Пошук

17.03.2013 00:00   Ілья Лапато / Catholic.by
Аргенцінскі ксёндз Марыа Бэвераці* працуе ў Расіі ўжо сямнаццаты год. Змяніўшы цёплы клімат Паўднёвай Амерыкі на снежную рускую зіму, у 1996 годзе святар прыехаў у постсавецкую Маскву толькі з адной мэтай — дапамагаць у аднаўленні Каталіцкага Касцёла ў Расіі. Як прызнаецца ён сам: ехаў дапамагаць біскупу Тадэвушу Кандрусевічу.
 
Атрымліваючы благаслаўленне ад біскупа Хорхе Берголіа, ксёндз Бэвераці не ведаў, што праз 17 гадоў пра яго біскупа будуць гаварыць ва ўсім свеце...
 
Сёння, даючы шматлікія каментарыі расійскім СМІ, святар трошкі збянтэжаны. Усіх цікавіць яго знаёмства з папам Францішкам, журналісты просяць узгадаць цікавыя факты пра кардынала Берголіа і смакуюць кожнае слова з вуснаў кс. Бэвераці.
 
Ксёндз Марыа не адмаўляе прэсе. Ён па-чалавечы рады за свайго біскупа і па-сапраўднаму ганарыцца ім. Калі для большасці журналістаў новы Пантыфік — чарговы ньюсмейкер, то для кс. Марыа Бэвераці папа Францішак у першую чаргу духоўны дарадца. Той, хто праз усе 17 гадоў служэння свайго земляка ў Расіі ўсебакова яго падтрымліваў і нават дапамог пабудаваць у Ніжнім Ноўгарадзе невялікі касцёл.

У эксклюзіўным інтэрв'ю для Catholic.by аргенцінскі святар расказвае пра сваю працу ў Расіі, кардынала Берголіа і становішча ў каталіцкай Аргенціне.
 
*** 
 
— Як даўно Вы знаёмыя з кардыналам Хорхе Марыа Берголіа — сённяшнім Папам Рымскім?
 
— Я пазнаёміўся з ім 27 чэрвеня 1992 года ў катэдральным касцёле Буэнас-Айрэса. На той час я быў святаром у дыяцэзіі Буэнас-Айрэс і якраз прыбыў на Імшу, падчас якой праходзіла рукапалажэнне кс. Берголіа ў біскупы-auxiliar — гэта значыць памочніка кардынала з Буэнас-Айрэса Антоніа Куарацына.
 
— Якія якасці Вы адзначылі б у кардынала Хорхе Марыа Берголіа?
 
— Найперш — гэта любоў да Касцёла, запал, калі можна так сказаць, — «passio» — імкненне да евангелізацыі ўсяго свету. Хутчэй за ўсё, гэта яго спадчына ад езуітаў — св. Ігнацыя і св. Францішка Ксаверыя, якіх ён вельмі шануе. А па-другое, таксама яго «гуманнасць» — блізкасць да людзей.
 
— Вы працуеце ў Расіі з 1996 года. Верагодна, што будучы папа Францішак цікавіўся Вашай працай. Магчыма, ён выказваў сваё меркаванне пра Усходнюю Еўропу або постсавецкія краіны?
 
— Калі я рашыўся прыехаць працаваць у Расію ў 1991 годзе, біскуп Берголіа дапамагаў мне падрыхтавацца — ён асабіста мяне благаславіў перад маім ад’ездам у 1996 годзе. Што цікава, у той час кардынал Куарацына не дазваляў святарам з Буэнас-Айрэса ехаць кудысьці ў якасці святароў «fidei donum», і біскуп Берголіа заступіўся за мяне, і я змог паехаць дапамагаць біскупу Тадэвушу Кандрусевічу ў архідыяцэзію Маці Божай у Маскву. Затым кожны год, калі я прыязджаў у Аргенціну, я сустракаўся з ім. У біскупа заўжды былі 45 хвілін на тое, каб паразмаўляць са сваімі святарамі.
 
Ён дапамагаў нам не толькі духоўна, але і стараўся паспрыяць матэрыяльна, каб пабудаваць нашу маленькую святыню ў Ніжнім Ноўгарадзе, якую біскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў ў 2000-м годзе.
 
Апошняя сустрэча з кардыналам Берголіа ў мяне была ў лістападзе 2012 года. Трэцяга лістапада 2012 года адзначалася 75-я гадавіна мучаніцтва былога пробашча парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Ніжнім Ноўгарадзе — беларускага ксяндза Антонія Дземяшкевіча, які ў савецкі час быў арыштаваны, высланы ў Салаўкі і закатаваны...
 
Трэцяга лістапада ў сваёй парафіі мы арганізоўвалі адмысловую канферэнцыю. З благаслаўлення ардынарыя архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскупа Паола Пеццы мы запрасілі Апостальскага Нунцыя ў Расіі арцыбіскупа Івана Юркавіча, а таксама Мітрапаліта Ніжнегародскага і Арзамаскага Георгія (ураджэнец горада Жлобін Гомельскай вобласці — Заўвага аўт.). Мітрапаліт Георгій вельмі цёпла прыняў Нунцыя ў сваёй рэзідэнцыі. Мы паставілі свечку, маліліся ў яго капліцы ў гонар Сергія Раданежскага.
 
Пасля была супольная гарбата, калі мы былі ўсе разам. Якраз пра гэта я расказаў кардыналу Хорхе Марыа Берголіа падчас апошняй сустрэчы ў лістападзе. Вельмі радасны, ён паказаў мне ў сваю чаргу ліст з Маскоўскага Патрыярхату за подпісам Мітрапаліта Іларыёна, гэта быў ліст-падзяка за тое, што ён — кардынал — асабіста дапамагаў Мітрапаліту Аргенцінскаму і Паўднёваамерыканскаму Платону (у 2012 годзе пераведзены ва Украіну — Заўвага аўт.), ардынарыю праваслаўных Аргенціны і Бразіліі — у вырашэнні некаторых складанасцяў, якія ўзнікалі з боку ўрада Буэнас-Айрэса. Таксама кардынал распавёў, як разам з Мітрапалітам Платонам у апошні Вялікдзень у катэдральным саборы ўдзельнічаў у святой літургіі.
 
— Як Вы лічыце, у якіх накірунках можа змяніцца палітыка Апостальскай Сталіцы з прыходам на Святы Пасад Пантыфіка з Аргенціны (напр., пытанні правоў людзей з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй і г.д)?
 
— Кардынал Берголіа за 15 гадоў служэння ў Буэнас-Айрэсе даў вялікі імпульс новай евангелізацыі ва ўсіх накірунках. Культура, палітыка, соцыум. А асабліва — дапамога бедным. Новаабраны Пантыфік, я ўпэўнены, жыве ў духу і згодна са словам Евангелля і будзе працягваць вялікае абнаўленне Касцёла пасля Другога Ватыканскага Сабору з дапамогай евангелізацыі і дактрын, мудрасці, простасці і сціпласці, як тое рабілі Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI.
 
Датычна правоў людзей з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй, то якраз два гады таму ў Аргенціне па гэтым пытанні былі вялікія спрэчкі, калі мэр Буэнас-Айрэса хацеў легалізаваць аднаполыя шлюбы. Кардынал каментаваў гэта як «гульні д’ябла», што хоча сапсаваць план Стварыцеля, які блаславіў людзей як мужа — мужчыну і жонку — жанчыну.
 
— Якое значэнне мае выбар Папы-аргенцінца для католікаў Лацінскай Амерыкі?
 
— Значэнне, якое аказаў гэты выбар на католікаў Лацінскай Амерыкі, адрозніваецца ад таго, якое аказаў на славянскія краіны выбар Пантыфіка з Польшчы. Аднак, ведаючы сумную сітуацыю ў многіх краінах Лацінскай і Цэнтральнай Амерыкі, якія пакутуюць ад карупцыі, папулізму, беднасці, несправядлівасці і дыктатарскіх рэжымаў, асоба Папы і аўтарытэт Прарока будуць спрыяць вяртанню да нашых каранёў, якія прысутнічаюць у нашых каталіцкіх народах і якія асаблівым чынам выражаюцца ў любові да Багародзіцы і ўкрыжаванага Хрыста.
 
— З абраннем новага Пантыфіка СМІ ўсяго свету пачалі шукаць незвычайныя факты ў біяграфіі Папы. У прыватнасці, гаворыцца пра яго сціпласць і аскетычны лад жыцця. Што казалі пра новаабранага Пантыфіка яго землякі?
 
— Спачатку было здзіўленне. Праўду кажуць: «нязведаныя шляхі Твае, Пане». Бог заўсёды здзіўляе. У Аргенціне з гэтай нагоды было шмат радасці, а магчыма нават і гонару, але таксама было рашэнне — маліцца за Папу і разам з Папам. Асабліва ўсіх уразіла яго жаданне ўзяць імя Францішак, як бы звяртаючы ўвагу на праграму жыцця манаха з Асізі: на простасць, сціпласць і вернасць Езусу — думаю, на гэтым і будзе пабудаваны яго Пантыфікат.
 
*Ксёндз Марыа Бэвераці — аргенцінскі святар, нарадзіўся ў 1953 годзе ў Буэнас-Айрэсе (Аргенціна). Па адукацыі — медык, абараніў ліцэнцыят па вытанчаных мастацтвах у Мадрыдзе (1980), доктар тэалогіі (1996). Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1988 годзе ў Буэнас-Айрэсе. У 1996 годзе — святар «Fidei Donum» у архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве. З 1997 года і па сёння — пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Ніжнім Ноўгарадзе.
 
Ілья Лапато OCDS, кс. Юрый Марціновіч 
Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа