніхто ніколі слова не сказаў, што я хаджу ў касцёл, чаго ў Гродне ў свой час, на жаль, не было».
7. Салодкае разлюбіў пасля вяселля аднагрупнікаў
«На курсе чацвёртым-пятым некаторыя з маіх аднакурснікаў пачалі актыўна выходзіць замуж і жаніцца. Некаторыя сем’і выходзілі нават з адной групы. Была такая пара і ў маёй групе. Аднойчы, будучы запрошаным да іх на святкаванне шлюбу, я ішоў якраз з касцёла. Па дарозе ў кафэ «Север» на Неўскім праспекце набыў торт — як бы віншаванне ад мяне (усміхаецца — заўв. аўт.). Купіў, глянуў — торт падаўся занадта малым. Я вярнуўся і купіў яшчэ адзін торт. Так з двума тартамі і прыйшоў. І яшчэ пажартаваў: адзін торт вам, а другі мне. І што думаеце: прымусілі мяне з’есці амаль увесь торт (усміхаецца — заўв. аўт.). Ахвоту на салодкае мне адбіла надоўга, але тады я зразумеў: трымайся свайго языка (смяецца — заўв. аўт.)».
8. Мроіў пра аспірантуру і нават здаў кандыдацкія мінімумы
«Я вучыўся на энергамашы — фізіка, гідратурбіны, гідрааўтаматыка і ўсё такое. Навука мяне так захапляла, што часу думаць пра дзяўчат асабліва і не было (усміхаецца — заўв. аўт.). Я зачытваўся літаратурай пра ядзерную фізіку, асабліва на першых курсах. Калі б тады ў мяне хто спытаў: слухай, хлопча, ці палез бы ты ў рэактар у імя навукі? Я палез бы, настолькі я гэтым усім жыў. Неяк пра сям’ю я тады не задумваўся. Цешыўся думкай, што, можа, як пазней. Я хацеў скончыць інстытут і ісці ў аспірантуру. У тыя часы ў аспірантуру было вельмі цяжка паступіць. Але я гэтага так хацеў, што пасля, працуючы па размеркаванні ў Вільнюсе, я нават паздаваў кандыдацкія мінімумы…»
9. Літоўскую мову вывучыў за адзін семестр
«Калі я паступаў у семінарыю ў Каўнасе, то яшчэ не ведаў, што навучанне будзе давацца так цяжка. Рэч у тым, што ўсе прадметы выкладаліся па-літоўску, а мову я ведаў дрэнна. З дазволу рэктара мне дазволілі адказваць на іншых мовах, але з умовай, што за год літоўскую мову я вывучу. І я змог. Пад канец першага семестра я ўжо здаваў іспыты па-літоўску. Бо, калі мову чуеш штодня — малітвы, лекцыі, Святое Пісанне, калі ўся літаратура на іншай мове, то і вучыць яе нашмат лягчэй. Трэба толькі старацца. Затым па-літоўску я пісаў і ліцэнцыят, і дактарат».
10. Рабіў прагнозы на футбольныя матчы праз тэорыю вялікіх лічбаў
«Аднойчы, калі ішоў чэмпіянат свету па футболе і паміж сабой гулялі Італія і Савецкі Саюз, я бавіўся з арыфмометрам. Мы тады вывучалі тэорыю вялікіх лічбаў і разам з сябрам, які быў побач, узялі статыстыку апошніх 10 матчаў і пачалі складаць-адымаць, каб вылічыць у выніку, хто выйграе. У мяне выйшла, што 4:3 — выйграе Італія. У выніку матч скончыўся 0:0, але па пенальці Італія выйграла. Мама мія! Да канца чэмпіянату я не меў спакою: усе ішлі да мяне і казалі: лічы, хто выйграе».
Пажаданне ад Мітрапаліта:
«Дарагія студэнты, хачу вам пажадаць, каб не забываліся пра свае хрысціянскія карані. Не забываліся пра прыклад веры вашых родных — бабуль і дзядуль, бацькоў — веру якіх вы атрымалі. Універсітэты знаходзяцца ў вялікіх гарадах, а вялікія гарады маюць шалёныя рытмы жыцця. Памятайце пра сваю хрысціянскую ідэнтычнасць, заставайцеся вернымі хрысціянскаму пакліканню.
Варта ўмець паставіць сучаснае жыццё ў рамках Божага закону. Памятайце, для чаго вы прыехалі ў вялікі горад — навука з’яўляецца вашай мэтай. Каб не было як з тым студэнтам, які выцягнуў на экзамене білет і спужаўся. «Што, пытанні страшныя?» «Не, — адказаў ён. — Мае адказы страшныя». Будзьце заўсёды з Богам».
Падрыхтаваў Ілья Лапато
Фота Аляксандры Шчыглінскай