У межах Міжнароднай кампаніі «Ад акіяну да акіяну» ў абарону жыцця на
Малітоўную сустрэчу моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Івянец
завітала копія абраза Маці Божай Чэнстахоўскай. Дагэтуль пабывала яна ў
16 гарадах Беларусі, а ў цэлым аўтапрабег ахопіць 23 краіны. Пра акцыю
чытачам Catholic.by распавядае а. Васіль Ягораў, супрацоўнік
дабрачыннага фонду абароны жыцця і сям’і «Адкрытыя сэрцы».
— Раскажыце, калі ласка, у чым сутнасць акцыі?
— Галоўным арганізатарам акцыі з’яўляецца каталіцкі фонд «Human Life International», а ў нашай краіне яна праходзіць пад апекай Праваслаўнай Царквы і фонду «Адкрытыя сэрцы». Кампанія распачалася 15 ліпеня ва Уладзівастоку і завершыцца ў снежні ў партугальскай Фаціме.
Яе сэнс у тым, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы абароны жыцця і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, якая актуальна ва ўсім свеце, асабліва ў Еўропе і тым больш у Беларусі.
Ядро акцыі заключаецца ў інфармаванні. Бо шмат пра што мы не ведаем і не задумваемся. З іншага боку людзям патрэбна жывое сведчанне.
— Як звычайна выглядае акцыя? Што ў сябе ўключае?
— Акцыя, заключаецца не толькі ў аўтапрабегу, яна мае ў сябе таксама малітву, семінары з удзелам грамадскіх арганізацый, прадстаўнікоў улады, раздачу брашур і размову з людзьмі (калі ў іх ёсць такое жаданне). Падчас аўтапрабегу машыны рухаюцца па гарадах павольна, каб прахожыя маглі паспець прачытаць тое, што напісана на бартах аўто і транспарантах.
— Якім чынам акцыя кажа людзям (нехрысціянам, не ўдзельнікам пралайф арганізацый) пра тое, што эмбрыён — гэта чалавек і не маем права яго забіваць?
— З уласнага вопыту магу сказаць, што з такімі людзьмі вельмі складана размаўляць. Кажучы аб праблеме аборту, мы звяртаемся да сумлення людзей. Мы кажам, што аборт — гэта ўжо лагічны вынік спосабу жыцця. Уся праблема ў нашай ментальнасці, сфармаванай дзесяцігоддзямі савецкай ідэалогіі. Беларусь (у складзе СССР) першая ў свеце легалізавала аборты пасля рэвалюцыі. А ўлады прывучылі лічыць ненармальным толькі тое, што незаконна. Калі ж аборт у нас не забаронены, то цяжка распавесці людзям пра яго зло.
Усё пачынаецца з эгаізму. У наш час з развіццём навукі аборт прымае іншыя формы: абартыўныя кантрацэпцыйныя сродкі, медыкаментозныя аборты. Адмовіцца ад дзяцей можна па-рознаму, і навука абавязкова прыдумае для гэтага яшчэ што-небудзь. Мы пачалі раздзяляць дар сексуальнасці ад дару бацькоўства, дару нараджэння. Але Бог стварыў усё па-іншаму: Ён дае жыццё і запрашае чалавека да супрацоўніцтва ў гэтай ТАЯМНІЦЫ. Таму важна казаць людзям, што неабходна бараніць жыццё, казаць пра яго каштоўнасць. І казаць на іх мове.
— Як думаеце, ці можна ўжо казаць пра пэўныя вынікі аўтапрабегу?
— Плады мы будзем пажынаць пазней. І галоўным паказчыкам стане каэфіцыент нараджальнасці. У нас ён цяпер — 1,5. Мінімальны каэфіцыент для аднаўлення пакаленняў павінен быць 2,1 (бо хтосьці не зможа мець дзяцей, хтосьці памрэ ў маладым узросце). Калі Бог казаў: «пладзіцеся і множцеся», тым самым Ён паказаў дарогу да нашага сямейнага шчасця.
Дзве трэція сем’яў Беларусі — аднадзетныя, 34% сем’яў маюць два дзіцяці, і толькі 5% — трое і больш дзяцей. Калі ў савецкі час стандартам было два дзіцяці ў сям’і, то цяпер — адно. Маем таксама крызіс адказнага айцоўства. Дарэчы, мэтавай аўдыторыяй аўтапрабегу з’яўляюцца мужчыны. На жаль, сёння частай прычынай абортаў з’яўляецца неадказнасць бацькі.
Мы ведаем, што займаемся Божай справай. Мы — сведкі веры, рыцары Евангелля. Таму верым і ведаем, што з’яўляемся «рукамі Божымі». Дапамагчы ў гэтай справе можа кожны па меры сваіх здольнасцяў: ці праз малітву, ці праз канкрэтнае дзеянне.
— Чаму Вас турбуе абарона жыцця?
— Увогуле маё асноўнае служэнне — магілёўская грэка-каталіцкая парафія. Але, бачачы складаную сітуацыю нашых сем’яў, не магу маўчаць, хоць, канечне, і не крычу аб гэтым на кожным кроку. Адчуваю ў гэтым сваё пакліканне. Калі не мы, то хто?
Хрысціяне павінны казаць, інакш іх пазіцыю не пачуюць. І так нічога ніколі не зменіцца. Калі мы супраць абортаў, штучнага запладнення і можам абгрунтаваць сваю пазіцыю, то трэба актыўна выказваць сваю пазіцыю на розных узроўнях. Кожны на сваім месцы: святар, урач, журналіст ці хатняя гаспадыня можа абараняць дар жыцця.
Часам заканадаўства змяняе ментальнасць, але і мы, сваёй хрысціянскай ментальнасцю, можам змяніць законы, а значыць і адносіны іншых, у тым ліку да праблемы абароны жыцця.
— Дзякуй за размову!
Гутарыла Святлана Жылевіч