На міжнародную пілігрымку сем’яў у рамках Года веры ў Ватыкан прыбыла група пілігрымаў з Беларусі ў суправаджэнні а. Пятра Бялевіча ОМІ — душпастыра сем’яў Пінскай дыяцэзіі, члена Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. У інтэрв’ю беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё святар распавёў пра выклікі, якія стаяць перад Касцёлам у Беларусі ў пытанні душпастырства сем’яў.
— Якая яна – сённяшняя беларуская сям’я?
— Беларуская сям’я – гэта сям’я сучаснага свету. Усе праблемы, якія датычацца сем’яў у свеце, можна аднесці і да беларускай сям’і. Гэта праблема разводаў, праблема абортаў, нараджэння або ненараджэння дзіцяці, праблема алкагалізму, праблема граху распусты. Гэта з аднаго боку. З другога боку, як і ва ўсім свеце, ёсць і вельмі добрыя сем’і, якія даўно ўжо “саспелі”, каб быць адказнымі, працаваць дзеля дабра сваёй сям’і і іншых.
— Калі мы шчыра размаўляем, мы павінны задаць пытанне: ці беларуская сям’я сёння, у тым ліку і каталіцкая, перажывае крызіс?
— Так, так, перажывае крызіс.
— Ці ёсць у Касцёла нейкія інструменты, каб дапамагчы?
— Вельмі шмат інструментаў. Па-першае, гэта святыя сакрамэнты, слова Божае, дакументы Касцёла, якія дэталёва кажуць аб адносінах мужа і жонкі. Сёння праводзяцца рэкалекцыі, якія прымушаюць мужа і жонку да шчырай размовы. Ёсць малітва за ненароджаных дзяцей – гэта таксама датычыцца сем’яў. Калі палічыць, у Беларусі каля 15 тысяч чалавек моляцца штодзённа за ненароджанае дзіця – гэта так званае духоўнае ўсынаўленне. Далей, у парафіях ладзяцца сустрэчы сем’яў. Не толькі дзеці прыходзяць на катэхезы, але і бацькі запрашаюцца, каб пабыць, паслухаць, адчуць сябе больш адказнымі за сваіх дзяцей. Для маладых людзей, якія жадаюць узяць шлюб, ёсць катэхеза. Яна праходзіць па-рознаму. Гэта звычайна 10 заняткаў, 10 гадзін катэхезы перад шлюбам. І, што я заўважыў у Пінску, – маладыя людзі вельмі ахвотна прыходзяць на гэтую катэхезу. Я пытаю: “А вы дзесьці чулі такое ў свеце?” А яны адказваюць: “Не, айцец, упершыню ў нашым жыцці!” А я кажу: “Гэта не мае словы. Гэта словы Каталіцкага Касцёла, гэта навука Касцёла”. Святое Пісанне. Людзі яго ўвогуле не ведаюць, калі была сустрэча з 4 парамі, 8 чалавек, і я пытаю: “Хто з вас прачытаў цалкам Евангеллі ці адно з Евангелляў?”. Ніхто! А Евангелле трэба чытаць штодзённа, каб быць шчаслівымі.
— “Каб быць шчаслівымі” – гэта вельмі важныя словы. Але справа ў тым, што Беларусь займае лідзіруючую пазіцыю ў свеце (ужо не кажу пра Еўропу) па колькасці самагубстваў. І самагубстваў часта спецыфічных, можна сказаць у сямейным кантэксце: калі маці забівае сваё дзіця, а потым сябе. І многія кажуць аб тым, што сённяшняя беларуская сям’я нешчаслівая. Па-першае, чаму так сталася? Чаму мы сёння, у 2013 годзе, у стагоддзі дабрабыту, вялікіх магчымасцяў для чалавека і сям’і, задаем сабе гэтае пытанне – чаму сённяшняя беларуская сям’я нешчаслівая? Па-другое, чым мы можам дапамагчы?
— Калі глядзець з духоўнага боку, інакш я як святар не магу глядзець, тут ёсць праблема веры, глыбокая праблема веры. Пачынаць трэба з катэхезы: на якім падмурку вы будуеце сваю любоў? Калі гэта толькі твае пачуцці, дзяўчына... Калі гэта толькі эгаізм з твайго боку, хлопец... Усё распадзецца. Трэба, каб была ваша вера, трэба, каб вы верылі – Бог абраў вас адно для аднаго, каб вы падарылі шчасце адно аднаму. Існуе яшчэ адна праблема: людзі не цэняць самаго жыцця – свайго ці чужога; напрыклад, мы прывыклі, што ёсць аборты, забойства ненароджаных дзяцей. І мы гэтай праблемы не заўважаем. У Беларусі гэтая праблема замоўчваецца.
Што тычыцца разводаў і ўвогуле сужэнскай здрады – для мяне быў жах, калі мяне запрасілі на ток-шоў на адзін з беларускіх тэлеканалаў, і там прысутныя размаўлялі на тэму здрады, як цалкам нармальнай рэчы. Вось запрасілі б на ток-шоў бабулю і дзядулю, якія разам 50 гадоў, каб яны патлумачылі, як добра быць разам. А яны запрасілі пару, дзе жонка і муж ведаюць аб здрадах адно аднаго. А яны гэта і здрадай не называюць. Яны называюць гэта дамовай – ён ідзе да гэтай жанчыны, а яна ідзе да гэтага мужчыны. І тут, слава Богу, падтрымала мяне адна псіхолаг, якая абазначыла такія паводзіны як дэвіяцыйныя – г.зн. ненармальныя. Здаецца, што яны гэтага ў эфір не далі. І гэта паказвае, на якім узроўні знаходзяцца нашы СМІ – запрашаюць тых, а не іншых людзей.
Шмат працы перад намі, перад Касцёлам. І можна выправіць гэтае становішча – гэта павінна быць сістэматычная праца Касцёла. Ніколі не можам сказаць, што я дастаткова зрабіў. Мы павінны працаваць настолькі, наколькі Бог дае сілы, дае сваёй ласкі. А Ён дае шмат, бо любіць чалавека. І Беларусь не забыта Богам, і Касцёлам, і Хрыстом.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)