Пошук


Ці ўсё мы ведаем пра грэх і яго наступствы? Ці задумваемся, што нават прыватны грэх уплывае на грамадства, а можа, нават на гісторыю? Пра грахоўную прыроду чалавека і Божую выратавальную моц апавядае а. Андрэй Квяцінскі OFMCap.

– Айцец Андрэй, хацелася б яшчэ раз нагадаць пра адказнасць чалавека за выбар – грашыць ці не грашыць.

– Ці ўсё мы ведаем пра грэх? Бог аб’явіў нам дастаткова, каб ведаць, што для нас небяспечна. Часта грэх асацыіруецца з нейкай забаронай. Грэх, калі глядзець не з перспектывы чалавека, які бунтуецца супраць Бога, а з перспектывы Бога, то Ён папярэджвае, што грэх – гэта смерць. Калі Бог кажа не забівай, не крадзі, не чужалож, не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго, то такім чынам хоча перасцерагчы ад таго, што з’яўляецца для мяне ці для іншага чалавека смерцю. Паміж грахом і смерцю можна паставіць знак роўнасці. Канечне, смерці не ў значэнні фізічным, а духоўным.

– Сацыяльнае вучэнне Касцёла кажа, што, чынячы грэх асабіста, мы тым самым уплываем на грамадства.

– Каб праілюстраваць гэта, параўнаем грамадства з вялікай сям’ёй. Нехта пачуў, напрыклад, пра скадал у сувязі са святарамі-педафіламі і падумаў: што за сямейка гэты Каталіцкі Касцёл? Такім чынам, грэх аднаго чалавека пачынае ўплываць на рэпутацыю ўсёй вялікай сям’і. І аб гэтым не столькі ў сацыяльным вучэнні Касцёла гаворыцца, колькі ў маральнай тэалогіі.

– Якія наступствы граху для душы чалавека?

– Варта прыгадаць, што ёсць грахі штодзённыя, іх называюць лёгкімі, і грахі смяротныя. Лёгкі грэх не цалкам аддзяляе чалавека ад Бога, але пачынае аслабляць гэтую сувязь. Калі лёгкі грэх паўтараецца, шкода наносіцца сэрцу чалавека – яно набывае іншую ментальнасць, яно прызвычайваецца да граху. І калі прыходзіць больш сур’ёзная спакуса, то чалавек ужо падрыхтаваны да гэтага падзення праз дробныя рэчы. Напрыклад, сучасная моладзь лічыць, што нармальна мець свайго партнёра ў сексуальных адносінах, нармальна змяняць яго. Прызвычаіўшыся да такога стылю жыцця, малады чалавек калі нават і ажэніцца, то будзе схільны да нявернасці сваёй жонцы.

Такім чынам, грэх малы падрыхтоўвае пляцоўку для большага верталёта.

– Ці можна сказаць, што грэх з’яўляецца прычынай наступных грахоў?

– У маральнай тэалогіі ёсць такое паняцце, як расшырэнне сумлення, калі яно пачынае хварэць. Напрыклад, тое, што для мяне яшчэ ўчора было чымсьці недапушчальным, сёння з’яўляецца нармальным. Гісторыя ведае такія прыклады, калі ўчора для чалавека было дрэнным даносіць на чалавека, які, напрыклад, супраць улады, то сёння для яго ўжо становіцца нармальным расстрэльваць у спецыяльнай тройцы НКВД. А гэта таму, што сумленне чалавека можна знішчыць, зламаць.

– Ці пераходзяць кары за смяротны грэх на наступныя пакаленні?

– Часам так здараецца, што наступныя пакаленні павінны адказваць за грэх сваіх продкаў. Варта помніць, што Езус ужо адкупіў усе нашы грахі. І гэта добры старт для нас. Але Бог падтрабуе супрацоўніцтва.

Напрыклад, дзесяцігоддзі атэізму ў нашай і суседніх краінах. Сёння за гэта даводзіцца плаціць і нам. За гэтыя дзесяцігоддзі чалавек адвык думаць пра Бога як асобу, якая прысутнічае ў маім жыцці. Сёння часта сустракаюцца такія веруючыя, вера якіх абмяжоўваецца наведваннем касцёла кожную нядзелю (і гэта ў лепшым выпадку!). А тое, што Хрыстус прысутны ў кожную гадзіну майго жыцця, тут і цяпер, што Яму можна даверыць розныя справы ў сваім жыцці? Няўсведамленне гэтага – таксама наступствы часоў атэізму.

Таму даводзіцца плаціць. Але не заўсёды. Я ведаю чалавека, які рос у паталагічнай сям’і, дзе быў і алкагалізм, і разводы. Сёння гэты чалавек з’яўляецца святаром, і прычым вельмі руплівым душпастырам, мае вельмі высокі духоўны ўзровень. Гэта сведчыць аб тым, што Божая ласка мае такую моц, што можа выправіць нават дрэннае.

– Сёння, калі ёсць свабода веразнання, калі адкрыты касцёлы і ў любы момант можна паспавядацца, можа знікнуць адчуванне адказнасці за грэх.

– Такая небяспека сапраўды існуе. І выхад з гэтага адзін. Пра яго кажуць біскупы ва ўсім свеце – гэта новая евангелізацыя. Евангелізацыя не толькі тых людзей, якія ніколі не чулі пра Бога, але і тых, хто нарадзіўся ў каталіцкай сям’і. Менавіта ў практыкуючага католіка можа ўзнікаць такі стыль мыслення: я прыйду і мяне паспавядаюць.

І калі не будзе евангелізацыі нанова, дзе будзе абвяшчэнне Слова з новай сілай і той керыгмы, якую абвяшчалі першыя апосталы і як было на пачатку гісторыі Касцёла, калі чалавек не будзе слухаць гэтага слова сур’ёзна і пастаянна, калі не будзе паводле яго змяняць сваё жыццё, не будзе навяртання. Я маю на ўвазе неакатэхуменальныя супольнасці – “Хатні Касцёл”, “Аазіс жыцця”… Калі чалавек знаходзіцца ў супольнасці, і ўвесь час слухае Божае слова, якое перамяняе яго знутры, то гэта не дазволіць яму змяніць сваё мысленне. Ён будзе адчуваць, што Божае слова не дазваляе яму чужаложыць, глядзець парнаграфію, красці, абгаворваць або асуджаць. Чалавек разумее, што Бог не забараняе, а не дазваляе з любові. Ён пачынае прымаць ласку Духа Святога, якая яго навяртае. Тады будзе глыбокае навяртанне, таму што не я хачу навярнуцца, а Бог мяне навяртае. Адбываюцца такія цуды ў невялікіх супольнасцях.

Адзіны спосаб – вяртацца да прапаведавання. І прапаведаваць не толькі ў касцёле, але выходзіць па-за яго сцены. Тое, што прыходзяць пілігрымкі ў Будслаў, – гэта таксама евангелізацыя, сведчаннем перад светам.

– Здараецца і іншая праблема, калі падчас споведзі чалавек атрымаў адпушчэнне грахоў, але сам сабе дараваць не можа.

– Чалавек і хацеў бы не асуджаць сябе. На ўзроўні розуму ён усведамляе, што Бог ужо праліў за яго кроў. Цяпер падчас споведзі ён гэтыя дары атрымаў і адчувае сябе чыстым. Але на сэрцы застаецца рана, якая асуджае знутры. Для таго, каб яна загаілася, патрэбна шмат гадоў слухання слова Божага, трывання ў Хрысце, у Эўхарыстыі, у супольнасці Касцёла. Не так лёгка перастаць асуджаць сябе за пэўныя грахі. Думаю, чалавек перастае сябе асуджаць тады, калі сапраўды ўсвядоміць, не толькі розумам, але да глыбіні сэрца, што Хрыстус сапраўды меня ўжо адкупіў.

– Дзякую за размову.

Размаўляла Валянціна Грамыка

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.