18 студзеня часопіс „Дыялог” адзначае 20-годдзе. Kультурна-рэлігійны часопіс быў заснаваны Ордэнам айцоў вербістаў у 1994 годзе. Каля крыніц часопіса стаяў а. Ежы Мазур SVD, сенняшні біскуп Элцкі (Польшча).
Біскуп Ежы Мазур быў таксама першым рэдактарам часопіса. Пра мэты стварэння “Дыялога” і пачаткі яго існавання іерарх распавёў Сatholic.by.
“Калі мы пачалі пастаянную душпастырска-евангелізацыйную працу ў Беларусі, маючы сядзібу ў Баранавічах, у чэрвені 1992 г., то вырашылі, што вельмі шмат, акрамя душпастырскай працы, можна рабіць у Касцёле ў Беларусі, які адраджаўся. Як вербіст я імкнуўся працаваць згодна з харызматам сваёй супольнасці. Тады я меў досвед місіянерскай працы ў Гане (Афрыка). Там добра развіта супрацоўніцтва духавенства са свецкімі вернікамі. З самага пачатку я бачыў місіянерскую парафію, такую, пра якую сёння шмат кажа Папа Францішак і аб якой ён напісаў у Апостальскай адгартацыі “Evangelii Gaudium”, адкрытую і выходзячую да людзей. Таму я стараўся таксама, каб гэта была “супольнасць супольнасцяў”, і мне ў нейкай ступені ўдалося стварыць такую мадэль.
У той жа час, бачачы малую колькасць святароў, неабходна было распачаць супрацоўніцтва з лаікатам, але добра сфарміраваным. З самага пачатку я думаў пра сродкі масавай інфармацыі (прэса, радыё), што адпавядае харызмату вербістаў. Вежа касцёла Маці Божай Фацімскай праектавалася і як месца для радыёантэны.
У 1993 г. мне ўдалося атрымаць ліцэнзію для выдання часопіса. У нас было пэўнае рашэнне – ісці малымі крокамі. Таму першы нумар меў малы наклад, а ўжо трэці нумар – 3 тысячы, пазней дайшло да 13,5 тысяч. Гэта быў першы каталіцкі часопіс у Беларусі.
Сама яго назва кажа пра тое, што часопіс быў пакліканы дапамагчы чалавеку ў дыялогу з Богам, з іншым чалавекам і са светам. Гэта таксама дыялог Каталіцкага Касцёла з іншымі хрысціянскімі Цэрквамі – дыялог экуменічны; дыялог Касцёла з вызнаўцамі іншых рэлігій – дыялог міжрэлігійны; дыялог з атэістамі. Дыялог з людзьмі, якія размаўляюць на беларускай, рускай і польскай мовах. Часопіс быў скіраваны да людзей, жадаючых стаць на шлях дыялогу. Таму першы яго нумар выйшаў падчас Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, і гэтая дата не была выпадковай.
Пачаткі дзейнасці не былі лёгкімі, бо не было месца, дзе выдаваць часопіс, не было вопыту, але нам усім дапамагаў Бог і апекавалася Маці Божая.
20-годдзе “Дыялога” – вельмі радасны і значны юбілей. Віншую рэдактараў, супрацоўнікаў і чытачоў часопіса і жадаю далучыць да агульнай радасці свае найлепшыя выразы памяці і пажаданні.
У думках хачу вярнуцца да 18 студзеня 1994 г. і ахапіць памяццю ўсе тыя падзеі і людзей, якія працавалі над стварэннем “Дыялога”, стараліся забяспечыць яго добры ўзровень, рэлігійны і экуменічны характар.
Дваццатая гадавіна стварэння часопіса схіляе мяне як яго заснавальніка і першага галоўнага рэдактара выказаць падзяку найперш Трыадзінаму Богу за дабро, якое Ён здзейсніў праз пасрэдніцтва гэтага выдання ў Касцёле ў Беларусі, які адраджаўся.
Выказваю ўдзячнасць за супрацоўніцтва іерархам Касцёла ў Беларусі і братам вербістам, а таксама ўсім журналістам. Няхай ваша праца дадае чытачам надзеі, а вам – радасці ў добра выкананай місіі.
Няхай гэты часопіс нясе ўсім сваім чытачам у Беларусі і за яе межамі любоў да Бога і бліжняга, пашырае хрысціянскія каштоўнасці, дапамагае людзям у імкненні да святасці.
Няхай ён дапамагае ў фармацыі вернікаў, а няверуючых вядзе да веры ў Хрыста. Няхай пераконвае сваіх чытачоў у вартасці экуменічнага дыялогу сярод хрысціян, “каб усе былі адно”.
Дай Божа, каб у далейшым “Дыялог” станавіўся арэапагам, кажучы словамі Папы, “дзе адбываецца публічнае выражэнне думкі і абмен ідэямі, дзе пачынаецца бег навіны, перадаецца і адбіраецца ўсялякага роду інфармацыя” (Redemptoris missio, 37). І за гэты вялікі дар з любоўю дзякуем нашаму нябеснаму Айцу, ад якога паходзіць “кожнае дабро, якое атрымліваем, і ўсялякі дасканалы дар” (Як 1, 17).
Няхай “Дыялог” у далейшым будзе евангелізацыйным месцам на гары, светачам, бачным усім, які асвятляе шлях людзям, якія згубіліся і шукаюць Бога. Няхай яго святло ўмацоўвае праўду ў вуснах усіх аўтараў як сведкаў Евангелля".
Кс. Юрый Марціновіч, Анастасія Грышан