Пошук

05.06.2013 14:23  

Чым для чалавека з'яўляецца самотнасць? Ці патрэбныя Касцёлу ў Беларусі кантэмпляцыйныя кляштары і як можна наблізіць адзінства хрысціянаў? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае бр. Яраслаў Крыловіч ОFMCap.

— Брат Яраслаў, распавядзіце, як Вы апынуліся ў гэтым амаль што бязлюдным месцы на беразе Нёмана амаль на мяжы з Літвой?

— Вельмi проста: атрымаў дазвол ад сваëй улады ў манаскiм ордэне, каб крыху пажыць у пустэльнi, сабраў неабходныя рэчы i дабраўся сюды. Такiм чынам, наведваю гэтае месца (Пералом) ужо чацвëрты год. Сëлета планую застацца тут да канца чэрвеня.

— Раскажыце пра гэтае месца: мала хто знаёмы з яго гісторыяй…

— Перад Першай сусветнай вайной тут быў кляштар капуцынаў. У савецкiя часы ўлады зрабiлi так, што ëн перастаў iснаваць. Трое братоў знаходзіліся тут і праводзілі супольнае манаскае жыццё да 1955 года, а адзiн з iх, брат Крыспiн, заставаўся у гэтым маленькім домiку ў лесе як пустэльнiк аж да 1984 г. Iншы, брат Караль, патаемна атрымаў святарскае пасвячэнне i быў прызначаны пробашчам у Лiпнiшкi (Iўеўскi раён). Можна сказаць, што ад гэтых двух братоў бярэ свой пачатак ордэн капуцынаў у Беларусi.

Будынкi касцëла i кляштара былi разабраныя або знiшчаныя. Застаўся толькi домiк брата Крыспiна. У 90-я мясцовыя вернiкi пабудавалi невялiкi касцëл, аднак сiстэматычных набажэнстваў у iм не было.

— А якім быў Ваш шлях у ордэн?

— Мне 44 гады. Паходжу з Мiнска. Вырас у атэiстычным асяродку, таму практыкуючым вернiкам стаў толькі ў 90-я.
З часам распазнаў сваë паклiканне пайсцi за св. Францiшкам. Уступiў у ордэн капуцынаў. Атрымаў вышэйшую тэалагiчную адукацыю ў Каталiцкiм унiверсiтэце Люблiна...

Я нiколi не адчуваў паклiкання да святарства, таму i не прасiў аб сваім пасвячэнні. З 2006-га знаходжуся ў Беларусi ў розных месцах прабывання нашага ордэна, а цяпер належу да капуцынскай супольнасцi ў в. Валкалата ў Докшыцкім раёне.

Усе мае продкi былi праваслаўнымi, ахрышчаны я быў у царкве. Не маю нiякiх польскiх каранëў. Католiкам я стаў па перакананнi ў веры.

— Як ставяцца браты ў супольнасці да Вашай прыхільнасці да самоты?

— Па-рознаму. Не магу даць адназначны адказ на Ваша пытанне.

— Ці часта яны адведваюць Вас тут?

— Вельмi рэдка. Магчыма, з прычыны значнай аддаленасцi Пералома ад iншых дамоў супольнасці.

— Якія ў Вас тут матэрыяльныя ўмовы жыцця?

— Электрычнасцi няма: крыху здабываю яе з сонечнага святла, часам прашу ў дачнiкаў «падладавацца». Ваду бяру са студні за 300 метраў адсюль. Ежу гатую на газе, але балон невялiкi, трэба ўвесь час шукаць, дзе дазаправiць. Калi абмежаваць патрэбы да самага неабходнага, то аказваецца, што матэрыяльных сродкаў трэба зусiм няшмат.

 


—  Ці плануеце Вы свой дзень?

 

— Адзiным пастаянным часам з’яўляецца штодзëнная малiтва з людзьмi ў касцëле а 15-й гадзіне (Вяночак да Божай Міласэрнасці, спяваная Лiтанiя i частка Ружанца, часам і іншыя малітвы).

Адносна гэтага можна казаць пра пэўны рытм жыцця, прынцыпы. У пустэльнi няма перашкодаў, таму можна спакойна паставiць малiтву на першае месца, i ўжо ад яе адлiчваць час на ўсе iншыя справы.

Рытм малiтвы — гэта перадусiм св. Iмша, на якую хаджу некалькi разоў на тыдзень за 12 кіламетраў у Гожу, таксама — Лiтургiя Гадзiнаў. Далей — час на iншыя iндывiдуальныя малiтвы, разважанне Святога Пiсання, духоўнае чытанне. Гадзiнку-другую варта прызначыць на нейкую фiзічную працу. Шмат часу забiрае праца iнтэлектуальная, якую я звычайна выконваю па-за пустэльняй. Агулам застаецца яшчэ крыху часу на адпачынак i самаабслугоўванне.

— Як мясцовыя людзі ставяцца да Вас?

— Вельмi зычлiва. Па-першае, пробашч Павел Шаньчук з Гожы заўсëды цешыцца, калi я цi iншыя браты адведваюць яго парафію. Ён нiколi не адмаўляе ў дапамозе. Мясцовыя жыхары i дачнiкi рады прысутнасцi капуцынаў, многiя памятаюць і брата Крыспiна, згадваюць яго з радасцю.
Некаторыя могуць узгадаць і пра тое, як квітнела рэлiгiйнае жыццë пры былым кляштары тут, распавядаюць пра «старыя добрыя часы». Ды і словамi не абмяжоўваюцца: напрыклад, калі я быў у ад'ездзе, зрабiлi рамонт у хатцы.

— Што Вы хочаце дасягнуць праз малітву і працу ў самотнасці? Які сэнс бачыце ў такім стылі жыцця?

— Аднойчы ад аднаго iтальянскага капуцына я пачуў наступнае тлумачэнне стылю жыцця св. Францiшка: «маятнiк». Францiшак малiўся, i надыходзiў момант, калi Дух Святы як бы выштурхваў яго да людзей, каб праз абвяшчэнне Евангелля дапамагаць iх збаўленню. Потым надыходзiў момант, калi св. Францiшак «вычэрпваў» свае сілы, i «маятнiк» вяртаўся назад на пустэльню. Вось так выглядаў яго жыццёвы шлях.

— Што больш за ўсё перашкаджае ў малітве?

— Лянота, рассеянасць, а таксама камары.

— Вы актыўна ўдзельнічаеце ў каталіцка-праваслаўным дыялогу, на працягу апошніх гадоў пішаце вельмі глыбокія артыкулы на гэту тэму ў сваім блогу на catholic.by. Як, па-вашаму, можна хутчэй наблізіць адзінства хрысціян ва ўсім свеце?

— Другi Ватыканскi Сабор i iншыя дакументы Касцëла падкрэслiлi асноўныя шляхi да адзiнства. Пытанне толькi ў тым, каб кожны праявiў творчую актыўнасць згодна са сваiм станам i паклiканнем.

Галоўнае — пераадолець прызвычаенасць да iснуючага падзелу. Вельмi балюча чуць ад вернiкаў, нават ад асобаў, якiя прысвяцiлi сябе служэнню Богу такiя словы: «Мне здаецца, што праваслаўныя i католiкi нiколi не аб'яднаюцца». Сама такая пазiцыя ўжо з'яўляецца прычынай падзелу.

Напрыклад, мне больш імпануе апора на традыцыю сучасных праваслаўных, сярод якiх я жыву, у выпадку, калі не ўзнікае супярэчнасцяў з католікамі. Кажучы прасцей, малiтве я вучуся ў праваслаўных Маскоўскага Патрыярхату, а веры — у Рымскага Папы. Цiкава, што ў нас на Палессi нават быў капуцынскi кляштар з падобным падыходам, але быў ëн знiшчаны падчас польска-ўкраiнскiх сутыкненняў у 1944 годзе.

— У Беларусі не існуе закрытых кантэмпляцыйных кляштараў. Як Вы лічыце, ці існуе патрэба ў іх?

— Думаю, яны могуць з'явiцца або праз моцныя мясцовыя паклiканнi з харызматычным лiдарам, або праз фундатара, якi запросіць манахаў з iншай краiны. Усë ў руках Божых.

— Ці ведаеце Вы каго-небудзь у Беларусі, хто быў бы гатовы прысвяціць сваё жыццё выключна малітве і жыццю ў самотнасці?

— Я павінен патлумачыць адну рэч. Я, як капуцын, не паклiканы да малiтвы ў адзiноце. Адзiноту я ўспрымаю як часовы недахоп. У ідэале тут ў Пераломе павiнна быць супольнасць братоў, якiх бы аб'ядноўваў супольны духоўны вопыт спаткання з Панам. Але капуцынаў на Беларусi пакуль што не так шмат, i «капуцынскасць» можа выражацца па-рознаму, таму я такi тут адзiн атрымаўся.

— Што Вы параілі б тым людзям, якія жывуць у пастаяннай мітусні?

— Калi Бог будзе на першым месцы, усë ў жыццi будзе на сваiм.

Размаўляў кс. Юрый Жэгарын, grodnensis.by.

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.