Пошук

02.10.2012 14:29  

З 7 па 28 кастрычніка ў Ватыкане пройдзе Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі. Беларусь на ім прадставіць Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Навошта збіраюцца cіноды і як прайшоў ў Беларусі Год новай евангелізацыі, чытайце ў інтэрв’ю Сatholic.by.

— У наступную нядзелю распачнецца Сінод Біскупаў, у якім Вы, Ваша Эксцэленцыя, прымеце ўдзел. Раскажыце, калі ласка, як даўно збіраюцца сіноды, з якой перыядычнасцю і з якой мэтай.

— Тэарэтычна першым сінодам лічыцца сустрэча Апосталаў у Іерусаліме, каб разгледзець некаторыя справы Касцёла. Далей у першыя стагоддзі хрысціянства збіраліся біскупы, былі сіноды. Потым ад гэтай практыкі неяк адыйшлі. І толькі Другі Ватыканскі Сабор ізноў падняў тэму калегіяльнасці апосталаў на чале з Пятром нашага часу. Папа Павел VI устанавіў інстытут сіноду з мэтай разглядаць найбольш актуальныя пытанні Касцёла, каб, чытаючы знакі часу, старацца адказаць на іх. Гэта, можна сказаць, дарадчы орган пры Папе. Збіраюцца сіноды кожныя тры-чатыры гады. Ужо прайшлі 12 звычайных сінодаў, праводзяцца таксама надзвычайныя сіноды (11), кантынентальныя сіноды.

Сінод не займаецца дакрынальнай справай, ён вырашае душпастырскія праблемы, стараецца знаходзіць адказы на пытанні сучаснасці.

— Хто становіцца ўдзельнікам Сіноду Біскупаў?

— У сінод уваходзяць біскупы з усіх краін свету. Альбо Канферэнцыя Біскупаў выбірае дэлегата (дэлегатаў) або прызначае Папа (у краінах, дзе няма епіскапатаў). У сінодзе ўдзельнічаюць таксама кіраўнікі ўсіх ватыканскіх ведамстваў, запрашаюць вядомых біскупаў і свецкіх асоб (так, сёлета з Расіі запрошаны Міхаіл Фацееў, генеральны прадзюсар тэлекампаніі «Цэнтр Санкт-Пецярбург»).

— У чым асаблівасці сёлетняга сіноду?

— Тэма сіноду — новая евангелізацыя. Мы бачым сёння крызіс веры, а Апостал Павел выразна кажа аб тым, што вера ад слухання. Таму ўсяму Касцёлу і кожнаму чалавеку паасобку варта задумацца над тым, як мы абвяшчаем Божае слова, каб яго пачулі. У гомане сучаснага свету неабходна шукаць новыя спосабы абвяшчэння Евангелля. Евангелле, канечне, засталося тым жа, яно нязменнае. Але з часам змяняюцца шляхі і метады яго абвяшчэння.

Сінод зоймецца пошукам шляхоў узмацнення і аднаўлення веры, таму падчас яго ў Паўсюдным Касцёле распачнецца Год веры, мэта якога — нанова абудзіць веру католікаў, якія адышлі ад Касцёла, веру тых, хто перажывае крызіс веры. Усё часцей людзі не жадаюць ведаць Бога альбо жадаюць Яго бачыць такім, якім хочуць, якім ім выгодна.

— У чым заключаецца Ваш удзел у сінодзе? Вы кажыце пра рэаліі Беларусі, прадстаўляеце нашу краіну?

— Кожнаму дэлегату даецца толькі пяць хвілін на прадстаўленне сітуацыі ў Касцёле сваёй краіны. Паколькі я адзін прадстаўляю Беларусь на сінодзе, то зрабіць гэта грунтоўна дастаткова складана, але магчыма. Казаць пра тэму свайго выступлення пакуль што не магу.

Сам, як і ўсе, удзельнічаю ў працоўных, моўных групах, дыскусіях, пасля працы якіх занатоўваюцца прапановы. Згодна з імі Папа піша апостальскую адгартацыю.

— У Беларусі гэты год быў абвешчаны Годам новай евангелізацыі як падрыхтоўка да Года веры. Падводзячы вынікі, скажыце, якія душпастырскія ініцыятывы з запланаваных удалося ажыццявіць?

— У гэты час мы хацелі данесці да людзей, наколькі важна ведаць і разумець Божае слова. Казаць, што яно — адна з крыніц нашай веры і што абвяшчаць яго павінны не толькі духоўныя асобы, але і вернікі, перш за ўсё сваім жыццём.

Кажуць, што новае — гэта добра забытае старое. Таму імкнуліся таксама адрадзіць традыцыйныя набажэнствы (працэсіі, адпусты, асабліва пілігрымкі). Гэта важна асабліва на Захадзе, але і ў нас.

— У пасланні на Год новай евангелізацыі Вы казалі, што новым арэапагам для новай евангелізацыі з’яўляюцца СМІ. Ці адбыліся змены ў гэтай сферы?

— Гэта арэапаг і разам з тым амбона, самая вялікая амбона. Адным з эфектыўных шляхоў новай евангелізацыі з’яўляюцца сродкі масавай інфармацыі. Калі нават нашыя касцёлы поўныя, то слова Божае ўсё адно чуе толькі невялікая група людзей. Праз СМІ яго могуць пачуць многія. Не ўсе ходзяць у Касцёл, але ўсе ці глядзяць тэлебачанне, ці слухаюць радыё, ці наведваюць інтэрнэт-сайты.

За пацвярджэннем гэтага не трэба хадзіць далёка. Сёлета на сустрэчу моладзі ў Івянцы завітала копія абраза Маці Божай Чэнстахоўскай (адкуль вялася онлайн-трансляцыя). І калі  абраз прывезлі ў Латвію, то жыхары распавядалі, што за прабываннем яе ў Івянцы сачылі ў Інтэрнэце.

Бог так благаславіў нас, што за гэты год з’явілася шмат новых перадач на дзяржаўным тэлебачанні. Прайшоў семінар па пытаннях новай евангелізацыі і СМІ ў Баранавічах і кангрэс у Гродне.

— Якімі, на Вашу думку, павінны быць каталіцкія СМІ, каб больш эфектыўна абвяшчаць Евангелле?

— Быць больш актыўнымі і сучаснымі. Прывабнымі. Каб чалавек, які зайшоў на каталіцкі сайт, знайшоў на ім штосьці для сябе. Для гэтага трэба адказваць на пытанні, якія нам задаюць людзі. Таксама сайты, якіх у нас вельмі многа, павінны стварацца не для колькасці, а для якасці.

Падаваць праўдзівую інфармацыю, каб не ўвадзіць у замяшанне чытача.

— Што чакае Касцёл Беларусі ў Год веры? Якія душпастырскія ініцыятывы запланаваны?

— Так супадае, што ў 2013 г. мы будзем перажываць 400-годдзе прабывання цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. І святкаванні, як казалі раней, пройдуць сімвалічна пад назвай «Марыя — Маці нашай веры». У кастрычніку гэтага месяца распачнецца Агульнанацыянальная перэгрынацыя копіі абраза па большасці парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, па катэдрах, санктуарыях, семінарыях і буйных парафіях іншых дыяцэзій.

Плануем правесці катэхетычны сімпозіум. Нагадаю, што абвяшчэнне Года веры звязана таксама са святкаваннем 50-годдзя пачатку Другога Ватыканскага Сабору і 20-годдзя выдання Катэхізісу. Будзе таксама сімпозіум, прысвечаны сабору, а таксама св. Кірылу і Мяфодзію, як Апосталам славянаў. А таксама дні моладзі, чуванні моладзі.

— Дзякуй за размову! Плённай працы на сінодзе!

Гутарыла Святлана Жылевіч

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця