Айцец Якаб Фёрг MSC з Ордэна місіянераў Сэрца Езуса, хоць і працуе ў Аўстрыі, яго імя добра вядома кнігавыдаўцам ва Усходняй Еўропе. Займаючыся выдавецкай дзейнасцю, айцец Якаб не раз дапамагаў выдавецтвам з Літвы, Латвіі, Украіны, а таксама Беларусі. Гэтым разам, будучы ў Беларусі праездам, законнік завітаў у выдавецтва «Pro Christo», а таксама наведаў Душпастырскі цэнтр у Мінску. Пра сваю дзейнасць у сферы кнігавыдавецтва законнік распавёў у гутарцы з Catholic.by.
— Я нарадзіўся ў Фрайзінгу, што побач з Мюнхенам (Баварыя). Пасля ўступлення ў ордэн айцоў-місіянераў вучыўся на тэалагічным факультэце ў Інсбруку. Пасля была душпастэрская праца ў Зальцбургу і Лінцы. Апошнія 30 гадоў жыву і працую ў Зальцбургу. Сваю працу я развіваў у накірунку Усходняй Еўропы. У гэтым мне дапамагла дабрачынная арганізацыя Kirche in Not («Касцёл у патрэбе» — Рэд.). Таксама я працаваў у дабрачыннай арганізацыі Christian Solidarität International («Міжнародная салідарнасць хрысціянаў» — Рэд.).
У 1988 г. я ўпершыню наведаў Усходнюю Еўропу. Гэта было моцнае перажыванне: настаўнікі рэлігіі ва Украіне на той момант зусім не мелі падручнікаў. Тым разам акрамя Украіны мы наведалі таксама Чэхаславакію і Польшчу. Вынікам той паездкі стаў прывоз ва Украіну Бібліі — Новага Запавету. Мы зладзілі шмат дабрачынных акцый па дастаўцы ва Украіну і Румынію Бібліі. Таксама сабралі сродкі на куплю падручнікаў для дзяцей нядзельных школ. Але адна такая кніга мела толькі пяць старонак і заканчвалася літаральна на трэцяй главе. Гэтых трох параграфаў хапіла для таго, каб мы змаглі атрымаць новае заданне — выданне кніг ва Усходняй Еўропе.
— Якім стаў вынік гэтай працы?
— Нашы місіянеры надрукавалі 270 тысяч экземпляраў кніг агулам на 4-5 мовах. Пасля я наведаў Каўнас. 114 тысяч Біблій было падаравана епіскапату Літвы аўстрыйскімі касцёльнымі газетамі. Мы ўдзельнічалі ў вялікай урачыстай Імшы з цудоўнай касцёльнай музыкай, яна была вельмі ціхай. З часам я зразумеў, што там шмат чаго не хапае. Адукаваных музыкаў, якія маглі б дзесьці вучыцца (акрамя рэлігійных сем'яў), адсутнічалі таксама ноты для арганістаў і курыі. Паступова мы пачалі збіраць разам ноты, каб перадаць іх у Літву і Латвію, гаворка тады вялася пра гэтыя краіны, дзе ёсць шмат каталіцкіх парафій. Штосьці таксама было перададзена ў Беларусь (толькі не ў такой колькасці), а таксама на Украіну, дзе мы падтрымлівалі некаторыя каталіцкія парафіі.
— Распавядзіце пра свой першы візіт у Беларусь. Якім Вы ўбачылі Касцёл тут?
— Упершыню я наведаў Мінск у 1994 годзе. Катэдра знаходзілася ў хаатычным стане: унутры ўсё яшчэ была спартыўная зала. Гэта яшчэ раз паказвала, які прымітывізм быў у камуністычнай сістэме і як прымітыўна ён выкарыстоўваў культавыя будынкі. Дзякаваць Богу, што сёння той час мінуў.
Тады ж цяжка было здагадацца, што гэты спартыўны будынак — Божы дом. Мінская катэдра ўжо не мела вежаў... Але ж вернікі не могуць жыць, як у лядоўні. Нам патрэбны Грыгарыянскі харал, нам патрэбная рэлігійная музыка, нам патрэбна Евангелле, нам патрэбны будынак для малітвы, для прабывання ў цішыні…
— Якія асаблівасці ў змене аблічча Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Вы хацелі б падкрэсліць з пазіцый сённяшняга дня?
— Змянілася вельмі шмат. Я наведваю зараз касцёлы — і гэта неверагодна, колькі там моладзі і маладых сем’яў! Гэта вельмі радуе мяне. Сакрамэнт паяднання з Богам не зможа замяніць ніводзін псіхолаг. Я цешуся з таго, наколькі ўзрос узровень касцёльнай музыкі ў Беларусі і канкрэтна ў мінскай катэдры — Імша павінна быць перажываннем для вернікаў, тады яна дасягне іх сэрцаў — праз Хрыста, праз Евангелле, праз сакрамэнты…
А колькі Імшаў прапанавана ў Чырвоным касцёле! Гэта неабходна такому вялікаму гораду. Калі казаць пра літаратуру, то лепшыя кнігі ў выдавецтве «Pro Christo» ўжо выдаюцца.
Кожнаму пакаленню патрэбны свае кнігі. Мне хацелася б, каб той ці іншы мільянер падтрымліваў не банальныя рэчы, а тое, што магло б па-сапраўднаму дапамагчы людзям. Напрыклад, тая ж кніга.
Як казаў адзін мой субрат, «трэба чытаць не добрыя кнігі, а вельмі добрыя». Тое ж і з выданнем: трэба выдаваць не проста добрыя кнігі, а самыя лепшыя. І я ўдзячны за тое, што кнігі для дзяцей, прапанаваныя мною выдавецтву «Pro Christo», у Беларусі таксама былі надрукаваны (кнігі Ленэ Маер-Скуманц «БЭТЛЕЕМСКАЯ ЗОРКА», «ФРАНЦІШАК АСІЗСКІ І ЯГО ПАПЛЕЧНІКІ», «МАРЫЯ МАГДАЛЕНА», «ГІСТОРЫІ ПРА ЦІНО І ЦІНУ» — Рэд.).
— Вы расказалі пра выданне Новага Запавету, аднак я ведаю, што Вы займаецеся таксама выданнем і дзіцячай літаратуры.
— Так. Напрыклад, у нас у Аўстрыі ёсць вельмі ангажаваная аўтарка Ленэ Маер-Скуманц. Яна жыве ў Вене і ўжо напісала больш за 100 кніг, большасць з якіх — для дзяцей. Акрамя гэтага яна піша і крымінальныя раманы (усміхаецца — Аўт.). Дзіцячыя кнігі Ленэ выкарыстоўваюць падчас катэхезаў у Аўстрыі і Германіі. Яны ёсць у бібліятэках Нямецкай і Аўстрыйскай Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў. Унікальнасць яе гісторый у тым, што яны не завершаныя. Гэта дае дзецям магчымасць абдумаць сюжэт, разважаючы над тым ці іншым учынкам галоўнага героя. Сярод іншых прац Ленэ Маер-Скуманц вылучаецца гісторыя пра савяня. Яна не толькі для дзяцей, але таксама для моладзі і дарослых. Гэту гісторыю можна прачытаць на сайце www.kleine-eule.net. Гісторыя перакладзеная на 39 моваў свету, і на беларускую таксама.
— Чаму менавіта гісторыя пра савяня была выбрана для перакладу на такую вялікую колькасць моваў?
— Ідэя гэтай гісторыі прыйшла да аўтаркі падчас яе знаходжання ў паўднёвым Тыролі ў Італіі. Там яна пабачыла выяву савяняці, якая адсвечвалася ў акулярах. Маючы багатую фантазію, аўтарка прыдумала з гэтай нагоды асобную гісторыю: пра тое, як маленькая сава ўпершыню вылецела на прыроду, на цудоўныя краявіды, створаныя Богам, і калі савяня вярнулася дадому, расказала бацькам, што ў будучыні хацела б распавядаць пра тое, што яна пабачыла і перажыла. І бацька савяняці адказаў: «Думаю, табе прыйдзецца цяжка сярод людзей, бо яны надта мала вераць каму іншаму. На што савяня адказала: я буду лятаць да таго моманту, пакуль не знайду таго, хто мне паверыць.
Гэта гісторыя для тых, хто яшчэ не адкрыў для сябе прыгажосць Божай прыроды.
— На Вашу думку, якую ролю адыгрываюць кнігі для дзяцей у «новай евангелізацыі"?
— З абвяшчэннем Божага слова для маленькіх дзетак не трэба зацягваць. Гаварыць пра Бога варта пачынаць настолькі рана, наколькі магчыма. Асабліва ва Усходняй Еўропе, дзе бабулі яшчэ чытаюць сваім унукам кніжкі. Дзеці вылучаюцца сваёй цікаўнасцю. Яны «галодныя» да праўды Евангелля. Дзеці заўжды задаюць пытанні, гэтым самым евангелізуючы і сваіх бацькоў. Вядома, так адбываецца не заўсёды, але роля кніг у гэтым працэсе вельмі важная.
Размаўляў Ілья Лапато