Пошук

04.09.2014 00:00   Ілья Лапато / Catholic.by

Святар-езуіт Стэфан Дартман SJ узначальвае дабрачынную арганізацыю «Рэнавабіс» з 2010 года. Пра вопыт працы, а таксама пра адрозненні ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе ён расказаў у інтэрв’ю для Catholic.by.

Кніжная паліца ў пакоі а. Стэфана поўная кніг. Розных колераў і памераў. Акрамя іншага тут можна знайсці безліч брэвіярыяў на нямецкай, англійскай, шведскай, а таксама іспанскай, італьянскай, французскай і польскай мовах. Таксама на бачным месцы — падрабязная мапа Стакгольма. І кожны прадмет тут невыпадковы.

Перад тым, як узначаліць «Рэнавабіс», а. Стэфан Дартман быў правінцыялам Нямецка-Скандынаўскай правінцыі езуітаў. За плячыма святара 20 гадоў жыцця ў Швецыі...

— Як пачыналася Ваша пакліканне як езуіта?

— Пра пакліканне да святарства я пачаў задумвацца яшчэ юнаком. Спачатку хацеў быць дыяцэзіяльным святаром. Але, правёўшы год у Іерусаліме, дзе я бачыў шматстайнасць канфесій і чуў малітвы на шматлікіх мовах, я зразумеў, што хачу пазнаваць іншыя культуры і канфесіі. У мяне з’явілася яскравая патрэба ў духоўнасці — і знайшоў я яе якраз у Ордэне езуітаў. Міжнародны складнік для нас – абсалютна тыповая з’ява. Я вярнуўся ў Германію і распачаў навіцыят у езуітаў. Пасля неяк падчас канікул мы адведвалі братоў у Швецыі. Я быў зачараваны: краіна, культура, людзі.

— Ці ведалі Вы тады, што застанецеся там так надоўга?

— Зусім не. Я вярнуўся ў Швецыю толькі праз два гады. Атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне і пісаў там ліцэнцыят. А атрымалася так, што застаўся на 20 гадоў... Касцёл у Швецыі — місіянерскі. Тут жыве толькі два працэнты (!) католікаў. У Стакгольме, дзе я працаваў, у 10-тысячнай парафіі налічваецца да 80 самых розных нацыянальнасцяў. Цікава, што 7 з 10 тысяч — замежнікі, эмігранты або людзі з замежным паходжаннем. Парафіі там вельмі вялікія па тэрыторыі і, каб трапіць на Імшу, многім даводзіцца шмат часу быць у дарозе. Гэта асаблівая якасць Касцёла ў Швецыі — у Германіі, дзе адлегласць да бліжэйшай святыні рэдка складае больш за два кіламетры, гэта рэдкасць. Увогуле, каталіцтва ўніверсальнае: асабліва разумееш гэта, калі бачыш шматнацыянальную шведскую парафію. Я вельмі палюбіў Швецыю і, спадзяюся, яшчэ калі-небудзь змагу вярнуцца ў гэтую краіну. Увогуле, пра Касцёл там я магу расказваць доўга.

— Прызначэнне ў «Рэнавабіс» стала працягам спазнання новых культур?

— Па сваёй натуры я еўрапеец. Я шмат ведаў пра захад Еўропы, аднак неспазнанай заставаліся для мяне краіны на Усходзе. Таму сваё прызначэнне ў «Рэнавабіс» я ўспрыняў з радасцю. Дзякуючы «Рэнавабіс» я адкрыў і працягваю адкрываць для сябе іншы бок Еўропы. Усходнія краіны заўжды былі часткай Еўропы, але іх успрыманне адрознівалася. Усходняя Еўропа сёння — гэта вялікія маральныя каштоўнасці і глыбокая вера. Калісьці Папа Ян Павел ІІ казаў, што Еўропа павінна дыхаць двума лёгкімі, маючы на ўвазе еўрапейскія ўсход і захад. Цалкам падтрымліваю гэтую думку.

— Наколькі актуальная тэма сёлетняга кангрэса «Касцёл-СМІ-грамадскае меркаванне» ў еўрапейскім кантэксце?


— У Германіі яна вельмі актуальная. Апошнія гады было шмат скандалаў: гісторыі з неразумным расходваннем касцёльных сродкаў, касцёльны падатак і г.д. Касцёл павінен вучыцца будаваць адносіны са СМІ. СМІ часта падаюць інфармацыю не зусім праўдзіва. Таксама важнае пытанне этыкі СМІ. Інфармацыя падаецца аднабакова — праўды напалову... Такі інфармацыйны фон у нас. Я думаю, гэтая тэма ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе яшчэ новая. Пасля 1993 года многія біскупы хацелі мець сваю ўласную радыёстанцыю або тэлеканал.

Важнасць камунікацыі была асэнсаваная: біскупы пыталіся, які канал найлепшы. Сёння лідарства ў «новых медыя», у ліку якіх твітар і фэйсбук. Ці дастаткова гэтых сродкаў або ўласны тэлеканал павінен быць усё адно? Пытанняў шмат. Я думаю, вопыт гэтых 29 краін, з якімі працуе «Рэнавабіс», розны. Важна аднак зразумець, як у гэтым канкрэтным кантэксце Касцёл можа працаваць як найлепш.

— Ці павінны духоўныя асобы быць прысутнымі ў сацыяльных сетках?


— Я ведаю, што некаторыя святары маюць акаўнты ў сацыяльных сетках. Таксама і біскупы. Той жа афіцыйны твітар Пантыфіка таксама можна згадаць. Але дыскусія тут павінна пачынацца з пытання, дзе мяжа прабывання ў гэтых сетках. Я асабіста трохі скептычны: у Фэйсбук я быў толькі дзве хвіліны (усміхаеццаЗаўв. аўт.). Людзі выдаткоўваюць на сацыяльныя сеткі зашмат часу. Лепш кантактаваць ужывую.

— Як Вы ставіцеся да ініцыятыў т.зв. «споведзі ў інтэрнэце»?

— Такога ў нас няма, але ёсць іншая форма камунікацыі. Так званая служба духоўнай апекі. У ёй працуюць таксама і святары. Гэтая служба можа быць як тэлефоннай, так і электроннай. Калі ў чалавека пэўная праблема, ён можа ананімна пазваніць у гэтую службу і яму дапамогуць. І гэтая служба — адна з тых сфер, дзе Касцёл прадстаўлены. Калі межы ці бар'еры вельмі вялікія, то чаму не выкарыстаць і гэты канал?

— Акрамя штогадовага кангрэса, «Рэнавабіс» праводзіць таксама штогадовыя акцыі па збору ахвяраванняў на Тройцу. Што гэта за акцыя?

— Сапраўды, штогод мы працуем з дзвюма тэмамі. Першая датычыць кангрэса, а другая — нашай акцыі па збору ахвяраванняў у Тройцу (ва ўсіх парафіях Германіі ў гэты дзень збіраюцца ахвяраванні для «Рэнавабіс»). Кампанію мы распачынаем звычайна за тры тыдні да пачатку Тройцы: наведваем школы, ладзім мерапрыемствы.

Мы расказваем людзям пра сябе, пра нашу дзейнасць, пра нашых партнёраў. І кожны год на гэтую акцыю мы абіраем адну з тэм, з якой мы як дабрачынная арганізацыя звычайна працуем. Напрыклад, дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі ці сацыяльная адаптацыя бежанцаў. 

— Ці можна сцвярджаць, што ў Германіі ёсць асобная культура ахвяравання сродкаў на дабрачыннасць?

— Цалкам слушна. У пасляваенны час немцам дапамагалі ахвяраваннямі жыхары Скандынавіі (шведы і нарвежцы) і ЗША. Мы атрымлівалі шмат дапамогі. І сёння нашы вернікі таксама робяць ахвяраванні з веданнем справы: яны дапамагаюць часта ў праектах канкрэтных краін. І людзі кантралююць гэты працэс пасля — яны хочуць ведаць, куды пайшлі іх грошы.

Сёння ў Германіі распрацаваны адмысловы дзяржаўны сертыфікат дабрачыннай арганізацыі. Іншымі словамі, «арганізацыя правераная і ёй можна давяраць». І каб людзі давяралі і не баяліся перадаваць свае грошы, такі сертыфікат трэба мець. У «Рэнавабіс» ён ёсць.

Часта людзі скептычна ставяцца да дзейнасці дабрачынных арганізацый: маўляў, грошы расходуюцца неразумна. Але мы імкнемся пераканаць нашых ахвярадаўцаў у адваротным: іх грошы знаходзяць адрасата ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Сертыфікат таму і прысуджаецца, калі арганізацыя надзейная і выконвае неабходныя ўмовы, да таго ж яе праекты кантралююцца звонку дадаткова. Іншымі словамі — у праектах не павінна быць карупцыі, а якасць выкананых праектаў павінна адпавядаць заяўленаму плану. Таксама па заканчэнні праекта павінна быць прадстаўлена адмысловая «справаздача». Уся гэтая інфармацыя дасяжная для ахвярадаўцаў.

Гутарыў Ілья Лапато

фота Даніэлы Шульц

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа