Пошук

09.07.2013 09:57   Ілья Лапато / Catholic.by

З 4 па 8 ліпеня ў Беларусі прабываў легат Святога Айца Францішка на будслаўскія ўрачыстасці кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Пра значэнне візіту іерарха для Касцёла ў Беларусі ў інтэрв'ю Сatholic.by распавёў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

— Якое значэнне для Касцёла ў Беларусі, на Вашу думку, меў візіт кардынала Жана-Луі Тарана ў якасці легата Папы на ўрачыстасці ў Будславе?

— Гэта перадусім выраз павагі Святога Айца Францішка да Касцёла ў Беларусі, які прайшоў праз цяжкія выпрабаванні і цяпер становіцца на ногі і  займае годнае месца ў жыцці Паўсюднага Касцёла. Гэта таксама знак пашаны да нашай краіны. У нялёгкай сацыяльна-палітычнапй сітуацыі Беларусі візіт вельмі вядомага і дасведчанага ватыканскага дыпламата з’яўляецца проста Божым дарам. Спадзяюся, што ўзначаленыя кардыналам Жанам-Луі Таранам набажэнствы, сустрэчы з вернікамі, Мітрапалітам Філарэтам і прадстаўнікамі ўлады на самым высокім узроўні, найперш з Прэзідэнтам, прынясуць свае плёны. Для нас вельмі важна і тое, што пра будслаўскі санктуарый будуць ведаць далёка за межамі нашай краіны.

— Кардынал Жан-Луі Таран узначальвае Папскую раду па міжрэлігійным дыялогу. Наколькі важна гэта для жыцця Касцёла і рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі наогул? Што Вы можаце сказаць пра міжрэлігійны дыялог у нашай краіне і адносіны паміж рознымі веравызнаннямі?

— Беларусь — шматканфесійная краіна, і мы цешымся добрымі адносінамі як з праваслаўнымі і пратэстантамі, так і з прадстаўнікамі нехрысціянскіх рэлігій. Упэўнены, што сустрэчы кардынала з прадстаўнікамі гэтых веравызнанняў будуць спрыяць далейшаму развіццю адносін з імі найперш з мэтай супольнага сведчання і абароны духоўных каштоўнасцяў.

— Якія надзеі Вы ўскладаеце на візіт кардынала ў Беларусь, чаго чакаеце ад яго знаёмства з рэаліямі жыцця Касцёла ў нашай краіне?

— Найперш умацавання веры і хрысціянскага сведчання, а таксама далейшага развіцця адносін Касцёла з грамадствам, развіцця касцёльных структур, падтрымкі беларускага Касцёла за мяжой.

— Падчас сустрэчы кардынала з Прэзідэнтам было закранута пытанне аб стварэнні ў Беларусі каталіцкага духоўна-адукацыйнага цэнтра. Што гэта будзе за цэнтр, для якіх мэтаў ён будзе створаны, дзе плануецца яго будаўніцтва?

— Ужо даўно наспела патрэба мець у сталіцы Беларусі каталіцкі духоўна-адукацыйны цэнтр. Яго стварэнне — гэта доўгатэрміновы праект. Найперш нам неабходна вырашыць праблему адкрыцця духоўнай семінарыі ў Мінску. Потым на яе базе заснаваць духоўна-адукацыйны цэнтр, у якім змогуць навучацца таксама і свецкія асобы. Выклікі часу патрабуюць адпаведнай падрыхтоўкі не толькі святароў, але і свецкіх вернікаў, асабліва ў галіне сацыяльнага вучэння Касцёла. Вернікі таксама нясуць адказнасць за стан веры і яе адраджэння і павінны быць да гэтага адпаведным чынам падрыхтаваны. Гэта пакуль што першая ідэя, але яе неабходна рэалізаваць, бо час не стаіць на месцы. Інакш цягнік жыцця ад’едзе, а мы застанемся стаяць на платформе вакзала. Нам неабходна памятаць, што ў цягніку знаходзяцца людзі, за духоўную фармацыю якіх мы адказныя.

Падчас сустрэчы з кардыналам Жанам-Луі Таранам Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка выказаў гатоўнасць дзяржавы прадаставіць надзел зямлі для рэалізацыі гэтага праекта. Гэта таксама адзін з вынікаў візіту легата Папы ў Беларусь.

Размаўлялі Анастасія Грышан, Ілья Лапато OCDS

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.