У інтэрв'ю для Catholic.by Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узгадвае пра сваё знаёмства з новаабраным Пантыфікам, разважае пра духоўную спадчыну папярэднікаў папы Францішка і дзеліцца сваімі чаканнямі ад узаемаадносін Ватыкана і Касцёла ў Беларусі.
— Што Вам вядома пра новаабранага Наступніка святога Пятра, пра яго асобу, сітуацыю Касцёла ў краіне, з якой ён паходзіць? Калі, магчыма, Вы з ім сустракаліся — якія ўражанні засталіся з такіх сустрэч?
— Хорхе Марыа Берголіа — аргенцінскі кардынал. Ён езуіт, прафесар тэалогіі, абаронца традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў, вельмі сціплы чалавек малітвы і клапатлівы пастыр. Папа Францішак з’яўляецца першым Папам-езуітам, першым лацінаамерыканскім Папам і першым Папам, які абраў сабе такое імя.
Я сустракаўся з ім некалькі разоў — на Сінодах Біскупаў і на розных пасяджэннях у Рыме. Больш я ведаю таму, што адзін з маіх святароў падчас маёй працы ў Расіі паходзіў з архідыяцэзіі Буэнас-Айрэс і працаваў пробашчам у Ніжнім Ноўгарадзе.
— Ці меў новаабраны Папа якое-небудзь дачыненне да Беларусі, Усходняй Еўропы, постсавецкай прасторы?
— Дачыненне да былога Савецкага Саюза ён меў праз працу яго святара ў Расіі. Я некалькі разоў размаўляў з кардыналам Берголіа на тэму сітуацыі Касцёла ў Расіі. Не ведаю, ці ён быў у іншых краінах Усходняй Еўропы і ці іншыя беларускія біскупы з ім сустракаліся.
— Што Вы можаце сказаць пра абранне новага Папы ў кантэксце сучаснага свету? Якія сённяшнія праблемы, на Вашу думку, найбольш важныя, што з іх неабходна будзе ўлічыць новаму Пантыфіку ў сваім служэнні?
— Найважнейшая пагроза сучаснаму свету – гэта наступаючы секулярызм і як яго наступства – крызіс веры. Для вырашэння гэтай праблемы неабходна новая евангелізацыя, аб якой нагадваў благаслаўлёны Ян Павел II і якую вельмі падтрымліваў Бэнэдыкт XVI, а Сінод Біскупаў 2012 г. прадставіў яе агульныя напрамкі. Думаю, што новы Папа будзе моцна падтрымліваць і развіваць працэс новай евангелізацыі, бо яна з’яўляецца вельмі папулярнай у Паўднёвай Амерыцы.
Асобнай праблемай з’яўляецца міжканфесійны і асабліва міжрэлігійны дыялог. Іншыя веравызнанні — гэта ўжо не нешта далёкае нават у каталіцкіх краінах, але рэальнасць, і таму трэба шукаць спосабаў мірнага суіснавання і таксама сумеснага адказу на выклікі нашага часу, бо ў незалежнасці ад нашага веравызнання зямля — гэта наш супольны дом. Вялікай праблемай застаецца захаванне міру і сацыяльнай справядлівасці ў свеце. Гэтыя і іншыя праблемы неабходна будзе ўлічваць Франішку I у сваім служэнні.
— Касцёл у Беларусі – частка Паўсюднага Касцёла. Новы Наступнік Пятра яшчэ толькі абраны – але што пазітыўнага магло б адбыцца з яго абраннем у Касцёле ў нашай краіне? Ці ёсць у Вас асаблівыя пажаданні, надзеі ў сувязі з гэтым?
— Ажыццяўленне так доўга чаканага візіту Пантыфіка ў Беларусь. Тым больш, што папа Францішак I у сваёй першай прамове Гораду і Свету сказаў, што з гэтага дня ў яго распачынаецца новы шлях супрацоўніцтва, братэрства і любові паміж ім і народамі.
Далейшае развіццё адносін з Апостальскім Пасадам і Касцёлам у іншых краінах свету, а таксама развіццё Касцёла ў нашай краіне, асабліва ў галіне яго аднаўлення ў духу Другога Ватыканскага Сабору.
— Якія самыя лепшыя рысы Пантыфікату Бэнэдыкта XVI і яго папярэдніка Яна Паўла ІІ мог бы ўзяць у якасці прыкладу новы Папа?
— Незвычайны пастырскі клопат, бачанне Касцёла будучага, адкрытасць на свет і яго праблемы Яна Паўла II а таксама праніклівы тэалагічны розум і заклік да евангельскага радыкалізму Бэнэдыкта XVI. Ад абодвух — клопат пра захаванне хрысціянскіх каранёў, новую евангелізацыю, духоўнае жыццё моладзі, развіццё міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялога, вырашэнне сацыяльных праблем і ўсталяванне міру ў сучасным свеце.
— Абранне новага Папы Францішка адбылося ў перыяд Вялікага посту, перад Вялікаднем. На Вашу думку, які ў гэтым духоўны сэнс?
— Сапраўды, можа выдацца нязвыклым тое, што канклаў па выбарах новага Пантыфіка адбыўся падчас Вялікага посту і перад самым Вялікаднем. Аднак мне здаецца, што ва ўсім гэтым ёсць вялікі сэнс. Нельга выключыць тое, што Бэнэдыкт XVI спецыяльна запланаваў выбары на гэты час пакуты, ласкі і збаўлення. Сучасны Касцёл знаходзіцца ў складанай сітуацыі. Ён святы і адначасова грэшны грэшнасцю і недасканаласцю сваіх членаў і таму павінен навяртацца. Для гэтага выбары новага Пантыфіка падчас Вялікага посту – гэта яшчэ адзін напамін аб неабходнасці навяртання і веры ў Евангелле, – як наказу Езуса, аб якім Касцёл прыпамінае падчас Вялікага посту.
Далей, Вялікдзень — гэта свята перамогі Езуса над злом і грахом, гэта таксама свята нашай веры. Езус паабяцаў апосталу Пятру, што будзе маліцца за яго, каб яго вера не памяншался, і ў той жа час наказаў яму ўмацоўваць іншых у веры. Нам патрэбны Пётр нашага часу, які будзе кіраваць Касцёлам і ўмацоўваць нашу веру.
— Вялікі дзякуй за размову!
Размаўляла Анастасія Грышан