Пошук

У апошнюю нядзелю перад Вялікім Постам я думала пра просьбу ксяндза Юрыя Марціновіча напісаць штосьці на пачатак гэтага часу, які для кагосьці з людзей праходзіць інтэнсіўна ў плане духоўных зменаў, глыбока, а для кагосьці застаецца незаўважным. Ідэі, як натхенне, дае Бог, гэта часта любіў паўтараць Ян Павел ІІ. Ідэі і натхенне ён дасылае праз іншых людзей, якія раптам з выпадковых ператвараюцца ў невыпадковыя.

Раніцай у панядзелак па дарозе да працы я слухала падборку хрысціянскіх спеваў, якія ў хуткасці павінны з’явіцца пад адной вокладкай пад назвай “Пілігрымкаўскі хіт”, але пра гэта будзе калі-небудзь пазней.

Сярод запісаў быў спеў “Крыжовы шлях”, які гучаў у выкананні мінскага катэдральнага хора “Gloria”. "Гэта ж словы Міколы Крышнёва!" – падумала я. Адразу прыгадалася безліч пройдзеных пілігрымкаўскіх кіламетраў, дзе глытаючы пыл і радасць ад шляху, нястомныя падарожнікі ішлі да Божых святыняў, што набліжаюць да неба.

“Крыжовы шлях”, “Вольная воля”… Кожны пілігрым ведае словы гэтых спеваў, трэба толькі запытацца. І я падумала,што няхай Мікола стане тым, хто распавядзе некалькі слоў пра гэтыя спевы, пра свой шлях да Бога, пра свой крыж,пра сваё стаўленне да Вялікага посту, пра сваё натхенне ісці за Хрыстом у сваёй творчасці. 

Таму чытацкай увазе прадстаўляю інтэрв’ю з аўтарам “Крыжовага шляху” і іншых хрысціянскіх спеваў, якія натхнялі і натхняюць тых, хто крочыць сцежкамі свайго жыцця за Хрыстом.
 

 
Мікола, распавядзі, калі ласка, з чаго пачынаўся твой шлях да Бога?

―Думаю, мой шлях да Бога пачаўся ад самага майго нараджэння. Мне апавядалі пра Яго ў дзяцінстве. Вучылі некаторым малітвам. У мяне была нават свая малітва да Яго: “У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Дзякуй, Пане Божа!” Памятаю, напрыклад, маліўся так, калі атрымоўваў добрую адзнаку ў школе. Недзе там унутры сябе я верыў у Яго, але ў касцёл не хадзіў.Таксама ў мяне былі сябры пратэстанты, якія паўплывалі на мяне сваім рэлігійным выхаваннем. А на першым паверсе у маім пад’ездзе жыла вельмі мілая веруючая жанчына, перад якой мне было проста сорамна быць дрэнным. Але самым моцным пераваротам у маім жыцці была смерць майго бацькі. Мая цёця паабяцала яму пры труне, што прывядзе мяне і маю сястру да Бога. Хоць і не да канца я разумеў, што хоча яна ад мяне, згаджаўся і рабіў так, як яна мне казала. За лета, у кароткім часе мы прыступілі да Першай Споведзі і Камуніі. Але калі вярнуліся да школы, да касцёла я не стаў хадзіць. Не ведаю чаму, але вырашыў пачаць новае жыццё ў 2000-ым годзе. І вырашыў хадзіць кожную нядзелю ў касцёл. “Новае стагоддзе, новае жыццё!” ― казаў я сам сабе. І пратрымаўся толькі месяц.

Але пад канец таго ж году сітуацыя змянілася. Сястра пад уплывам сваёй настаўніцы, што была пратэстанткай, пачала хадзіць у касцёл і паўплывала гэтым на мяне, а мая настаўніца па рускай мове сказала, што на самай справе 21 стагоддзе пачынаецца ў 2001 годзе. І я вырашыў, што гэта другі шанец, каб пачаць сваё новае жыццё. Думаю, што усё скончылася б так, як і ў першы раз, калі б не мая сястра, якая на той момант удзельнічала ўжо ў хоры Gloria і ў катэхэзах. Яна цягнула мяне, пакуль я не пайшоў самастойна.
 
Так я прыйшоў да Бога і іду да Яго штодзённа, як толькі магу.

Калі я слухала падборку песен для стварэння чарговага дыска “Беларускі хрысціянскі хіт” – “Пілігрымкаўскі шлях”, сярод іх я пачула песню, аўтарам слоў якой з’яўляешся ты. Як напісаўся “Крыжовы шлях”?

― Гэта было ў 2003 годзе, калі я напісаў ужо некалькі песен. Да гэтага мае песні мелі характар на палову рэлігійны, як я лічу. І ў мяне нарадзілася думка напісаць нешта цалкам рэлігійнае. Праўда, не памятаю чаму вырашыў узяць дакладна гэты кавалак са Святога Пісання. Можа таму, што тады загарэўся вялікім прагненнем ісці за Хрыстом і пайсці ў кляштар. А мелодыя прыйшла сама па сабе, праўда з магчымым уплывам творчасці Віктара Цоя, якога ў тыя часы любіў слухаць.

Чаму ў цябе ўзнікла жаданне пісаць на хрысціянскую тэму?

― Уся справа ў тым, што касцёльная моладзь, сярод якой я быў, і, зразумела, я сам, на той час спявала песні альбо цалкам рэлігійнага характару, альбо рускі рок. Тыя ж рэлігійныя песні па сэнсу былі моцнымі і добрымі, але па выкананню яны былі блізкія да папсы, а рускі рок меў нешта моцнае ў выкананні, але зазвычай меў не вельмі добры сэнс. Гэта прывяло да таго, што пра Бога спявалася звычайна ў касцёле, а па-за касцёлам у спевах Яму месца ўжо не было. Таму я вырашыў спалучыць, так сказаць, Бога і рок. Спалучыць веру ў Яго з бытавымі рэчамі, з нашымі штодзённымі праблемамі і з жыццём, якое бачым навокал у стылі рок. Такім чынам, каб даць Яму месца ў спевах па-за касцёлам.

Якім чынам вера і хрысціянскі лад жыцця ўплываюць на тваю штодзённасць?

― Магу дакладна сказаць, што вера ў Бога з’яўляецца неад’емнай часткай майго жыцця. Я не магу не верыць у Яго, назіраючы такія цуды навокал сябе, такую мудраствораную прыроду і сусвет, яго жыццёвыя працэсы. Я не магу сцьвердзіць, што наваколле ў якім жыву паўстала само па сабе! Я ня веру ў не існаванне Бога! І таму мая штодзённасць, якой бы яна не была і якім бы не быў я ў ёй, заўсёды звязаная з Богам.

― Якія яшчэ хрысціянскія спевы ты напісаў?

― “За Хрыста і Касцёл”, “Твар Хрыста”, “Тэмп 22” і г.д.
Ёсць шмат, якія я не выкананаў публічна.

― Распавядзі пра сваю творчасць у гурце 9+, з такой назвай вы выступалі на некаторых фестывалях, які лёс гэтага гурта?

― Гэты гурт сумесны праект з Паўлам Сучынскім. У ім мы выконвалі свае творы. Палова маіх, палова ягоных. А будучы лёс гэтага гурта вядомы аднаму Богу.

― Скажы, што патрэбна, каб у цябе нарадзілася новая песня: асаблівыя абставіны, людзі, нейкая эмоцыя, перажыванне? Што дае табе імпульс да стварэння чагосці новага?

― Так. Мне патрэбны асаблівыя абставіны, людзі, эмоцыі, перажыванні, каб нешта стварыць. Яны бываюць рознымі і прыходзяць да мяне у розных месцах. Натхненне прыходзіць само па сабе. Спецыяльна я нічога не магу зрабіць.

Я дакладна ведаю, што творы, якія я лічыў безнадзейнымі, людзям спадабаліся больш, чым тыя, якія я намагаўся зрабіць лепшымі.

Якім ты бачыш лёс беларускай хрысціянскай музыкі, яе выканаўцаў?

― Я сустракаў шмат таленавітых людзей сярод каталіцкай моладзі і ўпэўнены, што выканаўцаў добрых шмат. Яны могуць узбагаціць нашу зямлю прыгожымі творамі і выкананнямі, новымі ідэямі. Проста большасці з іх не дазваляюць сродкі. Некаторым не хапае стымула, бо мала адпаведных мерапрыемстваў, дзе можна паказаць сваю творчасць. Некаторым цяжка знайсці прыхільнікаў і месцы, дзе можна было б спакойна сустракацца для сумесных рэпетыцый.

― Зараз хрысціяне перажываюць час Вялікага посту, якім чынам ты яго перажываеш?

― У чарговы раз буду працаваць над сваімі слабасцямі, каб перамянніца ў лепшы бок.

Ці патрэбны і навошта патрэбны пост моладзі і ўвогуле чалавеку ў любым узросце, на тваю думку?

― Думаю, ён патрэбны для таго, каб зразумець, што змяняцца ў лепшы бок трэба не толькі падчас посту, але на працягу ўсяго свайго жыцця.

― Пост і музыка: як яны суадносяцца ў тваім жыцці? Як гэта было раней, як зараз?

― Я спрабаваў не слухаць музыку падчас посту, але зразумеў, што гэта не для мяне. Музыка мяне натхняе на жыццё, дапамагае жыць і не робіць для мяне нічога дрэннага. Калі я хачу засяродзіцца і пабыць ў цішыні, я заўсёды змагу гэта зрабіць.

Памятаю пастанавіў не граць падчас посту на гітары, пасля моцна шкадаваў, калі мае мазалі пачалі развівацца зноў.

― Мікола, якім чынам ты параіў бы свайму лепшаму сябру перажыць Вялікі Пост, калі б ён папрасіў у цябе парады?

― Параіў бы яму зрабіць прынамсі адну пастанову і трымацца яе да канца.

Ці не плануеш напісаць штосьці яшчэ ў тэматыцы Крыжа і Хрыстовага Цярпення?

―Не планаваў. Але думаю, калі будзе натхненне, супраціўляцца не буду.

― Скажы, ці ёсць у цябе творчыя і жыццёвыя аўтарытэты, якія сваім жыццём і дзейнасцю натхняюць цябе самога?

― Шмат такіх людзей, як вялікіх так і звычайных, простых, сярод якіх жыў, ці жыву. Назіраю за імі, прыслухоўваюся да іх. Бяру ад кожнага па кавалку жыццёвага вопыту, цікавых і мудрых думак. Некаторыя нават і не ведаюць, што сталі для мяне прыкладам у некаторых маіх жыццёвых сітуацыях, альбо натхненнем для некаторых маіх твораў.

Аўтару хрысціянскіх спеваў ― Міколу Крышнёву, застаецца толькі пажадаць новых творчых здзяйсненняў, новых творчых натхненняў, якія будуць заклікаць да аднаўлення іншыя людскія сэрцы!

Гутарыла Аксана Ючкавіч
Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.