Цікавыя спікеры, майстар-класы ад прафесійных журналістаў, круглыя сталы і магчымасць пазнаёміцца з католікамі-журналістамі Беларусі і замежжа — гэта яшчэ не ўсё, што прапануе Першы кангрэс каталіцкіх СМІ, які пройдзе 24–26 жніўня ў Гродне. Некалькі пытанняў мы адрасавалі адказнаму за кангрэс кс. Паўлу Салабудзе.
— Ксёндз Павел, кангрэс каталіцкіх СМІ будзе праходзіць у Беларусі ўпершыню. Ведаем, што многіх гэта вельмі зацікавіла. Колькі чалавек ужо зарэгістравалася на кангрэс?
— Перш за ўсё хачу звярнуць увагу на тое, што гэты кангрэс выключны. Ён арганізаваны найперш для тых людзей, якія працуюць у СМІ. Між тым, кожны, хто б мог прыйсці на кангрэс, даведаўся б шмат цікавых рэчаў. Але ў першую чаргу гэта павінна цікавіць асоб, якія працуюць на радыё, тэлебачанні, у газетах і часопісах, а таксама ў інтэрнэце.
Нашым жаданнем з’яўляецца тое, каб менавіта «медыйныя» католікі сабраліся разам. На дадзены момант зарэгістраваліся 10 чалавек, таксама 10 асоб паведамілі па тэлефоне пра свой намер зрабіць гэта ў хуткім часе.
— Ці звязаны такі невялікі водгук з тым, што яшчэ няма плана кангрэса ці іншай інфармацыі?
— Так, я лічу, што ў гэтым і заключаецца ўся праблема. Але на сённяшні дзень я не магу яшчэ шмат сказаць, таму што мы чакаем апошніх пацвярджэнняў ад людзей, якія, спадзяюся, шмат важнага і мудрага скажуць нам падчас кангрэса. На жаль, у сувязі з рознымі справамі і абавязкамі, якія маюць запрошаныя дакладчыкі, а імі з’яўляюцца вядомыя ва ўсім свеце людзі, мы павінны яшчэ трохі пачакаць. Але я спадзяюся, што ўжо пад канец гэтага тыдня план кангрэса будзе змешчаны на інтэрнэт-старонцы.
— Якія канкрэтныя пытанні будуць пастаўлены для дыскусіі падчас кангрэса?
— Так, як ужо сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, гэта перш за ўсё найважнейшыя накірункі, г.зв. 4 секцыі: інтэрнэт, радыё, тэлебачанне і друк. Мы хочам супольна падумаць над тым, што трэба яшчэ зрабіць, каб голас Касцёла чуўся на гэтых медыйных прасторах. Роздум над тым, напрыклад, што зрабіць, каб інтэрв’ю было цікавым, каб напісаць цікавую навіну з жыцця Касцёла, у якой былі б элементы катэхізацыі, а таксама як зрабіць інтэрнэт-старонку на высокім узроўні і які накірунак надаць далейшаму развіццю працы, напрыклад, у сацыяльных сетках, блогах і г.д. Будзе таксама шмат практычнай інфармацыі аб тым, як змагацца з плагіятам і непраўдзівай інфармацыяй, што ў такой сітуацыі павінен зрабіць каталіцкі журналіст і да т.п. Можна будзе даведацца, як знайсці грошы на развіццё каталіцкіх СМІ. Чарговай важнай праблемнай сферай з’яўляецца менавіта роздум над тым, каб як мага больш хрысціянскай, а ў тым ліку каталіцкай інфармацыі падавалася сённяшнім чытачам. Таму я зноў паўтаруся за нашым Мітрапалітам, што нам сёння не хапае артыкулаў на рэлігійную тэматыку. Мы будзем разважаць таксама і над гэтым. Паразважаем над тым, каб палепшыць супрацоўніцтва са свецкімі сродкамі масавай інфармацыі. Усіх дакладчыкаў я прасіў менавіта аб тым, каб яны падказалі, што яшчэ трэба зрабіць для лепшага развіцця нашай медыйнай дзейнасці ў Беларусі, а большасць з іх ведае нашыя рэаліі.
— Што, між тым, можна будзе ўбачыць у плане кангрэса?
— Перш за ўсё, гэта будуць рэфераты на розныя тэмы, звязаныя з дзейнасцю католікаў у мас-медыя. Калі ўдасца прыехаць журналістам з Украіны, то ў нас будзе магчымасць паслухаць, як развіваецца ўжо арганізаваная супольнасць каталіцкіх журналістаў ва Украіне. Штодня прафесійныя журналісты будуць праводзіць майстар-класы, з якіх шмат чаму можна будзе навучыцца. Будуць таксама арганізаваны 4 круглыя сталы — паводле, безумоўна, заявак — дзе можна будзе задаць канкрэтныя пытанні прафесіяналам з-за мяжы, а таксама ўбачыць, якія рэаліі развіцця каталіцкіх СМІ ў Беларусі. Напрыканцы нашага кангрэса мы хочам адзначыць узнагародамі тых людзей, якія ўжо шмат зрабілі ў мас-медыя як католікі.
— Якія на Вашу думку будуць вынікі кангрэса?
— Увогуле я лічу, што вынікі гэтай сустрэчы будуць вельмі важнымі ў жыцці нашага Касцёла. Мы не звяртаем увагі на колькасць асоб, якія прыедуць на гэты кангрэс, а глядзім у першую чаргу на якасць. Гэта будуць людзі, якія штодзённа працуюць у мас-медыя і вераць у Бога. Таму тое зерне, якое будзе засеяна на іх журналісцкую глебу, прынясе вялікі плён. Я спадзяюся, што кангрэс змабілізуе нас да актыўнага ўдзелу і большай працы на медыйнай ніве, каб лепш абвяшчаць Евангелле праз сродкі масавай камунікацыі. Разам мы можам зрабіць шмат.
Я заахвочваю Вас прачытаць пасланне Святога Айца на Дзень сродкаў масавай камунікацыі, дзе ён адзначае, што працуючы на евангелізацыйным полі пры дапамозе СМІ, мы можам нанава абвяшчаць Хрыста ў сучасным свеце.
— Ксёндз Павел, што Вы сёння хацелі б сказаць тым, хто працуе ў СМІ?
— Мы добра разумеем, што ёсць значная група католікаў, якія працуюць як у каталіцкіх, так і ў дзяржаўных СМІ. Таму хацелася б, каб яны ў гэтыя дні былі ў Гродне. Яшчэ не было сустрэчы такога ўзроўню і нагоды, каб сабрацца разам і паразмаўляць. Гэта таксама будзе магчымасць стварэння лепшай формы супрацоўніцтва і наладжвання кантакту сярод католікаў, якія працуюць у мас-медыя Беларусі. Запрашаем на сустрэчу і да супрацоўніцтва ўсіх каталіцкіх і некаталіцкіх журналістаў, а таксама тых, хто хоча служыць праўдзе, якой з’яўляецца сам Хрыстос.
— Дзякуй за размову.