24–26 жніўня ў Гродне адбудзецца Першы кангрэс каталіцкіх СМІ ў
Беларусі. Пра мэты і задачы дадзенай ініцыятывы ў інтэрв’ю для
Catholic.by расказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
— Ваша Эксцэленцыя, першае пытанне будзе датычыць назвы кангрэса: «Каталікі — мы тут ёсць». Тэма сустрэчы заўсёды з’яўляецца кароткім зместам таго, што чакае ўдзельнікаў. Што крыецца за назвай канкрэса, якая гучыць як заклік?
— Каталіцкія мас-медыя ў Беларусі ў апошнія часы развіваюцца інтэнсіўна, і сёння яны займаюць важнае месца ў медыяпрасторы нашай краіны і не толькі. Нярэдка можна пачуць ад свецкіх журналістаў словы падзякі за тое, што, калі паўстае нейкае пытанне адносна Каталіцкага Касцёла і яго навучання, ёсць куды звярнуцца — да нашых мас-медыя.
Дзейнасць каталіцкіх СМІ ў Беларусі лёгка заўважыць на старонках розных газет, часопісаў, у Інтэрнэце, на тэлебачанні і радыё. Інфармацыяй з іх карыстаюцца таксама і замежныя СМІ.
Таму і тэма кангрэса — мы ёсць у мас-медыя.
Сёння Касцёл знаходзіцца перад абліччам новых выклікаў і адчувае вострую неабходнасць новай евангелізацыі, каб вывесці сучаснага чалавека з духоўнай пустыні. Для ажыццяўлення гэтага мы хочам выкарыстоўваць найбольш сучасную амбону, якою з’яўляюцца СМІ, і гэта хочам падкрэсліць на кангрэсе.
— Якія мэты ставяць перад сабой арганізатары кангрэса?
— Перадусім нам трэба сустрэцца, каб лепей пазнаць адно аднаго, паглядзець адно аднаму ў вочы, паслухаць адно аднаго, каб спрабаваць выпрацаваць супольную мадэль супрацоўніцтва і агульнакаталіцкую медыйную стратэгію, якая адпавядала б сучасным патрэбам Касцёла і заданням, якія стаяць перад ім.
— На што можа паўплываць кангрэс у будучым?
— Спадзяёмся, што першы з’езд каталіцкіх журналістаў Беларусі прынясе новыя ідэі і рашэнні ў медыйнай працы. Перш за ўсё спрабуем выпрацаваць такую мадэль працы і супрацоўніцтва журналістаў, каб падняць на новы ўзровень якасць нашых СМІ. У першую чаргу гэта датычыць анансавання і асвятлення важных падзей з жыцця як сусветнага Касцёла, так і Касцёла ў Беларусі: кангрэсаў, канферэнцый, навуковых сустрэч, фестываляў і іншых мерапрыемстваў. Сярод задач таксама арганізацыя прэс-канферэнцый, супрацоўніцтва з беларускімі і замежнымі інфармацыйнымі цэнтрамі, стварэння тэле- і аўдыёматэрыялаў на рэлігійныя тэмы, прэзентацыі вучэння Касцёла на розную тэматыку і г.д.
Неабходна падумаць аб умовах і магчымасцях напісання артыкулаў на рэлігійныя тэмы для іншых сродкаў масавай камунікацыі, аб супрацоўніцтве з мясцовымі тэле- і радыёстанцыямі, аб працы над супольнымі праектамі і г.д. Неабходна больш актыўна выкарыстоўваць мэдыяпрастору для далейшага развіцця адносін з іншымі веравызнаннямі, перадусім з Праваслаўнай Царквой, каб супольна абвяшчаць Божае Валадарства і бараніць хрысціянскія каштоўнасці і іх распаўсюджваць у сучасным свеце.
— Ці магчымы ўдзел некаталікоў у кангрэсе?
— Хаця кангрэс перш за ўсё прызначаны для каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі і журналістаў-католікаў, якія працуюць у розных СМІ, аднак у той жа час ён не закрыты і для некаталікоў, і такія заяўкі ўжо ёсць. Многае будзе залежаць ад нашых магчымасцяў прыняць жадаючых.
— Хто са спікераў і экспертаў запрошаны на кангрэс і якія тэмы будуць прадстаўлены?
— Гэта нялёгкая справа запрасіць прафесіяналаў і вядомых журналістаў, якія прысвяцілі сваё жыццё развіццю каталіцкіх СМІ. Напэўна, будуць прадстаўнікі з Германіі, Італіі, Швейцарыі, Расіі, Латвіі, Польшчы. Плануем, каб былі рэфераты на тэмы Інтэрнэту, прэсы, радыё і тэлебачання.
— Журналісты-католікі патрабуюць падвойнай фармацыі — прафесійнай і духоўнай. Ці выпрацаваны тэндэнцыі падобнай працы? Што неабходна для іх рэалізацыі?
— Каталіцкія журналісты акрамя прафесійнай і духоўнай інфармацыі патрабуюць яшчэ і адпаведнай прафесійнай і духоўнай фармацыі. Мяркую, што кангрэс таксама будзе спрыяць такой фармацыі.
Упэўнены, што кангрэс унясе свой уклад у выпрацаванне згаданай тэндэнцыі, якая будзе зменяцца ад выклікаў часу і заданняў, што стаяць перад Касцёлам. Трэба памятаць і аб тым, што каталіцкі журналіст павінен быць спецыялістам не толькі па пераказу інфармацыі і аналітычнага яе апрацавання, але таксама і адпаведна падрыхтаваным тэалагічна. Гэта вялікая праца, якая стаіць перад Касцёлам у Беларусі.
— Якія планы па развіцці каталіцкіх СМІ ў Беларусі? Прагрэс нясе новыя магчымасці і іх невыкарыстанне будзе азначаць крок назад.
— Трэба памятаць лацінскую прымаўку: «Qui non progredit — regredit» — «Хто не развіваецца, той адступае назад». СМІ павінны стаць частакай жыцця Касцёла. Калі Касцёл на самой справе жадае быць евангелізацыйным па меры патрабаванняў нашага часу, то ён павінен быць медыйным.
Вядзецца праца па ажыццяўленні вельмі важнай праграмы — «Радыё Марыя». Апошнія сустрэчы з прадстаўнікамі сусветнай рэдакцыі «Радыё Марыя» і перагаворы, якія мелі месца некалькі дзён таму, даюць надзею, што вэб-праграма гэтага радыё з’явіцца ў Беларусі.
Духоўныя асобы і вернікі таксама павінны больш выкарыстоўваць мас-медыя ў сваёй дзейнасці. Упэўнены, што кангрэс стане новым крокам у развіцці каталіцкіх СМІ, і запрашаю на яго.
— Дзякуем за размову.