25 ліпеня 1989 года Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч быў прызначаны біскупам — Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі. З нагоды юбілею рэдакцыя catholic.by віншуе Яго Эксцэленцыю і прадстаўляе інтэрв’ю, дзе Мітрапаліт узгадвае гэты дзень, а таксама іншыя моманты свайго служэння.
— Найперш пра дату 25 ліпеня ўжо далёкага 1989 года. Тады па дарозе на святкаванне 50-годдзя святарскага пасвячэння кс. прэлата Алёйзы Тамковіча, пробашча ў Астраўцы і Гудагаі, я пачуў па радыё аб маім прызначэнні біскупам, Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі. Як сёння памятаю, я папрасіў спыніць аўтамабіль прама ў лесе, выйшаў з яго, стаў на калені. Мы памаліліся на ружанцы. Я папрасіў святара, які ехаў разам са мной, мяне благаславіць, бо добра разумеў, што з той хвіліны я адказны за Касцёл у Беларусі, а ўсе святары — гэта мае духоўныя сыны, з якімі разам я павінен складаць адзіны прэзбітэрый.
Мы працягнулі шлях да Гудагая, дзе афіцыйна было аб’яўлена аб маім прызначэнні і цэлебравалася спецыяльная Імша. Нешматлікія святары, у асноўным старэйшыя, чакалі і не маглі дачакацца біскупа, бо добра ведалі словы св. Ігнацыя Антыяхійскага: «Дзе біскуп, там і Касцёл». Пасля аб’яўлення аб прызначэнні біскупа яны са слязьмі на вачах дзякавалі Богу, што дачакаліся новых часоў.
Мяне віншавалі, а ў маёй душы паўставала шмат пытанняў. Як кіраваць Касцёлам пасля трох пакаленняў ганенняў, калі няма святароў, кансэкраваных асобаў, касцёльных будынкаў, семінарыі, рэлігійнай літаратуры? Але я верыў у дапамогу Марыі і сілу малітвы, аб якой прасіў у святароў.
Дзень 20 кастрычніка — гэта дзень маёй біскупскай сакры, удзеленай Папам, сёння ўжо святым Янам Паўлам II, у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане. Я доўга рыхтаваўся да гэтага дня. Наведаў усе ватыканскія кангрэгацыі, дзе распавёў пра сітуацыю Касцёла ў Беларусі і былым СССР, у айцоў капуцынаў правёў рэкалекцыі, два разы прымаў удзел у літургічнай рэпетыцыі, а таксама сустрэўся з Папам.
Сама кансэкрацыя і асаблівая літургія падчас яе зрабілі непаўторнае ўражанне. Мне таксама было вельмі прыемна, што ў набажэнстве прыняў удзел кардынал Вінцэнтас Слакявічюс з Каўнаса, якога я добра ведаў.
Я ўдзячны таксама і сённяшняму біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу, які быў разам са мною. У сваёй гаміліі Папа Ян Павел II прамовіў таксама па-беларуску, што было не толькі прыемна, але было знакам павагі Пантыфіка да нашай краіны. Я вельмі моцна перажыў урачыстасць і, відавочна, гэта заўважыў Папа. Пасля Імшы ён падышоў да мяне, узяў моцна за рукі і сказаў: «Тадэвуш, не бойся, усё будзе добра, я малюся за цябе». І, сапраўды, справы пайшлі добра. І сёння, пасля 25 гадоў, у маіх вушах гучаць гэтыя словы Пантыфіка: «Не бойся, усё будзе добра, я малюся за цябе». Дзякую святому Яну Паўлу ІІ, бо без яго малітвы было б вельмі цяжка.
— Ужо ў 1991 годзе Вашае служэнне было змешчана ў Расію. Як Вы ўспрынялі гэты факт у сваім жыцці? Што для Вас азначала служэнне ў гэтай краіне?
— Падчас святарскага пасвячэння кандыдат абяцае паслухмянасць біскупу. Падчас біскупскай сакры біскуп намінат абяцае паслухмянасць Папу. Менавіта ў духу паслухмянасці я заўсёды ўспрымаў усе прызначэнні, таксама і прызначэнне ў Расію. Я — жаўнер, а Папа — мой генерал. Таму я не ставіў ніякага пытання, чаму я, а можа, хтосьці іншы і г.д. А такія пытанні можна было б паставіць, бо Бог вельмі благаслаўляў служэнне ў Беларусі. За кароткі час удалося вярнуць 97 канфіскаваных касцёлаў, заснаваць духоўную семінарыю ў Гродне, выдаць 90 тысяч экзэмпляраў кароткага катэхізіса па-беларуску і 50 тысяч экзэмпляраў «Парадку святой Імшы» на беларускай мове, моцна павялічылася колькасць святароў, якія прыехалі з-за мяжы дапамагаць адбудоўваць Касцёл, распачалася харытатыўная праца і г.д.
У Расіі сітуацыя была значна горшай. Там сапраўды трэба было распачынаць з нуля, бо было толькі каля 10 зарэгістраваных парафій і служыла 7 святароў. Я адчуваў сябе там пасланым абвяшчаць Евангелле і адбудоўваць Касцёл. І Бог зноў благаславіў. За 16 гадоў служэння малы па колькасці Касцёл у Расіі стаў інтэгральнай часткай грамадства. Атрымалася заснаваць семінарыю ў Санкт-Пецярбургу, дзве радыёпраграмы - у Маскве і Санкт-Пецярбургу, дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас», газету «Святло Евангелля», 4 выдавецтвы, выдаць 600 найменаванняў рэлігійных кніг на рускай мове, у тым ліку Каталіцкую Энцыклапедыю, колькасць святароў стала каля 270 чалавек, а сясцёр законных — каля 400. Духоўныя асобы былі не толькі з Расіі, а яшчэ з 23 краінаў свету. Расія стала для мяне месцам сеяння Евангелля на постатэістычнай пустэчы, і я рады, што яго зерне прынесла і далей прыносіць плён.
— У верасні 2007 года Вы вяртаецеся служыць у Беларусь. Што ўзгадваецца з першых дзён, тыдняў, месяцаў у Беларусі? Мінула больш за 15 гадоў — які вобраз Касцёла ў Беларусі паўстаў перад Вамі? З чым можна б было яго параўнаць?
— Я пакінуў Беларусь у 1991 г., калі Касцёл «набіраў абароты» на шляху адраджэння і ўмацавання. Пасля 16 гадоў я сустрэў ужо іншы Касцёл: са сваімі структурамі, добра развітай сеткай парафій, значна большай колькасцю святароў і кансэкраваных асобаў, сваімі выдавецтвамі і медыя. Гэты Касцёл моцна стаяў на нагах. Праца беларускіх біскупаў, святароў, законнікаў і свецкіх людзей прынесла свой плён. Асабліва трэба адзначыць служэнне Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка, 100-годдзе нараджэння якога мы адзначаем сёлета. З іншага боку, гэта быў Касцёл, які патрабаваў і далей патрабуе евангельскага дынамізму, каб яднаць традыцыю з новымі метадамі душпастырства. Гэта быў Касцёл, які яшчэ не да канца раскрыў свае магчымасці і патэнцыял. Касцёл, які яшчэ не да канца выкарыстаў новыя магчымасці для сваёй дзейнасці. І сёння яшчэ гэтыя магчымасці не выкарыстаны, як трэба. Яго можна параўнаць з каштоўным чамаданам без ручкі. Каб узяць чамадан, патрэбна ручка. Каб Касцёл сапраўды быў радасцю і надзеяй для людзей, ён павінен ісці да людзей, а не аддзяляцца ад іх.
— Якія людзі і чым запомніліся з першых месяцаў вяртання на Беларусь?
—Не называючы пайменна, трэба сказаць, што адразу кінуліся ў вочы святары і законныя асобы, а таксама свецкія людзі, якія моцна перажываюць за лёс Касцёла. І іх было нямала. Гэта дало мне надзею і ўпэўненасць, што з імі можна зрабіць шмат добрага.
— Якія ўражанні склаліся ад беларускай каталіцкай моладзі ў 2007 годзе, ці моцна яна адрознівалася ад моладзі ў Расіі?
— Адразу была бачная вялікая зацікаўленасць моладзі рэлігіяй і пошукам адказаў на турбуючыя іх пытанні. Таму я спрыяў арганізацыі і развіццю як агульнага душпастырства моладзі, якое і сёння патрабуе асаблівай увагі і далейшага развіцця, так і такіх метадаў пастырства, як адвэнтавае і велікапоснае чуванні моладзі, малітоўныя сустрэчы моладзі, пілігрымкі і г.д.
У Расіі ж моладзь таксама цікавая, мае вельмі добрую адукацыю і шукае адказу на праблемы быцця, вечнасці, шчасця. Найбольшая розніца ў тым, што расійскую каталіцкую моладзь складаюць у асноўным неафіты, якія нядаўна прыйшлі да веры. З імі трэба быць вельмі акуратнымі, каб іх рэлігійны запал не згарэў, як салома, але развіваўся.
Беларуская моладзь мае большыя хрысціянскія традыцыі, якія ўзяла ад сваіх веруючых бацькоў і дзядоў, а таксама з хрысціянскай традыцыі нашага народа. Аднак ёй неабходны новы імпульс, новая дынаміка, і, як здаецца, яна гэта разумее і стараецца духоўна развівацца.
— З якімі думкамі, надзеямі, спадзяваннямі Вы вярталіся тады ў Беларусь, ці многія з іх спраўдзіліся?
— Найперш я вяртаўся ў Беларусь, на сваю Радзіму, з намерам далей развіваць Касцёл на базе таго, што ўжо ёсць. Касцёл у Беларусі, нягледзячы на вялікія знакі яго адраджэння, усё яшчэ шмат чаго патрабуе. Гэта будаўніцтва новых касцёлаў, якіх вельмі мала ў вялікіх гарадах. І тут, на жаль, праяўляецца пасіўнасць вернікаў. Мы ўсё яшчэ жывём «па старынцы», згодна з чым усё зробіць святар: ён і пабудуе, ён і адрамантуе. Не. Касцёл не толькі святара, але і вернікаў. Яны павінны браць большую адказнасць за будову і ўтрыманне касцёльнай маёмасці.
Радуе тое, што павялічваецца колькасць беларускіх святароў, аднак трывогу выклікае зніжэнне колькасці пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. Гэта новы выклік для Касцёла ў Беларусі.
Радуюся, што моладзь актыўная ў жыцці Касцёла і шукае Бога, нягледзячы на секулярныя тэндэнцыі. Цешыць развіццё каталіцкіх медыя і выдавецкай дзейнасці, хоць у гэтым напрамку трэба прыкладаць яшчэ шмат намаганняў.
— Як Вы думаеце, чаго яшчэ не стае Касцёлу ў Беларусі? Над чым трэба працаваць?
— Нягледзячы на многія дасягненні Касцёла ў Беларусі, ёсць яшчэ шмат працы. Галоўнымі праблемамі з’яўляецца недахоп святароў і кансэкраваных асобаў, свядомых і адказных, здольных эфектыўна весці новую евангелізацыю медыя.
Не хапае моцных сем’яў, каб яны былі хатнімі Касцёламі. Таксама выхаванай на прынцыпах Евангелля моладзі, якая магла б плыць супраць цячэння секулярызму і не паддавалася б уплыву маральнага лібералізму.
Таму неабходна інтэнсіфікаваць пастырства пакліканняў, далейшую фармацыю свецкіх і асабліва моладзі, развіццё медыя, выдавецкай і харытатыўнай дзейнасці.
Пры ўсім гэтым неабходна дзякаваць Богу і прасіць Яго благаслаўлення. Памятаючы, што толькі Бог дасканалы, увесь час самім імкнуцца да дасканаласці.
Гутарыла Аксана Ючкавіч