Хрыстусовец кс. Эдмунд Друз TChr, які апошнія тры гады працаваў дырэктарам Душпастырскага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, у канцы жніўня завяршае сваё служэнне ў Беларусі.
Святара прызначылі правінцыялам Нямецка-Галандска-Італьянска-Венгерскай правінцыі таварыства хрыстусоўцаў.
— Кс. Эдмунд, ці не пужае Вас новае прызначэнне?Усё ж такі быць адказным за святароў у чатырох краінах справа нялёгкая.
— Гэта вялікае заданне для мяне. А таксама адказнасць перад Богам і перад субратамі. Але я прыняў Божую волю, сказаў сваё «так». Вядома, шмат будзе новага, трэба будзе вучыцца працаваць з новымі людзьмі. Але працы я не баюся і да яе гатовы.
Нашых святароў-хрыстусоўцаў на месцы збольшага я ўсіх ведаю. Да таго ж рэгіён, куды я еду, мне знаёмы. 27 гадоў я прапрацаваў у Германіі. Эсэн, Аахен, Кёльн, Дзюсельдорф, Кобленц, Леверкузен…
— Ці ведаеце Вы ўжо, што за абавязкі чакаюць Вас на новым месцы?
— У маёй правінцыі 46 святароў. Правінцыяльны дом будзе размяшчацца ў Бохуме. Сярод асноўных абавязкаў — ведаць справы сваёй супольнасці. Таксама мінімум раз на месяц мы павінны збірацца на сустрэчу кансэкраваных асобаў, а раз на год — на тыднёвыя рэкалекцыі ў часе Вялікага посту.
Хрыстусоўцы працуюць у розных мясцовасцях і падпарадкаваныя розным біскупам. У мае задачы будзе ўваходзіць таксама супрацоўніцтва з мясцовымі біскупамі і перавод святароў з аднаго месца служэння ў іншае. Адна з галоўных маіх задач — прадстаўленне супольнасці хрыстусоўцаў на розных касцёльных мерапрыемствах.
— Распавядзіце пра сваю дарогу ў супольнасць хрыстусоўцаў.
— Я нарадзіўся ў Беларусі. Вёска Чарняўцы Мёрскага раёна. У 1958 годзе мы выехалі з Беларусі ў Польшчу ў ваколіцы Шчэціна. Там і вырас. Недалёка каля нас працавалі святары-хрыстусоўцы і, назіраючы за іх працай, я адчуў сваё пакліканне да Божай службы. Вучыўся я ў Познані. Пасля сямі гадоў фармацыі спачатку працаваў у Польшчы, а затым у Германіі.
Аднак увесь гэты час на працягу амаль 30-ці гадоў я хацеў прыехаць у Беларусь, каб падзякаваць гэтай зямлі, бо адсюль я выйшаў. І калі тры гады таму такая магчымасць прадаставілася, я прыехаў у Беларусь. Сёння магу сказаць, што сваёй мэты я дасягнуў, таму я шчаслівы чалавек (усміхаецца – Аўт.).
— Ці шмат беларусаў працуе сёння ў супольнасці хрыстусоўцаў?
— Па ўсім свеце сёння працуе каля 430-і святароў. У нас шэсць правінцый. Супольнасць хрыстусоўцаў — гэта супольнасць для тых, хто імкнецца захаваць польскую культуру. Падобныя супольнасці святароў існуюць і ў іншых краінах, як, напрыклад, скалябрытане ў Італіі.
Беларусаў у нашай супольнасці пяцёра, прычым адзін з іх працуе рэктарам семінарыі. Сярод клерыкаў, дарэчы, ёсць ураджэнцы не толькі Беларусі, але і Украіны і Бразіліі. Але варта адзначыць, што не кожны замежнік можа стаць хрыстусоўцам. Адна з абавязковых умоў — польскае паходжанне. Ты можаш аднак дрэнна ведаць польскую мову, але калі ты выхоўваўся ў польскіх традыцыях і ведаеш польскую культуру (як гэта бывае ў выпадку з семінарыстамі з Бразіліі, сем’і якіх калісьці эмігравалі ў гэту краіну), то ты маеш права паступаць у нашу супольнасць.
— З якімі думкамі Вы пакідаеце Беларусь?
— Я задаволены, што Касцёл у Беларусі ўзмацняецца. Ён ужо моцны, а думаю, што будзе і яшчэ мацнейшым. І я шчаслівы, што змог дапамагчы ў тых справах, дзе змог. Я выконваў абавязкі дырэктара Пастаральнага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Стараўся дапамагаць па пастаральных просьбах нашых парафій (напрыклад, арганізацыя парафіяльных «Канікул з Богам» і г.д.). У маім ведамстве былі таксама гаспадарчыя справы Дома епіскапата, у якіх мне дапамагалі сёстры-назарэтанкі (канцылярыя, кухня і інш.). У канцы жніўня я завяршаю сваю працу ў Беларусі і перадаю справы свайму наступніку — кс. Раману Факсінскаму.
Гутарыў Ілья Лапато