— Андрэй, распавядзі пра гісторыю стварэння гурта. Які яго склад? Калі ўзнікла ідэя? У каго яна з'явілася?
— У мяне заўсёды было жаданне займацца музыкай, асабліва спяваць у гурце. «Laudans» узнік мінулай вясной, калі я вырашыў зрабіць невялікі канцэрт уласных кампазіцый на вершы кс. Яна Твардоўскага. Сталымі ўдзельнікамі гурта з'яўляюцца Аляксей Палачанскі (гітара, губная гармошка), Андрэй Немялоўскі (бас-гітара), Андрэй Лугін (вакал, гітара), Алёна Палачанская (клавішы).
— Чаму «Laudans»?
— Cваёй дзейнасцю мы праслаўляем Бога. Адсюль і назва Laudans — «той, хто славіць».
— Ваш стыль — як можаце яго акрэсліць?
— Зараз асновай нашага стылю з'яўляецца «спяваная паэзія». Мы ствараем уласны стыль з элементамі розных музычных жанраў. Гэта фанк, рок, блюз.
— Якім чынам абіраеце тэксты спеваў?
— Паколькі асноўную частку нашага рэпертуару складаюць песні на паэтычныя творы, выбіраем тое, што бліжэй да душы.
— Чым ужо запоўненая скарбонка твораў?
— Зараз у нашым рэпертуары, акрамя песень на вершы кс. Яна Твардоўскага, ёсць кампазіцыі на словы бл. Яна Паўла ІІ, беларускіх паэтаў, некалькі песень замежных выканаўцаў.
— Чым плануеце дапоўніць?
— У найбліжэйшых планах - пашыраць рэпертуар дзякуючы словам беларускіх аўтараў.
— Распавядзі некалькі слоў пра вас усіх.
— Мы ўсе католікі, з розных парафій. Пазнаёміліся на розных касцёльных мерапрыемствах, так і сабраліся.
— Вы ўжо праводзілі хрысціянскі фестываль у Вязынцы. Ці ёсць планы на іншыя мерапрыемствы такога кшталту?
— Акрамя Вязынкі, мы арганізавалі падобнае мерапрыемства, толькі меншых маштабаў, у Радашковічах. Мэтай такіх мерапрыемстваў з'яўляецца развіццё беларускай хрысціянскай музыкі і актывізацыя нашых выканаўцаў. Хочам і ў будучыні арганізоўваць такія мерапрыемствы. Спадзяёмся, што Бог будзе нам дапамагаць у гэтым.
— Беларуская хрысціянская музыка — якім вы бачыце яе будучае аблічча, якая яна зараз? Чаго не хапае?
— Беларуская хрысціянская музыка знаходзіцца на дастаткова добрым узроўні, і разам з гэтым пакуль што яна развіваецца аднабакова. У асноўным яна прадстаўлена літургічнай музыкай, і не хапае канцэртаў беларускіх хрысціянскіх музыкаў. Не хочацца, каб іх месца ў касцёле займалі свецкія выканаўцы. Таксама, на мой погляд, яшчэ мала запісаў хрысціянскіх музыкантаў. Гэта маглі б быць і парафіяльныя хоры, ансамблі, і канцэртуючыя гурты, якія ўжо ў нас з'яўляюцца.
— Любімыя хрысціянскія гурты, гурты і спевакі, якія натхняюць: ці гэта абавязкова хрысціянскія аўтары і выканаўцы?
— Сярод беларускіх - гэта "Міласць" з Ліды, "Ж і В" з Маладзечна, з замежных - TGD, New life'm, Petra. Для мяне крыніца натхнення - гэта абавязкова хрысціянскія гурты і выканаўцы.
— Якія мэты пастаўленыя на бліжэйшы час?
— На бліжэйшы час запланаваны шэраг канцэртаў, а таксама запісы новых кампазіцый.
— Якія ёсць цяжкасці?
— Зразумела, асноўныя цяжкасці — матэрыяльныя, але спадзяёмся, што яны нас не спыняць.
— Апошні твор, над якім працуеце?
— Зараз мы працуем над праграмай да Божага Нараджэння, хочам выступіць з ёй у розных парафіях.
Дзякуем за размову і жадаем, каб Божы провід дапамагаў споўніць усе ідэі і праекты, а св. Цэцылія апекавалася развіццём беларускай хрысціянскай музыкі.
Гутарыла Аксана Ючкавіч