Намецкі кардынал Райнер Марыя Вёлькі, які ўдзельнічаў ва ўрачыстасцях Маці Божай Валадаркі Азёраў, у гутарцы з Catholic.by падзяліўся сваімі ўражаннямі, расказаў пра апошні канклаў і пракаментаваў выказванні Пантыфіка адносна людзей з нетрадыцыйнымі сексуальнымі схільнасцямі.
— Распавядзіце пра Ваш візіт у Беларусь?
— У мінулым годзе біскуп Уладзіслаў Блін запрасіў мяне прыехаць у вашу краіну для ўдзелу ў вялікім дыяцэзіяльным свяце ў Браславе. Паміж Віцебскай дыяцэзіяй і дзвюмя парафіямі ў Патсдаме ўсталяваныя добрыя партнёрскія і сяброўскія адносіны.
Прымаючы ўдзел ва ўрачыстасцях у Браславе, я быў вельмі ўражаны пабожнасцю людзей, якія прыехаў туды і той шчырасці, з якой вернікі ўдзельнічалі ў святой Імшы. Я бачыў тыя даўжэзныя чэргі да канфесіяналаў. Гэта карціна, якую ў Германіі, на жаль, мы ўжо даўно не назіраем.
— Параўноўваючы беларускіх і нямецкіх католікаў, якія яшчэ адрозненні Вы маглі б назваць?
— Я думаю, вера ў Беларусі была перажытая больш інтэнсіўна. Адчуваецца глыбокая любоў да Касцёла, глыбокая любоў да веры. Мяне вельмі кранула тая глыбіня, з якой вашы католікі ўдзельнічалі ва ўрачыстасці. Людзі шмат укленчвалі. Гэта тое, што ў Германіі сустракаецца ўжо ў меншай ступені. Я думаю, што форма і пастава вернікаў у Германіі не такая падкрэсленая, як тут. Я сказаў бы, што ў Германіі адчуваецца недахоп гэтай глыбокай пашаны, якая ёсць у вас.
— Якая сітуацыя з каталіцтвам у архідыяцэзіі Берліна?
— У Берліне жыве толькі дзевяць працэнтаў католікаў. Евангельскія хрысціяне — 19 працэнтаў, шэсць працэнтаў мусульман і каля 60-ці працэнтаў — гэта вызнаўцы іншых рэлігій або людзі без пэўнай рэлігіі. Супрацьстаянне з агнастыцызмам, атэізмам і секулярызмам — гэта асноўныя выклікі, з якімі сутыкаюцца хрысціяне-католікі ў нямецкай сталіцы.
— Наколькі мне вядома, у Берліне дастаткова добра наладжана праца Касцёла з моладдзю — існуюць адмысловыя аб’яднанні студэнцкай моладзі пра парафіях. Распавядзіце пра гэту працу больш падрабязна?
— Так, праца з моладдзю ў нас арганізавана нядрэнна. Але і працаваць ёсць над чым. У нас шмат дыяспар пры парафіях. Вельмі часта бывае, што ў гэтых дыяспарах працэнт моладзі зусім мізэрны — 5, 10, 12 чалавек. Ёсць, вядома, парафіі із большай колькасцю, але, на жаль, назіраецца тэндэнцыя да змяншэння колькасці маладых католікаў.
У сувязі з гэтым хачу звярнуць увагу на працу парафіяльных школ, якія стараюцца гэтую працу актывізоўваць. На будучыню я хацеў бы паспрабаваць, каб святары таксама былі прадстаўленыя і ў звычайных школах, каб апекавалія школьнай моладдзю, штосьці выкладалі, былі адмысловымі «духоўнымі кіраўнікамі».
У Германіі школы зачыняюцца звычайна ўжо пасля абеда. Да трох-чатырох гадзін дзеці вучацца там, пасля чаго застаецца зусім няшмат часу, каб сабраць моладзь у касцёле, таму праца духоўных асобаў у звычайных школах магла б дапамагчы.
У Берліне 116 тысяч студэнтаў. І гэта лічбы пастаянна расце. Таксама прыблізна 50 тысяч выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў, але ў нас ёсць толькі адзін айцец-дамініканін, які апякуецца ў Берліне студэнтамі. Маюцца таксама адмысловыя касцёльныя навучальныя ўстановы з моцнай сацыяльнай заангажаванасцю. Там рыхтуюць выхавальнікаў для нашых каталіцкіх дзіцячых садкоў, для Caritas, часам таксама — настаўнікаў па рэлігіі. І там нам трэба таксама мацней, чым да гэтага часу, узмацняць працу ў гэтым накірунку. Таксама пры нашых касцёлах існуе і цэлы шэраг іншых суполак, неабавязкова моладзевых. Напрыклад, аб’яднанне жанчын…
— Як кардынал вы ўдзельнічалі ў апошнім канклаве. Якая была атмасфера ў Ватыкане?
— Нагоды для сустрэчы кардыналаў не так шмат. Гэта адбываецца падчас канклава (выбараў Папы), а таксама падчас кансісторый. Заўсёды пануе вельмі братэрская атмасфера, кожны дзеліцца навінамі са свайго рэгіёна. З гэтых пазіцый можна зразумець, як ідуць справы Касцёла ў розных частках свету. Гэта таксама дастаткова сур’ёзныя і доўгія дыскусіі.
Падчас апошняга канклава адчувалася малітоўнае і братэрскае адзінства. Я быў глыбока ўражаны тым, як перажывалі канклаў пажылыя кардыналы, сярод якіх было шмат навукоўцаў і добрых тэолагаў. Яны маліліся на Святым Ружанцы. У цішыні і сціпласці. Гэта сапраўды было вельмі моцным духоўным перажываннем.
І была вялікая радасць пасля ад таго, што Папа абраў імя Францішак. Але спачатку было цішыня — ніхто не дыхаў, настолькі важным быў сам момант. Мы — немцы, вельмі ўдзячныя і радыя, што ў нас быў Папа Бэнэдыкт. Асабіста для мяне ён адзін з найбольш вялікіх Пантыфікаў, які спрабаваў праз сваю сціпласць звязаць паміж сабою веру і розум, які спрабаваў супаставіць веру агнастыцызму. У яго працах адчуваецца адмысловы складнік веры, ёю напоўнены змест яго кніг і казанняў. Папа Францішак у сваім родзе таксама асаблівы. Яго чуллівасць і добрае сэрца, а таксама любоў да людзей, якую Папа дэманструе сваімі ўчынкамі, напаўняюць дабрынёй таксама і тых, з кім працуе Пантыфік. Таксама радуе, што Касцёл больш актывізаваўся ў сваёй працы з беднымі і слабымі людзьмі.
— Не так даўно Пантыфік выказаўся адносна недапушчальнасці дыскрымінацыі хрысціянаў з гомасексуальнымі схільнасцямі. Як ідуць справы з душпастырствам такіх людзей у нямецкай сталіцы, дзе аднаполыя саюзы дазволеныя заканадаўча?
— Сапраўды падчас вяртання з Рыа Пантыфік зазначыў, што людзі з гомасексуальнымі схільнасцямі ў Касцёле не павінны адчуваць на сабе дыскрымінацыю. Асабліва, калі такія людзі шукаюць Хрыста і ідуць за яго вучэннем. У нас у Берліне няма адмысловага душпастыра для людзей з такімі схільнасцямі. Яны карыстаюцца тым жа правам пагутарыць са святаром сам-насам, папрасіць парады, як і ўсе іншыя парафіяне. Але ў Берліне з гомасексуаламі працуюць сёстры законныя, якія дапамагаюць у працы пры цэнтрах праверкі на СНІД. Датычна духоўнага жыцця, то мы не выдзяляем такіх людзей у асобную катэгорыю. Людзі з гомасексуалнымі схільнасцямі наведваюць набажэнствы, як і ўсе астатнія.
Даведка: кардынал Райнер Марыя Вёлькі нарадзіўся ў Кёльне ў 1953 годзе. Арцыбіскуп Берліна і мітрапаліт Берлінскай правінцыі. Член камісіі «Духоўныя прафесіі і касцёльная служба» пры нямецкай Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, дарадчык і пастаянны член Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі і Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.
Размаўляў Ілья Лапато