«У адказ на давер Святога Айца адносна майго служэння ў Пінскай дыяцэзіі я выказваю сваю пашану да яго, сваю сыноўскую адданасць, абяцаю верна служыць Богу і Касцёлу, вернікам Пінскай дыяцэзіі і тым, хто яшчэ шукае Бога», — адзначыў новапрызначаны біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка ў інтэрв’ю для Catholic.by.
— Ваша Эксцэленцыя, віншуем Вас з прызначэннем ардынарыем Пінскай дыяцэзіі. Як Вы ўспрынялі гэтую вестку?
— Сёння Апостальскі нунцый (арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці — Рэд.) абвясціў волю Святога Айца Бэнэдыкта XVI аб прызначэнні мяне дыяцэзіяльным біскупам Пінскай дыяцэзіі. Я прыняў волю Божую і ўдзячны Святому Айцу за гэты вялікі давер, які ён аказаў адносна мяне, маёй асобы. Вядома, кожны чалавек слабы, недасканалы. У адказ на давер Святога Айца адносна майго служэння ў Пінскай дыяцэзіі я выказваю сваю пашану да Святога Айца, сваю сыноўскую адданасць, абяцаю верна служыць Богу і Касцёлу, вернікам Пінскай дыяцэзіі і тым, хто яшчэ шукае Бога, каб дзякуючы маёй працы як мага больш людзей знайшло Хрыста ў Каталіцкім Касцёле.
— Напэўна, Вам ужо даводзілася бываць у парафіях Пінскай дыяцэзіі. У чым, на Вашую думку, спецыфіка мясцовага Касцёла?
— Я нарадзіўся і ахрышчаны ў парафіі Дзераўная, якая хоць і знаходзіцца цяпер на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але да 1991 года належала да Пінскай дыяцэзіі. Таму я ведаю яе старонкі імклівага развіцця ў міжваенны перыяд, цярпенне Касцёла ў ваенны час і ў пасляваенныя дзесяцігоддзі.
Да святарства мяне падрыхтаваў у падполлі таксама святар Пінскай дыяцэзіі, тагачасны генеральны вікарый часткі Пінскай дыяцэзіі, якая знаходзілася ў межах Беларусі, святой памяці кс. інфулат Вацлаў Пянткоўскі. Гэта таксама абавязвае памятаць аб тых святарах, якія тут працавалі, якія прайшлі ГУЛАГі. Гэта і кс. Ежы Росяк з Паланэчкі, і кс. Станіслаў Лазар, і а. Міхал Варанецкі, і кс. Станіслаў Рыжка з Лагішына, кс. Антоній Гжыбоўскі з Чарнаўчыц. Гэтых святароў я ведаў, і яны з’яўляюцца для мяне прыкладам. Напэўна, яны заўсёды будуць для мяне добрым напамінам аб тым, каб у душпастырстве быць руплівым.
— Можа, ужо накрэслілі першыя душпастырскія планы ў дыяцэзіі?
— …Праз рэкалекцыі падрыхтавацца да гэтага служэння. Дзе я хачу гэтыя рэкалекцыі правесці, яшчэ падумаю. Калі ў 1998 годзе Святы Айцец прызначыў мяне біскупам, тады дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі, я свае рэкалекцыі праводзіў ля абраза Маці Божай Гудагайскай.
Цешуся, што на сённяшнюю сустрэчу прыбылі святары, кансэкраваныя асобы. Для мяне гэта важна і я спадзяюся, што будзе добрае супрацоўніцтва з тымі, хто працуе ў пінскім Касцёле, у розных парафіях, і выконвае шматлікія абавязкі. Малюся за іх, малюся з імі і таксама іх прашу аб малітве.
У Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі я адказваў за літургію, за сем’і і «Карытас» (каталіцкая дабрачынная місія). Напэўна, шмат абавязкаў у біскупа ў дыяцэзіі. З гэтымі накірункамі я знаёмы. На працягу свайго 32-гадовага святарскага служэння я быў пробашчам, з’яўляўся дапаможным біскупам, 5 гадоў быў рэктарам у семінарыі. Таму і семінарыйныя справы мне блізкія. Думаю, што тым клерыкам, якіх Бог паклікаў з розных парафій Беларусі, каб яны рыхтаваліся да святарства ў сценах менавіта гэтай семінарыі, я дапамагу сваімі ведамі і вопытам, дапамагу, каб яны як найлепей падрыхтаваліся да служэння ў тых парафіях, у тых мясцовасцях, у той галіне душпастырства, якую Божы Провід для іх прызначыў.
— Дзякуем за размову. Божай дапамогі ў Вашым служэнні!