Пошук

02.02.2014 00:00   Ілья Лапато / Catholic.by

«Праз аб'ектыў фотаапарата я пачаў бачыць тое, што звычайнае вока ўбачыць не ў стане. Я пачаў вучыцца ўспрымаць людзей і свет вакол мяне па-іншаму». Напярэдадні свята Ахвяравання Пана і Дня кансэкраванага жыцця брат Корнэль Консэк SVD — вядомы фатограф часопіса «Дыялог» — у інтэрв’ю для Сatholic.by распавёў пра любоў да фатаграфіі і пра сваю працу.

— Брат Корнэль, ужо больш за 15 гадоў Вы працуеце фатографам. У дзяцінстве Вы бачылі сябе ў гэтай прафесіі?

— Не памятаю дакладна, кім я хацеў стаць у дзяцінстве, але, як і ўсім хлопцам, мне падабаўся вобраз пажарнага, салдата або іншага якога героя. Але свой першы выбар я зрабіў пасля заканчэння пачатковай школы. Настаўніца па маляванню, памятаю, раіла ісці ў мастацкую школу. Але бацькі адгаворвалі, маўляў, на што ты будзеш жыць?..

Пасля я даведаўся, што двое маіх аднакласнікаў пайшлі ў сельскагаспадарчую школу. Я разважаў так: пайсці ў мастацтва я яшчэ паспею, а тут прафесія, лічы, будзе ў кішэні.

Сельгасшкола, якую я скончыў у родным Прушкуве каля Ополе ў Польшчы, у выніку аказала вялікі ўплыў на маё далейшае жыццё. Прыроду я заўсёды любіў, але пасля вучобы пачаў яшчэ больш разумець, заўважаць і чуць яе.

— Ці памятаеце свае першыя здымкі? Адкуль прыйшло захапленне фотамастацтвам?


— У бацькоў нас было двое братоў. Аднойчы мой старэйшы брат на спартыўных спаборніцтвах выйграў фотаапарат «Змена» і пачаў рабіць здымкі. Мне гэта вельмі падабалася. Свой першы здымак я зрабіў ва ўзросце 12-13 гадоў на апараце з такім выцягнутым вочкам на панэлі аб’ектыву.

Тата растлумачыў мне правілы (што і да чаго прызначана), расказаў, якую фотастужку трэба выбраць, і дапамог мне яе ўставіць у фотаапарат. Маім першым фатаграфічным аб’ектам быў абраны макет карабля, які ў нас стаяў у хаце на шафе (усміхаецца — Аўт.). Здымак атрымаўся затуманеным — бачныя былі толькі абрысы таго карабля.

Шмат я тады не фатаграфаваў, бо за ўсё трэба было плаціць з уласнай кішэні — з грошай, заробленых самім. Аднак я адчуваў, што ў фатаграфіі ёсць нейкі дух, нейкая асаблівая моц, якую доўгія гады я не меў магчымасці спазнасць.

— Якой была Ваша дарога ў закон?


— Сельгасшколу я скончыў праз 4 гады. Тады я зноў стаў перад выбарам: што далей? Раз на тыдзень усім класам мы збіраліся на занятках рэлігіі для моладзі. Тыя сустрэчы праходзілі па вечарах. Пробашч даваў нам розныя кніжні для чытання, пры гэтым заўсёды размаўляў з намі аб чымсьці цікавым.

Падчас адной з такіх сустрэч, калі мы былі з ім сам-насам, ён спытаўся пра мае планы на будучыню. Пацікавіўся, ці не хачу я пайсці ў семінарыю. На той момант я доўгі час маліўся аб добрым выбары прафесіі, прасіў Пана Бога падказаць мне, куды ісці ў жыцці.

З таго часу я пачаў шукаць адказу на пытанне пробашча ў кніжках, брашурах і г.д. і, вядома, у размовах з самім святаром.

Скончыўшы школу, я вырашыў уступіць у Таварыства айцоў вербістаў. Рашэнне не было лёгкім, мне было тады 19 гадоў і сэрца было напоўненае сумненнямі, ці правільная гэта дарога. Але, вяртаючыся назад, хачу сказаць, што сёння пра свой выбар не шкадую.

— Да фатаграфіі Вы, аднак, вярнуліся.

— Так (усміхаецца — Аўт.). Чарговая мая сустрэча з фатаграфіяй адбылася ў 1986 годзе, калі маладым братам я распачаў працу ў друкарні законнікаў у Ласкавіцах Паморскіх у Польшчы. У той самы час у Варшаве я пачаў вучобу па спецыяльнасці «тэхнічная рэдакцыя выдавецтваў і фатаграфіі».

Накірунак фатаграфіі быў «рэпрадуктыўным», гэта значыць я рыхтаваў да друку здымкі, ужо зробленыя кімсьці. Я прайшоў курс абслугоўвання і пачаў працу на фотаапараце памерамі 1.80 x 1.50. Гэта быў вялікі фотаапарат, аднак настройкі ў ім былі такімі ж, як і ў звычайных маленькіх апаратах. Прыкладна ў той жа час ад маіх настаяцеляў я атрымаў дазвол на набыццё ўласнага апарата! Гэта быў «Practica B1» — я быў яму вельмі рады.

Практычна з таго ж моманту я пачаў адкрываць у сабе тое, што ляжала да той пары ў сэрцы і душы дзесьці вельмі глыбока. Я пачаў адкрываць цалкам іншы свет — бачанне таго свету з іншай перспектывы. Праз аб'ектыў фотаапарата я пачаў бачыць тое, што звычайнае вока ўбачыць не ў стане. Я пачаў вучыцца ўспрымаць людзей і свет вакол мяне па-іншаму.

— Вы нарадзіліся ў Польшчы. Ці шмат ведалі пра Беларусь перад тым, як прыехаць сюды?


— У той час, калі я вучыўся ў школе, пра Беларусь я практычна не чуў. Для нас ўсё гэта было Савецкім Саюзам і ўспрымалася, як нешта далёкае. Хіба толькі на ўроках геаграфіі мы маглі больш падрабязней даведацца пра ўсходнюю суседку. На той час нават паездка ў суседні горад была для мяне значнай падзеяй (усміхаецца — Аўт.). Адносна замежжа, то тады гэта былі дзіцячыя мары — пра вялікія кніжныя падарожжы, якія ажыццяўляліся толькі ў марах.

Але пазней, у 90-х, калі СМІ зрабілі са свету адну вялікую вёску, дзе адзін ведае ўсё пра іншага, пра Беларусь я пачаў чытаць у газетах, дзе апавядалася пра жыццё з таго боку польскай мяжы.

Упершыню ў вашу краіну я прыехаў у студзені 1998 года. Я прыехаў, каб падтрымаць працу па выданні часопіса «Дыялог» у Баранавічах.

— Чым Вам запомніўся той перыяд?


— Я пакрысе знаёміўся з Беларуссю і з яе людзьмі. Гэта былі героі нашых артыкулаў, але не толькі. Мы сустракаліся з людзьмі ў розных сітуацыях, найчасцей нечаканых, і, мяркую, гэта былі найлепшыя мае сустрэчы з Беларуссю. Яшчэ тады мяне ўразіла не бачаная дагэтуль адкрытасць і душэўнасць беларусаў. Здавалася, амаль чужыя людзі, але ўжо пасля кароткай размовы мы працягвалі гутарку як старыя знаёмыя або нават як далёкія родзічы (усміхаецца — Аўт.).

— Ці лёгка ўдалося прывыкнуць да беларускай мовы?

— Перад прыездам у Беларусь я скончыў трохмесяцавыя курсы рускай мовы. Але беларускую мову адмыслова ніколі не вывучаў. Яшчэ тады я шкадаваў і шкадую дагэтуль, што не меў такой магчымасці.

Беларуская мова для мяне зразумелая, і я вельмі люблю, калі мае суразмоўцы ёю карыстаюцца. Магчыма, я яшчэ паспею яе засвоіць. Прынамсі, я вельмі б хацеў гэтага.

— З якімі цяжкасцямі ў «каталіцкай журналістыцы» Вам даводзілася сутыкацца?


— Я не зусім люблю тэрмін «каталіцкая журналістыка». Для мяне ён не зусім зразумелы: я лічу, што нельга падзяляць журналістыку на каталіцкую і свецкую. Журналістыка адна, і ад чалавека залежыць, ці зменіцца ён пад яе ўплывам.

У сваёй працы я часта сутыкаюся з праблемай каталіцкай тэрміналогіі. Гэта самая простая праблема, якую я ўзгадваю. Але за гады працы я навучыўся яе вырашаць. Фактычна слоўнікавы запас неабходных для працы ў касцёле тэрмінаў выпрацоўваецца паступова, і ўдзельнічаюць у ім усе ў роўнай меры. Аднак праблема ляжыць часам глыбей. Калі за працу ў гэтай сферы бярэцца няверуючы журналіст, то, на мой погляд, ён не ў стане перадаць каштоўнасці і асновы ніводнай рэлігіі.

Па гэтым складніку я і адрозніваю чалавека — «каталіцкага» журналіста ад чалавека — журналіста «свецкага».

— На што ў сваёй працы не павінны забывацца «хрысціянскія журналісты»?


— Я лічу, што толькі веруючы ў Бога чалавек можа гаварыць пра Яго па-сапраўднаму, таму што сам спасцігае Бога штодня. На жаль, сёння веруючых журналістаў недастаткова. Па-мойму, нават найлепшы журналіст не зможа якасна прадставіць хрысціянскую тэму, калі ён не верыць у Бога.

Да ўсяго можна падрыхтавацца і ўсё вывучыць, але гаварыць пра Бога з перакананнем і поўным сэрцам можа толькі веруючы ў Яго чалавек. Было б вельмі добра, каб у нас было больш веруючых маладых людзей, якія працуюць у каталіцкіх СМІ Беларусі, сустракаюць Бога і спасцігаюць Яго штодня.

Ілья Лапато

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця