Пошук

01.08.2013 14:41  

1 жніўня адзначаецца 70-годдзе мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак з Навагрудка, якія ў гады вайны аддалі жыццё за бацькаў сем’яў і за кс. Аляксандра Зянкевіча. Сястра Марыя Стэлла і дзесяць іншых сясцёр былі расстраляны 1 жніўня 1943 г. у лесе каля Навагрудка. У жывых засталася сястра Малгажата, якая пасля гібелі сваіх паплечніц працягвала весці жыццё, поўнае веры і прысвячэння бліжнім. Catholic.by паразмаўляў з дзвюма назарэтанкамі — с. Даніэляй і с. Галінай.

— Якой была мэта вашага візіту ў Беларусь?

Сястра Даніэля:

— Гэта патрэба сэрца і абавязак перад супольнасцю. Я ніколі раней не была ў Беларусі. С трымценнем сэрца я стаяла ў капліцы ў Навагрудку, дзе знаходзіцца саркафаг нашых сясцёр-мучаніц, і гэта для мяне найбольшае перажыванне. Гэта абавязак, бо трэба пазнаць супольнасці сясцёр у Беларусі, каб потым, прымаючы рашэнні, разумець, каго яны датычаць. Я хацела пазнаць правінцыю нашых сясцёр мучаніц.  

— Якой вы бачыце супольнасць сясцёр назарэтанак у Беларусі?


Сястра Даніэля:

— Радуе, што большасць назарэтанак у Беларусі — гэта маладыя сёстры, якія прысвячаюць сябе службе на гэтых землях.

Сястра Галіна:

— Радуе таксама тое, што сёстры, якія тут працуюць, тут нарадзіліся, яны не павінны вывучаць мову і культуру гэтых земляў, бо ведаюць іх з маленства. Яны таксама не заўсёды мелі добры прыклад веры, таму ім прасцей зразумець людзей, якія яшчэ не спаткалі Бога.

— Якая спецыфіка дзейнасці сясцёр назарэтанак у Беларусі і ў іншых краінах?


Сястра Даніэля:

— Вялікай розніцы няма. Харызмат яднае ўсіх. На розных кантынентах сёстры рэалізуюць свой харызмат — пашырэнне Валадарства Божай любові.

— Сястра Галіна, Вы працавалi раней у Беларусі…


— Так, я працавала ў Гроднe ў канцы 90-х, тады ў супольнасці было шмат старэйшых сясцёр, што давалі свой прыклад трывання ў Касцёле, які перажыў пераслед. Такі прыклад сёння дае сястра Cтэлла, якую ў народзе называюць Ханя. Калі нельга было насіць габіт, яна працавала ў шпіталі, і цяпер там працуе.

— Сёлета адзначаецца 70-я гадавіна мучаніцкай смерці назарэтанак з Навагрудка.

Сястра Галіна:

— Сёстры беатыфікаваны, але, каб можна было іх кананізаваць, патрэбны цуд. Трэба выпрасіць канкрэтны цуд. Для мяне гэтая гадавіна больш асацыіруецца з 70 гадамі жыцця сясцёр. Іншага жыцця. Яны памерлі, але адначасова яны жывуць. Мы верым, што яны жывуць. Абраз, на якім намаляваны сёстры, паказвае іх у руху. Яны нібыта бягуць на сустрэчу з Езусам, дзеля якога аддалі сваё жыццё. Працэс беатыфікацыі паказвае, што яны рэальна прабываюць з Езусам.

Вялікім прыкладам для нас таксама з’яўляецца сястра Малгажата, якая засталася ў жывых. Яна ведала, што яны жывуць і дапамагаюць ёй, гэта падтрымлівала яе. Пацвярджэннем таго, што сёстры мучаніцы жывуць, з’яўляецца тое, што з розных куткоў свету просяць іх рэліквіі або многія асацыіруюць нас, сясцёр назарэтанак, з тымі, якія аддалі сваё жыццё ў Навагрудку. Сёстры прыехалі сюды ў 1929 годзе, некалькі гадоў кіравалі тут школай. Людзі, якіх яны вучылі, яшчэ жывуць, сустракаюцца і сёння. Жыве ў іх гэтая памяць пра мучаніц. Многія сёстры прагнуць наведаць Навагрудак.

Сястра Малгажата памерла ў 1966 годзе, трывае беатыфікацыйны працэс. Яна — Cлуга Божая. Напісана кніга, якая апавядае пра святасць жыцця с. Малгажаты. Але, каб яе беатыфікаваць, таксама патрэбны цуд. Для беатыфікацыі сясцёр мучаніц цуду не патрабавалася, таму што яны аддалі за Езуса жыццё.

— Якое заданне пакінулі нам сёстры назарэтанкі з Навагрудка?

Сястра Галіна:

— У кантэксце Года веры трэба задаць сабе пытанне: якая мая вера? Сястра Малгажата жыла ў вельмі цяжкіх умовах, але трывала ў веры. Мы кажам, што яе жыццё — «белае мучаніцтва». Быць адданым Касцёлу, служыць сем’ям — гэта асноўныя каштоўнасці, якімі жывуць сёстры. Святасць супольнасці — вялікае заданне для нас.

Сястра Даніэля:

— Я думаю, што назарэтанкі павінны быць «укрытымі ў Богу», весці ўкрытае, як Езус у Назарэце, жыццё. Сястра Малгажата ўкрывалася на працягу вельмі доўгага часу, цяпер яна дзейнічае «публічна» ў духоўным жыцці пасля смерці. Я асабіста перажыла такі цуд. Калі мы рабілі рамонт генеральнага дома, сястра, адказная за рамонт, родам з Амерыкі, даверыла гэтую справу с. Малгажаце. Для мяне гэта быў прыклад вялікага даверу.

Размаўляў кс. Юрый Марціновіч

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця