Пошук

12.12.2012 00:00  

Сёлета адзначаецца 20-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Беларусь. Як складваліся гэтыя адносіны? Што з рэалізаванага на дадзеным этапе можна назваць асабліва пазітыўным? І якія існуюць перспектывы ў адносінах Беларусі з Ватыканам у будучыні? Гэтыя пытанні мы задалі Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці.

— Ваша Эксцэленцыя, распавядзіце, калі ласка, якая мэта сучаснай дыпламатыі Апостальскай Сталіцы? Якое існуе яе тэалагічнае абгрунтаванне?

Дыпламатыя Апостальскай Сталіцы нарадзілася з глыбокай зацікаўленасці Касцёла чалавекам. Гэтая зацікаўленасць вынікае з таго, што ў цэнтры хрысціянства знаходзіцца Уцелаўлёнае Слова і такім чынам — каштоўнасць стварэння, збаўленага Яго смерцю і ўваскрасеннем. Касцёл ведае, што свет прамінае, але не ігнаруе і не занядбоўвае яго, бо Бог увайшоў у гісторыю свету. Дакументам, які, быць можа, найбольш ясна абгрунтоўвае адносіны паміж Касцёлам і светам, з’яўляецца Канстытуцыя Другога Ватыканскага Сабору «Gaudium et Spes». Для Касцёла палітыка застаецца шляхетным майстэрствам кіравання людской супольнасцю паводле справядлівасці і любові. Касцёл ведае, што часта палітыка рэдукуецца да барацьбы інтарэсаў, дзе няма месца для ідэалаў, але разумее, што гэта ёсць праяўленнем людской грахоўнасці, і верыць у неабходнасць змагання за тое, каб вярнуць палітыку да высокай формы любові.

— Якімі былі адносіны Ватыкана і СССР да абвяшчэння суверэнітэту Рэспублікі Беларусь? Як гэта ўплывала на становішча беларускіх католікаў?

На пачатку сацыялістычнай рэвалюцыі зносіны Каталіцкага Касцёла з новымі рэчаіснасцямі, якія ўтвараліся, праяўляліся ва ўзаемным назіранні. Гэтыя стасункі паступова і станоўча пагаршаліся, калі станавіўся ўсё больш выразным выбар ваяўнічага атэізму, які нёс небяспеку не толькі для лёсу 8 мільёнаў католікаў, што былі ў СССР, але і для вернікаў Праваслаўнай Царквы. Апостальская Сталіца публічна асудзіла гэты атэізм, які быў навязаны народам, што традыцыйна адзначаліся глыбокай рэлігійнасцю. За сваю веру Касцёл заплаціў велізарную цану: святары, манахі і манахіні, вернікі, сасланыя ў лагеры альбо забітыя, касцёлы, разбураныя альбо перабудаваныя ў памяшканні свецкага ўжытку, біскупы, якім перашкодзілі выконваць уласныя абавязкі, і пастаянныя абвінавачанні католікаў у шпіянажы на карысць Захаду. У той жа час Апостальская Сталіца не перастала падтрымоўваць неафіцыйныя кантакты з Савецкім Саюзам, каб спрабаваць любым шляхам уратаваць вернікаў ад знішчэння. Гэта быў адзін з самых важных клопатаў Пап. Усцяж новыя намаганні кантактаў не здолелі спыніць рэпрэсій вернікаў, якія працягваліся практычна аж да пярэдадня развалу Савецкага Саюза.

Пасля Літвы, Беларусь была рэгіёнам з найбольшай доляй католікаў у адносінах да колькасці насельніцтва. Таму зразумела, што Беларусь была аб’ектам асаблівай увагі Апостальскай Сталіцы, нягледзячы на тое, што рухавіком савецкай актыўнасці заставалася Расія, адкуль выходзілі ўказанні і дырэктывы для ўсіх іншых рэспублік Савецкага Саюза, нават калі ажыццяўляліся яны не ўсюды аднолькава. Апостальская Сталіца назірала з заклапочанасцю таксама за знішчэннямі, якія былі выкліканы нацысцкім наступленнем і ў пэўны перыяд дадаліся да знішчэнняў, выкліканых савецкім атэізмам.
 
— Хто быў ініцыятарам устанаўлення дыпламатычных адносінаў Апостальскай Сталіцы і Беларусі, чый бок зрабіў першы крок?

На ўстанаўленне дыпламатычных адносін паўплываў візіт спадара Міхаіла Гарбачова да Папы Яна Паўла II. Трэба памятаць, што Папа на ўласным вопыце ведаў вынікі камуністычных рэпрэсій рэлігіі, і ад самага пачатку ягонага Пантыфікату было зразумела, што штосьці зменіцца ў гэтым блоку, які звонку здаваўся маналітным. Мушу зазначыць, што пэўнага дня Папа сказаў мне выразна, што развал Савецкага Саюза быў вызначаны ўнутранымі фактарамі, і што Пантыфік лічыў перабольшаннем тое, што яго называлі галоўнай прычынай гэтага развалу. Апостальская Сталіца з самага пачатку была зацікаўлена ў тым, каб устанавіць дыпламатычныя адносіны з дзяржавамі былога Савецкага Саюза, і трэба зазначыць, што яна спаткалася з глыбокай зацікаўленасцю з боку новых урадаў, як паказвае адносна кароткі перыяд, у які былі ўстаноўлены такія адносіны. Прагненнем Апостальскай Сталіцы было запэўніць права на свабоду веравызнання для католікаў і вызнаўцаў іншых рэлігій у гэтых краінах.

— Ці заўсёды за 20 гадоў гэтыя адносіны складваліся роўна, ці былі крызісы?

Безумоўна, не абышлося без цяжкасцяў, якія ўзнікалі на базе працягваючай існаваць ментальнасці падазронасці ў адносінах да вернікаў, а асаблівым чынам да членаў Каталіцкага Касцёла, які, дзякуючы сваёй панаддзяржаўнай натуры, не так лёгка паддаваўся беспасрэднаму кантролю палітычных уладаў. Бадай, яшчэ большыя цяжкасці ўзніклі, аднак, з-за ментальнасці тых, хто выхоўваўся з вялікай падазронасцю да рэлігійнай свабоды і да спосабаў выражэння гэтай свабоды, часта аддаючы перавагу цэнтралізаванай сістэме беспасрэднага кантролю жыцця і практыкавання рэлігіі. Не думаю, што гэта было перадусім вынікам злой волі: хутчэй справа была ў вельмі далёкіх ад сябе культурных катэгорыях, зразуменне якіх, таксама на ўзроўні міжнароднага права, патрабуе часу і цярплівасці. Гаворачы канкрэтна, здавалася, што кожны раз трэба было вырываць дабразычлівы дазвол на тое, каб гарантаваць правы вернікаў: як прыклад — вяртанне месцаў культу да ўжытку, згоднага з іх першапачатковым прызначэннем, альбо юрыдычны «статус» рэлігійных меншасцяў. Трэба аднак зазначыць, што Беларусь паказала сябе як адна з дзяржаў найбольш спагадлівых і адкрытых на падтрымку добрага суіснавання розных рэлігійных канфесій і значымае адраджэнне каталіцкай прысутнасці, нягледзячы на вядомыя гістарычныя цяжкасці.

— Як Вы ацэньваеце свае кантакты ў якасці Апостальскага Нунцыя з дзяржаўнымі ўладамі Беларусі на дадзеным этапе?

Маё ўражанне, што адносіны пазначаны духам узаемнага шацунку і ўважлівасці. Безумоўна, не ўсё можна вырашыць хутка, і ўсё ж рэлігійны аспект належыць да агульнай карціны сітуацыі ў краіне. Думаю, што дзяржаўныя ўлады Беларусі прымаюць імкненне Апостальскай Сталіцы спрыяць усімі шляхамі сапраўднаму і свабоднаму развіццю Беларусі.  Апостальская Сталіца належным чынам ацэньвае сацыяльную палітыку дзяржавы, якая скіравана на тое, каб пазбегнуць узрастання несправядлівай дыскрымінацыі ў грамадстве. У сваю чаргу, Апостальская Сталіца спрыяе працэсу дыялогу і ўзрастанню свядомасці супольнага дабра, як унутры краіны, так і ў адносінах з міжнароднай супольнасцю. Свой уклад у гэта зрабіў таксама значны прагрэс у стасунках Каталіцкага Касцёла з Праваслаўнай Царквой у Беларусі, які меў месца ў апошнія гады і які, спадзяёмся, будзе далей узмацняцца.

— Сёння Беларуская Праваслаўная Царква мае адзінае ў сваім родзе пагадненне аб супрацоўніцтве з Рэспублікай Беларусь. А ці ёсць у Беларусі перспектыва хуткага падпісання пагаднення з Апостальскай Сталіцай? Ці існуюць, магчыма, нейкія цяжкасці ў сувязі з гэтым пытаннем?

Існуе зацікаўленасць з абодвух бакоў. Пад увагу трэба ўзяць далікатныя аспекты гэтай сітуацыі, якія паступова павінны знайсці зразуменне і быць высветленымі.  Сітуацыя характарызуецца спецыфікай такой эвентуальнай дамовы: яна не была б унутрыдзяржаўнай дамовай паміж Рэспублікай Беларусь і беларускімі католікамі, а міжнароднай дамовай паміж двума самастойнымі і суверэннымі суб’ектамі міжнароднага права —  Рэспублікай Беларусь і Апостальскай Сталіцай. Таму юрыдычная прырода такой дамовы была б іншая, чым прырода існуючага Пагаднення аб супрацоўніцтве, заключанага паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Рэспублікай Беларусь, якое з’яўляецца дамовай, заснаванай на нацыянальным праве Рэспублікі Беларусь, у той час, калі міжнародная дамова павінна браць пад увагу прававыя сістэмы абодвух суб’ектаў міжнародна-прававых адносін. Трэба ўдакладніць, што розніца пагадненняў на нарматыўным узроўні зусім не азначае таго, што Каталіцкі Касцёл просіць для сябе прывілеяў, якія не былі б гарантаваны братам праваслаўным.

— Ці ўлічваеце Вы тактыку і вопыт Вашых папярэднікаў на пасадзе Апостальскага Нунцыя ў Беларусі? Што з рэалізаванага Вамі тут найбольш Вас цешыць?


Нельга такога ўявіць, каб Апостальскі Нунцый мог бы і хацеў бы не звяртаць увагі на працу, якую зрабілі ягоныя папярэднікі, заслуга якіх тым большая, чым у больш складаных варунках яны былі пакліканы дзейнічаць, перадусім на пачатку. Не трэба забывацца, што Нунцый — гэта не галоўны герой дыпламатычных здарэнняў, а толькі прадстаўнік Апостальскай Сталіцы, якая вызначае прыярытэты і спосабы свайго ўмяшання. Было б доўга пералічваць пазітыўныя справы, якія ўжо зроблены: хацеў бы падсумаваць усё ў тым факце, што каталіцкая супольнасць у Беларусі ўзрастае ў практыкаванні ўласнай веры, у свядомасці ўласных гістарычных каранёў, у гонары з прыналежнасці да беларускай культуры і, урэшце, у факце ўзрастаючага супакою пасля дзесяцігоддзяў вялікай небяспекі і падполля.

— Ці цяжка, па Вашых асабістых адчуваннях, прадстаўляць інтарэсы Святога Пасаду ў Беларусі?


Шчыра кажучы, і не кажу гэта дзеля падхалімства, для мяне гэта вялікі прывілей прадстаўляць Апостальскую Сталіцу ў Беларусі. Тут я спаткаў народ вельмі таленавіты і пакорны, які жыва зацікаўлены верай у Бога і ў практыкаванні яе ў штодзённым жыцці. Менавіта вера здольная выхоўваць сумленных грамадзян, якім можна давяраць, бо яны адказныя перад Богам, які бачыць тое, што не бачна людскім вокам. Я рады бачыць руплівасць, з якой беларусы імкнуцца нанова адкрыць сваю ідэнтычнасць і культуру, і тое, як Каталіцкі Касцёл удзельнічае ў гэтым працэсе. Я знаходжуся ў сітуацыі гістарычна і палітычна патрабавальнай, але стымулюючай, калі роля Апостальскай Сталіцы заключаецца ў служэнні беларускаму народу. Служенне гэтае выражаецца ў працы дзеля ўзросту ідэалаў і маральнасці, дзеля развіцця ўсё больш гарманічных адносін з міжнароднай супольнасцю, якія базуюцца на прамоцыі духоўных і чалавечых каштоўнасцяў і на лаяльнасці, на праве шукаць уласную будучыню паводле свабоднага выбару, натхнёнага добрымі намерамі, у духу раўнапраўнага супрацоўніцтва з шацункам да ўсіх і да ўсяго.

— Вялікі дзякуй за размову!

Размаўляла Анастасія Грышан

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця