Пошук

11.10.2013 13:04  

3–5 кастрычніка ў мінскім Чырвоным касцёле праходзіла сустрэча на тэму выхавання дзяцей і моладзі. Сваімі ведамі падзялілася з бацькамі, настаўнікамі і катэхетамі с. Марыя Квек. Сяcтра адказала таксама на пытанні Catholic.by.

— Раскажыце пра свой вопыт у вобласці катэхізацыі дзяцей і моладзі.

— Я вельмі рана пачала катэхізаваць, але спачатку працавала над тэмамі сям’і і любові. Скончыла курс «Душпастырства сем’яў» і прайшла курс «Сямейнага жыцця» на тэалагічным факультэце Папскага ўніверсітэта, мела шмат заняткаў асобна з дзяўчатамі і асобна з хлопцамі, якія падрыхтоўвалі іх да перажывання сапраўднай любові. Гэта доўжылася некалькі гадоў, але я адчувала, што не хапае тэалагічных ведаў. І такім чынам пайшла вывучаць тэалогію і стала катэхеткай. І ўжо пад канец вучобы на тэалагічным факультэце распачала нармальную катэхетычную працу, заняткі праводзіліся пры парафіі. Доўжылася гэта каля 5 гадоў, а ўжо потым пайшла ў школу. Такім чынам, усё маё жыццё ад 1970 года было звязана з катэхезай.

— Як Касцёл можа дапамагчы ў вырашэнні сямейных канфліктаў? Якім чынам?


— Можна сказаць, што ёсць два спосабы. Першы з іх — навука Езуса Хрыста, калі Ён абвяшчае слова Божае, калі кажа пра прабачэнне, пра будаўніцтва любові, калі растлумачвае сэнс сакрамэнту сужэнства, калі ідзе гаворка пра выхаванне дзяцей на аснове Святога Пісання. Другі ж спосаб дапамогі з'яўляецца больш канкрэтным. Гэта альбо рэкалекцыі для сем’яў, якія паглыбляюць свае адносіны, альбо для тых сем’яў, якім пагражае развод. Таксама ёсць такія рэкалекцыі для сужэнцаў, якія жывуць асобна. На такіх рэкалекцыях падымаюцца праблемы, з якімі сутыкаецца асоба, якую пакінулі. Дапамога накіравана не толькі на адкрыццё яе ўласнай асабовасці, але і на пабудову адносін з дзецьмі. Пакінуты сужэнец звычайна не ў стане, не мае духоўных сілаў, каб падтрымліваць адносіны, бо сканцэнтраваны на ўласнай асобе.

У дадатак Касцёл выходзіць да сужэнцаў праз аазісы, звычайна тэматычныя. Таксама існуе рух назарэтанскіх сем’яў, калі падчас сустрэч сужэнствы спрабуць жыць па прыкладзе Святой Сям'і з Назарэта.

Такім чынам, існуе шмат спосабаў дапамогі сем'ям. У вялікіх гарадах таксама маюцца спецыяльныя кансультацыйныя цэнтры па справах сужэнскіх адносін, ёсць спецыяліст, які можа вырашыць канфлікт з юрыдычнага пункту гледжання. Таксама існуюць цэнтры псіхалагічнай дапамогі, якія дапамагаюць наладзіць адносіны паміж сабою, а таксама праводзяцца сустрэчы для дзяцей з рознымі відамі залежнасцяў.

— Калі і як трэба распачынаць выхоўваць у дзіцяці маральную чысціню?

— Я лічу, што гэта пытанне вельмі каштоўнае. Трэба сказаць, што гэта трэба распачынаць за 20 гадоў да нараджэння дзіцяці. Навошта? Бо, калі маці ці бацька яшчэ не зрабілі кроку да маральнай чысціні, то што яны могуць перадаць? Чалавек павінен перажыць своеасаблівае змаганне за чыстасць, мець за плячыма вопыт выпрабаванняў, якія навучыўся вытрымліваць. За маральную чысціню заўсёды трэба змагацца і старанна клапаціцца пра яе. Без намаганняў няма вынікаў.

— З якімі праблемамі можа сутыкнуцца дарослы католік, які выхоўвае дзіця?

— Першая праблема крыецца ва ўласнай сям'і. Трэба ўпарадкаваць сямейнае жыццё, якое складаецца не толькі з супольных пасілкаў. Апрача гэтага, бацькі павінны даць дзіцяці мэту жыцця і паказаць яго сэнс. Павінны праз свае паводзіны і размовы даваць сведчанне.

Сям'я таксама сустракаецца з рознымі знешнімі пагрозамі. Найперш гэта фальшывы падыход да чалавека, калі лічыцца, што чалавек не нараджаецца, каб выканаць асаблівы Божы план.

Таксама існуюць атакі на маральнае здароўе чалавека. Гэта тычыцца той інфармацыі, якую яшчэ нельга даваць у дзіцячым і юнацкім узросце, калі ў чалавека яшчэ не хапае сілы волі.

Адной з найбольшых небяспек могуць быць камп’ютарныя гульні, якія звязаны з магіяй і акультызмам. Таксама фільмы, у якіх сустракаюцца парнаграфічныя элементы, ці цалкам парнаграфічныя фільмы. Такія матэрыялы, дзе паказваюць, якой прыгожай рэччу можа з'яўляцца мастурбацыя, дзе сцвярджаецца, што гэта цалкам нармальная рэч у чалавечым жыцці і дзе разам з тым не паказваецца, як выглядае сапраўдная любоў. Любоў, якую трэба распазнаваць, развіваць, якая патрабуе шмат намаганняў, пабудовы здаровых адносінаў. За 2 гадзіны кінапаказу не паказваецца, што чалавек павінен будаваць сапраўдную сужэнскую любоў.

Таксама зараз існуе такое пагрозлівае меркаванне, што жанчыне неабавязкова выходзіць замуж за мужчыну, а мужчыну жаніцца з жанчынай. Калі гэтую ідэалогію гомасексуалізму перадаваць далей, то яна будзе забіваць.

— Што лічыць Касцёл галоўным у выхаванні дзяцей?

— Найперш будзе важнае тое, хто выхоўвае. Менавіта бацькам належыць галоўная роля ў выхаванні дзяцей, і ніхто не можа гэта ў іх адабраць і зрабіць замест іх. І таму Касцёл мае абавязак будаць такое ўнутранае перакананне, што «я, як бацька, ці я, як маці, не магу перадаць гэты абавязак нікому».

Галоўнае — знайсці мэту выхавання і спосабы. І гэта зразумела, што бацькі павінны выхоўваць дзяцей паводле дэкалогу, які ўжо на працягу тысячы гадоў нязменны і вельмі цесна звязаны з тым, што кажа сумленне чалавека.

— Якая роля катэхета ў выхаванні дзіцяці, падлеткаў і маладых людзей?

— Катэхет найперш з'яўляецца сведкам, бо нельга чамусьці вучыць, не паказваючы, што такім чынам можна жыць самому. Калі катэхет з'яўляецца сведкам, то гэта ўжо вельмі вялікая справа, ён можа павесці людзей за сабою. Другая вельмі важная рэч — гэта тое, што катэхет моліцца і складае ахвяру за сваіх вучняў. Трэба падрыхтаваць аснову, грунт для катэхезы, таму за гэтых дзяцей трэба маліцца, толькі тады Бог адкрые іхнія сэрцы на змест катэхезы.

У сваю чаргу катэхет заўсёды сам павінен няспынна фармаваць дзяцей, ён павінен заўсёды іх даганяць, выкарыстоўваючы новыя метады, каб не размінуцца.

— Якія памылкі найчасцей здараюцца ў выхаванні дзяцей і якім чынам іх можна пазбегнуць?

— Няма катэхета, бацькі ці маці, якія б не памыляліся ў выхаванні. Кожны з нас слабы і патрабуе, каб сам Езус Хрыстус нас падштурхоўваў, ачышчаў і аздараўляў. Гэта адбываецца праз недахоп працы над сабою, праз недахоп развіцця, праз слабы кантакт з Богам. Гэта адбываецца і з-за таго, што я не будую ў чалавеку чагосьці вельмі прыгожага, толькі крыху «ўпускаю» інфармацыі па тэме. Таксама можа быць памылка камунікацыйная, калі катэхет ацэньвае, асуджае, крытыкуе, не будуе давер. Дарэчы, мінулы Папа Бэнэдыкт ХVI якраз-такі і заклікаў «будаваць давер».

— Што можа зрабіць Касцёл з той моладдзю, у выхаванні якой ужо назіраюцца нейкія праблемы і ўпушчэнні?

—Дапамога Касцёла ў гэтай праблеме павінна мець два кірункі: дапамагаць сям'і і дапамагаць дзецям з яе. І чым больш дапаможам бацькам, тым больш дапаможам дзецям.

Таксама можна арганізоўваць тэматычныя сустрэчы, каб гаварыць аб прычынах праблемы і паказваць, што яны могуць зрабіць на дадзены момант, каб вярнуцца на нармальную дарогу. Арганізоўваць такія сустрэчы, на якіх удзельнікі будуць ведаць, што яны збіраюцца разам з людзьмі, якія маюць такія ж праблемы.

Можа адбывацца іх сустрэча з псіхолагам, але з хрысціянскім, які ва ўсім давяраецца Хрысту.

Можна дзейнічаць з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі, літаратуры. Напрыклад, на інтэрнэт-старонцы «Любіце адзін аднаго» размешчаны 5 кніг, якімі выхавацелі і бацькі могуць карыстацца.

Размаўляў кс. Юрый Марціновіч, AYU, AG

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця