Пошук

01.12.2013 15:30  

Ксёндз Іосіф Станеўскі прызначаны дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. У інтэрв’ю каталіцкаму парталу Гродзенскай дыяцэзіі біскуп намінат распавеў пра важнасць біскупскага служэння і іншае.

- Што, на Вашу думку, з’яўляецца найважнейшым у біскупскай паслузе?

- Важнейшыя заданні біскупа можна знайсці ў Кодэксе кананічнага права ці іншых дакументах Апостальскай Сталіцы. А вось рэалізаваць усё гэта ў жыццё будзе, безумоўна, складаней, бо павінен быць адрасат. Важна перш за ўсё не забывацца, што я ўзяты з гэтага народа, што я разам ім выхоўваўся, вучыўся ў школе, служыў у войску, атрымліваў духоўна-інтэлектуальны падмурак у семінарыі, у храме з гэтым народам я ўзносіў малітву да Бога спачатку як міністрант, потым як семінарыст, дыякан, святар. Сёння таксама важна быць з гэтым народам, каб не было ніякай розніцы, каб усе былі братамі і сёстрамі. Вялікім заданнем з’яўляецца ўзмацненне людзей у веры. Я веру, што Бог дадасць мне сілы, здольнасці і ахвоту, каб людзі, гледзячы на біскупа, змаглі знайсці таго, каго шукалі. Я хачу ім дапамагчы, а для гэтага трэба перш за ўсё сустрэцца з чалавекам, дапамагчы яму словам, малітвай, усмешкай, падзяліцца з ім радасцю.

- Што праз сваё служэнне біскуп хоча перадаць людзям?


- Прысутнасць біскупа сярод людзей, хоць, можа, гэта больш датычыць біскупа ардынарыя, пастыра дыяцэзіі, вельмі важная. Калі біскуп ідзе да людзей і знаходзіцца з імі, яны пачынаюць адчуваць радасць і духоўную ўпэўненасць, што маюць лідара, маюць магчымасць, да каго звярнуцца і з кім параіцца.

- Якія абавязкі будзе выконваць дапаможны біскуп у нашай дыяцэзіі?


- Абавязкам дапаможнага біскупа з’яўляецца падтрымка біскупа ардынарыя дыяцэзіі ў яго служэнні. Гэта значыць, што маё служэнне будзе залежным ад прапаноў і ініцыятыў біскупа Аляксандра. Я ў сваю чаргу адкрыты на ўсё: тое, што ўмею, зраблю, а чаго не ўмею, навучуся.

- Папа Францішак пра біскупаў сказаў, што біскуп павінен служыць, а не панаваць, у чым гэтая паслуга будзе выражацца ў Вас?

- Кантакт са святарамі, а праз іх з вернікамі, бо я вельмі адкрыты на кожнага чалавека. Буду старацца з кожным паразмаўляць і падзякаваць і перад усім быць адкрытым і даступным.

- Што біскуп намінат хацеў бы перадаць праз каталіцкія СМІ вернікам нашай дыяцэзіі?

- Перад усім хачу папрасіць аб малітве. Перад нашым лакальным Касцёлам, перад ардынарыем і мной, новапрызначаным электам, сёння стаяць шматлікія пытанні і заданні, якія патрабуюць адказу і рэалізацыі, таму прашу вашай малітвы ў маёй інтэнцыі, каб як найлепш выканаў гэтыя заданні, якія Папа Францішак мне даручыў, запрашаючы да гэтага служэння. Са свайго боку запэўніваю, што буду маліцца за вас і за ўсіх тых, хто знаходзіцца ў пошуку дарогі ў храм, да Бога, каб радасць Евангелля была спазнана і каб людзі не баяліся прыходзіць Бога.

Поўны тэкст інтэрв'ю>>>

(AG)

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.