Беларусь з пастырскім візітам адведаў біскуп дыяцэзіі Лінц (Аўстрыя) Людвіг Шварц SDB. Аўстрыйскі бок шмат у чым спрыяе беларускаму «Карытас», таму візіт аўстрыйcкага госця быў значнай падзеяй для Касцёла ў Беларусі.
Пра мэту свайго візіту, а таксама пра асаблівасці салезіянскага харызмату і таямніцу паклікання біскуп Людвіг Шварц SDB распавёў у гутарцы з Catholic.by.
«У Беларусі я трэці раз. Мінулыя разы я наведваў беларускія пляцоўкі «Карытас» — тыя нашы сумесныя праекты па будаўніцтве дамоў для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Таму я трошкі ведаю геаграфію Беларусі: Гродна, Гомель, Мінск і іншыя гарады. Гэтым разам мой візіт датычыўся больш салезіянскіх справаў (я сам салезіянец). Я быў госцем Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і вельмі цешуся, што меў магчымасць адведаць усе салезіянскія пляцоўкі, якія ёсць у Беларусі».
— Якімі ўражаннямі Вы маглі б падзяліцца?
— Тое, што я ўбачыў, мяне вельмі парадавала: прыемна назіраць, як працуюць у Беларусі салезіяне. І тое, як мяне прымалі — вельмі цёпла, вельмі адкрыта. Я заўважыў, што святыні былі перапоўненыя так, што яблыку не было дзе ўпасці. Мы разам спявалі, разам маліліся. Гэта было вельмі ўражваюча! Прыемна бачыць, як нашы салезіяне працуюць у гэтым духу. Я вельмі цешуся таксама, што ўпершыню ў Беларусі з’явіліся і свае салезіяне-супрацоўнікі. Няхай Бог благаслаўляе.
— Адна з асаблівасцяў салезіянаў — гэта праца з моладдзю. Якія падыходы шукаюць у сваёй працы ксяндзы салезіяне? Моладзь у Беларусі, верагодна, не такая эмацыйная, як, скажам, у той жа Іспаніі.
— Вы маеце рацыю. У кожнай краіне людзі асаблівыя і часта маюць свае спецыфічныя рысы. У Італіі людзі іншыя, чым у Аўстрыі, Галандыі або Расіі. Гэта залежыць ад развіцця нацый, іх гістарычнага фарміравання. Але з іншага боку — усе людзі аднолькавыя. І калі з чалавекам здараецца нешта добрае, то ён рэагуе пазітыўна незалежна ад нацыянальнасці. У Дона Боска была свая сістэма выхавання, якую салезіяне выкарыстоўваюць і сёння. Гэтая сістэма абапіраецца на падтрыманне дабра ў чалавеку. Ён выхоўваў моладзь у духу разважлівасці, любові і рэлігійнасці. Разважлівасць неабходная асабліва падчас выбару жыццёвай дарогі. Любоў — адзін з важнейшых кампанентаў. А рэлігія — фундамент выхавання.
— Наколькі складана прымяняць гэтую сістэму працы з моладдзю на розных кантынентах?
— Дон Боска заўсёды казаў, што моладзі акрамя малітвы патрэбен і вольны час. Акрамя сумеснай малітвы нашы салезіяне разам з моладдзю гуляюць у футбол, баскетбол, займаюцца іншымі відамі спорту. Гэта выпрацоўвае ў моладзі своеасаблівы салезіянскі дух: яны добра ведаюць адно аднаго і могуць адно аднаму даверыцца. Адна з асаблівасцяў салезіянскага выхавання — жыць, памятаючы пра Бога і аддаючы Яму належную павагу. Чалавек створаны Богам і для Бога. І наша задача ў тым, каб гэты шлях да Бога знайсці. У Дона Боска было шмат розных пляцовак: ён не абмяжоўвася моладзевым цэнтрам толькі ў адным Турыне. Так засталося і сёння. Салезіяне працуюць не толькі ў Італіі, Германіі або Беларусі, яны добра вядомыя на Філіпінах, Індыі, Японіі, Паўднёвай Амерыцы, Акіяніі... І паўсюль ксяндзы салезіяне выкарыстоўваюць гэтую форму фармацыі моладзі.
Гэты ўплыў можа выявіць сябе ў тым, што пазней некаторыя з юнакоў, выхаваныя ў духу салезіянскай еднасці, таксама захочуць стаць салезіянамі.
— Нядаўна Каталіцкі Касцёл адзначаў Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. У гэтай сувязі хачу пацікавіцца: на Вашу думку, як цяжка знайсці сёння сваё сапраўднае пакліканне ў жыцці?
— Бог заўсёды першым робіць крокі насустрач нашаму пакліканню. Гэта Бог кліча чалавека стаць паслядоўнікам Хрыста. Гэта Ён сказаў рыбакам: пакіньце ўсё і ідзіце за Мной — Я зраблю вас лаўцамі людзей. Першы пункт паклікання: ініцыятыва зыходзіць ад Бога. Але Ён не пасылае анёлаў, каб нам гэта сказаць (усміхаецца — Аўт.).
Жыццёвыя абставіны ідуць такім чынам, што пакліканне да кансэкраванага жыцця ў чалавеку ўзмацняецца. Рэлігійныя ўчынкі, сакрамэнты ствараюць у сэрцы чалавека атмасферу любові да Бога, а пазней узнікае пытанне: магчыма, я таксама пакліканы ісці гэтым шляхам — як святар, як манах, як законная сястра?
Так было ў маім выпадку. Я часта бываў у салезіянскім араторыі і думаў пра сябе: як гэта цудоўна, я таксама хачу стаць салезіянцам! Таксама вельмі добра, калі рэлігійная атмасфера прысутнічае ў сям’і. У маёй сям’і (у нас было 9 дзяцей) бацькі кожны вечар і ранак маліліся з намі. Мы разам хадзілі ў касцёл. Атмасфера паклікання да кансэкраванага жыцця спрыяла мне яшчэ ў бацькоўскім доме.
Але Бог кліча, калі і каго Ён хоча. Часам прыходзіць і той, у каго не такая добрая сям’я. Але гэты чалавек знайшоў дарогу да Бога, і на гэтай дарозе ён адчувае Божую любоў і абароненасць. Можам узгадаць з Евангелля гісторыю пра мытніка, якога Бог паклікаў. Мытнік, які збіраў падаткі, які грашыў. Але ён прыслухаўся да Божага голаса і быў гатовы адмовіцца ад былога жыцця, ідучы за Хрыстом.
— Як бы Вы акрэслілі сітуацыю з пакліканнем у Аўстрыі?
— На жаль, у Аўстрыі назіраецца такая ж сітуацыя, як і ва ўсёй Заходняй Еўропе. Вера губляе свае пазіцыі. Нават веруючыя адварочваюцца часам ад Касцёла, а некаторыя нават выходзяць з яго шэрагаў. Прыйшоў у магістрат і сказаў, што больш не хоча быць католікам… Адна з прычын — касцёльны падатак. Але такі прынцып ці не ў кожнай супольнасці: ты павінен плаціць падатак, каб гэтая супольнасць магла неяк існаваць.
Але сумны феномен Еўропы ў тым, што яна становіцца ўсё больш секулярызаванай. Каштоўнасці губляюць свой кошт. Хрысціянскія прынцыпы становяцца не такімі важнымі. Хлопец і дзяўчына перад тым, як пабрацца шлюбам, ужо жывуць разам. У той жа Германіі такіх выпадкаў — да 80 працэнтаў. Шлюб не бяруць, а жывуць як муж і жонка. Людзі часам і рады: не звяртаць увагі на маральныя і хрысціянскія каштоўнасці, пакінуўшы толькі тое, што падабаецца, што прыемна, што мае добры вонкавы выгляд… Кіруючыся такім прынцыпам, людзі губляюць сувязь з Богам. Такі спажывецкі лад жыцця прыводзіць у рэшце рэшт да залежнасцяў: сексуальных, алкагольных…
Шмат моладзі не наведвае нядзельную Імшу, хоць і ахрышчаныя. Але ўсе мы памятаем словы: «Вы — соль зямлі», «Вы — святло свету»... Грахі — гэта цемра. І наша заданне, як веруючых хрысціянаў у тым, каб несці гэтае святло да іншых людзей. Розум, любоў і вера — вось асноўныя прынцыпы, якія вядуць чалавека да Бога. А без Яго мы не можам быць па-сапраўднаму шчаслівымі.
Даведка:
Людвіг Шварц нарадзіўся ў 1940 годзе ў шматдзетнай сям’і. У 1957 годзе ўступіў у навіцыят Таварыства св. Францішка Сальскага (салезіяне Яна Боска), святарскае пасвячэнне атрымаў у 1964 годзе. Праз некаторы час прызначаны рэктарам семінарыі ў Хорне (Аўстрыя). Затым — правінцыял салезіянскай супольнасці ў Вене. У 1984 - 2000 гг. — прафесар у Папскім салезіянскім універсітэце ў Рыме, дзе выкладаў латынь і грэчаскую мову. З 1999 па 2005 гг. — нацыянальны дырэктар Папскага місійнага таварыства. У 2001 годзе прызначаны біскупам Вены, а з 2005 года — біскуп дыяцэзіі Лінц.
Гутарыў Ілья Лапато OCDS