Пошук

30.08.2012 10:13  

Адным з гасцей і экспертаў на Першым кангрэсе каталіцкіх СМІ Беларусі стала Алена Кулыгіна, рэдактар Рэлігійна-інфармацыйнай службы Украіны, прэс-сакратар паломніцкага цэнтра «Рафаіл», сааўтар кнігі «Царква і СМІ: 7 крокаў да ўзаемаразумення». Акурат пра гэтыя «крокі» і пра тое, як Касцёл павінен супрацоўнічаць са СМІ мы і вырашылі паразмаўляць са спадарыняй Аленай.

— Скажыце, калі ласка, наколькі поўна Каталіцкі Касцёл Украіны прадстаўлены ў інфармацыйнай прасторы?

— Рэлігійная карта Украіны дастаткова шырокая. Большасць грамадзянаў з’яўляюцца праваслаўнымі (каля 70% пазіцыянуюць сябе такімі), грэка-католікі складаюць 9% ад усёй колькасці насельніцтва, а рыма-католікі — 3%; ёсць мусульмане, юдэі.

Журналісты-хрысціяне, якія працуюць у свецкіх СМІ, робяць больш якасны прадукт. Аднак часта, працаўнікам медыя вельмі складана разабрацца ў палітры веравызнанняў, а з другога боку Цэрквы не заўсёды дастаткова актыўны в дыялогу. Хто ж ідзе на кантакт — атрымлівае добры вынік.

Рыма-каталіцкія СМІ Украіны дынамічна развіваюцца. Сярод буйнейшых выданнняў можна назваць «Каталіцкі веснік», часопіс «Credo», «Радыё Марыя», тэлеканал «EWTN», якія добра вядомы не толькі католікам; а таксама многія іншыя. Важна, што шмат святароў прысутнічаюць у Інтэрнэце, вядуць свае блогі, даюць каментары; ёсць інфармацыйныя сайты.

— Напэўна, хочацца, каб вашыя СМІ чыталі, наведвалі не толькі хрысціяне, але і тыя, хто яшчэ шукае Бога, няверуючыя. А што такіх людзей можа зацікавіць у жыцці Касцёла? Як быць цікавымі для іх і не сумнымі?

— Адна з нашых задач (у тым ліку партала «RISU», дзе я працую рэдактарам) — паказаць Касцёл нясумным. Мы стараемся тлумачыць так званую царкоўную мову на больш даступную і зразумелую.

Свецкія людзі, нават калі яны называюць сябе хрысціянамі, не так часта бываюць у святыні і могуць нават не ведаць, якім насычаным і разнастайным з’яўляецца жыццё хрысціянаў. А свецкія журналісты часта могуць нават не ведаць, як да каго правільна звярнуцца.

Належыць казаць пра тое, што важна для Касцёла і не забываць аб тым, што турбуе людзей. Таму вельмі папулярнымі з’яўляюцца каментарыі да пытанняў эканамічнага, палітычнага, сацыяльнага жыцця грамадства. Людзі хочуць ведаць, што Касцёл, іерархі думаюць наконт праблем іх штодзённага жыцця.

А перад касцёльнымі святамі людзі шукаюць інфармацыю пра іх крыніцы, традыцыі. І гэтую інфармацыю трэба прадастаўляць.

— А што вы разумееце пад мовай чытача, на якой трэба пісаць каталіцкаму журналісту?

— Гэта, канечне, і лексіка, і стылістыка. Гэта і навыкі пісаць тэксты па належнай структуры (асабліва датычыць прэс-рэлізаў).  Важна таксама ўлічваць актуальнасць тэм, пра што мы казалі вышэй.

Усяму трэба і можна навучыцца. Таму мы напісалі кнігу «Царква і СМІ: 7 крокаў да ўзаемаразумення», якая дапамагае Касцёлу актыўна прысутнічаць ў СМІ.

З іншага боку нашыя чытачы дастаткова распешчаныя і хочуць чуць толькі прыемнае для свайго слуху. Таму нельга страчваць баланс і падтакваць публіцы, якая сёння будзе вам пляскаць у далоні, а заўтра пачне крычаць «распні!».

Задача журналістаў не інтэрпрытаваць праўду ва ўгоду каму-небудзь, але быць даставернай крыніцай інфармацыі, нават калі гэта камусьці не падабаецца, у тым ліку чытачу. Мы не баімся крытычных водгукаў, але гэта не забірае наша права казаць, цытаваць тых спікераў, якія незаўсёды зразумелыя ці няўгодныя, што асабліва распаўсюджана ў шматканфесійным грамадстве.

Чытача трэба ў тым ліку фарміраваць, прапаноўваючы яму якасны інфармацыйны прадукт, а не апускацца на самы ніжні ўзровень камунікацый.

— Чаго лепш пазбягаць каталіцкім СМІ, каб не згубіць аўдыторыю, але пашыраць яе?

— Нельга замыкацца на сабе. На вашым форуме шмат казалі пра тое, што нам нельга прабываць у сваім камфортным і прыемным гета. Важна гутарыць са свецкімі журналістамі, наведваць прэс-канферэнцыі, майстар-класы. Каб з аднаго боку сачыць за развіццём тэндэнцый журналістыкі, за тым, чым жыве інфармацыйны свет, і чым азадачаны свецкія калегі. Таму што ў адваротным выпадку розніца, дысбаланс паміж свецкімі і рэлігійнымі СМІ, паміж праблемамі Царквы, якія асвятляюцца ў рэлігійных і свецкіх выданнях, прывядзе да таго, што чытач перастане нам верыць.

Не замыкацца на тым, што бачым, але і каментаваць тое, як бачыць нас грамадства, рэагаваць на крытычныя публікацыі. Не баяцца складаных тэм, а шукаць кампетэнтных асоб, якія б маглі даць паўнавартасны адказ на пэўную праблему.

Чытач чакае ад нас дыялога, адкрытасці і праўдзівасці. І гэта выклік для каталіцкіх журналістаў. Яго адказнасць у тым, каб іншыя ўбачылі праўдзівае аблічча Касцёла.

— З якімі стэрэатыпамі ў бачанні Касцёла Вам прыходзіцца змагацца, разбураць іх?

— Першы стэрэатып заключаецца ў тым, што Каталіцкі Касцёл нібы польскі і моліцца па-польску. Калі СМІ падымаюць гэтую і іншыя праблемы, калі чытачы пытаюць і атрымліваюць адказ, то стэрэатып пакрыху разбураецца.

Ёсць, канечне, і іншыя стэрэатыпы, якія ў пераважнай большасці звязаны з тым, што людзі проста не ведаюць, што такое Каталіцкі Касцёл. На жаль, некаторыя сілы падтрымліваюць гэтыя стэрэатыпы. Нам жа іх неабходна разбураць.

— А як Вы думаеце, што у гэтай справе і ў цэлым ў стварэнні праўдзівага вобразу Касцёла больш эфектыўна: павелічэнне колькасці каталіцкіх СМІ ці больш актыўная праца Касцёла са свецкімі журналістамі?

— Я думаю, што гэтыя два працэсы павінны развівацца паралельна, паколькі прысутнасць католікаў у свецкіх мас-медыя надзвычай важная. Будучы часткай пэўнага рэдакцыйнага калектыву, такія журналісты ведаюць, што цікавіць іншых, некатолікаў і, можа, нехрысціянаў. З іншага боку, яны самі могуць разбураць пэўныя стэрэатыпы, будучы католікамі і часткай прафесійнага асяроддзя. Журналістам-католікам, якія працуюць у свецкіх СМІ, прасцей быць у курсе спраў Касцёла і хутка і якасна паведамляць пра важную падзею.

Развіццё каталіцкіх СМІ таксама вельмі важна, асабліва прысутнасць у інтэрнэце. Ёсць такое выказванне: калі цябе не ведае Google, значыць цябе няма ў інфармацыйным грамадстве. Важна, калі чытач, карыстальнік, які шукае Бога ў сваім асабістым жыцці, хоча зразумець, хто такія католікі і чым з’яўляецца Каталіцкі Касцёл, знаходзіў верагодную інфармацыю з першакрыніцы. Таму патрэбна, каб каталіцкія СМІ былі моцнымі,  якаснымі і добра праіндэксаванымі пошукавымі сістэмамі. Ваша інфармацыя павінна быць даступнай кожнаму.

— На кангрэсе шмат казалі пра неабходнасць у Беларусі падрыхтоўкі кадраў, правядзенне курсаў для тых, хто працуе ў каталіцкіх СМІ. Чаму, на вашу думку, павінны вучыць такія курсы?

— Ва Украіне было і ёсць некалькі спроб узрошчваць свае кадры. У тым ліку ў Каталіцкім львоўкім універсітэце, дзе я працую, існуе магістэрская праграма для журналістаў. Там вывучаецца параўнальная тэалогія розных канфесій і вучаць майстэрству журналістыкі. Семінарысты таксама вывучаюць асновы журналістыкі на спецыяльных курсах, 2–3 разы на год праходзяць сустрэчы каталіцкіх журналістаў.

У Беларусі вельмі прыемна і важна, што біскупы, як і на гэтым кангрэсе, сярод журналістаў. Бо падтрымка мае вялікае значэнне для працаўнікоў СМІ, каб ведаць, што ў інфармацыйнай прасторы яны не адны, і каб казаць, што гатовы служыць адзіным фронтам.

— Што б Вы пажадалі працаўнікам каталіцкіх СМІ Беларусі? Чаго нашым медыя не хапае?

— Я думаю, што вучыцца трэба заўсёды, незалежна ад вашага вопыту працы ў журналістыцы. Думаю, што працу трэба матываваць, удасканальваць. Даваць магчымасць маладым журналістам стажыравацца як у беларускіх каталіцкіх СМІ, так і замежных. Часцей збірацца з калегамі, каб мець магчымасць бачыць больш шырокія перспектывы развіцця, каб натхняцца і набірацца ідэй, развівацца, будаваць планы. 

Святлана Жылевіч


Алена Кулыгіна
— рэдактар Рэлігійна-інфармацыйнай службы Украіны, прэс-сакратар паломніцкага цэнтра «Рафаїл». Каардынатар школы «PR для Цэркваў і рэлігійных арганізацый» РІСУ, г. Львоў. Прафесійная адукацыя: Харкаўскі нацыянальны ўніверсітэт імя В. Н. Каразіна, спецыяльнасць — журналістыка (выпуск у 2008 г.). Выкладае журналістыку і курс «PR на службе Царкве» ва Украінскім каталіцкім універсітэце (г. Львоў), у Львоўскай багаслоўскай семінарыі ЦХВЕУ, Кіеўскім біблейскім інстытуце. Сааўтар кнігі «Царква і СМІ: 7 крокаў да ўзаемаразумення».

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.