11 лютага адзначаецца Сусветны дзень хворых. Хваробы бываюць рознымі: некаторыя вылечыць прасцей, з іншымі даводзіцца змагацца ці мірыцца ўсё жыццё. І ў гэтым змаганні хворым нярэдка дапамагаюць валанцёры, якія становяцца ім сапраўднай падтрымкай. У чым сутнасць валанцёрства і чым можна дапамагчы хворым — пра гэта размаўляем з Анастасіяй Маслюк, дэфектолагам па прафесіі і валанцёрам па пакліканні.
Анастасія працуе настаўнікам-дэфектолагам у яслях-садку №3 г. Наваполацка. Тут існуюць пяць груп для дзяцей з парушэннем зроку. У якасці валанцёра займалася з хворымі ў мінскім псіханеўралагічным інтэрнаце, дапамагала ў арганізацыі працы лагераў для непаўнаспраўных дарослых і святочных мерапрымстваў для цяжкахворых дзяцей.
— Насця, раскажыце, у чым заключаецца праца дэфектолага з дзяцьмі з парушэннямі зроку? На што робіцца акцэнт?
— Увогуле, канечны вынік працы — гэта сацыялізацыя людзей, іх самастойнае жыццё, а для гэтага праводзіцца работа па развіцці прасторавай арыентацыі, пазнавальнай дзейнасці, зрокавага ўспрымання і сацыяльна-бытавой арыентацыі. У маёй групе дзеці ў асноўным без цяжкіх парушэнняў зроку і для многіх з іх ёсць магчымасць выправіць зрок, таму я ў сваёй працы замацоўваю працу афтальмолага — на кожным занятку максімальна выкарыстоўваю гульні, заданні для развіцця зрокавага ўспрымання.
— Ці можаце з вопыту Вашай працы і валанцёрства ахарактарызаваць, як у нашым грамадстве «здаровыя людзі» ставяцца да асобаў з пэўнымі адхіленнямі ў фізічным ці псіхічным развіцці?
— У маім акружэнні ўсе ставяцца добра, з павагай. Але ўвогуле ў грамадстве існуюць такія незразумелыя адносіны: ці то непрыязнь, ці то моцнае шкадаванне, якое мацнейшае за жаданне кантактаваць з такімі людзьмі. Выкараняць гэта цяжка. Але, я думаю, можна было б больш на экранах сацыяльнай рэкламы паказваць, больш інфармацыі, мерапрыемстваў, накіраваных на інтэграцыю.
— Чаму Вы вырашылі стаць валанцёрам і дапамагаць хворым?
— Памятаю, на першым курсе ўніверсітэта была паточная лекцыя і знаёмыя спыталі, ці пайду я з імі ў інтэрнат? І я, не думаючы, згадзілася. Тады я нават не спытала, што за інтэрнат, ці да дзяцей мы ідзём. Таму ўсе пачалося з інтэрнату для дараслых хворых. Там я знайшла сяброў.
Таксама ў якасці валанцёра на першым курсе дапамагала ў арганізацыі невялікага свята для цяжка хворых дзетак з Навінак, удзельчала ў трэнінгу, накіраваным на інтэграцыю непаўнаспраўных з людзьмі з добрым здароўем, была валанцёрам у лагерах для дарослых непаўнаспраўных. Хачу ўзгадаць, як радасна было, калі даведалася, што летам праводзяць летнік для непаўнаспраўных грэка-католікі, а менавіта а. Алесь Шыбека (рух св. Мікалая), бо пра такі летнік даўно марыла блізкі мне чалавек. І нам пашчасціла там быць!
Жаданне стаць валанцёрам з’явілася яшчэ ў дзяцінстве, праўда такога слова, як валанцёр, я яшчэ не ведала, але хацелася проста рабіць нешта добрае і камусьці патрэбнае. Нават марыла пра місіянерства.
— Ці кожны можа стаць валанцёрам?
— Абсалютна кожны! Галоўнае — адкрытае і добрае сэрца. Несумненна, вельмі добра, калі ты разбіраешся ў медыцыне, ведаеш, як правільна даглядаць хворых і так далей, але пры жаданні ўсяму можна навучыцца.
— Якімі якасцямі павінен валодаць валанцёр, каб быць сапраўднай падтрымкай для хворых?
— Гэта проста: адкрытае і добрае сэрца. На маю думку, да слова валанцёр сінонімам падыдзе слова «СЯБАР». А хто такі сябар?! Той, які можа проста быць побач, у патрэбную хвіліну прыйсці на дапамогу, падзяліцца добрым настроем.
— Наколькі рэальна карысна і адчувальна дапамога валанцёраў хворым?
— Якая б не была дапамога: ці дапамагчы зрабіць гігіенічные працэдуры, ці дапамагчы паесці, ці проста пакатаць на калясцы — усё адчувальна і вельмі важна. Асабліва, калі гаварыць пра хворых, у якіх няма родных і якія жывуць у доме-інтэрнаце, то тут нават найважней, я лічу, увага, сяброўская размова, проста час, праведзены разам.
— Што самае складанае ў працы з хворымі? Як з гэтым змагацца?
— Асабіста сутыкалася з тым, што мне не хапала пэўных ведаў, проста вопыту. Але многія праблемы хутка вырашаліся, самі непаўнаспраўныя сябры падказвалі, як і што рабіць.
Калі ёсць жаданне развівацца ў гэтым накірунку, паглыбляць веды і практычныя ўменні, то таксама ўсё магчыма. У Беларусі праводзяцца трэнінгі, семінары, ёсць многа спецыялістаў, ужо вопытных валанцёраў, якія могуць вам дапамагчы.
— Што Вам дае праца з хворымі? Што за гэты час Вы для сябе адкрылі?
— У першы дзень свайго валанцёрства для мяне адкрылася другое жыццё, іншы погляд на яго. Калі ехала дамоў з першай паездкі ў інтэрнат, то як заўсёды бачыла сур’ёзныя ці сумныя твары людзей, усе у сваіх думках, справах, і адразу ўзгадала новых знаёмых, якія не могуць хадзіць, некаторыя з іх усё жыццё прыкаваны да ложка, але якія часта з усмешкай на твары, з добрым настроем…
Тады, у думках, я нібы звярталася да людзей: «Людзі, чаму вы не ўсміхаецеся?! Калі вы спазняецеся, вы можаце падбегчы да аўтобуса, можаце ісці, куды хочацца… Вы шчаслівыя». І тады я зразумела, што тыя праблемы, якія ў мяне ёсць, гэта не праблемы. Як гаворыцца, усё пазнаецца ў параўнанні.
Што мне дае такое наведванне? Гэта цяжка растлумачыць. Гэта справа напаўняе мяне, маё сэрца, падобна таму, калі ты молішся. Таксама валанцёрства дапамагло мне знайсці сапраўдных сяброў. Вельмі часта былі моманты, калі складана было зразумець, хто пра каго больш клапоціцца.
Так я знайшла сяброўку Таню, якая заўсёды стараецца мне зрабіць штосьці прыемнае. А калі ў мяне быў складаны перыяд у жыцці, Таня падтрымлівала мяне, дапамагала пераадолець цяжкасці. Яна заўсёды дае мне добрыя парады.
— На Вашу думку, як варта і як не варта паводзіць сябе з хворымі, асабліва з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця?
— Не адчуваць жалю! Я не ведаю ніводнага непаўнаспраўнага, якому падабаецца, калі яго шкадуюць. Тут галоўнае не звяртаць увагі на іх фізічныя ці псіхічныя недахопы і кантактаваць з імі як са звычайнымі людзьмі
Памятаю, як збіралася ісці другі, трэці раз у інтэрнат: я абдумвала, што скажу, як буду сябе паводзіць, і тады зносіны былі нейкімі «штучнымі». Цяпер іншая сітуацыя, бо разумею, што іду да сваіх сяброў, мы размаўляем, жартуем, чым-небудзь дапамагаю.
Таму важна быць шчырым і заставацца самім сабой.
— Як думаеце, валанцёрства, дапамога хворым — гэта абавязак хрысціяніна ці ўсё ж пакліканне некаторых?
— На маю думку, пакліканне хрысціяніна, ці больш правільна сказаць, адно з пакліканняў хрысціяніна. На гэтую тэму ўзгадваюцца радкі з Бібліі: «розныя ёсць служэнні, але той самы Пан».
Святлана Жылевіч