Кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, з 3 па 8 ліпеня знаходзіўся з візітам у Беларусі. У якасці спецыяльнага Пасланца Папы іерарх прыняў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды 400-годдзя знаходжання ў Беларусі абраза Найсвяцейшай Панны Марыі, што захоўваецца ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе.
Каля 40 тысяч вернікаў, пераважна моладзі, удзельнічалі ў гэтай падзеі, што праходзіла ў атмасферы радасці і малітоўнай засяроджанасці.
Кардынал Таран, які прывез пасланне Святога Айца Францішка, меў магчымасць сустрэцца з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, прадстаўнікамі ўлады і навуковых колаў, а таксама з рэлігійнымі лідарамі краіны, насельніцтва якой пераважна праваслаўнае.
На заканчэнне сустрэчы з кардыналам Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паабяцаў прадставіць пляцоўку для будаўніцтва першай у краіне каталіцкай вышэйшай навучальнай установы.
Прапануем тэкст інтэрв’ю кардынала Жана-Луі Тарана, якое ён даў французскай рэдакцыі Ватыканскага радыё неўзабаве пасля візіту ў нашу краіну.
Кардынал Жан-Луі Таран:
— Прысутнічала каля 40 тысяч, пераважна маладых людзей, якія ўначы ішлі, удзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, у Эўхарыстыі. На наступны дзень раніцай а 11-й гадзіне адбылася вялікая ўрачыстая Імша пад адкрытым небам, падчас якой панавала цудоўная атмасфера малітвы, я б сказаў, што гэта сапраўды было штосьці надзвычайнае. Паколькі я прысутнічаў у Беларусі ад імя Папы, гэта дало магчымасць мясцовым біскупам перадаць праз мяне свае пажаданні. Я меў магчымасць сустрэцца з Прэзідэнтам краіны спадаром Аляксандрам Лукашэнкам, з якім мы размаўлялі на працягу гадзіны пра праблемы Касцёла, пра міжнародныя пытанні. Вельмі важна, што напрыканцы нашай размовы ён сказаў, што прадставіў Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі пляцоўку для будаўніцтва першай у краіне каталіцкай вышэйшай навучальнай установы. Я б сказаў, што гэта вельмі канкрэтнае і дакладнае рашэнне.
— Вы таксама прывезлі пасланне Папы Францішка.
— Я стаў носьбітам паслання духоўнай падтрымкі для католікаў, а таксама меў на мэце паказаць, што хрысціяне не ўяўляюць небяспекі для грамадства, а наадварот, узбагачаюць яго. Гэта таксама было адной з тэмаў размовы з Прэзідэнтам, якога зацікавіў такі падыход. Акрамя таго, мяне вельмі ўзрушыла, што там амаль фізічна адчуваецца, што сапраўды кроў мучанікаў — гэта насенне хрысціянаў, крыніца хрысціянскага жыцця, як некалі казалі на лаціне. Я неаднаразова заахвочваў моладзь не згубіць гэтай спадчыны, спадчыны іхніх продкаў, якія сталі ахвярамі рускіх, немцаў, на зямлі, што часта пакутвала ад войнаў. Таму вельмі важна памятаць тое, пра што не раз нагадваў Папа Францішак, што Бог — гэта любоў, гэта пяшчота і міласэрнасць. Менавіта гэта я вельмі стараўся перадаць.
— Вашая прысутнасць у Беларусі стала для хрысціянскай супольнасці гэтай краіны знакам падтрымкі, паколькі ўспаміны пра пераслед яшчэ вельмі жывыя?
— Моладзь ужо не памятае гэтага, бо жорсткі пераслед скончыўся ужо даволі шмат гадоў таму. Відавочна, існуюць пэўныя адміністрацыйныя праблемы, але я ўбачыў, што дыялог біскупаў з Праваслаўнаю Царквою, а таксама з уладамі мае дастаткова пазітыўны характар.
— Вы прыгадалі, што падчас візіту сустрэліся з беларускімі уладамі, у тым ліку з Прэзідэнтам. Значыць, Ваш візіт меў і крыху палітычнае вымярэнне?
— Ведаеце, калі хтосьці прыязджае як прадстаўнік Святога Пасаду, у гэтым заўсёды ёсць і пэўнае палітычнае вымярэнне. У маім выпадку гэта было абумоўлена яшчэ і тым, што ў мінулым я працяглы час знаходзіўся сярод дыпламатаў. Але найбольш важна для мяне было паказаць, што католікі не з’яўляюцца пагрозай ні для праваслаўных, ані для грамадзянскай супольнасці; што яны ўяўляюць сабой багацце. У грамадстве могуць суіснаваць веруючыя разам з няверуючымі грамадзянамі, і супольнасць заўсёды можа разлічваць на лаяльнасць вернікаў, хрысціянаў.
— Як сёння складаюцца адносіны паміж беларускімі ўладамі і мясцовым Касцёлам?
— Я б сказаў, што гэта адносіны супрацоўніцтва ў надзённых справах, прынамсі, з таго, што я бачыў. Магчыма, што нейкія асобныя колы грамадства, а можа і хтосьці ва ўладзе, ставяцца да гэтага непрыхільна, выступаюць супраць такой адкрытасці Прэзідэнта Лукашэнкі, але большасць народа ўсё ж такі падтрымлівае гэты дыялог. Тым больш, штодзённае жыццё змяняецца, у ім прысутнічае інтэрнэт, і я лічу, што гэта адкрывае шлях пазітыўным зменам.
— Вы сустрэліся са шматлікімі святарамі і біскупамі: якія праблемы сёння стаяць перад хрысціянамі ў Беларусі?
— Адчуваецца недахоп месцаў культу, бо будаваць касцёлы даволі складана. Не хапае таксама і святароў, ёсць цяжкасці з адукацыяй мясцовага духавенства ў семінарыі і пасля яе заканчэння. Да гэтага часу мясцовыя семінарыі знаходзяцца пад значным польскім уплывам, а законнікаў для праходжання фармацыі і маладых святароў для атрымання далейшай спецыяльнай адукацыі скіроўваюць у Польшчу. Так што, калі з’явіцца свая каталіцкая вышэйшая навучальная ўстанова, яны змогуць атрымліваць адукацыю на месцы, і гэта вельмі важна.
— Ці можна сказаць, што Вы сустрэлі жывы Касцёл? Касцёл мучанікаў, але і Касцёл, які дынамічна развіваецца?
— О так, так! Асабліва моладзь — гэта штосьці незвычайнае, звышнатуральнае нават!
— Можа, падчас візіту якаясьці сустрэча ці падзея асаблівым чынам Вас кранула?
— Так, гэта была вялікая ўрачыстая Імша раніцай у суботу, працэсія з абразом, цудоўныя спевы. На ёй прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады, а таксама біскупы з Польшчы, з Італіі, з Украіны... Усё праходзіла ў вельмі радаснай атмасферы. У гэтым была бачная каталіцкая супольнасць, увасабленне еднасці ў разнастайнасці.
(AG)