Спадар Цьеры Бонавентура, вывучаючы замежныя мовы, нават не думаў, што яны яму так спатрэбяцца. Акрамя родных французскай і італьянскай моў, ён валодае англійскай і нямецкай, разумее турэцкую, лацінскую і грэчаскую. У бліжэйшых планах — вывучыць рускую і кітайскую. Вось ужо сем гадоў Цьеры Бонавентура працуе прэс-сакратаром Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы (ССЕЕ). Пра сваю працу, кантакты са свецкімі журналістамі і ўражанні ад Беларусі спадар Цьеры распавёў для Сatholic.by.
— Распавядзіце, як выглядаюць структуры Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы?
— Рада біскупскіх канферэнцый Еўропы — гэта маленькая арганізацыя па ўтварэнні, але зусім не маленькая па колькасці ўдзельнікаў. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі 33 краін Еўропы, пачынаючы ад Ірландыі і заканчваючы Расійскай Федэрацыяй. Наша арганізацыя з’яўляецца адмысловай сеткай, якая аб’ядновае розныя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы. Мы — рада такіх канферэнцый. У нас ёсць свой старшыня (кардынал Пэтэр Эрда з Венгрыі), а таксама свой прэзідыум — два віцэ-старшыні: адзін з Італіі, другі з Польшчы. Наша праца скаардынавана непасрэдна з Ватыканам. У нас ёсць свая старонка ў інтэрнэце, а з нядаўняга часу з’явіўся яшчэ адзін новы партал: eurocathinfo.eu. Усе біскупскія канферэнцыі могуць дасылаць нам свае навіны для публікацыі на нашым партале. Інфармацыя ў нас з’яўляецца на чатырох мовах: французскай, англійскай, італьянскай і нямецкай. Але для гэтага партала выкарыстоўваюцца і іншыя мовы. Напрыклад, турэцкая, албанская ці руская. Амаль у кожным епіскапаце ёсць пэўная асоба, з якой мы падтрымліваем кантакт і якая дасылае нам інфармацыю аб дзейнасці епіскапату сваёй краіны.
Шмат працуем з генеральнымі сакратарамі Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў, таксама штогод ладзім адмысловыя сустрэчы для прэс-сакратароў ККБ. Тэма нашых сустрэч праходзіць па розных накірунках — еўрапейская інтэграцыя, сацыяльная камунікацыя, роля сям’і ў сучасным свеце.
Напрыклад, у канцы верасня ў нас павінна адбыцца вялікае пасяджэнне прадстаўнікоў ККБ, куды прыбудуць у тым ліку і біскуп Аляксандр Кашкевіч разам з архімандрытам Сяргеем Гаекам. Мы ўжо супрацоўнічалі з біскупам Антоніем Дзям’янкам і кс. Аляксандрам Амяльчэнем.
— Як прэс-сакратар Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы, відавочна, Вы кантактуеце і са свецкімі журналістамі. Як наладжана гэта праца?
— У Еўропе журналісты больш адкрытыя. Але апісаць іх можна наступным чынам: яны працуюць для ўсіх і не для каго. Калі гаворка ідзе пра нейкія праблемы, то цікавасць з боку свецкіх журналістаў імгненна ўзрастае. Яны па максімуму «ахопліваюць» тэму. Калі ўзяць, скажам, праблему педафіліі, то, напрыклад, італьянскія журналісты імкнуцца ахапіць прычыны гэтай праблемы.
Я лічу, што не так важна, свецкі вы чалавек або не. Галоўнае, каб вы ўсведамлялі, што вы хрысціянін. Трэба быць адкрытымі на супрацоўніцтва. Але для гэтага трэба працаваць крыху больш. З прычыны таго, што не ўсе свецкія журналісты сочаць за сітуацыяй у Касцёле і разумеюць яе праблемы, часта даводзіцца тлумачыць тыя ці іншыя тэрміны або сэнс абрадаў. Шмат чаго свецкія журналісты не разумеюць. Але калі ты адкрыты і ветлівы, калі выдаткоўваеш асобны час на тое, каб патлумачыць людзям незразумелыя для іх нюансы, тады праца ідзе спарней.
— На Вашу думку, з кім са свецкіх журналістаў прасцей знайсці дыялог: з працаўнікамі радыё, тэлебачання або журналістамі інтэрнэт-СМІ?
— Я думаю, гэта не надта добрае пытанне (усміхаецца — Рэд.). Кожнае з медыя мае свае плюсы. Зразумела, інтэрнэт у параўнанні з іншымі СМІ каштуе трохі танней. У інтэрнэце можна мець вэб-ТВ, радыё. Камунікацыя іншая. Мяркую, што інтэрнэт для першых кантактаў сёння — найлепшы інструмент. Аднак калі мы хочам наладзіць больш грунтоўны кантакт, нам патрэбныя і іншыя медыя. Пытанне толькі ў тым, як шмат нам, як католікам, хочацца кантактаваць. Я заўважыў, што ў каталіцкіх СМІ часам з’яўляецца страх перад камунікацыяй са свецкімі медыя. Але мы не павінны баяцца. Трэба будаваць масты.
— Якія прыклады такіх «мастоў» Вы маглі б прывесці?
— Напрыклад, я магу выпіць кубачак кавы з журналістам і ў кафэ. Для мяне няважна, свецкі гэта журналіст ці не. Камунікацыя не павінна абмяжоўвацца толькі пратакольнымі мерапрыемствамі. Таму журналісты, з якімі я працую, атрымоўваюць ад мяне электронныя віншаванкі і на Каляды. У першую чаргу трэба разумець, што спачатку ты хрысціянін, а ўжо пасля — журналіст. Калі ты ідзеш на сустрэчу і пасля павінен напісаць пра яе, рабі гэта аб’ектыўна і праўдзіва. Яшчэ трэба як мага часцей размаўляць са свецкімі калегамі. Калі ты не будзеш мець перадузятасці ў дачыненні да іх, то яны адгукнуцца на тваю адкрытасць і будуць паважаць цябе. А калі ёсць сяброўства, будзе і ўсё астатняе.
— Раскажыце ў двух словах пра сябе: ці думалі калі-небудзь, што будзеце працаваць прэс-сакратаром Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы?
— Гэта асобная гісторыя (усміхаецца — Рэд.). Ва ўніверсітэце, напрыклад, я ўвогуле вывучаў археалогію і класічную літаратуру. Аднак ужо студэнтам шмат пісаў для розных газет. Раней — да ўключэння Італіі ў Балонскі працэс — калі ты хацеў працаваць у журналістыцы, табе не абавязкова было мець дыплом журналіста. Ты мог адразу працаваць і вучыцца гэтай справе непасрэдна на практыцы. У мяне была добрая школа і ў 30 гадоў я меў нядрэнны вопыт.
Калі я атрымаў запрашэнне працаваць ў Швейцарыі, спачатку не ведаў, ці атрымаецца, але нехта пагутарыў з папам Янам Паўлам ІІ і ён падтрымаў маю кандыдатуру. За гэтыя гады я шмат чаму навучыўся. У Еўропе сёння не існуе нейкай канкрэтнай мадэлі журналістыкі, ёсць шэраг непадобных адна да адной схем. Я быў добра «вымуштраваны» па італьянскай журналістыцы, але шмат чаго пачарпнуў з журналістыкі Францыі і Англіі.
— У Беларусі Вы прымалі ўдзел у Першым кангрэсе каталіцкіх СМІ. Што б хацелі адзначыць па выніках працы?
— Я вельмі задаволены і ўражаны тым, што было зроблена ў Беларусі за дваццаць гадоў у развіцці сацыяльных медыя, хоць у вас і не такі вялікі склад ККБ (у той жа Італіі у ККБ уваходзіць 220 біскупаў).
Што важна разумець: у Беларусі не распаўсюджваюць вучэнне Касцёла неяк асобна ад іншых краін, ваша развіццё цалкам упісваецца ў сумесную евангелізацыю праз новыя сродкі камунікацыі. Мне падаецца важным цаніць асабістыя таленты журналістаў, якія ў сукупнасці з сённяшнім тэхнічным прагрэсам могуць даць багаты плён. За гэтыя 20 гадоў свет зносінаў моцна змяніўся. Асабліва Касцёл, у якім усё большую ролю пачала адыгрываць інфармацыя, якая паказвае, чым жыве Касцёл. Новыя медыя павінны быць аратарамі нашых новых касцёлаў, нашых новых парафій. У гэтым сэнсе важна, каб супрацоўнікі СМІ маглі бачыць не толькі нацыянальны, але і міжнародны ўзровень. Касцёл мае цалкам іншы погляд на свет і чалавека, не баючыся паказацца дзесьці старамодным. І журналістам варта прызвычаіцца да гэтага, тады любая праца будзе ісці прасцей.
Гутарыў Ілья Лапато