Пошук

10.07.2012 14:34  

11 ліпеня распачынаецца XVIII грэка-каталіцкая пілігрымка «Віцебск–Полацк»  па шляхах мучаніка Язафата Кунцэвіча — ад месца ягонага мучаніцтва (Віцебск) да полацкай катэдры і месца мучаніцкай смерці полацкіх пакутнікаў манахаў базыльянаў. Пра асаблівасці пілігрымкі чытайце ў інтэрв’ю з а. Андрэем Буйнічам.

— Паважаны а. Андрэй, 11 ліпеня гэтага года з Віцебска ў Полацк вырушыць вось ужо XVIII грэка-каталіцкая пілігрымка. Для чалавека 18 гадоў — гэта ўзрост паўналецця. Ці можна тое ж самае сказаць пра пілігрымку? Якой ступені развіцця, так бы мовіць, дасягнула гэта душпастырская ініцыятыва?

— Васямнаццаць гадоў таму гэтая пілігрымка пачыналася з малой групы энтузіястаў. Гэта быў час, калі грэка-каталіцкія парафіі змаглі аднавіць адкрытую душпастырскую дзейнасць. Сёння ў пілігрымцы ўдзельнічае некалькі дзясяткаў, а часам і больш асобаў.

Мяркую, што наша грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск—Полацк ужо даўно ўвайшла ў спіс царкоўных падзей, без якіх цяжка ўявіць сучасную Каталіцкую Царкву абедзвюх традыцый (абрадаў) у Беларусі. Канечне, гэту пілігрымку арганізоўвае Беларуская Грэка-каталіцкая Царква, але не толькі грэка-католікі прымаюць у ёй удзел. Асаблівая атмасфера сяброўства, засяроджанасці і малітвы прываблівае ў нашае паломніцтва людзей самых розных веравызнанняў, светапоглядаў і нацыянальнасцяў. Без сумніву, тое, што іх аб’ядноўвае, — гэта пошук сяброў, пошук сваёй дарогі ў жыцці, пошук Бога.

Беручы пад увагу ўсё вышэй згаданае, думаю, што нашая пілігрымка сапраўды дасягнула своеасаблівага «паўналецця». Больш таго, я не памылюся, калі скажу, што менавіта гэтая пілігрымка з’яўляецца ўнікальнай з’явай у Каталіцкай Царкве ў Беларусі, бо яна чымсьці ўсё ж адрозніваецца ад іншых паломніцтваў, якія арганізоўваюцца ў Царкве...

— Вядома, што кожная пілігрымка ўзнімае пэўную асобную тэму, над якой прапануецца разважаць удзельнікам. Якая тэма будзе ў гэтым годзе?

— Адказваючы на ваша пытанне пра адмысловую тэму сёлетняй пілігрымкі, хачу сказаць, што яна адбудзецца пад дэвізам «Евангелізацыя — пакліканне сям’і». Гэта на самой справе тэма душпастырскай праграмы Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы на гэты год. І мы будзем над ёй разважаць у кантэксце нядаўнай VII Сусветнай сустрэчы сем’яў з папам Бэнэдыктам XVI у Мілане.

Евангелізацыя — гэтае слова ўжо даўно заняло месца ў слоўніку вялікай часткі беларускай моладзі. Евангелізаваць — несці добрую навіну пра тое, што Бог адкрывае нам сябе ў сваім Сыне, Езусе Хрысце, які памёр за грахі кожнага з нас і ўваскрос. Канечне, кожны хрысціянін пакліканы да таго, каб несці добрую вестку пра Божую любоў іншым людзям словам ды сваім прыкладам, але сям’я — гэта супольнасць, якая асаблівым чынам да гэтага паклікана.

Таксама як сям’я з’яўляецца асноўнай адзінкай грамадства, гэтак жа яна з’яўляецца цаглінай у будоўлі Царквы. Цяжка ўявіць сабе будоўлю без цэглы. Таму падчас гэтай пілігрымкі мы, асабліва сем’і, якіх, я спадзяюся, будзе не мала, пастараемся асэнсаваць нашае пакліканне быць вестунамі добрай навіны для іншых людзей. На практыцы гэтыя намаганні будуць вылівацца ў асабістую і супольную малітву, працу ў малых групах падчас адпачынку.

— А ці ідуць звычайна ў пілігрымцы сем’ямі? Таксама Вы ўзгадалі, што ў ёй прымаюць удзел госці з замежжа, цікава было б даведацца адкуль.

— Вядома, што так! Я ведаю адну сям’ю, якая амаль кожны год ідзе ў пілігрымцы. Адзін год жонка з гэтай сям’і ішла цяжарная, на другі год яны ўжо везлі нованароджанае дзіця. Хачу запэўніць, што гэта не адзіны прыклад. Хачу таксама падкрэсліць, што заўсёды ўдзельнічаць у паломніцтве бяспечна. Бяспечна, бо і машына хуткай дапамогі суправаджае нас у апошнія гады, і калі хто праз мазалі ці проста так стоміцца, што не можа ісці, то ёсць заўсёды магчымасць пад’ехаць на машыне.

Што датычыць замежных гасцей, то разам з намі ішлі пілігрымы з Украіны, Расіі, Польшчы, Латвіі, Бельгіі. Хачу запэўніць, што яны атрымалі наймацнейшыя пазітыўныя ўражанні ад пілігрымкі і ад Беларусі ўвогуле. Некаторыя з іх ізноў вяртаюцца ў Беларусь, каб чарговы раз прайсці 110 км ад Віцебска ў Полацк. Гэта шмат пра што сведчыць, між іншым пра тое, што гэты, на першы погляд «паход», таямнічым чынам дае нейкі ўнікальны вопыт, да якога чалавек прагне вярнуцца.

— Перыядычна ў СМІ з’яўляюцца пэўныя матэрыялы, у якіх аўтары робяць закіды ў бок ідэі самой уніі ды Уніяцкай Царквы. Ці БГКЦ нейкім чынам аспрэчвае гэтыя інсінуацыі?

— Ведаеце, апраўдваецца той, хто адчувае сябе вінаватым. У нашым выпадку мы не адчуваем за сабою ніякай віны, што ў Беларусі — еўрапейскай краіне, у гісторыю якой упісалася Уніяцкая Царква, мы сёння хочам быць хрысціянамі ўсходняй традыцыі ў еднасці з Папам Рымскім. І гэтае права нам гарантуе закон Рэспублікі Беларусь.

Там, дзе магчыма весці канструктыўны дыялог, цывілізаваную тэалагічную дыскусію, мы вядзём дыялог і абгрунтоўваем нашыя багаслоўскія пазіцыі. Там, дзе гэта немагчыма, там, дзе нас проста паліваюць брудам, — мы захоўваем маўчанне і молімся.

Мяркую, што пілігрымка Віцебск—Полацк найлепш гаворыць пра нашую сутнасць. Той, хто хоць раз удзельнічаў у гэтым паломніцтве, сам можа засведчыць, што ўніяты — гэта тыя, хто імкнецца да міра, згоды, сяброўства, адкрытых ды шчырых адносінаў з іншымі людзьмі. Мы самі намагаемся быць вернымі хрысціянамі і сумленнымі грамадзянамі, ды жадаем іншым даць свой добры прыклад.

— Айцец Андрэй, на канец інтэрв’ю, ці маглі б вы пажадаць нешта чытачам сайта?

— Сябры, я шчыра жадаю ўсім вам, як гаворыць Святое Пісанне, шукаць найперш Божага Валадарства і праўды Яго, а ўсё іншае вам дадасца.

Размаўляў Зміцер Ятчэня

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця