Пошук

22.11.2013 16:38  

Вакалістка, піяністка, кампазітар. Вядомая па творчасці ў гурце «Lоvе Stоrу», вакалісткай якога з'яўляецца з 2007 года. Супольна выдалі дыск «ТАLITНA КUМ» (2010). Сольны дэбют планаваўся быць чарговым дыскам «Lоvе Stоrу», аднак сталася інакш. Альбом «Effatha» з'явіўся пад назваю magda.lena frączek і мае ўсе шансы, каб стаць адным з найважнейшых дыскаў года. Альбом «Effatha» — гэта 11 гісторый пра Жанчыну.

Скажы некалькі слоў пра сябе.


Мяне завуць Магдалена, я паходжу з Рацібожа. Мне 24 гады, у гэтым годзе закончваю вучобу ва ўніверсітэце. У мяне цудоўныя бацькі, нас — дзяцей — у іх чацвёра. Дзякуючы ім я магу развівацца. У чэрвені гэтага года выйшаў мой сольны дыск «Effatha», на якім размяшчаецца 11 песняў пра Жанчыну. Музыка займае добрую частку майго жыцця.

—Ты маладая, заўсёды ў акружэнні моладзі. Як твае сябры рэагуюць на творчасць?


— Яны даюць мне адчуць, што яны сутыкнуліся з тым, што я раблю і што ў мяне атрымліваецца,— як са спевам, так і з тым, як я гэта раблю. Частка маіх знаёмых — гэта музыканты, якія самі ствараюць незвычайныя рэчы, яны —пасіянарыі. Знаёмыя з універсітэта — гэта людзі вельмі адкрытыя, разумныя, яны вельмі мяне натхняюць.

Як распачалася твая прыгода з музыкай увогуле?

— Бацькі спахапіліся, што мая сястра, я і мой брат маем музычны талент. Найперш паслалі нас на ўрокі па рытміцы, а потым у музычную школу. Там я і атрымала першую музычную адшліфоўку.

Якім чынам адбыўся выбар менавіта хрысціянскай музыкі?

Хрысціянская музыка — гэта не мой выбар. Хутчэй за ўсё гэта іншыя называюць так музыку, якую выконваюць людзі, якую ствараюць па Божым натхненні, каб спяваць пра досвед жыцця з Ім. Канечне, я такая асоба. На дарогу веры я выйшла дзякуючы маім бацькам, якія распавялі мне пра Езуса, дзякуючы ім я прыняла хрост, яны клапаціліся пра маё духоўнае жыццё. У пэўны момант я сама пачала вырашаць, кім з'яўляецца для мяне Езус. I гэтае рашэнне паўтараецца да сёння, кожны дзень, кожную хвіліну.

Летам ты была ў нас у Беларусі падчас Музычнай мастэрні ў Івянцы. Гэта твой першы прыезд у Беларусь? Якія засталіся ўражанні?

— Гэта быў мой другі прыезд. Першы раз я прыехала на Беларусь, калі мне было 3 гады. Найпрыгажэйшым з'яўляецца тое, што уражанні з Івянца са мной дагэтуль. Я вельмі моцна перажыла гэты час. У мяне было некалькі асаблівых размоваў. Са мной дзяліліся шчырасцю, талентамі, радасцю. Я думаю, што гэта быў для мяне новы пачатак. Я не памятаю, дзе я атрымала б за такі кароткі час так шмат дабра ад іншых.

 

Якую моладзь ты ўбачыла ў Беларусі? Ці яна адрозніваецца ад маладых людзей у Польшчы?


— Знешне — нічым. Унутрана — я ўбачыла, што вы з'яўляецеся больш натуральнымі, я добра сябе адчувала з вамі. Вы ўмееце цешыцца таму, што даюць вам іншыя. Вы паважаеце працу іншых.

Падчас свайго канцэрту ў Івянцы ты не толькі спявала, але таксама мела час і на разважанне. Як ты перажываеш свае канцэрты?

— Канцэрт — гэта сустрэча. Я вучуся ёй. Я стараюся ўглядацца не ў сябе, але ў іншага чалавека. Сястра Лаўра, назарэтанка з Навагрудка, сказала:«Бог прыходзіць у лёгкім павеве. Калі б Яго можна было ўбачыць твар у твар, то Ён быў бы кімсьці звычайным.» Я б хацела, уласна, быць такім звычайным павевам для людзей, якія прыходзяць на мой канцэрт. Не віхурай, што выдзірае дрэвы, не агнём, які можа апаліць.

У гэтым годзе выйшаў у свет твой дыск «Effatha», які азначае «адкрыйся». Каму ён адрасаваны?

— Я б хацела, каб яго асабліва паслухалі тыя, якія перажылі цяжкасці, якім здаецца, што іх жыццё зламалася. Я б хацела, каб дыск трапіў у рукі людзей з нізкім адчуваннем сваёй годнасці, з недастачай у сэрцы, якога да гэтай пары ніхто альбо нішто не магло супакоіць. У нейкім сэнсе гэта дыск для тых, хто знаходзіцца ў крызісе. Гэты дыск монатэматычны, ён кажа пра Любоў.

Ён складаецца з 11 спеваў, якія розныя, нібы твары жанчын. Якім жанчынам ён адрасаваны?

— Думаю, што гэты дыск для кожнай жанчыны, без выключэння.

Ты шмат пішаш пра прыгажосць і выключнасць жанчыны. Як гэта адкрыць у сабе?

— Я таксама хацела б гэта ведаць! (смяецца) Я жанчына, якая ўвесь час жыве ў перакананні, што ведае ўсё. Таму столькі пішацца аб адкрыцці, бо для мяне гэты стан заўсёды ненатуральны. Адкрыцца — гэта значыць страціць кантроль у стрымліванні Любові, адзінай і цалкам асабістай. Гэтая любоў не раз пераварочвае маё жыццё з ног на галаву. Адсюль гэтае заўсёднае пытанне: ты давяраеш Мне? Адкрываць прыгажосць і выключнасць можна толькі ў атмасферы ўзаемнага даверу.

Ты спяваеш пра любоў? Чым ёсць любоў для цябе?

— Любоў — гэта Бог, які дазваляе любіць у найпрыгажэйшай справе, якой з'яўляюцца людзі, які мае ідэі на будаўніцтва прыгожых адносінаў. Усё, што Ён стварыў, з'яўляецца добрым. Значыць, я таксама з'яўляюся Любоўю. 3 кожным разам я ўсё больш усведамляю, што не ўмею любіць. Гэта парадокс — быць Любоўю, якая не ўмее любіць. Але так ёсць. Я хачу пакінуць для сябе больш, чым для іншых. Мне падабаецца, калі мяне хваляць, калі я не галодная, найлепш апранутая, калі я гладка граю канцэрты. Любоў падштурхоўвае мяне на тое, каб адмаўляцца ад такіх смешных пажаданняў, каб прагнуць дабра для іншага чалавека. Коштам самой сябе. Без разліку на ўзаемнасць. Цешыць толькі тое, што Бог вельмі любіць такіх скончаных эгаістак, як я. (смяецца)

Што б ты хацела сказаць таму, хто будзе чытаць гэтае інтэрв'ю?

— Каб ён не баяўся быць самім сабою, ці Любоўю, бо ніхто так, як ты сам, не зможа любіць! Ніхто не пражыве твайго жыцця. На гэтай зямлі ёсць людзі, якіх сумееш палюбіць толькі ты. Ёсць людзі, якіх увогуле зможаш палюбіць толькі ты. Калі ты адмаўляешся ад свайго найвялікшага паклікання, якім ёсць Любоў, то сапраўды свет перакруціцца яшчэ больш дагары нагамі. Таму не бойся! Ёсць тое, пра што я б ніколі не хацела забыцца, — мяне пакахала Любоў, для якой няма абмежаванняў пад постаццю праблемаў, страху, сумневу, адукацыі, грамадскага статусу, грошай. «Effatha»! Ты найпрыгажэйшае бачанне свету!

Гутарыла Алена Малышка, (АYU)
Абноўлена 12.10.2017 11:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця