Пошук

28.12.2012 01:23   Ілья Лапато / Catholic.by
Соцыялінгвіст з Варшавы Эва Галахоўска тры гады даследавала мову каталіцкага насельніцтва Заходняй і Усходняй Беларусі. Гродна-Паставы-Мінск-Бабруйск-Чавусы. Кіруючыся гэтым маршрутам, жанчына адведала 19 беларускіх гарадоў і мястэчак.
 
У сваёй кнізе «Як гаварыць да Бога? Шматмоўнасць католікаў на Беларусі на мяжы ХХ і ХХІ ст.» вучоная спрабуе растлумачыць прычыны моўна-рэлігійных сувязяў у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі. 

— Ці ведаюць палякі пра тое, на якой мове моляцца католікі ў Беларусі?
 
— Шмат залежыць ад таго, каго з палякаў мы будзем апытваць. Умоўна я выдзеліла б дзве групы суайчыннікаў. У першай — асобы, якія маюць з беларускімі рэгіёнамі якіясьці кантакты. Часам бывае так, што пра Беларусь мяркуюць па Гродзеншчыне. Бо туды найчасцей выязджаюць — яна найбольш блізкая да Польшчы. Калі прыязджаеш у Гродна і, прыходзячы ў касцёл, трапляеш на польскамоўную Імшу, пачынае здавацца, што ў Беларусі ўвесь каталіцызм з’яднаны з усім польскім.
 
Для тых палякаў, якія не маюць да Беларусі ніякага дачынення і ніколі ў ёй не былі, вялікім здзіўленнем будзе іншы факт — Беларусь, якая мая сваю мову, выкарыстоўвае падчас набажэнстваў мову Каталіцкага Касцёла ў Польшчы, навошта? У цэлым жа, мне падаецца, палякі не маюць адзінага вобразу-ўспрымання Касцёла ў Беларусі.
 
— І Вы паставілі за мэту гэты вобраз раскрыць?
 
— Часткова — так. Для беларусаў, якія ў гэтых варунках існуюць, мая кніга не скажа нічога новага. Але ў Польшчы гэта абсалютна новая рэч.  
 
З гэтай тэмай у 1990-х гадах працавалі мае старэйшыя калегі. Тады, бадай, упершыню атрымаўшы магчымасць выехаць на ўсход Беларусі для даследаванняў, мае калегі пачалі аналіз мовы католікаў сталага веку — г.зн. тых католікаў, якія моляцца па-польску, маюць польскую самаідэнтыфікацыю, але ў звычайным жыцці па-польску не размаўляюць. На той момант назіралася розніца ў мове сферы сакрум і мове штодзённасці.
 
Праз гэтыя два дзесяцігоддзі сітуацыя пачала змяняцца. Мы пра гэта ведалі, але нейкага дакладнага ўяўлення пра моўную сітуацыю ў Касцёле ў Беларусі не мелі.
 
— Якія стэрэатыпы, звязаныя з Беларуссю, існуюць у Польшчы?
 
— Ёсць такі стэрэатып, што ў Беларусі небяспечна, дрэнна і бедна. Але прынамсі мая сям’я была прыемна ўражана найперш гасціннасцю беларусаў. Мы ўбачылі зусім іншы твар Беларусі. Не той, дзе «дрэнна і небяспечна».
 
— Што расказваюць пра Касцёл у Беларусі святары-палякі?
 
— Я не шмат з кім размаўляла, аднак адзін са святароў сярэдняга веку, які паспрыяў з маімі даследаваннямі ў Свіры, быў перакананы, што афіцыйнай мовай Касцёла ў Беларусі з’яўляецца беларуская. Для яго было відавочна, што асобная краіна, якая мае сваю мову, будзе выкарыстоўваць яе ў тым ліку і ў малітвах. 
 
Але такі погляд не з’яўляецца ўсеагульным. У Польшчы шмат святароў звязвае каталіцызм у Беларусі з польскасцю, а ў сувязі з гэтым і з польскай мовай.

«Беларусь у дачыненні да Польшчы — як сястра-блізнюк...»
 
— Ці заўважылі Вы розніцу паміж Імшой у Польшчы і польскамоўнай Імшой у Беларусі?
 
— Хоць беларускіх каранёў я не маю, але ў Беларусі, калі прыходжу на Імшу і чую тут памежную змену польскай мовы, чуюся як у дзяцінстве (усміхаецца — Аўт.). Мая бабуля родам з Падолля, але праз ссылку шмат гадоў правяла ў Архагельску. Памятаю, што якраз на такой польскай мове малілася і яна. Прынамсі, мелодыка той польскай мовы, якая выкарыстоўваецца ў малітве ў Беларусі, вельмі падобная да польскасці маёй бабулі.
 
Як мовазнаўца я ахвотна наведваю і беларускую Імшу. Адзін мой прыяцель з Гродна заўсёды здзіўляўся, калі я казала, што пайду на Імшу па-беларуску. Я беларускай мовай не валодаю, але разумею. Ён доўгі час наадварот пазбягаў беларускамоўныя набажэнствы, казаў, што адчувае сябе на такой Імшы нямым, бо на той час яшчэ не ведаў беларускамоўных адказаў падчас літургіі.
 
Я ж з вялікай цікавасцю для сябе адзначала, як інтэгруецца беларуская мова ў літургічны кантэкст. Асаблівую ўвагу звяртаю на літургічныя і тэалагічныя тэрміны. Бачна, што нейкія словы маюць лацінскае паходжанне, іншыя — польскае, прысутнічае падабенства і з іншымі славянскімі мовамі. Адкрываць для сябе гэту сувязь вельмі цікава.
 
Беларусь у дачыненні да Польшчы — як сястра-блізнюк. Традыцыя амаль аднолькавая: тыя ж маёвыя набажэнствы, літаніі, адарацыі, Крыжовы шлях…
 
— Як Ваша кніга была ўспрынята калегамі па навуцы?
 
— Што датычыць навукоўцаў, то для іх важнай стала ацэнка статуса беларускай мовы. Сітуацыя, калі да Бога людзям зручней звяртацца па-беларуску, сведчыць пра прэстыж гэтай мовы.
 
Для палякаў мова з’яўляецца адной з галоўных нацыянальных асаблівасцяў, якая дэтэрмінуе іх як нацыю. У Беларусі мы бачым цалкам іншую сітуацыю: беларуская самаідэнтыфікацыя нітуецца зусім не вакол мовы, а каля іншых каштоўнасцяў.
 
— Што падчас падрыхтоўкі кнігі стала для Вас новым?
 
— Адкрыццём для мяне стала тое, што перыяд нямецкай акупацыі быў для жыхароў Усходняй Беларусі перыядам пэўнай рэлігійнай палёгкі: немцы не забаранялі рэлігію, як гэта рабілі Саветы, і сакральныя будынкі зноў адчыняліся. 
 
Калі ўзгадваю працу над кнігай, то ўзгадваецца адна кабетка: са мной яна магла размаўляць па-польску, заходзіў муж — з ім па-беларуску, тэлефанавала з гораду дачка — з ёй па-руску…
 
Розніца паміж людзьмі беларускага ўсходу і захаду вельмі вялікая. Тыя, хто нарадзіўся на ўсходзе, польскасці зусім не чакаюць. Яны ніколі не чулі ў касцёле польскай мовы — касцёлы былі зачынены, а магчымасці выбрацца ў тую ж Вільню, як у «заходнікаў», не было. Рэлігійная неабходнасць жыхароў Усходняй Беларусі паступова сыходзіла ў нябыт. Відавочна, што на ўсходзе Каталіцкі Касцёл у Беларусі, які паступова адраджаецца, не мае нічога агульнага з польскасцю. У той жа час на захадзе краіны дадатковы клопат у касцёлах часам стварае беларуская мова, і гаворкі пра тое, што яна там не патрэбная, яшчэ жывуць у свядомасці вернікаў гродзенскага рэгіёна.
 
«Польскасць і беларускасць не выключаюць адна адну, а ўзбагачаюць і дапаўняюць»
 
— Такім чынам, якія высновы сталі асноўнымі ў вашым даследаванні?
 
— Агульная моўная сітуацыя ў Беларусі характарызуецца складанасцю і неаднароднасцю. Для соцыялінгвіста зрабіць яе апісанне вельмі няпроста. На абшарах Беларусі сустракаюцца вельмі розныя камунікацыйныя сітуацыі і розныя моўныя коды. Тыя дваццаць гадоў міжваеннага перыяду, калі тэрыторыі Заходняй і Усходняй Беларусі знаходзіліся ў складзе розных краін, заўважна змянілі мову і рэлігійнасць жыхароў Беларусі. Гэтая змена адчуваецца і сёння.
 
Важна адзначыць, што тэрыторыю сучаснай Беларусі ў Польшчы часам разглядаюць як былыя польскія «Паўночна-Усходнія крэсы». Такой думкі многія польскія даследчыкі прытрымліваліся нават пасля 1989 г., таму іх даследаванні часта былі найперш аналізам перыферыйнага дыялекту польскай мовы (т. зв. polszczyzna kresowa), іншыя мовы разглядаліся імі як дадатак да камунікацыйнай сітуацыі, у якой функцыянуе польская мова.
 
Але перш чым брацца за гэтую тэму, якая выклікае шмат эмоцый, варта ўсвядоміць, што католікі на ўсім абшары Беларусі знаходзяцца ў сітуацыі культурнага памежжа. Я ў сваім даследаванні адмыслова не звярталася да паняцця «крэсаў», я не пішу ні пра «страту польскай мовы», ні пра «элімінацыю (выключэнне, абмежаванне — Аўт.) польскай мовы з касцёлаў», таму што ўсе гэтыя азначэнні ўтрымліваюць ацэнку.
 
— Якой Вы бачыце далейшае суіснаванне польскасці і беларускасці ў Касцёле ў Беларусі?
 
— Я прыйшла да высновы, што польскасць і беларускасць не выключаюць адна адну, а ўзбагачаюць і ўзаемадапаўняюць. У моладзі няма антаганізму паміж польскай і беларускай мовай, як і паміж польскай і беларускай нацыянальнасцю. Моладзь будуе ўласную тоеснасць на абедзвюх традыцыях — польскай і беларускай. Нацыянальная ідэнтыфікацыя католікаў Беларусі, нават паблізу яе заходняй мяжы, перажывае сёння трансфармацыю, і толькі найстарэйшае пакаленне католікаў атаясамлівае каталіцызм з польскасцю.
 
Відаць, менавіта таму той факт, што сёння польская мова адыходзіць з гэтай сферы, успрымаецца эмацыйна і з пачуццём крыўды, выклікаючы міжвольнае абурэнне католікаў з польскай нацыянальнай індэнтыфікацыяй.
 
Я хачу падкрэсліць, што палякі і беларусы павінны мець магчымасць удзельнічаць у польскамоўных набажэнствах, слухаць польскія казанні, спяваць польскія песні, здзяйсняць па-польску сакрамэнт пакуты. Аднак беларускія католікі, якія маюць польскую нацыянальную індэнтыфікацыю, павінны разумець, што прысутнасць польскай мовы ў Касцёле ў Беларусі не зможа выхаваць іх дзяцей у польскім духу, калі гэтая традыцыя не захавалася ў сям'і.

Гутарыў Ілья Лапато OCDS
Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця