Пошук

28.06.2012 15:35  

У гэтыя дні таварыства хрыстусоўцаў у Беларусі адзначае 20-годдзе працы. З гэтай нагоды ў нашу краіну прыбыў Генеральны настаяцель кс. Томаш Сяліцкі TChr. З ім мы вырашылі паразмаўляць пра асаблівасці і неабходнасць душпастырства эмігрантаў.

— Дэвіз Вашага таварыства — «Усё для Бога і палякаў эмігрантаў». Хацелася б больш пра другую частку дэвіза пачуць. У чым заключаецца дапамога палякам эмігрантам?

— «Усё для Бога і палякаў эмігрантаў», — так гучыць наш дэвіз, якім мы жывём. Наш дэвіз унікальны, паколькі акрамя нашага таварыства ў свеце існуе яшчэ толькі адно, якое займаецца выключна душпастырствам эмігрантаў (гэта італьянцы).

Адкуль бярэцца такая патрэба служыць канкрэтнай этнічнай групе? У дакуменце Касцёла «Erga migrantes caritas Christi» змяшчаецца ўся інфармацыя аб працы з мігрантамі і тлумачыцца, чаму мігранты маюць права працягваць вызнаваць сваю веру і маліцца на роднай для іх мове. Мігранты ітак сустракаюцца са шматлікімі цяжкасцямі ў чужых краінах, адчуваюць сябе чужымі. Гэта скаладаны вопыт, часта драматычны. Таму Касцёл хоча выйсці насустрач такім людзям і падтрымаць падчас сустрэчы з новай культурай і ментальнасцю, каб не страцілі галоўнае, што атрымалі ў краіне свайго паходжання. Наша праца накіравана перш за ўсё на першае пакаленне эмігрантаў, таксама на другое і ў пэўнай ступені на трэцяе. Паколькі зразумела, што з часам наступае інтэграцыя імігрантаў з мясцовым насельніцтвам, што з’яўляецца станоўчым вынікам ў адрозненні ад асіміляцыі. Прымаючая краіна не павінна націскаць на эмігрантаў, каб тыя хутчэй змянілі мову, духоўнасць, ментальнасць. Бо ў такім выпадку Касцёл можа іх страціць.

У пэўным сэнсе міграцыя ўзбагачае культуры, як напрыклад, гэта можна назіраць у ЗША ці Аўстраліі, дзе добрыя традыцыі мігрантаў толькі ўзбагачаюць культуру мясцовага насельніцтва.

Мы заўсёды пытаемся ў сябе: ці нам трэба яшчэ працаваць у гэтай краіне, ці тут мы яшчэ патрэбны. Бо, напрыклад, у Бразіліі, польскі ксёндз для былых эмігрантаў ужо непатрэбны. І тады мы адыходзім і ідзём у іншае месца, дзе ў нас ёсць патрэба.

— Хрыстусоўцы, якія прыязджаюць у Беларусь, працуюць не толькі з палякамі, бо ўсё ж такі пераважная большасць вернікаў — беларусы. Як адбываецца працэс інкультурацыі святароў? Ці папярэднічае распачаццю працы ў замежнай краіне вывучэнне мясцовай мовы і культуры?

— Гэтае пытанне ў апошні час становіцца ўсё больш і больш актуальным. Пэўны час таму гэтая праблема яшчэ не была для нас настолькі яскравай. Раней у многіх краінах свету палякі, як і іншыя народы, стваралі досыць моцныя анклавы (ЗША, Вялікабрытанія, Аўстралія). Сёння гэта немагчыма, бо шмат людзей хутка перамяшчаюцца па свеце, і ў такіх умовах мы як святары не можам абмяжоўвацца душпастырствам толькі палякаў, асабліва ў месцах, дзе адчуваецца недахоп святароў. Як пісаў апостал Павел: «Няма ўжо ні юдэя, ні грэка, ні язычніка».

Мы заўсёды вывучалі замежныя мовы і ў семінарыі, і працуючы ў канкрэтнай краіне. Але цяпер біскупы часта даручаюць нам пастырства ўсёй мясцовасці. І мне здаецца, што гэта карысна для абодвух бакоў.

Праўда, трэба прызнаць, што адкрыццё на іншыя культуры патрубуе намаганняў, таму гэта не заўсёды легка. Я сам адчуў гэта, калі працаваў у Дэтройце, ЗША. Трэба было нібы «пераламаць» сябе, каб навучыцца новым культурным традыцыям. Але гэта неабходна рабіць. І калі ў нас гэта атрымліваецца, сустракаемся з вялікай удзячнасцю і плёнамі.

— Як выглядае сітуацыя з пакліканнямі? Яны маюць міжнародны характар ці пераважная большасць членаў таварыства палякі?

— Пакуль што пераважаюць пакліканні з Польшчы. Хаця ёсць пакліканні з іншых краін: Аўстраліі, Канады, Германіі, ЗША, але іх менш. У гэтым годзе, напрыклад, упершыню не было ніводнага паляка сярод новапрэзбітараў. Імі сталі юнакі з Бразіліі, Беларусі, ЗША, Украіны.

— Сёлета вы адзначаеце 20-годдзе таварыства ў Беларусі. А якія планы ў вас на будучыню?

Час нашай працы (таварыства існуе з 1932 г.) даў нам зразумець, што ў ніякай краіне мы не можам укараняцца, будаваць планы. Бо мы для эмігрантаў, якія з цягам часу, з новымі пакаленнямі перастаюць імі быць. Мы не можам пабудаваць кляштар і сказаць, што будзем працаваць на пэўным месцы трыста гадоў. Мы разумеем, што неабходна апекавацца людзьмі, якія ў дарозе. Цяпер, напрыклад, адзін святар у Польшчы займаецца выключна пастырствам дальнабойшчыкаў. І для іх у адным порце з дапамогай уладаў пабудаваў капліцу. А да гэтага ён быў душпастырам у порце Мантэвідэа (Уругвай).

Вопыт кажа, што пасля 50 гадоў працы ў пэўнай краіне надыходзіць час, калі варта спытацца: ці патрэбны мы яшчэ ў гэтай краіне?  А калі не, то каму і дзе патрэбны?

Кс. Юрый Марціновіч

У Беларусі працуюць шэсць хрыстусоўцаў у Пінскай (Ішкалдзь, Мядзведзічы, Ганцавічы) і Гродзенскай дыяцэзіях (Суботнікі, Геранёны) і ў Мінску. У цэлым таварыства налічвае каля 500 сабратоў, якія працуюць у Польшчы, ЗША, Канадзе, Бразіліі, Аўстрыі, Новай Зеландыі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, Вялікабрытаніі, Паўночнай Ірландыі, Іспаніі, Францыі, Германіі, Галандыі, Італіі, Ісландыі і Венгрыі.

Патрэбу апекі над польскай эміграцыяй у 30-х гадах ХХ стагоддзя адчуў Прымас Польшчы Слуга Божы кардынал Аўгуст Хлонд. У 1932 г. з дазволу папы Пія ХІ іерарх прыняў рашэнне заснаваць новую манаскую супольнасць.

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця