Пошук

11.09.2013 15:40   Ілья Лапато / Catholic.by

Журналіст і навуковец Сцяпан Говін, аўтар кнігі «Канфесійны друк у Беларусі», які чытае на факультэце журналістыкі БДУ адмысловы спецкурс, у інтэрв’ю Catholic.by распавёў пра актуальнасць рэлігійнай тэматыкі ў Беларусі і ўзгадаў пра тое, як ішла праца над кнігай.

«У савецкія часы такой тэмай займацца было немагчыма»

Сцяпан Васільевіч, Вас называюць адным з першых даследчыкаў канфесійнага друку ў Беларусі. У 2008-м годзе Вы выдалі адмысловы вучэбны дапаможнік. Як так адбылося, што Вы, у мінулым член КПБ, пачалі даследаваць канфесійны друк?

— Весці даследванні ў гэтым накірунку ў  савецкі час было немагчыма. Усе мы былі т.зв. атэістамі. Я нават быў членам камуністычнай партыі…
Але нешта такое боскае я адчуваў каля сябе заўсёды. Па-першае, я нарадзіўся ў Заходняй Беларусі — яшчэ да вайны — рэлігія ў нас такой не была, як у Савецкай Беларусі. Па веравызнанні я праваслаўны (ахрышчаны ў дзяцінстве).

Маці мая была веруючая, яна і малітвы чытала. Усе рэлігійныя святы ў нас у сям’і адзначаліся. Бацька ж быў, як і сёння часам кажуць, праваслаўным «атэістам». Я нарадзіўся 17 красавіка 1938 года. У той год гэта была акурат Пальмовая нядзеля. Кажуць, што я хаджу пад Богам (усміхаецца — заўв. аўт.).

Аднак да гэтай тэмы я прыйшоў не адразу. Ужо адпрацаваўшы шмат гадоў выкладчыкам, я зразумеў, што хачу даследаваць і іншы пласт прэсы — канфесійны. Так узнік мой спецкурс «Канфесійныя СМІ ў Беларусі». Чытаю яго ўжо 12 гадоў на стацыянары і шэсць на завочным. Мой дапаможнік — гэта ў першую чаргу «кніжная» версія гэтага курса.

— Першыя захады ў даследаванні тэмы Вы пачыналі ў савецкі час або ўжо пасля распаду СССР?

— Разумееце, у савецкія часы такой тэмай займацца было немагчыма. «Рэлігія — опіум для народа» — тады так казалі… Вось і ўсё. Я і сёння  памятаю, як у Мінску разбуралі прыгожую цэркаўку на рагу пл. Мяснікова і Савецкай — там будавалі міністэрскія гмахі. Гэта быў 1961 год, здаецца. Час дзікунства: проста руйнавалі цэрквы і касцёлы. Прычым жудасць была і ў тым, што знішчаныя святыні з’яўляліся гістарычнымі і архітэктурнымі каштоўнасцямі Беларусі. Таму ў той час не магло быць і гаворкі пра даследаванне канфесійнага друку.

— А ці памятаеце Вы катэдральны касцёл у Мінску ў той час, калі ён быў яшчэ святыняй?

— Памятаю, але, праўда, не зусім яскрава. Мы былі выхаванцамі савецкай сістэмы, таму асаблівай увагі на той касцёл не звярталі, тым больш што ён заціснуты паміж іншымі будынкамі. Ужо пазней там зрабілі спартыўную залу таварыства «Спартак». Увесь верх быў «зняты» — усе атрыбуты, праз якія пазнаваліся абрысы святыні.

— Ці можаце ўзгадаць час, калі Вы пачалі цікавіцца тэмай рэлігіі?

— Добра памятаю ўсе перапетыі ў грамадскім, палітычным і партыйным жыцці. Дзякуй Богу, у 1990-х нашы чыноўнікі зразумелі, што рэлігія — не шкода людзям і дзяржаве, а Царква — гэта не вораг ні народу, ні дзяржаве, ні ўладам. У той час я пачаў збіраць першыя звесткі.

— Як адбывалася праца над кнігай і ці проста было яе выдаць?

— Кніга ўяўляе сабой вучэбна-метадычны комплекс, у ёй каля 300 старонак з ілюстрацыямі. Усё пачалося з таго, што ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, дзе таксама ёсць журфак, пачалі чытаць аналагічны курс. З’явілася нават адмысловая спецыялізацыя, дзе вядзецца падрыхтоўка свецкіх журналістаў, якія плануюць займацца тэмай рэлігіі. Я аднойчы падумаў: а чаму б і ў нас на факультэце не стварыць падобны спецкурс?

Сёння па рэлігійнай журналістыцы пішуць дзясяткі курсавых прац. Вось сёлета, напрыклад, адразу чатыры чалавекі захацелі пісаць дыпломы. Я вяду нават адмысловы спіс тых, хто абараніў дыпломныя па канфесійным друку. Першай была Эма Дзюрыч — журналістка брэсцкай абласной «Зары». У дыпломе яна даследавала каталіцкі часопіс «Авэ Марыя».

Над кнігай я працаваў гадоў пяць. Пісаў яе тры гады, затым два гады ішоў працэс яе выдання. Выдавалася яна ў не вельмі лёгкіх умовах. Я адзін з першых, хто падымае гэтую тэму. Цяжкасці былі ў тым, што я ўсё-ткі чалавек свецкі. Таму не выключаю, што ў кнізе знойдуцца недакладнасці. Кніга ўвабрала агляд прэсы католікаў, праваслаўных, уніятаў, іўдзеяў, ісламістаў, пратэстантаў і інш. Перш чым аддаць кнігу рэдактару, я звярнуўся ў Інстытут Кірыла і Мятода. Кнігу праглядзелі і далі дабро. Ужо калі яна рэдагавалася ў БДУ, яе адправілі ў Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

— Ці ўдалося атрымаць рэцэнзію на кнігу ў Каталіцкім Касцёле?

— На жаль, не. Але мне прыемна, што ёсць людзі, у якіх я заўсёды магу папрасіць парады, — Данута Бічэль, Крыстына Лялько, Галіна Тычко, Ірына Жарнасек, Мар’ян Дукса. Гэта тыя людзі, на меркаванне якіх я магу абаперціся і якім давяраю. Калі мая кніга выйшла, Галіна Тычко нават апублікавала рэцэнзію на каталіцкі раздзел выдання ў часопісе «Наша вера».

— Ці варта адкрыць на факультэце журналістыкі ў Мінску спецыялізацыю па «канфесійных СМІ»?

— Безумоўна. У Маскве гэта ёсць і гэта працуе. А ў нас? Звярніце ўвагу: практычна ў кожнай малой і вялікай газеце ёсць журналісты, якія пішуць на тэму рэлігіі і ролю канфесіі ў жыцці грамадства. Дык чаму не заняцца адмысловай падрыхтоўкай спецыялізаваных кадраў у нас.

Гутарыў Ілья Лапато

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.