Пошук

24.09.2013 16:06   Ілья Лапато / Catholic.by
Ужо каля двух месяцаў як кс. Віктар Гайдукевіч SDB прызначаны рэгіянальным настаяцелем рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага. Пра новую пасаду, спалучэнне яе з іншымі абавязкамі і пра свае планы святар распавёў у інтэрв’ю Catholic.by.
 
— Ксёндз Віктар, Вы сталі новым рэгіянальным настаяцелем салезіянскага таварыства, зарэгістраванага ў Беларусі як рэлігійная каталіцкай місія св. Францішка Сальскага. Іншымі словамі, настаяцелем беларускіх салезіянаў. Як адчуванні?
 
— У першую чаргу — адказнасць. Да гэтага часу мы, салезіяне ў Беларусі, былі часткай адной вялікай структуры пад назвай «Усходняя акруга» з цэнтрам у Маскве. Сёння мы — самастойная структура, якая існуе аўтаномна. 
 
Адчуваецца таксама гонар і радасць ад таго, што на беларускай зямлі мы самі маем магчымасць працягваць распаўсюджванне харызмы і духу нашага заснавальніка св. Яна Боско на карысць моладзі. За ўсё ў адказе мы самі, салезіяне Беларусі. 
 
Я таксама ўскладваю вялікую надзею на тое, што з Божай дапамогай і пад апекай св. Яна Боско мы, яго духоўныя сыны, зможам супрацьстаяць выклікам часу і даць сваёй працай, працай у духу св. Яна Боско, годны і неабходны адказ на патрэбы сучаснай моладзі дзеля выратавання іх душаў.
 
— Колькі субратоў належыць сёння да рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі і дзе працуюць браты салезіяне?
 
— На сёння да салезіянскай дэлегатуры ў Беларусі належыць 21 субрат. 15 з іх працуюць у дзесяці парафіях і моладзевых цэнтрах Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі. 5 маладых субратоў знаходзяцца на этапе пачатковай і філасофска-тэалагічнай падрыхтоўкі. Адзін субрат з Беларусі працуе на місіях у Афрыцы.
 
— Якія цяжкасці Вы бачыце сёння ў працы місіі св. Францішка Сальскага?
 
— Наша місія, таксама як і многія іншыя манаскія ордэны і кангрэгацыі, сутыкаецца з цяжкасцямі сучаснасці, якія дастаткова шматгранныя.
 
Гэта і недахоп кандыдатаў да святарства і саміх святароў для працы з моладдзю, а таксама недахоп сродкаў для будаўніцтва араторыяў, г.зн. месцаў сустрэчы для моладзі. Сеня, нягледзячы на цяжкасці, мы ўсё ж стараемся развіваць сваю прысутнасць і ствараць неабходны асяродак для сустрэчы з моладдзю. 
 
Добрым прыкладам для гэтага з’яўляецца будаўніцтва комплекса ў салезіянскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў мікрараёне Серабранка ў Мінску. 
Дзякуючы ахвяраванням нашых парафіянаў, хоць і не надта хутка, але нам удаецца ўзводзіць святыню ў гонар нашага заснавальніка святога Яна Боско, а таксама прылеглыя да яго пабудовы (такія як араторый, тэатральная зала і іншыя памяшканні, неабходныя для працы ў духу св. Яна Боско). 
 
Мы вельмі спадзяёмся, што людзі добрай волі зацікавяцца нашым праектам і дапамогуць нам у хуткай будучыні завяршыць будаўніцтва і святыні, і памяшканняў для моладзі. 
 
Паказальным прыкладам нашай прысутнасці і працы ў духу св. Яна Боско з’яўляецца салезіянская супольнасць у Смаргоні. У Бараўлянах ідзе завяршэнне будаўніцтва моладзевага цэнтра, дзе таксама ўжо добра наладжана праца з дзецьмі і моладдзю. Не менш важным з’яўляецца для нас служэнне ў Дзятлаве.
 
— Да прызначэння на новую пасаду Вы спаўнялі абавязкі вікарыя ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску, віцэ-афіцыяла мітрапалітальнага суда ў Мінску і дырэктара Нацыянальнага Карытас у Беларусі. Як плануеце спалучаць гэтыя абавязкі з новай функцыяй?
 
— Дзякуй за пытанне. Так, безумоўна, гэта будзе цяжка. Аднак я з надзеяй і здаровым аптымізмам гляджу ў будучыню. Я лічу, што галоўным аргументам у гэтым будзе не проста займаць месца ў кіруючай пасадзе, а здзяйсняць эфектыўную працу на карысць бліжняга. 
 
Не варта таксама забывацца, што ва ўсіх пералічаных сферах дзейнасці я працую не адзін. Паўсюль патрэбныя добрыя людзі, у якіх заўсёды можна быць упэўненым і яны ёсць: пачынаючы ад маіх субратоў салезіянаў у мінскай супольнасці, і да цудоўнай каманды ў Нацыянальным офісе «Карытас».
 
Я думаю, што на гэты конт неабходна будзе правесці шэраг сустрэчаў з нашым кіраўніцтвам і прыняць правільнае рашэнне.
 
— Якія прыярытэты ставіце ў сваёй працы ў пачатку кадэнцыі?
 
— Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падчас перэгрынацыі рэліквій св. Яна Боско ў Смаргоні сказаў, што сёння мы патрэбныя ў Беларусі менавіта як салезіяне з нашай харызмай. Гэта гучыць для нас як заклік да дзеяння і як праграма на будучыню. 
Таму галоўнымі прыярытэтамі для мяне з’яўляюцца абнаўленне салезіянскай харызмы і ўзнаўленне салезіянскага стылю жыцця і працы ў салезіянскіх парафіях і супольнасцях у Беларусі. 
 
Наша салезіянская дзейнасць на тэрыторыі Беларусі мае патрэбу ў новай стратэгіі і рэструктурызацыі, а гэта азначае пераасэнсаванне сфер нашай папярэдняй дзейнасці, правядзенне неабходных унутраных змяненняў, а таксама ўнясенне адказнасці ўнутры супольнасці адзін за аднаго і за агульную справу, дзейнасць на карысць дзяцей і моладзі.
 
Па-ранейшаму прыярытэтнай місіяй нашай арганізацыі з’яўляецца праца з моладдзю, у аснову якой пакладзена малітва і «прэвентыўная сістэма выхавання», якая ўключае ў сябе методыку прысутнасці, арганізацыю сустрэч і працы для моладзі, супольнасць, мадэль араторыя (месца сустрэч, гульняў і малітвы).
 
Ведаючы знакі часу, бачачы патрэбы маладых людзей, важна таксама прадумаць мэтазгоднасць некаторай салезіянскай прысутнасці, а таксама неабходнасць заснавання новых салезіянскіх супольнасцяў, асабліва ў вялікіх гарадах, куды ў асноўным і з’язджае моладзь з вёсак.
 
— Пачынаючы новую справу, аб чым бы Вы папрасілі ў кс. Боско?
 
— Салезіянская прысутнасць мае багатую гісторыю. Мы нічога новага не адкрываем, мы працягваем пачатую нашымі субратамі даўным-даўно справу кс. Боско: пачынаючы ад вялікай і вельмі вядомай салезіянскай школы ў Дварцы, праз служэнне ў няпросты час атэізацыі і камунізму ў Ракаве, Наваельні, Дзятлаве і іншых месцах, затым падчас вяртання свабоды веравызнання і да нашых дзён, адданае і ахвярнае служэнне субратоў салезіянаў на беларускай зямлі ў нашай харызме.
 
Узгадваючы ўсё гэта, я хачу выказаць падзяку нашаму айцу і заснавальніку св. Яну Боско за ўкараненне харызмы і сапраўды, як бы сціпла гэта ні гучала, багаты плён вялікай колькасці адрасатаў нашага служэння. А таксама маліць яго, каб ён ніколі не пакідаў, але шчодра выпрошваў у Бога патрэбныя ласкі для нас — ласкі ў працы з моладдзю.
 
Падрыхтаваў Ілья Лапато


Даведка:
 
Ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB нарадзіўся 21 чэрвеня 1978 года ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы быў прыняты ў навіцыят у п. Акцябрскі (Расія) і ў 1996 годзе склаў першыя шлюбы. У 1998 годзе скончыў курс філасофіі ў Вышэйшай салезіянскай духоўнай семінарыі ў Кракаве (Польшча). 
 
З 1998 па 2000 гг. праходзіў выхаваўчую практыку ў інтэрнаце для дзяцей і моладзі ў Рэгенсбургу (Германія). У 2003-м скончыў курс тэалогіі ў салезіянскім універсітэце ў Бэнэдыктбойерне (Германія), у 2007-м абараніў ліцэнцыят па кананічным праве ў Дзяржаўным універсітэце імя Людвіга Максімільяна ў Мюнхене (Германія), дзе ў тым жа годзе пачаў пісаць дактарат.
 
Прэзбітэрскае пасвячэнне ён атрымаў 2 верасня 2006 года з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. З 2008 г. — дырэктар Салезіянскай супольнасці ў Мінску і вікарый парафіі Святога Яна Хрысціцеля. З 2009 г . —  дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства Нацыянальны Карытас Беларусі пры  Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.
 
З 2013 г. — віцэ-афіцыял у міждыяцэзіяльным судзе ў Мінску. 1 жніўня 2013 года Генеральны настаяцель Паскваль Чавес Вжлавэнуэва пацвердзіў кандыдатуру кс. Віктара Гайдукевіча SDB на рэгіянальнага настаяцеля рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі.

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа