Пошук

12.09.2014 11:49  

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі правёў два туры рэкалекцый для святароў Гродзенскай дыяцэзіі ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Аб тым, як быць добрым святаром сёння, аб моцнай веры ў складаных сітуацыях, а таксама аб дзейнасці сект у Беларусі з іерархам паразмаўляў кс. Павел Салабуда.

– Ваша Эксцэленцыя, Вы вяртаецеся ў семінарыю ўжо ў якасці біскупа. Якія ўражанні і пачуцці ў Вас узнікаюць, калі Вы наведваеце сваю школу Хрыста ў поўні святарства?

– Я ўжо не першы раз прыязджаю ў семінарыю як біскуп – вясной я праводзіў дзень засяроджання для семінарыстаў. Безумоўна, гэтая роля дастаткова незвычайная для мяне, я перажываю іншыя ўражанні. Прыгадваю семінарыйныя гады: як сядзелі ў капліцы, як жылі тут, як хадзілі па калідорах, таму не дзіўна, што я адчуваю пэўную настальгію. Я заўсёды наведваю семінарыю з вялікай удзячнасцю да выхавацеляў і выкладчыкаў, якія прысвячалі вельмі шмат часу, каб перыяд фармацыі быў сапраўдным перыядам падрыхтоўкі да святарства. Толькі цяпер я ўсведамляю, колькі энергіі, колькі сіл трэба было прысвяціць нам, семінарыстам, каб мы маглі стаць святарамі; колькі працы, колькі, часам, нерваў каштавала выкладчыкам наша святарства. Я заўсёды стараюся маліцца за ўсіх тых людзей, якіх я сустракаю на сваім жыццёвым шляху.

Гэты семінарыйны дом быў і надалей застаецца сапраўднай школай Хрыста, аб гэтым сведчаць семінарысты, іх служэнне, іх жаданне. Калісьці кардынал Казімір Свёнтэк сказаў: “Разам з вамі, маладымі, я таксама адчуваю сябе маладым”. Тут, у семінарыі, чалавек становіцца малодшым на некалькі дзясяткаў гадоў і зноў знаходзіцца ў той атмасферы, у якой некалі правёў пяць гадоў свайго жыцця. Я заўсёды з прыемнасцю прыгадваю той час, і я ўдзячны гэтай школе Хрыста за ўсё тое, што пазней сустрэла мяне ў жыцці.

– Якімі важнымі думкамі Вы падзяліліся са святарамі падчас рэкалекцый?


– Рэкалекцыі – гэта час працы чалавека над сабой, час асаблівай сустрэчы з Богам. Я не адкрыў падчас гэтых рэкалекцый нічога новага, я толькі стараўся падказаць некаторыя пытанні, на якія варта даць адказ самому сабе, — між іншым, пытанне: “Які я святар?”

Падчас рэкалекцый мы звярталі ўвагу на пэўныя небяспекі ў духоўным жыцці святара, з якімі ён можа сустрэцца. Святар на працягу ўсяго свайго жыцця павінен служыць згодна з пакліканнем, якое атрымаў ад Пана, а гэта на самой справе патрабуе вялікіх намаганняў.

Галоўнай мэтай рэкалекцый было перажыванне асаблівай сустрэчы з Езусам Хрыстом. Кожныя рэкалекцыі, якія адбываюцца штогод, даюць нам пэўны імпульс. Дзякуючы гэтаму мы ведаем, над чым трэба папрацаваць, што трэба змяніць, на што звярнуць увагу. Без такой працы над сабой, без засяроджання, без хвіліны цішыні несці гэтае служэнне было б дастаткова цяжка. Я лічу, што рэкалекцыі, падчас якіх у нас ёсць магчымасць больш маліцца, часцей сустракацца, будаваць святарскую супольнасць, даюць свой плён.

– Аб чым сёння варта памятаць слугам алтара, каб быць добрымі святарамі?


– Перш за ўсё, трэба памятаць, што святарства з’яўляецца Божым дарам. Бог паклікаў нас да гэтай службы. У пэўны момант мы сказалі Яму “так”, пайшлі за Ім, прынялі сакрамэнт святарства, таму варта памятаць пра Таго, хто нас паклікаў, пра Езуса Хрыста, які з’яўляецца крыніцай нашай сілы, крыніцай усяго таго, што мы робім. Каб быць добрым ксяндзом, трэба быць чалавекам малітвы, бо менавіта малітва дае нам вельмі шмат сілы, натхнення. З іншага боку, каб быць добрым ксяндзом, трэба быць самім сабой, але трэба таксама працаваць над тым, каб гэтае быццё сабой было ў нас своеасаблівым самаўдасканальваннем. Трэба памятаць, што мы былі пасланы Хрыстом да людзей, але нішто людское нам не чужое, таму мы павінны суперажываць праблемам сучаснага чалавека, не быць дзесьці паводдаль, не павялічваць адлегласць да людзей. Кожны з нас атрымлівае ад Бога свае дары, сваю харызму; яны адрозніваюцца, але калі кожны будзе сумленна імі карыстацца, будзе падтрымліваць сваю сувязь з Хрыстом, то Божае Валадарства будзе для нас адкрыта. Усе мы добра ведаем, што чалавек, які ўваходзіць у Божае Валадарства, не ідзе адзін, а заўсёды вядзе за сабой тых, хто ўваходзіць туды дзякуючы яму.

– Вы часта бываеце на Магілёўшчыне, жывеце ў Мінску, знаёмыя з Гродзеншчынай. Якая вера ў людзей на Беларусі?

– Вера – гэта Божы дар, немагчымы без удзелу чалавека. У нашай краіне чалавек адкрыты на Бога, улічваючы тое, што, можа, адрозніваюцца ўсходняя і заходняя часткі Беларусі: у Заходняй Беларусі людзі лепш захавалі веру, а на ўсходзе краіны барацьба з Касцёлам пачалася значна раней, таму там працэс вяртання дастаткова складаны. На ўсходніх тэрыторыях, асабліва на Магілёўшчыне, не вельмі шмат людзей у святынях, хоць трэба сказаць, што прыходзяць, вяртаюцца, шукаюць Бога. І гэта вельмі цудоўна, бо задачай Касцёла было распаўсюджванне веры, дапамога чалавеку ў адшуканні Хрыста ў сваім жыцці, адшуканні дарогі да Бога.

– Зазіраючы ў будучыню, як Вы лічыце, чаго нам яшчэ не хапае? На што павінен звярнуць увагу Касцёл?

– Вядома, што перад Касцёлам стаяць пэўныя выклікі. Мы ўвайшлі ў XXI стагоддзе, Касцёл, таксама як і ўсё грамадства, не стаіць на месцы. Яго задачай заўсёды і ўсюды было абвяшчэнне Хрыста, стварэнне супольнасці людзей, якія вераць у Яго і імкнуцца да адной мэты – збаўлення, з’яднання з Хрыстом у Нябесным Валадарстве. Мы павінны звяртаць увагу на формы сваёй дзейнасці, на тое, што прамаўляе да сэрца чалавека, бо час змяняецца, а разам з ім змяняюцца і патрабаванні людзей. Варта несці Божае слова праз сродкі масавай інфармацыі, бо сучасныя тэхналогіі ідуць наперад хутчэй, чым мы можам падумаць, і Касцёл можа выкарыстаць іх, каб несці Божае слова. Мы таксама павінны звярнуць асаблівую ўвагу на працу з маладым пакаленнем, з дзецьмі. У нас добра арганізавана катэхеза, але часам мы забываемся, што дарослыя людзі, у якіх не было ў дзяцінстве належнай катэхезы, таксама хацелі б даведацца аб многіх рэчах. Таму варта арганізоўваць катэхезы для дарослых, розныя сустрэчы. Вельмі вялікую і важную ролю адыгрываюць сямейныя рухі: “Сужэнскія сустрэчы”, “Notre Dame” і інш. Яны дапамагаюць людзям з розных куткоў краіны быць разам, сустракацца, мяняцца вопытам, што іх збліжае: яны сябруюць, маюць супольную мэту, разам любяць Хрыста, маюць супольныя тэмы, супольную веру.

– У Вашым гербе ёсць словы “manere in Christo” (трываць у Хрысце). Што павінны рабіць сучасныя хрысціяне, каб у сённяшні час быць вернымі Хрысту?

– Толькі трыванне ў Хрысце дае патрэбны плён – плён веры, цноты, імкнення да дасканаласці, да збаўлення, таму я выбраў менавіта гэтыя словы ў якасці свайго дэвізу. Сучасны хрысціянін павінен таксама памятаць, што без Хрыста чалавек адзінокі, а з Хрыстом ён адкрывае сябе на прыняцце разнастайных Божых дароў і ласкаў. Сучасны хрысціянін, нягледзячы на тое, што ён мае шмат заняткаў, што яго жыццё часам выглядае як кругласутачны бег, заўсёды павінен знайсці час на малітву, на размову з Хрыстом. Калі чалавеку не хапае гэтага часу, потым яму не хопіць сіл. Сёння мы бачым – аб гэтым гавораць і псіхолагі, – што людзі часта падвержаны дэпрэсіі ці іншым псіхічным захворванням, бо чалавек не можа разлічыць свае сілы. Аднак з Хрыстом мы зусім па-іншаму глядзім на гэта. Калі ў Хрыста спыталіся, якая з запаведзяў самая галоўная, Ён адказаў, што гэта любоў да Бога і любоў да бліжняга. Чалавек павінен хацець развіваць у сабе гэтыя цноты, удасканальваць сваю любоў да Бога, шукаць Яго, пазнаваць. Сёння цяжка адважыцца на хаця б некалькіхвіліннае чытанне рэлігійнай літаратуры, якая дапаможа пазнаць пэўныя ісціны. Але варта прысвяціць гэтаму свой час, таму што калі я хачу любіць Бога, то я хачу пазнаваць Яго, хачу сустракацца з Ім у святых сакрамэнтах, а таксама старацца практыкавацца ў любові да бліжняга – тры гэтыя рэчы заўсёды будуць актуальнымі. Тады мы будзем трываць у Хрысце, Ён будзе крыніцай ласкаў, сілы, натхнення, усяго, што нам неабходна.

– Сёння часта гаворыцца аб сектах. Вы як тэолаг шмат часу прысвяцілі гэтай праблематыцы. Якую небяспеку сёння нясуць секты?

 – Секта – гэта група людзей, якія адыходзяць ад пэўнай касцёльнай артадоксіі, адлучаюцца, абвяшчаючы свае асабістыя погляды, маюць пэўную ідэалогію, веру, што адрозніваецца ад традыцыйных рэлігій. Заснавальнікамі сект з’яўляюцца людзі, якія маюць пэўныя інтарэсы. Чалавек, трапляючы ў секту, губляе сувязь з рэчаіснасцю – і гэта самая важная праблема. Секта заўсёды хоча падпарадкаваць чалавека сваім ідэалам, свайму гуру, які стаіць на чале.

Чалавек, знаходзячыся ў такой групе, можа згубіць іерархію каштоўнасцяў, яму будзе складана вярнуцца да нармальнага жыцця ў грамадстве. Часам у сектах чалавеку навязваюць погляды, якія, магчыма, увогуле не згаджаюцца з нашым спосабам мыслення і светапоглядам. Так, напрыклад, заўсёды неаарыентальныя секты, якія грунтуюцца на пэўных рэлігіях Усходу, нясуць у сабе светапогляд, які адрозніваецца ад нашага традыцыйнага погляду на жыццё, сям’ю, каштоўнасці. Прымаючы гэтыя каштоўнасці, чалавек не можа справіцца з самім сабой, адбываецца пэўны ўнутраны разлом, калі ён бачыць перад сабой адно, а яму загадваюць глядзець на свет з іншага боку, па-іншаму яго ўспрымаць. Здараюцца таксама псіхічныя хваробы, выйсці з якіх чалавеку можа дапамагчы толькі псіхіятр. Часам секты маюць таксама ўтоены сатаністычны характар, што яшчэ больш небяспечна. Спачатку яны выклікаюць захапленне і зацікаўленасць, але пазней такая цікаўнасць мае страшныя вынікі – каб вызваліцца, чалавеку будзе неабходна дапамога экзарцыста. Варта адзначыць, што ў Беларусі сект не так ужо і шмат, паколькі яны не маюць глебы для пашырэння.

– Ваша Эксцэленцыя, што можна параіць людзям, чые блізкія трапілі ў секту?


– Калі чалавек трапляе ў секту, яго паводзіны пачынаюць набываць неграмадскі характар: чалавек пазбягае сям’і, трымаецца ўбаку, становіцца агрэсіўным у адносінах да людзей, якія маюць іншыя погляды. Сям’я павінна падтрымаць такога чалавека, паказаць, што любіць яго, што адносіны да яго, нягледзячы ні на што, добрыя. За такога чалавека трэба таксама шмат маліцца, бо менавіта малітва дапаможа зразумець, што адбываецца, хто ёсць хто. Трэба даведацца, з кім сябруе гэты чалавек, звярнуцца да святара, абмеркаваць дадзеную праблему, пакуль сам залежны не ўцёк з дому.

– Як Касцёл павінен змагацца з сектамі?

– Касцёл павінен у першую чаргу выконваць сваю функцыю абвяшчэння Божага слова, павінен стаць тым месцам, дзе чалавек сустракаецца з Богам. Калі душпастырства знаходзіцца на добрым узроўні, калі чалавек, які прыходзіць у касцёл, на самой справе можа сустрэцца з Хрыстом, чуе Божае слова, адчувае добрыя адносіны да сябе, калі святар не абыякавы да яго праблемы, заўсёды выслухае і дасць пэўныя парады, то, безумоўна, Касцёл выконвае свае функцыі. Змагацца з сектамі трэба, але ж мы не возьмем зброю ў рукі. Касцёл павінен інфармаваць людзей. Калі ў нейкай мясцовасці з’явіліся асобы, якія, напрыклад, збіраюць спартыўную групу для заняткаў ёгай, ксёндз павінен адрэагаваць, бо ёга як фізічныя практыкаванні не існуе, гэта частка пэўнага рэлігійнага выхавання. Таму святар павінен асцерагаць людзей і маліцца, каб гэта не стала прычынай выхаду людзей з парафіі.

– Ваша Эксцэленцыя, што б Вы хацелі пажадаць нашым чытачам?


– Я хацеў бы ў першую чаргу пажадаць Хрыстовага благаслаўлення кожнаму чалавеку. Калі мы сустракаемся з Хрыстом, калі Ён нас благаслаўляе, у нашай душы і ў нашым сэрцы застаецца значны след. Я жадаю ім не адварочвацца ад Хрыста, не забывацца пра малітву, якая адкрывае перад намі мноства магчымасцяў, не забывацца пра хрысціянскія абавязкі. Апошнім часам можна заўважыць, што людзям не хапае часу нават у нядзелю, каб прыйсці на святую Імшу, чалавек заўсёды знаходзіць сабе апраўданні. Жадаю, каб вернікі не шукалі гэтых апраўданняў, а шукалі магчымасць трываць у Хрысце, былі Яго сябрамі, не забываліся, што Ён ёсць у нашым жыцці, што Ён глядзіць на нас, а мы – на Яго.

Паводле «Слова Жыцця»,  №17 (404), 14 верасня 2014 г.

(AG)

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця