Пошук

25.04.2012 13:05  

Негатыўны ўнёсак сект у жыццё грамадства — тэма размовы Ватыканскага радыё з кіраўніком Інфармацыйна-кансультацыйнага цэнтра імя Іосіфа Волацкага Беларускай Праваслаўнай Царквы Уладзімірам Марціновічам. І сапраўды, у навінах мы не часта чуем пра секты, у асноўным, калі гэта даходзіць да крымінальнай справы. А што схавана глыбей?


— Скажыце калі ласка, колькі ў Беларусі сект, як змяняецца іх колькасць і ці існуе пагроза з іх боку?

— Па даным на 1 студзеня 2012 г. у Беларусі 130 сект і культаў, 330 кліентурных культаў і 360 аўдытарных культаў. Колькасць сект не памяншаецца і не павялічваецца, кожны год з’яўляюцца новыя секты, прыкладна 15 груп, але старыя знікаюць. Пытанне сектанцтва застаецца актуальным. Зараз у Царкву звяртаецца такая ж колькасць пацярпелых, як і раней, у 1990-я гады, сітуацыя не змяняецца. Прапаведнікі прыязджаюць пастаянна, кожны тыдзень у Беларусі праходзіць да 1000 сектанцкіх мерапрыемстваў. Але адбываюцца ўнутраныя змены ў сектах — адны тыпы сект слабеюць, іншыя — становяцца больш моцнымі, секты пачынаюць інакш вербаваць, прымяняюць новыя метады місіянерскай працы і вярбоўкі.

— Са скаргамі на якія арганізацыі часцей за ўсё звяртаюцца пацярпелыя? У якім стане знаходзяцца гэтыя людзі?

— Большасць скаргаў на «Сведкаў Еговы», яны абсалютныя лідары ў гэтым плане. Скардзяцца на пяцідзясятнікаў, на так званых народных лекараў, экстрасэнсаў, язычнікаў, псеўдапсіхалагічныя культы. Як правіла, да нас звяртаюцца з самымі цяжкімі выпадкамі, але спектр запытаў самы розны: ад простых інфармацыйных — раскажыце нам аб той ці іншай арганізацыі — да выпадкаў забойства, згвалтавання, распадаў сем’яў, гэта вельмі часта адбываецца, прыходзяць людзі з дыягназамі пасля псіхіятрычнай бальніцы ў Навінках і гэтак далей.

— У гэтым годзе Цэнтр, дарэчы, адзіны ў краіне, адзначае 15-годдзе існавання. Што было зроблена за гэты час?

— За 15 гадоў мы зрабілі першы сур’ёзны крок наперад, мы стварылі буйную інфармацыйную базу, аналагаў няма ні ў Беларусі, ні ў краінах Усходняй Еўропы. У нас на ўліку стаіць 2700 сект з 75 краін свету.

— З якімі канфесіямі супрацоўнічае Цэнтр у справе вывучэння і барацьбы з сектамі?

— У прафесійным сектазнаўстве не існуе канфесій. Мы супрацоўнічаем і з пратэстанцкімі сектазнаўцамі, з лютэранамі. Вяршыняй такога супрацоўніцтва стала перадача ў Цэнтр імя Іосіфа Волацкага ў 2010 г. асабістага архіва вядомага еўрапейскага сектазнаўцы Томаса Гандоу — гэта некалькі дзясяткаў тысяч выключна рэдкіх дакументаў. Ёсць прыклады такога пазітыўнага супрацоўніцтва з каталіцкімі сектазнаўцамі. Магчыма, сектазнаўства — гэта тая вобласць, у якой канфесіі бліжэй за ўсё і цясней за ўсё супрацоўнічаюць. Наўрад ці мы знойдзем такую вобласць — сацыяльную ці іншую, — у якой канфесіі настолькі давяраюць адна адной у такіх сур’ёзных пытаннях. Гэта вельмі цікавы момант.

— Як адносяцца дзяржаўныя структуры да існавання і дзейнасці сект у Беларусі? Ці ёсць адзіны з Цэрквамі погляд на праблему?

— Наша супрацоўніцтва з дзяржавай залежыць больш ад дзяржавы, але, як правіла, гэта вельмі пасіўнае ўспрыманне нашай інфармацыі, незацікаўленасць. У Францыі дзейнічае 80 антысектанцкіх цэнтраў, у Аўстрыі — 30, у Італіі — каля 40, у ЗША — некалькі соцен, у Беларусі — адна арганізацыя. У большасці гэтых краін сектамі займаюцца не толькі царкоўныя ці грамадскія аб’яднанні, але і дзяржаўныя структуры вядуць такую працу. Заўсёды, калі секты спрабуюць заглушыць любую крытычную інфармацыю ў свой адрас, маўляў, любая крытыка — парушэнне нашых правоў, гэта спроба з боку сектанцтва стварыць такія ўмовы для свайго існавання, пры якіх яны могуць развівацца на безальтэрнатыўнай аснове.

— Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам. Магчыма, веды аб сектах — абарона ад іх. Як Вы ацэньваеце ўзровень адукаванасці сучасных беларусаў у пытанні сект?

— Узровень адукаванасці жахлівы. Гэта віна і Царквы, і дзяржавы, і грамадства. Калі газеты ці часопісы ўвогуле вырашаюцца крытыкаваць секты, то яны выбіраюць тыя, якія не існуюць у Беларусі, ці бяскрыўдныя. У выніку чалавек ведае, што існуюць нейкія секты, яны небяспечныя, але распазнаць канкрэтную секту пры сустрэчы ён не можа. Пачынаецца паляванне на вядзьмарак, а рэальна небяспечныя секты працягваюць існаваць у грамадстве і не сустракаюць ніякіх перашкод і крытыкі. Яшчэ адна балючая тэма — гэта псеўдапсіхалагічныя, псеўданавуковыя секты і культы, якія прэтэндуюць на сур’ёзныя веды ў медыцыне ці псіхалогіі, а на самой справе калечаць жыццё людзей.

— Акрамя элементарнай уважлівасці, што кожны з нас можа зрабіць, каб не трапіць пад уплыў таго ці іншага дэструктыўнага культу? Вашы парады…

— Нічога не баяцца, усім цікавіцца, развіваць крытычнае мысленне, памятаць аб сваіх традыцыях, жыць і радавацца жыццю.


Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа