Пошук

19.11.2013 11:02  

Напрыканцы верасня ў Рыме адбыўся Міжнародны катэхетычны кангрэс, на якім прысутнічала і прадстаўніца Беларусі, сястра Нунэ Цітаян MSF. Прадстаўляем размову пра гэтую важную падзею ў жыцці паўсюднага Касцёла і пра навучанне веры ў сучаснай Беларусі, якую падрыхтавала рэдакцыя часопіса «AveMaria».

— Сястра Нунэ, у чым Вы бачыце каштоўнасць правядзення падобных кангрэсаў?

— Я лічу, што гэта вялікае багацце, бо каталіцкі свет разнастайны, шматнацыянальны. На кангрэсе прысутнічалі людзі 51 нацыянальнасці. Паводле звестак, усяго ў свеце 4 мільёны катэхізуючых, у Рыме сабралася 1600 чалавек з усіх кантынентаў. Падобныя сустрэчы акрэсліваюць асноўныя кірункі развіцця такімі, як бачыць іх Касцёл, падказваюць, як вырашаць пытанні, якія ставіць перад намі сучаснае грамадства. І для нас вельмі важна пачуць адно аднаго, скаардынаваць нашыя дзеянні, каб нашае прапаведаванне Евангелля было эфектыўнае. Гэта вялікае багацце — пачуць іншых людзей, якія таксама прапаведуюць Евангелле Хрыста.

— Але рэальнасць вельмі адрозніваецца, напрыклад, у той жа Лацінскай Амерыцы, у Беларусі і ў краінах Заходняй Еўропы. Ці я памыляюся?


— У нейкім сэнсе — так. Я, напрыклад, гэтую праблему заўжды бачу, калі ідуць міжнацыянальныя спрэчкі і мы забываемся, што прынялі адзін і той жа хрост. Мы — дзеці аднаго Бога — гэта раз, і другое — ва ўсіх нас адзін і той жа першародны грэх і аднолькавы спіс смяротных грахоў. Ніякі народ яшчэ не прыдумаў новых. З аднаго боку, мы адрозніваемся, а з іншага — у нас вельмі шмат агульнага. І калі, напрыклад, Касцёл у Лацінскай Амерыцы цяпер не праходзіць перыяд крызісу і адыходу ад Касцёла, гэта не значыць, што яго гэта не чакае. Гэта пэўныя этапы развіцця хрысціянства. Уздым веры ў Еўропе, пасля — спад. Мы можам проста паглядзець на мапу каталіцкага свету і зразумець, што нехта перажывае цяпер восень, нехта — вясну, нехта — зіму або лета.

— То бок, пасля крызісу ізноў будзе ўздым?


— Так. Мы бачым перыядычнасць усяго, як у прыродзе. І я не сказала б, што праблемы нашыя так ужо моцна адрозніваюцца, бо ў любым выпадку мэта катэхізацыі адна — сустрэча з жывым уваскрослым Богам, Езусам Хрыстом. Умацаваць веру ў жывога Бога, Айца, Сына і Духа Святога, развіць пачуццё саўдзелу, любові да Хрыстовага Касцёлу — гэтая задача стаіць і ў Лацінскай Амерыцы, і ў Кітаі, і ў Беларусі. Толькі як у кантэксце нацыянальнай культуры і грамадства эфектыўна і плённа данесці гэтую праўду?

У мяне ўзнікае вобраз вітража — рознакаляровыя шкельцы, якія складаюцца ў карціну, і нам трэба знайсці свой элемент, сваю часцінку ў гэтай мазаіцы. Мне вельмі спадабалася, як сказалі на кангрэсе: катэхеза павінна быць яснаю, дакладнаю, зразумелаю, вельмі простаю і недвухсэнсоўнаю. Нашая мэта — тлумачэнне і перадача ўсіх гэтых думак, ідэй, а самае галоўнае — праўды, якая вядзе да асабістай сустрэчы з жывым Езусам Хрыстом, што дзейнічае цяпер, у сучасным грамадстве.

— Як у інфармацыйным патоку, у якім дзеці жывуць з малых гадоў, з тым неабмежаваным доступам да інтэрнэт-рэсурсаў і тэлебачання дакладна правесці гэтую лінію катэхэзы, даць праўдзівыя веды пра Бога і прывесці да асабістай сустрэчы з Ім?  Як казалі на кангрэсе: «праблема — паказаць рэальнае сяброўства з Богам, калі ў чалавека большасць сяброў — віртуальныя», ён не ведае, што такое рэальныя адносіны з людзьмі.

— Я магу падзяліцца сваім досведам як катэхет, які працуе з 329 дзецьмі. Вельмі цікава бывае, калі я распавядаю ім пра тое, што ў нас ёсць вольная воля. Як дзеці разумеюць вольную волю? Яны мне заўжды кажуць: «Сястра Нунэ, вольная воля — гэта выбіраць або дабро, або зло». А я кажу: «Вольная воля — гэта выбіраць дабро і пазбягаць зла». Не выбіраць зло, а пазбягаць зла. І мне здаецца, што ва ўсім гэтым інфармацыйным патоку дзяцей трэба навучыць выбіраць. Маё асабістае суб’ектыўнае меркаванне катэхізатара — трэба выпрацоўваць у іх здольнасць правільна выбіраць, выпрацоўваць імунітэт на зло, каб яны адчувалі ўсе інфармацыйныя і візуальныя маніпуляцыі сучаснасці і ўмелі пазбягаць зла і выбіраць толькі дабро. Мне здаецца, што задача катэхізацыі, мая асабістая задача, апроч таго, каб адбылася асабістая сустрэча з Хрыстом, чыста антрапалагічная сацыяльная задача — навучыць дзіця выбіраць правільнае ў гэтым свеце, нават не «правільнае» — папраўлюся — выбіраць сапраўднае, бо галоўнае — быць сапраўдным, а не правільным. А дзеля гэтага дзецям трэба расплюшчыць вочы на сутнасць нашага чалавечага паклікання: адкуль мы бярэмся, куды мы ідзём? Мне здаецца, што ў гэтым вельмі дапаможа катэхізацыя, вельмі дапаможа веданне Бібліі. І тады дзіця лепш разумее, што варта выбраць, а што яго знішчае. І мне здаецца, што на сваім узроўні развіцця, ці яму шэсць, ці восем, ці дванаццаць — у дзіцяці павінна быць сваё разуменне і ўменне выбіраць. Неабходна захапіць дзіця Хрыстом, Яго любоўю, але самае галоўнае — дапамагчы яму выбіраць і зразумець сябе. А як зразумець сябе без Бібліі і без Бога, калі Ён — наш аўтар, наш Творца, калі «інструкцыя» да чалавека — гэта Біблія? Чалавек, адарваны ад яе, не разумее сябе, свайго прадвызначэння і не здольны зрабіць правільны выбар.

—  Можна сказаць, што ад гэтага неразумення сябе ідуць усе праблемы: чалавек кідаецца ва ўсе бакі і не знаходзіць сабе месца?

— Так. Напрыклад, возьмем Еву. Ці ж яна ведала сябе? Яна хацела стаць, як богі, а гэта праблема сучаснай моладзі — стаць знакамітасцю. Стаць як героі глянцавых часопісаў, не ведаючы, хто ты насамрэч, ты імкнешся быць некім іншым! У гэтым вялізная праблема, і ў дзяцей таксама. Калі ім кажаш: «Бог задумаў цябе менавіта такім. Ён прыдумаў, што ў цябе менавіта тут радзімка, такая форма вачэй і броваў, такі колер валасоў — гэта прыгожа і гэта мае сэнс». Нашай самасвядомасці і самаразуменню задае тон не знешняе, а ўнутранае.

Я — катэхет, які працуе з 1998 года, бачу, што самае важнае — навучыць дзяцей выбіраць і дапамагаць ім выбіраць: даць крытэрыі, паводле якіх яны будуць рабіць выбар, а не забараніць, як любяць рабіць нашыя мамы. Так, дзяцей трэба сцерагчы ад пэўных рэчаў, але яны павінны разумець прычыны і наступствы сваіх ўчынкаў, словаў, думак. Мне здаецца, яны на гэта здольныя.

— Вы маеце на ўвазе, каб дзіця аналізавала і разумела, што калі зробіць гэтак і гэтак, то будуць гэткія і гэткія наступствы?

— Так, бо ў дзяцей у сучасным грамадстве адбіраюць гэтае разуменне прычыны і наступства ўчынка. Прыклад з маёй практыкі: чатырнаццацігадовы сын скраў у бацькі машыну, разбіў яе ў друзгі, а тата з любові да яго заплаціў штраф. Вынік: машына разбітая, сын не быў аніяк пакараны, акрамя, хіба, лаянкі з бацькам. Ён не адчуў на сваіх плячах цяжар наступстваў свайго неразумнага, няправільнага выбару. А варта было б даць яму гэта зразумець, і гэта б стала яму навукаю. І калі так адбываецца адзін раз, другі, трэці, то што ж пасля здзіўляцца, што дзіця стала такім безадказным? Мы выхоўваем беспакаранасць у дзецях, калі няма адэкватнага справядлівага пакарання за дрэнныя ўчынкі.

У бацькоў, бывае, зусім не знаходзіцца часу пабыць з дзіцем, не тое што вучыць яго нейкай мудрасці, замест гэтага ідзе толькі стварэнне матэрыяльнай базы — абалонкі для існавання дзіцяці, а астатняму яно вучыцца само, і што горш за ўсё — у інтэрнэце. Бывае, я раблю інфармацыйныя сустрэчы па групах для хлопчыкаў і дзяўчынак, мы размаўляем з імі на розныя хвалюючыя тэмы, напрыклад, пра сексуальнасць як Божы дар, і аказваецца, што з дванаццацігадовымі дзецьмі я першая сярод педагогаў размаўляю на гэтую тэму. Гэта, мне здаецца, ненармальна. Дванаццацігадовае дзіця нешта ўбачыла ў інтэрнэце, нешта само зразумела (а мы ведаем, што разуменне дзіцяці — вельмі вузкае, яно ўспрымае ўсё ў кантэксце або пагрозы, або задавальнення) — і атрымліваецца гэткае скрыўленае ўспрыманне рэальнасці. Як стаяць і ходзяць нашыя дзяўчынкі, якія позы яны прымаюць на фотаздымках у сацыяльных сетках? Як лялькі з мультфільмаў «Monster High», «Winks», «Witch» і г.д. Вось хто, на жаль, займаецца выхаваннем нашых дзяцей.

— Адсюль вынікае тое, пра што гаварылі на кангрэсе: адсутнасць у моладзі герояў і прысутнасць «селебрыці» — знакамітасцяў.


— Так, і, апроч гэтага, імкненне таксама быць знакамітым, якім заўгодна спосабам: тым, што я, напрыклад, адчуваю сябе не мужчынам, а жанчынай. Гэтае імкненне быць знакамітым выяўляецца і ў знешнім выглядзе, у адзенні. Гэта праўда, што кожны з нас арыгінальны, нашая непаўторнасць закладзена глыбока ў нас, але выяўляецца не толькі ў знешнім. Гэта вельмі важна, і калі дзяцей вучыць правільна выбіраць, яны пасля правільна расстаўляюць прыярытэты, ведаюць, на што трэба звярнуць увагу. І задача катэхізатараў, хоць пра гэта і не казалі на кангрэсе, для мяне заключаецца ў тым, каб навучыць дзяцей выбіраць. База, на якой мы вучым правільнаму выбару, — гэта Біблія. Для мяне гэта другі вельмі важны аспект у служэнні. Першы, як я ўжо казала, — сустрэча з жывым уваскрослым Хрыстом.

—А як дзіцяці або падлетку паказаць гэтую розніцу паміж героямі і тым, што цяпер называецца «селебрыці» — гэта пэўны «тусовачны» лад жыцця, пэўны знешні выгляд, пэўныя паводзіны, тое, што арыентавана на знешняе, але без глыбіні, якая ёсць у гераізме?

— Вельмі проста. У глыбіні душы мы ўсё ведаем. Нам часам здаецца, што евангельскія праўды вельмі далёкія. Не. Можна прапанаваць дзецям параўнаць радасць ад духоўнага і радасць ад матэрыяльнага. Чым адрозніваецца радасць, калі мы бачым прыгажосць сонца, калі мы доўга былі далёка ад мамы і пасля сустракаем яе, ад радасці, калі табе, напрыклад, купілі новую прыгожую сумку. Кожнае дзіця скажа, што глыбейшая, больш інтэнсіўная, і самае важнае — больш пастаяннае і глыбокае пачуццё ўзнікае ад духоўнага, а радасць ад матэрыяльнага — заўжды часовая. Гэта трэба вельмі добра запомніць.

Я, напрыклад, праводжу такі эксперымент з дзецьмі. Прашу: «Падыміце рукі тыя, хто адчуваў радасць ад таго, што вам нешта падарылі?». Усе дзеці паднялі рукі. «Хто цешыўся з таго, што сам нешта іншаму падараваў?» Таксама ўсе паднялі рукі. І пасля я пытаюся: «Цяпер, дзеці, падыміце рукі, хто адчуў, што даваць — прыносіць больш радасці, чым атрымліваць?». Палова падняла рукі. «А падыміце рукі тыя, хто лічыць, што атрымліваць — нашмат прыемней, чым даваць?» Дзесяць чалавек паднялі рукі, гэта вельмі мала. У любым выпадку, вось гэтае глыбокае пачуццё, гэты індыкатар, закладзены ў дзіцяці. Горш за ўсё, што потым яго падступным чынам замяшчаюць, падмяняюць унутранае на знешняе, духоўнае — на матэрыяльнае.

Ніхто не кажа, што мы не павінны радавацца новай сумцы, але радасць ад падарунка не можа быць эквівалентная радасці ад сустрэчы з мамаю. Ніколі, бо гэта зусім іншае пачуццё радасці. Гэтае — часовае, а тое — пастаяннае. Як казаў святы Ігнацый: калі ён чытаў раманы пра каханне, пра жанчын, ён адчуваў кароткачасовы ўздым, радасць, але пасля гэта ўсё ператваралася ў горыч. А калі ён, паранены, чытаў жыццяпісы святых, то адчуваў радасць, якая надоўга пасялялася ў сэрцы. Вось што мы павінны паказаць дзецям. Бо слава — такая самая залежнасць, як алкагольная, сексуальная, наркатычная. І да чаго яна прыводзіць — вядома. Мы бачым у інтэрнэце жыццё падобных «зорак», якія ператвараюцца ў чорныя дзіры, і трэба ўмець дзецям гэта паказаць.  (устаўка: «Катэхізатар павінен быць кампетэнтным і здольным бачыць лінгвістычныя і візуальныя маніпуляцыі, якімі СМІ прыхоўваюць зло, называючы яго дабром. Неабходна знайсці стратэгію выкрыцця зла, якое носіць маску дабра. Касцёл не можа і не павінен весці канкурэнтную барацьбу са свецкімі СМІ, але мусіць выпрацоўваць спосаб выкрыцця іх маніпуляцый. Касцёл не павінен баяцца выказваць хрысціянскае бачанне таго, што гавораць свецкія СМІ».)

Ніхто не кажа, што дзіця адразу выбярэ тое, што правільнае, тое, што добрае, тое, што сапраўднае. Але трэба хаця б быць з ім побач і паказаць, раскрыць: «Вось чаму ты цяпер так сябе адчуваеш і гэтае перажываеш — бо мэта ў цябе была іншая, няправільная». І мне здаецца, кожны, і дзіця, і моладзь, у глыбіні душы гэта цудоўна адчувае, нават калі злуецца на некага, нешта скраў, сказаў дрэннае слова. Я ў размове з адным са сваіх вучняў кажу: «Ну вось скажы мне, калі ласка, абліў ты брудам чалавека, табе самому хоць прыемна?». А ён мне: «Толькі трошкі было прыемна, а пасля крыўдна, бо я адчуў сябе вінаватым і пасля, сястра, мне яго стала шкада». Дзіця, якому дзевяць гадоў, цудоўна разбіраецца ў сваіх пачуццях!

— То бок, задача не ў тым, каб закрыць дзіця ад гэтага свету, а ў тым, каб…

Дапамагчы яму, выпрацаваць у яго імунітэт, якім ёсць слова Божае і сакрамэнты, каб ён у гэтым свеце мог функцыянаваць як сапраўдны хрысціянін, а гэты свет са сваімі правіламі не дамінаваў над ім.

— Не мае сэнсу змяшчаць дзіця ў стэрыльную атмасферу?

— Гэта проста злачынства.

— Я ведаю, што падобныя тэндэнцыі існуюць у Касцёле, але, напрыклад, у пратэстантаў гэта вельмі распаўсюджаная практыка: нават у школу, бывае, дзіця не аддаюць, а выхоўваюць дома, баючыся негатыўнага ўплыву сучаснасці.

— Прасцей забараніць, чым растлумачыць. Прасцей забараніць, чым дапамагчы чалавеку пасля яго няправільнага выбару. Хаця засцерагаць ад пэўных рэчаў, зразумела, трэба. Не падумайце толькі, што дзіця павінна да ўсяго даходзіць уласным розумам. Не, павінна быць гармонія, дзіця павінна ведаць, чаго не трэба рабіць. А калі ведае пра забарону і ўсведамляе, што, парушыўшы яе, будзе пакаранае, і ўсё адно робіць гэта — значыць трэба быць паслядоўным і здзейсніць пакаранне.

Ізноў, гаворка ідзе пра тое, каб заўжды быць з дзіцем, а не аднаразова. Бацькам часам так хочацца: крыху пабыць з дзецьмі, нешта ўкласці ў іх, каб было, як з гадзіннікам: завёў, наладзіў і пакуль «цікае». А калі разладзіцца — ізноў наладзім. Не, як казалі падчас кангрэсу, мы павінны суправаджаць тых, каго катэхізуем, павінны ісці з імі побач і выслухоўваць іх, як Езус выслухоўваў вучняў, якія накіроўваліся ў Эмаус. Ці ж Езус не ведаў, чаму яны бягуць у Эмаус? Канешне ж, ведаў. І мы што ж — не ведаем праблемы дзяцей? Ведаем! Але пра гэта трэба размаўляць, каб яны маглі выказацца. І тады мы мусім з Божым словам, з гэтай «інструкцыяй» выбару дапамагчы ім: «Выбірай: або ты верыш, што Хрыстус — бяссільны, магіла пустая, і Яго цела проста некуды падзелася, або ты верыш, што Ён уваскрос і перамог».

Выбар — самае велічнае зерне, якое ў нас пасеяна, якое можа нават скіраваць чалавека супраць Бога і супраць сябе самога. Маім вучням шалёна падабаецца казаць: «У камня няма выбару, у кветкі няма выбару, а ёсць выбар толькі ў Бога, анёлаў і ў нас, сястра». Выбар анёлаў ва ўпадку для іх таксама з’яўляецца прыкладам, бачыце?

— А якія яшчэ праблемы, акрамя тых, што мы цяпер вызначылі, вельмі востра стаяць у сучаснай катэхізацыі?


— Першая і вельмі вялікая праблема — тое, што вера не перадаецца праз бацькоў. Я, напрыклад, матывую сваіх вучняў, кажучы: «Вы павінны гэта перадаць сваім дзецям. Не сястра Нунэ павінна казаць пра асновы веры: хто такі Бог, хто такія анёлы, хто такі чалавек і адкуль ён з’явіўся, што такое грэх і як ён увайшоў у жыццё чалавека — першымі расказчыкамі павінны быць вы». Пасля кожнай лекцыі я акцэнтую ўвагу вучняў на тым, што гэтыя веды прызначаныя для іх будучыні.

Праблема перадачы веры — вельмі вялікая. Напрыклад, дзеці прыходзяць і распавядаюць: «Я сказаў маме, што мне трэба вывучыць “Тваёй абароне...”, а мама сказала, што такой малітвы не ведае». Нашыя дзеці цяпер больш развітыя духоўна, чым іх бацькі. Але прабел, які ёсць у духоўным выхаванні бацькоў, — гэта таксама не апраўданне. Я кажу на бацькоўскіх сустрэчах: «Мамы, вас жа бабуля не вучыла фарбавацца, карыстацца касметыкай? Таты, вас жа дзядуля не вучыў карыстацца інтэрнэтам, скайпам? Нас не вучылі, як займацца сучаснымі рэчамі і сучасна выглядаць, — мы захацелі і навучыліся самі. Гэтак жа з Богам і рэлігіяй: мы не маем права казаць, што нас не навучылі, праўда? У нас няма да гэтага цікавасці, мы думаем, што гэта ўсё не эфектыўна: што вера не эфектыўная і Бог не эфектыўны». А некаторыя людзі вельмі добра разумеюць, што калі пусціць у сябе Бога, веру ў жыццё, могуць адбыцца змены, да якіх яны не гатовыя і якіх яны не хочуць.

— Папа Францішак казаў пра гэта ў сваёй прамове, прыводзячы Ёну ў прыклад...


— Таму я і кажу: праблема ў тым, што цяпер евангелізатарамі ў сем’ях становяцца дзеці. Яны прыходзяць да Бога першымі. У мяне нядаўна быў выпадак: хлопчыку на святой Імшы стала вельмі дрэнна, і я папрасіла маму аднаго з вучняў завезці яго дамоў, бо той прыйшоў адзін. Была гадзіна дня, а ягоная мама яшчэ спала ў ложку, хоць сыночак быў у касцёле! Для мяне гэтае дзіця — герой. Калі ўвесь дом спіць — ён на святой Імшы! Учора побач са мною ў касцёле стаяў адзін хлопчык, і я кажу: «Ну што, Лёша, ты без мамы, без таты, без сям’і на святой Імшы». — «Так».  — «Лёша, ну нехта ж павінен за сям’ю маліцца, праўда?». І ён усміхнуўся, а да гэтага твар быў такі сумны-сумны... З аднаго боку, мы павінны разумець гэтых дзяцей і не дзівіцца, што на нейкім этапе яны знікаюць з касцёла. Я думаю, яны вернуцца туды з уласнымі дзецьмі.

— Сястра Нунэ, на кангрэсе вельмі шмат казалі пра выбар словаў, з якімі трэба звяртацца да розных катэгорый людзей: да дзяцей, падлеткаў…

— Так, павінна існаваць адпаведнасць ідэі, словаў і аўдыторыі.

—Як гэтага дасягнуць? Вы ж мысліце іншымі катэгорыямі, чым дзеці.

— Я думаю, што чалавек, які сам з’яўляецца сведкам, глыбока перажывае сваю веру, зможа растлумачыць гэта і дзіцяці.

— Напэўна было б памылкаю, не кажучы нават пра дзяцей, падысці да наркамана, які толькі-толькі навярнуўся да Бога, і пачаць размаўляць з ім як з чалавекам, які з дзяцінства ў Касцёле?


— Я кажу: спачатку заўсёды павінна быць пытанне. Калі дзеці прыходзяць на катэхезу, яны пра ўсё пытаюцца, ты з імі размаўляеш, знаёмішся. Катэхет перад тым, як вучыць дзяцей, павінен акунуцца ў іх свет. У нас, сясцёр місіянерак святой Сям’і, ёсць добрая традыцыя: падчас каляды сёстры наведваюць сем’і дзяцей, каб быць блізкімі з імі, разумееце? Або, напрыклад, у цябе свая катэхэза на сёння падрыхтаваная, а дзіця прыходзіць і задае пытанне: «Сястра Нунэ, тата мяне пакараў — цэлы месяц забараніў гуляць на кампутары. Мой тата зграшыў супраць чацвёртай запаведзі?». Я не магу не адказаць на яго пытанне, сказаўшы: «Прабач, але ў мяне сёння іншая тэма».
Калі ёсць пытанне — гэта заўсёды добра. Гэта як попыт — разумееце? І павінен быць дадзены адказ і менавіта праз Божае слова — я гэта нагадваю і сабе, і кожнаму катэхету. Не тое, што табе здаецца: твой асабісты досвед, тваё меркаванне, твае думкі на гэты конт — не. Адказ на пытанне «Ці справядліва мяне пакараў тата?» трэба знайсці ў біблійнай гісторыі. І мы знайшлі гэтую гісторыю — пра прарока Іллю, які не караў сваіх двух сыноў. І да чаго гэта прывяло? Да трагедыі, калі ўрэшце памерлі і сыны, і ён сам. І тады мой вучань Даніла сказаў: «Справядліва, я буду караць свайго сына».

— А каб знаходзіць падобныя прыклады, трэба абавязкова добра ведаць Біблію…

— Я лічу, што ведаць Біблію — першапачатковая місія катэхета. Сцэны, аповеды, гісторыі павінны быць яму знаёмыя, як сям’я, родныя. Ты нібы адчуваеш пах, нібы ідзеш па гэтай вуліцы, чуеш гук, бачыш людзей, выраз іх твараў. Для гэтага патрэбная малітва і медытацыя над Божым словам. А калі ты сам нармальна не можаш разабрацца, сам не ведаеш слова Божага глыбока, для чаго выкладаць і катэхізаваць? Таму, мне здаецца, служэнне катэхета і бывае не эфектыўнае, калі ён сам да канца не разумее і не ведае хрысціянства, і сам ў гэта не верыць і, што найважнейшае, не захапляецца гэтым.

Напрыклад, дзеці  любяць, калі я распавядаю ім гісторы. Яны кажуць: «Сястра Нунэ, у нас адчуванне, калі Вы нам распавядаеце біблейскую гісторыю, нібы мы там апынуліся». Камяні падаюць, калі хацелі забіць жанчыну; пясок, на якім крэсліць Хрыстус; пах міра, калі жанчына слязьмі мыла ногі Хрысту, — дзеці ўсё гэта адчуваюць, бо вельмі чуллівыя. Яны не проста ўяўляюць гэта — яны гэта перажываюць глыбока ў сваіх сэрцах. Памятайма тое, пра што казалі на гэтым кангрэсе: быць сведкам. І тады ў цябе з’яўляецца саўдзельніцтва ў гэтым, і ты можаш перажыць Хрыстовую праўду ў сваім сэрцы.

Проста начытаны катэхет — гэта не зусім катэхет. Мы павінны сведчыць пра тое, што чулі, бачылі і да чаго дакраналіся. Апосталы казалі: «Мы не гаворым вам нешта прыдуманае, мы гэта перажылі». Мы — не «баганосцы», мы — сведкі ўсіх біблійных падзеяў, гэта вельмі важна. Не павінна быць адчування, што мы асветнікі, — праз сваё сведчанне мы даем асвету, але ў першую чаргу мы самі — праўдзівыя сведкі. Я ведаю шмат людзей, якія кажуць: «Ды я сам гэтага не разумею!». Не разумееш — ёсць каментары, духоўныя асобы, святары, якіх можна спытаць. Трэба шукаць адказ на пытанне, я таксама ўсяго не ведаю, я таксама шукаю. Важна, калі катэхет — сведка. Калі я пытаюся ў дзяцей: «Як вы думаеце, які ў мяне ўлюбёны занятак?», дзеці адказваюць: «Малітва, напэўна, сястра Нунэ». І праўда, гэта мой улюбёны занятак. Гэта не проста прафесія, гэта мой любімы занятак.

— Яшчэ адзін момант, які асвятляўся на кангрэсе: як размаўляць з дзецьмі пра складаныя пытанні, напрыклад, пра смерць. Сучасны свет усімі спосабамі нівелюе гэтае пытанне канечнасці зямнога жыцця і перспектывы жыцця вечнага. Паўсюль гучыць заклік: бяры ад жыцця ўсё і г.д. А што будзе далей — нікога не цікавіць. Як расказаць дзецям пра смерць, каб іх не напужаць?

— Я скажу вам, якое самае папулярнае пытанне ў дзяцей на занятках: гэта пытанне пра смерць, пекла і рай. Яно гучыць пастаянна. Чаму? Бо яны больш за ўсё гэтага баяцца. Дзеці пытаюцца нават не пра цуды, што парадаксальна, бо ўсім нам хацелася б стаць сведкамі цуду.

Я нядаўна рабіла катэхэзу на тэму смерці, пекла, раю і чыстца і паклікала на дапамогу свайго вучня, Ванюшу. Ён быў апрануты ў спецыяльны касцюм, і ён гэты касцюм зняў і стаў у куце. Я кажу: «Душа Ванюшы была ў Бога, заўсёды. І вось яго тата і мама вельмі пакахалі адно аднаго. Бог паглядзеў на іх моцную любоў і падараваў ім Ванюшу». Выходзіць Ванюша, і мы апранаем на яго касцюм: «Душа Ванюшы пад сэрцам мамы атрымлівае цела, як касцюм. Пасля Ванюша нарадзіўся, жыў да ста дваццаці гадоў, і Бог вырашыў яго сарваць, як спелы плод з дрэва, — вырашыў, што ўжо час, і тады Ванюша здымае з сябе касцюм. Цела застаецца, а душа Ванюшы ідзе да Бога». Не ўяўляеце, якую палёгку адчувалі дзеці. Пытаюся: «Дзе ён?». Адказваюць: «У Бога». — «А гэтае цела ў выглядзе зярнятка ляжыць у зямлі і чакае Апошняга суду».

Дзеці баяцца таго, чаго яны не разумеюць. Я не кажу, што пасля катэхезы ў іх адразу ж знікне страх смерці. Усе мы будзем смерці баяцца, бо яна — наступства першароднага граху. Дзеці павінны ведаць, што Бог не жадаў смерці. Як ставіўся да яе Хрыстус? Ён уваскрашаў. Ён аздараўляў хворых. То бок, смерць — наступства нашага «не», сказанага Богу. І тут дзеці яшчэ раз разумеюць, што выбар «не Бога» прыводзіць да страху, смерці, пакутаў, болю. Гэты аспект вельмі важны. І тады дзеці пытаюцца ў мяне: «А як у раі, як у пекле, як у чыстцы?». Я ім паказваю сярэднявечныя карціны і кажу: «Дзеці, тут ёсць спробы гэта адлюстраваць, але ніхто не ведае, як цудоўна ў раі. Я ўяўляю гэта так, але маё ўяўленне непараўнальнае з рэальнасцю. І гэтак жа з пеклам — яго немагчыма ўявіць». І ў дзяцей з’яўляецца супакой. Я не кажу, што ў іх адразу з’яўляецца разуменне, але прыходзіць супакой. Як кажа Хрыстус: «Супакой Мой даю вам». Гэты супакой Хрыстовы пасяляецца ў дзецях, і напрыканцы яны кажуць: «Цікава, сястра!».

Мы шукаем метады, формы, спосабы перадачы веры і адказы на складаныя пытанні адпаведна з тым, што бачым вакол сябе. Сацыяльны кантэкст вельмі важны. Катэхеты часам кажуць: «Сястра, як цяпер распавядаць пра сем’і, калі нармальных сем’яў мала?». Ну і як? Калі дзіця кажа «У мяне няма таты», катэхет павінен быць першым, хто запярэчыць: «У цябе ёсць тата, без яго ты не з’явіўся б на свет. І тое, што цяпер у тваёй сям’і так склалася, гэта сумна, гэта твая гісторыя, да якой мы ставімся з разуменнем, з шанаваннем, але гэта не значыць, што ты павінен пабудаваць такую самую сям’ю». Чаго нам баяцца? Страх фармуе ўсё нездаровае ў чалавеку. Працуючы з падлеткамі, я кажу: «Вось бачыш, як цяжка жыць без таты. То падумай, што ты можаш зрабіць у будучыні, каб гэтага пазбегнуць, каб твае дзеці не раслі без цябе». Так, ёсць трагедыя, праблема, цяжкасць. Ніхто не кажа, што гэта нармальна, але гэта рэальнасць. У гэтай рэальнасці мы будзем жыць, але павінны падумаць пра тое, якую рэальнасць мы самі будзем ствараць і з кім.

У мяне нядаўна быў цудоўны прыклад адказу на няпростае пытанне недапушчальнасці дашлюбных сексуальных адносінаў. Я заўжды кажу тым, хто хоча прыняць таямніцу сужэнства: дашлюбныя інтымныя адносіны непрымальныя. Да мяне прыйшлі маладыя сужэнцы, якія да шлюбу мелі падобныя адносіны, — яны сустракаліся на кароткі час, як каханкі. А цяпер жывуць пад адным дахам і маюць праблемы, бо не выклікаюць такой жа цеплыні, пяшчоты і кахання адно ў аднаго, як да шлюбу. А нічога не змянілася, акрамя таго, што з’явіўся быт, адказнасць, абавязкі. І яны бачаць кантраст адносінаў у сужэнстве і часовых адносінаў без абавязкаў, якія яны мелі раней. А калі б яны сталі жыць інтымным жыццём пасля заключэння сужэнства — такой праблемы не ўзнікла б. Касцёл як маці пра нас клапоціцца, кажучы захоўваць запаведзі. Касцёл хоча не забараніць, а абараніць сям’ю ад такіх сітуацый, такіх расчараванняў, ад тупіка ў адносінах. Бо што чакае гэтых сужэнцаў пасля разводу: ізноў сустракацца з некім на кароткі час і разыходзіцца? Бачыце, шмат чаму вучыць жыццё, людзі шмат чаму мяне вучаць, даючы адказы на вельмі складаныя пытанні.

— А што Вас найбольш уразіла на кангрэсе, што найперш Вы вынеслі з яго?

— Для мяне самай цудоўнай была відавочная каталіцкасць нашага свету. Розныя культуры, розныя мовы, рознакаляровыя твары, вочы рознай формы. Наогул мяне заўжды захапляе ў каталіцкай веры яе сусветнасць — нашае сэрца не як мапа адной краіны, нашае сэрца — гэта ўвесь сусвет. Гэта мяне ўмацоўвае і цешыць, дае сілу і надзею, захапляе. І яшчэ пачуццё, якое я вынесла з кангрэса: Дух Святы сапраўды прысутнічае, Ён дзейнічае, Ён вядзе катэхетаў. Мне вельмі спадабалася выказванне: «Катэхет — каштоўная прылада Святога Духа». І гэты Дух Божы прысутнічае, Ён вядзе і накіроўвае, але пры гэтым хоча нашага актыўнага супрацоўніцтва і ўдзелу. Калі ёсць глыбокае пачуццё ўпэўненасці ў прысутнасці Духа Божага, то, нягледзячы на розныя кантыненты, розныя нацыянальнасці, людзі кажуць пра аднолькавыя праблемы і спосабы іх вырашыць, і ты адчуваеш, што гэта блізка табе і актуальна для цябе. Дух Божы — сярод нас і вядзе нас.

— Адзначце, калі ласка, коратка, якія накірункі дзейнасці ў сучаснай катэхізацыі былі акрэсленыя?


— Перадаваць жывую веру, весці да асабістай сустрэчы з Хрыстом, асабліва праз сакрамэнты і святую Імшу. Цесна звязваць катэхізацыю са cловам Божым і з рэальным жыццём. Умацоўваць хрысціянскую ідэнтычнасць. Навучыць тых, каго катэхізуем, шукаць адказы на свае пытанні. Злучыць два вымярэнні: асабістае і супольнасці Касцёла, праз якую мы сведчым сваю веру. І галоўнае — глядзець на жыццё праз прызму Хрыста —  memoria Christi, заўсёды думаючы, што б Ён зрабіў у той ці іншай сітуацыі. Важна выклікаць захапленне ад веры, памятаць, што вера ўмацоўваецца ў супольнасці, выходзіць з Касцёла, каб несці веру іншым людзям, абапірацца на Божае аб’яўленне, вучэнне Хрыста, літургію, сакрамэнты.

Касцёл ніколі не будзе прапаведаваць нічога новага. 2013 гадоў мы прапаведуем смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста ў тым кантэксце, у якім існуем. Касцёл і цяпер бачыць гэта так сама: сведчанне, сведчанне і сведчанне. Супольнасць. Толькі форма перадачы змяняецца. І гэтую форму перадачы кожны народ шукае ў сваім вызначаным нацыянальным і сацыяльным мікраклімаце. Нам не могуць быць дадзеныя гатовыя рашэнні праблемаў нашага Касцёла. Разумееце, самае цікавае, што вера не дае нам дагматычных схемаў. Касцёл паказвае кірунак, у якім мы павінны ісці, шукаць. Езус не аддаваў загадаў, Ён казаў: «Калі хочаш, выбірай». Ён заўжды паказваў накірунак, у якім трэба ісці. Няма гатовых адказаў і рашэнняў, таму што свет пастаянна змяняецца. Як можна навучыць чалавека плысці па моры па адной схеме? Мора заўжды рознае! І Дух Божы, які ў нас, дае нам смеласць, дае нам мудрасць шукаць і знаходзіць шляхі, каб несці людзям Хрыста.

— Сястра Нунэ, дзякуй вялікі за вельмі цікавую размову.

Размаўляла Юлія Шэдзько,

часопіс «AveMaria»

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа