Пошук


Нядаўна ў Мінску адбыўся IX Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat». На сённяшні момант адбываецца падрыхтоўка да дзясятага, юбілейнага фестывалю, правядзенне якога плануецца восенню гэтага года. Аб асаблівасцях экраннай прадукцыі, прадстаўленай на адным з унікальных кінапраглядаў у нашай краіне, аб яго ўплыве на айчыннае дакументальнае кіно наша гутарка са шматгадовым членам журы фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat», кіназнаўцай Галінай Шур.

Як кіназнаўца Вы займаецеся пытаннямі духоўнага, хрысціянскага кіно. У Вас шмат тэарэтычных артыкулаў па гэтай тэме. Давайце пачнем нашую гутарку з тлумачэння самога тэрміна «хрысціянскае кіно».

— У вузкім значэнні да хрысціянскага кіно адносяць фільмы рэлігійнай тэматыкі, звязаныя з гісторыяй і жыццём сучаснага Касцёла. У шырокім кантэксце мы можам гаварыць пра карціны, якія наўпрост не звязаны з царкоўнай тэматыкай, але іх можна назваць рэлігійнымі паводле духа, бо іх аўтары звяртаюцца да агульначалавечых каштоўнасцяў і асэнсоўваюць жыццё чалавека ў духоўным аспекце. Сёння сучасную кінакультуру цяжка ўявіць без уключэння ў рэлігійны кантэкст.

Калі сусветны кінематограф звярнуўся да хрысціянскай тэматыкі?

— Практычна амаль з самага пачатку зараджэння мастацтва кінематографа Біблія стала адным з самых экранізуемых твораў. Напрыклад, стужка Сэсіля Дэ Міля «Дзесяць запаведзяў» 1923 года. Гэты этапны для сусветнага кінамастацтва фільм цалкам заснаваны на біблейскіх гісторыях. У пачатку мінулага стагоддзя зварот да гісторыі Евангелля таксама суадносіўся са спробай паглядзець на мінулае і сучаснасць пад хрысціянскім ракурсам. Сто гадоў таму, у 1914 годзе з’явіўся славуты фільм геніяльнага амерыканскага кінарэжысёра Дэвіда Грыфіта «Нараджэнне нацыі», дзе тэма вайны паміж Поўначчу і Поўднем асэнсоўвалася з хрысціянскіх пазіцый. У фільме грамадзянская вайна прадстаўлена як зло, падзея, у якой няма пераможцаў. Нават пейзажы мясцін, дзе адбывалася бітва, былі зняты дзіўным спосабам. На экране паўставаў біблейскі пейзаж, што падкрэслівала абсурднасць нянавісці перад жыццём. Фінал фільма, дарэчы, даволі спрэчнага паводле гістарычнай канцэпцыі, быў незвычайны. Рэжысёр прадставіў на экране чалавецтва (сёння цяжка ўявіць, якім чынам рэжысёр зрабіў гэта тэхнічна), перад якім са словамі любові з’яўляўся Хрыстус. Наступная стужка Грыфіта «Нецярпімасць» (1916) трывала ўвайшла ў спіс лепшых фільмаў усіх краін і народаў. Падзеі карціны адбываліся ў розныя гістарычныя эпохі: у старажытнай Юдэі, калі ўкрыжоўваюць Хрыста; старажытным Вавілоне, калі гіне цар Балтазар; падчас крывавай ночы святога Барталамея ў Францыі, і ў сучаснасці, калі перамагае справядлівасць і чалавека выратоўваюць ад смяротнага пакарання. Такое вось глыбіннае даследаванне мінулага і сучаснага ў хрысціянскіх каардынатах. Гэта тое, што датычыцца гульнявога кіно, не дакументальнага. Там крыху асобная гісторыя.

Кінематограф – мастацтва тэхнагеннае, маладое ў параўнанні з жывапісам, тэатрам, літаратурай. А беларускаму кіно яшчэ няма і ста гадоў. У снежні гэтага года мы адзначым яго 90-годдзе. Хаця дакументальныя кіназдымкі, хроніку, здымалі ўжо ў самым пачатку мінулага стагоддзя.

— Якім чынам адбывалася асэнсаванне хрысціянскай тэматыкі ў айчынным кінематографе?

— І ў мастацкім, і ў дакументальным кіно Беларусі дзесьці да сярэдзіны 1980-х гэтая тэма не тое што не віталася, яна была пад «табу». Беларускі кінаматограф з’явіўся ў часы савецкай ўлады і, зразумела, існаваў у кантэксце пэўнай ідэалогіі, адной са складнікаў якой быў атэізм. Даволі цікава паглядзець на мастацкія фільмы 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя. Святары ў іх паказаны іранічна, як, напрыклад, у «Лясной былі» (1927). Але іншы раз адбываліся дзіўныя рэчы, калі ў кадрах праз выяву прарываўся іншы кантэкст. Нават трагічны. У фільме Валянціна Вінаградава «Лісты да жывых», знятым у шасцідзясятых гадах мінулага стагоддзя, ёсць эпізод успамінаў гераіні, дзе яна праходзіць канфірмацыю. Там няма іроніі. Наадварот, нешта некананічнае і неідэалагізаванае, іншае прачытанне гэтай тэмы. На шчасце, ў айчынным кінематографе нельга ўзгадаць ніводнага цалкам антырэлігійнага фільма. Наадварот, мы можам адчуць імкненне аўтараў выйсці на хрысціянскі ўзровень асэнсавання. Адзін з самых знакавых фільмаў у гэтых адносінах — стужка «Узыходжанне» — экранізацыя аповесці Васіля Быкава «Сотнікаў». Яе зняла на нашай студыі расійскі рэжысёр Ларыса Шыпіцька напрыканцы 1970-х гг. У вобразе галоўнага героя Сотнікава яўна прачытваюцца евангельскія матывы. Нават вонкавы воблік акцёра Барыса Плотнікава нагадваў Збаўцу. У фільме ўвасоблены асноўныя евангелькія матывы: Герой, Галгофа, смерць нявінна пакараных, спроба перадаць праўду сваім вучням. Гэтую карціну многія ўспрымалі як кінаапавяданне на тэму вайны праз хрысціянскія тэксты. На пачатку 1980-х гг. па сцэнару Алеся Адамовіча рэжысёр Элем Клімаў, дарэчы муж Шапіцькі, якая заўчасна загінула, зняў на «Беларусьфільме» кінастужку «Ідзі і глядзі». У стужцы таксама яскрава прачытваецца глыбокі евангельскі пасыл, што забойства - гэта зло, бо, забіваючы чалавека, ты забіваеш жыццё. У тых, хто прымаў стужку, гэтая ідэя выклікала супраціўленне, бо ў фільмах ваеннай тэматыкі ў асноўным пераважаў пафас і ідэя помсты — смерць за смерць.

— Гэта што датычыць мастацкага кіно. А што адбывалася ў неігравым?

— У дакументальным кінематографе гэтая тэма, на жаль, асвятлялася толькі з сатырычна-негатыўнага пункту погляду, у русле негатыўных адносінаў да рэлігіі. Але іншым разам адбываліся таксама дзіўныя рэчы: напрыклад, калі дакументалісты здымалі хроніку судоў над пяцідзясятнікамі ці веруючымі іншых веравызнанняў і гучаў аблічальны закадравы голас, на экране глядач бачыў супрацьлеглае дыктарскаму каментарыю (а рэальная выява заўсёды высвечвае ісціну) — людзей, якія адчуваюць сябе шчаслівымі, бо яны ведалі для сябе, што такое ісціна. Сітуацыя змянілася з пачаткам адраджэння напрыканцы 1980 - пачатку 1990-х гг. Дакументалісты пачалі здымаць жыццё з усімі яго асаблівасцямі, не пазбягаючы такой яго важнай часткі, як рэлігія. Спачатку святароў здымалі хранікальна, а потым уводзілі іх у фільм як галоўных герояў. Пачалі з’яўляцца глыбокія фільмы, як, напрыклад, «Партрэт з сякерай» Уладзіміра Дашука, дзе сучаснае вясковае жыццё разглядалася ў катэгорыях хрысціянскай этыкі. Гэты ж рэжысёр зняў цікавы фільм «Грэх», дзе імкнуўся паказаць, што адбываецца з чалавекам, калі ён жыве па-за верай. У выдатным фільме «Боль», прысвечаным афганскай тэме (рэжысёр Сяргей Лук’янчыкаў), адным з галоўных героеў стаў святар. За адносна кароткі перыяд наш кінематограф, як і ўвесь постсавецкі, прайшоў даволі плённы шлях у засваенні гэтага напрамку. Мне падаецца, што Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat», які амаль 10 гадоў праходзіць у Беларусі, адыгрывае сваю станоўчую ролю.

— Давайце больш падрабязна пагаворым на тэму ўплыву фестывалю «Magnificat» на развіццё дакументальнага беларускага кіно, звернутага да хрысціянскай тэматыкі.

— Хачу ўдакладніць — на экраннае мастацтва Беларусі. Дакументальнае кіно — гэта кіно спецыфічнае. Пракат у нас даволі складаны, тэлеэкран не вельмі актыўны ў дэманстрацыі такіх фільмаў. Сёння людзі здымаюць фільмы, ведаючы, што ёсць фестываль, дзе яны могуць іх паказаць. І там зразумеюць аўтарскі пасыл. Фестываль падтрымлівае нацыянальныя фільмы, звернутыя да тэмы культурнай спадчыны. Калі раней гэта было такое дыдактычнае кіно, трохі ілюстрацыйнае, то цяпер рэжысёры ад гэтага адыходзяць. Яны стараюцца прафесійна, глыбока раскрыць тэму і пазбягаць пралікаў, якія ўзнікаюць у выніку недахопу духоўнай адукацыі, прыцягваючы да сваёй працы кансультантаў. У беларускім дакументальным кіно заўсёды была цікавасць да звычайнага чалавека, яго лёсу. Яно такое няспешнае кіно, і, можа, яму не хапае дынамікі. Але гэта яго асаблівасць. Мне падаецца, яна выклікана імкненнем прымусіць гледача не мітусіцца, а ўгледзецца ў чалавека і яго асабістую прастору.

Пашыраецца тэматыка фільмаў. Рэжысёр і старшыня фестывалю «Magnificat» Юрый Гарулёў у сваіх фільмах звяртаецца не толькі да беларусіх рэалій. У яго ёсць кінастужка пра католікаў Смаленска. Аўтары імкнуцца імкнецца суадносіць лёс Беларусі з еўрапейскім кантэкстам. На мінулым «Magnificat» быў прадстаўлены фільм Таццяны Дубавец, якая, на жаль, трагічна загінула і якая неаднойчы была членам журы «Magnificat». Фільм Таццяны «Тут, пад самай Вільняю. З жыцця тутэйшых» — своеасаблівы кінаэскіз пра жыццё беларусаў у Літве. Таццяна спрабавала даследаваць гэтую тэму сродкамі дакументальнага кіно ў розных аспектах, у тым ліку і ў рэлігійным.

Ужо некалькі гадоў на «Magnificat» прадстаўляе свае фільмы праваслаўная студыя Яна Хрысціцеля пры Мінскай епархіі. Гэта дастаткова прафесійныя работы, іх часта адзначаюць прызамі. Там здымаюць шмат фільмаў пра людзей, якія перадольваюць згубныя заганы. Гэта дастаткова «жорсткія», але шчырыя карціны, з надзеяй, што на самой справе ўсё можна пераадолець з Божай дапамогай.

У першых фестывалях удзельнічала шмат цікавых айчынных тэлепраграм, створаных на рэгіянальных тэлестудыях. У апошнія гады, на жаль, не так ужо і шмат беларускіх тэлепраграм былі ўдзельнікамі нашага фестывалю. І іх нельга параўнаць па вастрыні, відовішчнасці, напрыклад, з італьянскімі, польскімі тэлеперадачамі. Але на сённяшнім «Magnificat» узнагароду ў намінацыі «Лепшая тэлевізійная праграма» атрымала праграма Белтэлерадыёкампаніі «Каталіцкія святыні».

— Зараз здымаюць шмат фільмаў пра інвалідаў і людзей з пэўнымі фізічнымі недахопамі.

— Так, падобныя фільмы штогод удзельнічаюць у праграме фестывалю. І гэта таксама важна, таму што мы бачым сусветную тэндэнцыю, дзе тэма асэнсоўваецца не толькі ў сацыяльным, але і ў філасофскім кантэксце. Інвалід, які не ў пэўнай меры фізічна развіты, — гэта не заўсёды недахоп. У некаторых адносінах такі чалавек можа быць больш гарманічным стварэннем, чым мы. Некалькі разоў на «Magnificat» прыязджаў канадскі рэжысёр Дэвід Мастэрсан, які працаваў у шпіталі для хворых на цэрабральны параліч. На самым першым фестывалі яго фільм нас проста уразіў. Герой стужкі — хворы на цэрабральны параліч стаў крыніцай энэргіі, нейкай духоўнай падпіткай для здаровых людзей. Мастэрсану нават далі спецыяльны дыплом «За паслядоўную глыбокую распрацоўку хрысціянскай тэматыкі ў дакументальным кінематографе». Магу адзначыць, што беларускі кінематограф паступова таксама выходзіць на падобны ўзровень асэнсавання гэтай складанай тэмы. Два гады таму прэмію за рэжысуру атрымаў дакументальны фільм Вольгі Дашук «Тры кіламетры да неба» пра незвычайнага хлопца — інваліда, які разам з жонкай рэалізуе сваю мару скачка з парашутам. Трэба ўдакладніць, што рэжысёр зняла фільм на Польскім тэлебачанні. Я ведаю, што Вольга зняла на нашай студыі цікавую стужку пра мастака, усё жыццё якога — пераадольванне. Спадзяюся ўбачыць яе фільм у праграме юбілейнага фестывалю.

— Наогул, якія галоўныя тэндэнцыі можна вылучыць у сучасным неігравым кіно ў асэнсаванні хрысціянскай тэматыкі?

— Найбольш распаўсюджаная жанрава-тэматычная мадэль — карціны агіяграфічнага напрамку. З іх, дарэчы, пачыналася рэлігійнае кіно. Даслоўна агіяграфія (от гр. agios «святы» і grafo «пішу») — від царкоўна-біяграфічнай літаратуры, якая займаецца вывучэннем жыцій кананізаваных святых ці рэлігійных дзеячаў. У агіяграфічным жанры ёсць свае разнавіднасці: біяграфічны фільм, манаграфія, кінапартрэт. Фільмы агіяграфічнага напрамку, якія закранаюць пэўныя гістарычныя падзеі, часцей за ўсё ствараюцца на мяжы дакументальнага і прыкладнога адукацыйнага кіно. Сфармаваўся цэлы накірунак культурна-асветніцкага фільма — серыя фільмаў пра святароў — пакутнікаў за веру, стужкі пра сучасных святароў. І паралельна здымаецца шмат стужак, дзе рэальнае жыццё разглядаецца у хрысціянскіх этычных катэгорыях. У лепшых фільмах гэтага напрамку ёсць суадноснасць змястоўнай канцэпцыі і дасканалай эстэтычнай формы.

На «Magnificat» неаднаразова атрымоўвалі Гран-пры беларускія фільмы, якія не былі яўна рэлігійнага характару, але яны паказвалі чалавека ў хрысціянскіх этычных каардынатах. Напрыклад, фільм Міхаіла Жданоўскага «Ва ўсе дні», або стужка Галіны Адамовіч «Божа мой» пра старую жанчыну-каталічку на хутары, якая рабіла скульптуры з цэглы. І нават некаторыя члены журы здзіўляліся: «Ну і што тут асаблівага, такіх бабулек шмат». Але Галіна Адамовіч паказала чалавека, які жыве ў згодзе з сабой, нягледзячы на складаныя ўмовы асабістага жыцця. Дарэчы, карціна атрымала адну з самых высокіх узнагарод фестываля на самым першым «Magnificat».

— Некалькі гадоў таму рэжысёр з Украіны Юрый Захватаеў, які ўжо не першы раз прадстаўляе свае фільмы на «Magnificat», напісаў у сваім профілі на Фэйсбуку, што хрысціянскае кіно пра святароў з’яўляецца заведама выйграшным і значна цяжэй зняць фільм пра духоўныя пошукі свецкага чалавека...

— Ну вось наш фестываль якраз і прадстаўляе такія карціны. На кожным з іх маюцца падобныя работы. Фільм пра святара — гэта самы складаны жанр. Ёсць тэндэнцыя да стварэння своеасаблівага жанра «жыція», які як бы «ўкленчвае» і ўзносіць героя. У падобных фільмах шмат дыдактыкі. А вось як зняць фільм, каб глядач змог убачыць жывога рэальнага чалавека, надзеленага гэтым даверам, служыцеля, які нясе слова Божае, каб гэта было цікава і небанальна? На VI–м «Magnificat» галоўны прыз «За лепшы дакументальны фільм» атрымала цікавая стужка «Дзённік святара» італьянскіх кінематаграфістаў Андрэа Канетта і Давіда Дэ Нігрыса пра святара, які жыве ў гарах і займаецца фатаграфіяй і жывапісам. Некалькі гадоў таму на «Magnificat» атрымаў узнагароду незвычайны польскі фільм «Хлопец маёй сяброўкі» Пшэмка Млыньчыка пра святара-рокера з фармулёўкай «За арыгінальнасць рэжысёрскай трактоўкі вобраза сучаснага святара». Мой любімы фільм — кінастужка «Вялікае маўчанне», створаная ў 2009 годзе ў Францыі. Рэжысёр Філіп Гронінг зняў карціну пра жыццё і побыт манахаў у кляштары ў Грэноблі, дзе галоўнае — цішыня. Манахі размаўляць толькі два разы на год. Карціна без тэксту, толькі на адной выяве. І ты разумееш, што гэтыя выспачкі цішыні і духоўнасці нам усім вельмі неабходныя. І ў гэтым ёсць Божае благаслаўленне.

— Ваша ўражанне ад ІХ-га «Magnificat»?

 — У фільмах, прадстаўленых на дзявятым фестывалі, актыўна даследаваліся сацыяльна-псіхалагічныя праблемы. Пры гэтым яны разглядаліся не публіцыстычна, а праз паказ чалавека, які імкнецца выстаяць і дапамагчы бліжняму. Іншым разам гэтымі бліжнімі становяцца зусім чужыя людзі. Галоўнае — не проста разважанні і абвінавачванні, а канкрэтныя учынкі. І другая тэндэнцыя — раскрыццё духоўнай тэматыкі праз мастацтва — музыку і жывапіс. Фільм-пераможца «Маці па 24 гадзіны штодня» польскага рэжысёра Марціна Янаша Краўчыка ўвабраў у сябе ўсё самае лепшае, што створана ў хрысціянскім кіно, выявіўшы эстэтычныя дасягненні польскай школы дакументальнага кіно.

Якія функцыі, на Вашу думку, павінна выконваць хрысціянскае дакументальнае кіно, асабліва ў нашай краіне?

— Мне здаецца, яно павінна даваць надзею як, наогул, любое кіно. Трэба імкнуцца да таго, каб пасля прагляду фільма чалавек зразумеў, што ўсё пераадольваецца з Божай дапамогай, хаця і самому трэба прадпрымаць пэўныя высілкі. Мой знаёмы журналіст сцвярджаў, што на чалавека ўплывае любы тэкст, нават аб’ява на слупе. А што тады казаць пра ўплыў выяўленчага тэксту!

Гутарыла Кацярына Лаўрыненка

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.