Пошук

18.06.2013 14:36  

З нагоды надыходзячага юбілею 400-годдзя прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч даў інтэрв'ю каталіцкай газеце «Слова жыцця».

— Ваша Эксцэленцыя, да юбілею мы духоўна рыхтаваліся на працягу трох гадоў. Што было характэрна для гэтай падрыхтоўкі і які яна прынесла плён?

— Падрыхтоўка да ўрачыстасцяў Будслаўскага юбілею адбывалася тры гады. Кожны год меў акрэсленую тэматыку. 2010 год быў прысвечаны Марыі як выбранай дачцэ Бога Айца. 2011 год — Марыі як святыні Духа Святога. А 2012 год — Марыі як Маці Збаўцы. Гэтыя тэмы былі асновай душпастырскай праграмы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

5 кастрычніка 2012 г. распачалася Навэнна да Маці Божай Будслаўскай у рамках падрыхтоўкі да юбілею. У гэты ж дзень распачалася і перэгрынацыя копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай па ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама па многіх парафіях іншых дыяцэзій Беларусі. 2013-ты год у душпастырскай праграме Касцёла ў Беларусі прысвечаны Марыі як Маці нашай веры. Такім чынам, Касцёл Беларусі ўключыўся ў адзначэнне Года веры, а таксама ў непасрэдную падрыхтоўку і святкаванне Будслаўскага юбілею.

Падрыхтоўка да юбілею дазволіла аднавіць і пашырыць культ Маці Божай Будслаўскай, а перэгрынацыя копіі Яе цудатворнага абраза стала нацыянальнымі рэкалекцыямі. Таму можна смела казаць пра вялікае духоўнае значэнне падрыхтоўкі да юбілею. Яна прынесла добры плён і стала добрым стартам да святкавання самога юбілею.

— Урачыстасць узначаліць папскі легат Жан-Луі Таран. Што для Беларусі азначае прыезд такога высокага госця?

— Гэта, перш за ўсё, выражэнне добрага стаўлення да Касцёла ў Беларусі і пашаны да нашай краіны. Больш за тое, легат з’яўляецца асабістым пасланцам папы Францішка, што падкрэслівае ранг урачыстасці і гаворыць аб удзеле ў ёй Святога Айца, які звычайна праз легата перадае сваё спецыяльнае пасланне з нагоды вялікага свята.

— Кардынала Жана-Луі Тарана
Вы асабіста ведаеце. Як Вы ацэньваеце яго прыезд у Беларусь?

— Мы знаёмы ўжо даўно. Эмінэнцыя некалькі разоў прыязджаў у Маскву. Калі ў канцы мая гэтага года мы сустрэліся ў яго кабінеце ў Рыме, ён адразу пачаў прыгадваць колішнія сустрэчы.

Я расказаў яму пра трохгадовую падрыхтоўку да юбілею і аб праграме яго святкавання. Кардынал быў вельмі задаволены тым, што Касцёл у Беларусі сур’ёзна аднёсся да падрыхтоўкі і апрацаваў праграму ўрачыстасцяў. Папскі легат выказаў спадзяванні, што святкаванне Будслаўскага юбілею паспрыяе далейшаму развіццю культу Маці Божай Будслаўскай, узмацненню веры, развіццю адносін з іншымі веравызнаннямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой, а таксама з дзяржаўнымі ўладамі і беларускім грамадствам.

— Чым яшчэ акрамя прысутнасці легата будуць адметныя сёлетнія ўрачыстасці ў Будславе?

— У гонар юбілею будзе асвечаны крыж, размешчаны перад базылікай. На ўрачыстасці прыбудуць рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Перад распачаццем працэсіі са свечкамі, апоўначы з 5 на 6 ліпеня, прадстаўнікі ўсіх чатырох дыяцэзій на плячах унясуць пілігрымуючую копію абраза Маці Божай Будслаўскай. Такім чынам урачыста скончыцца яго перэгрынацыя. Мы таксама чакаем больш гасцей і пілігрымаў з краіны і з-за мяжы.

— Якія працы на сённяшні дзень праводзяцца ў санктуарыі? Што ўжо ўдалося зрабіць у гэтым годзе?

— У хуткім тэмпе прасоўваюцца працы па аднаўленні будслаўскай базылікі і ўпарадкаванні тэрыторыі вакол яе. З вялікім энтузіязмам у працу ўключылася дзяржава, за што я хачу выказаць сваю сардэчную падзяку. Базыліку нанова пафарбавалі звонку, зрабілі новы дах і вокны. Умацавалі фундамент, робяцца новыя прыступкі з франтона базылікі, ідуць працы па ачышчэнні інтэр’ера касцёла і фрэсак, а таксама па ліквідацыі трэшчын у сценах і да т.п. Аднаўляецца і сам Будслаў, рамантуюцца пад’язныя дарогі і рыхтуюцца месцы для паркоўкі.

 — Пошта Беларусі выпускае памятную марку з нагоды юбілею. Ці праводзяцца яшчэ якія-небудзь акцыі, пра якія мы не ведаем, а варта было б ведаць?

— Так, канешне. З нагоды юбілею 400-годдзя прабывання абраза Маці Божай у Будславе пошта выпусціла марку, канверт і паштоўкі. Манетны двор выдаў дзве юбілейныя манеты — сярэбраную і медна-нікелевую. Гэта вельмі пазітыўны знак з боку дзяржавы, які сведчыць пра тое, што санктуарый у Будславе на самой справе нацыянальны, а Будслаўскія ўрачыстасці маюць не толькі рэлігійны, але і агульнанародны характар. Прэзентацыя маркі і манет адбудзецца ў Мінска-Магілёўскай курыі 22 чэрвеня гэтага года.

кс. Павел Салабуда

(Інтэрв'ю цалкам чытайце ў газеце «Слова жыцця» за 16 чэрвеня)

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.