Як ажыццяўляць на практыцы новую евангелізацыю? Што дзеля гэтага павінен здзейсніць чалавек — у асабістым жыцці, у сваёй сям’і, у парафіі? Пра тое, як звычайны вернік можа быць абвяшчальнікам Добрай Навіны, парталу Catholic.by распавёў Альберт Галея, які з’яўляецца дырэктарам Бюро евангелізацыі пры Папскай радзе па новай евангелізацыі
— Калі ласка, распавядзіце ў некалькіх словах пра сябе.
— Я свецкі чалавек, удавец — мая жонка памерла 7 гадоў таму, ёй было 55. У нас пяцёра дзяцей, яны ўжо ўсе дарослыя. Зарабляю на жыццё я прадпрымальніцтвам, але ўцягнуты таксама ў працу па евангелізацыі ў Каталіцкім Касцёле. Я родам з Мальты, дзе вельмі распаўсюджана каталіцтва. З дзяцінства, пасля першай камуніі ў 7 гадоў, я наведваў касцёл рэгулярна. Але 26 гадоў таму я даведаўся пра рух Каталіцкага Харызматычнага Абнаўлення і перажыў нанава навяртанне. Да гэтага я быў практыкуючым вернікам, выконваў усе «прадпісанні», а сваё ўласнае жыццё вёў асобна. Але 26 гадоў таму я быццам бы сам сябе навярнуў па-новаму, г.зн. я ўсвядоміў, што Езус зрабіў для мяне, хто Ён, якім чынам Ён прысутнічае ў нашым жыцці і як моцна Ён любіць нас, а таксама як мы патрабуем прысутнасці Святога Духа ў штодзённым жыцці, каб яно цалкам вялося па-хрысціянску. Сёння быць католікам для мяне азначае нашмат больш, чым проста схадзіць на нядзельную Імшу. Хрысціянства стала маім стылем жыцця. Апошнія 26 гадоў я актыўна ўдзельнічаю ў абнаўленні Каталіцкага Касцёла на парафіяльным, дыяцэзіяльным і міжнародным узроўнях, у межах новай евангелізацыі запрашаючы ўсё больш свецкіх людзей. Апошнія некалькі гадоў я магу ўдзяляць гэтай працы нашмат больш часу, і таму ў дадзены момант з’яўляюся дырэктарам Бюро евангелізацыі 2033 (раней 2000) у Еўропе. Евангелізацыя 2033 прысвечана правядзенню новай евангелізацыі ў Каталіцкім Касцёле шляхам фармацыі, малітвы і служэння для тых, хто просіць падзяліцца з імі каталіцкім вопытам у евангелізацыі.
— Якія задачы ставіць сёння евангелізацыя?
— Усе людзі, якія прынялі хрост, валодаюць двума пакліканнямі: пакліканнем да святасці і пакліканнем да служэння. Кожны, хто прыняў хрост, пакліканы не толькі жыць святым жыццём, кожны згодна са сваім жыццёвым прынцыпам, але таксама распаўсюджваць Добрую Навіну Хрыста і Яго Любоў, міласэрнасць і прабачэнне ў дачыненні да іншых праз сведчанне сваёй веры і прапаведаванне. Калі б кожны, хто прыняў хрысціянства, жыў па-хрысціянску, тады кожны католік стаў бы адначасова евангелістам. У шырокім разуменні вылучаюцца тры асноўныя задачы гэтага.
Першая задача — «унутраная». Папа Павел VI у Evangelii Nuntiandi («Прапаведаванне Евангелля») адзначае, што евангельскі Касцёл, каб быць такім, павінен спачатку сам прайсці праз евангелізацыю. З гэтымі словамі мы можам звярнуцца да кожнага евангелізатара: ён або яна павінны быць адкрыты, перш за ўсё, на евангелізацыю самога сябе. Быць практыкуючым католікам зусім не складана: хадзіць на Імшу кожную нядзелю, час ад часу да споведзі, а таксама выконваць некалькі абавязкаў падчас Вялікага посту і Адвэнту. Гэта заслугоўвае адабрэння, але гэтага недастаткова, бо страчваецца асабістае сведчанне. Усвядоміць, кім з’яўляецца Езус Хрыстус, як Ён уплывае або мог бы ўплываць на маё жыццё, якім любячым і міласэрным з’яўляецца Бог, — усё гэта пазнаецца толькі шляхам асабістых перажыванняў. Кожны, хто гатовы несці Добрую Навіну, павінен дазволіць сабе прайсці праз вопыт керыгмы («абвяшчэння»), тым самым не толькі прызнаць Езуса як уласнага Збаўцу, але і як Пана Бога, блізкага сябра. Гэта ўяўляе сабой пераасэнсаванне веры ў думках, а затым у сэрцы, дзе вера набывае жыццё і ўпэўненасць у тым, што Бог побач. Так, акрамя ўдзелу ў сакрамэнтах, прапаведніку трэба адвесці час у штодзённай мітусні для малітвы, нават калі спачатку ў кагосьці гэта зойме некалькі хвілін, а таксама рэгулярна чытаць і разважаць над Божым словам.
Гэта прыводзіць нас да другога прынцыпу, які адносіцца таксама да Касцёла на ўзроўні дыяцэзіі і парафіі. Гэта задача фармацыі. Для таго, каб праца прапаведнікаў стала эфектыўнай, неабходна праводзіць сумеснае навучанне. Езус праводзіў дастаткова шмат часу, чытаючы пропаведзі сваім наступнікам, так і парафіі павінны пастаянна арганізоўваць настаўніцкія семінары і фармацыю ў межах евангелізацыі. Разам з сакрамэнтамі павінна існаваць і евангелізацыя народу Божага. Такога кшталту фармацыя патрабуе пэўных намаганняў з боку біскупаў, святароў і свецкіх вернікаў з мэтай стварэння неабходнай інфармаванасці ў грамадстве пра евангелізацыю. Папа Ян Павел ІІ з 1983 года пачаў казаць пра евангелізацыю як пра новую. Новая евангелізацыя мае на ўвазе новыя метады, новыя сродкі выражэння і новыя адносіны, што магчыма толькі пры сумесных намаганнях, адзінстве мэты і бачанні працэсу такім чынам, каб парафіі сталі поўнымі сапраўднага жыцця, падобна першым хрысціянскім супольнасцям.
Трэцяй задачай з’яўляецца так званы «ad extra», г.зн. дзейнасць, накіраваная на знешні свет. Гэтая задача датычыць сучаснага свету, у якім забараняецца хрысціянства і хрысціянскія каштоўнасці. Усе мы цудоўна разумеем, што сёння свет можна назваць хутчэй пост-хрысціянскім, з яго свецкасцю, рэлятывізмам, матэрыялізмам, грамадствам спажывання, рэлігіямі «новага часу», акультызмам і г.д. Людзі знаходзяцца ў пошуку, яны галодныя духоўна, і многія шукаюць праўду, маю на ўвазе праўду жыцця і Бога, у няправільных месцах. Многія самотныя, уразлівыя,, прабываюць у страху або дэпрэсіі, у смутку або пакутуюць ад залежнасцяў. З аднаго боку, мы кажам пра задачу, накіраваную на свет знешні, а з іншага боку дадзеная праца ўяўляе сабой вялізную магчымасць прапаведнікам дапамагчы такім людзям знайсці надзею і любоў у Езусе Хрысце і Яго Айцу.
— Распавядзіце аб сучасных метадах абвяшчэння Евангелля.
— Папа Павел VI яшчэ ў 1975 г. выдаў слыннае апостальскае пасланне «Евангелізацыя ў сучасным свеце». Прайшло 37 гадоў з моманту публікацыі сутнасці і асноўных прынцыпаў евангелізацыі, але яны актуальныя і сёння. Асноўнымі метадамі з’яўляюцца наступныя: а) сведчанне жыцця, б) значнасць і неабходнасць прапаведавання, в) літургія Слова, г) Катэхізіс, д) выкарыстанне СМІ, е) індывідуальны падыход, кантакт чалавек — чалавек, ж) сакрамэнты, з) папулярызацыя пабожнасці або рэлігійнасці.
У пералічаных метадах можна заўважыць такія, якія таксама прымяняльныя ў евангелізацыі і рэевангелізацыі католікаў і парафіян, напр. сакрамэнты, пабожнасць і прапаведаванне. У сувязі з гэтым належыць падкрэсліць асаблівую ролю святароў, якія пакліканы выконваць функцыю евангелізацыі ў сваёй штодзённай працы; для развіцця евангелізацыі іх роля незаменная ў межах парафіяльнага жыцця. Далей ідуць метады, якія могуць быць выкарыстаны свецкімі вернікамі як у душпастырскім супрацоўнітцве ў парафіях і групах, так і ў іх асабістым жыцці.
Асноўным з’яўляецца асабісты кантакт, які апісаны Папам як самы неад’емны ў працэсе перадачы веры, бо гэта той метад, калі свецкі прапаведнік можа пасябраваць з чалавекам, адвесці час для размовы пра Біблію і Хрыста, а таксама складнікам з’яўляецца падтрымка чалавека ў яго духоўным пошуку ісціны. Казаць аб прапаведаванні Евангелля і толькі — гэта дастаткова вузкі падыход у разуменні евангелізацыі. У межах евангелізацыі мы не навязваем веру і не шукаем спосабаў пераканання. Мы проста кажам аб праўдзе Евангелля, асабліва аб значнасці Езуса Хрыста і Яго Уцелаўленні, адкупленні грахоў і ўваскрасенні, аб Яго жыцці сёння сярод нас у сакрамэнтах, Бібліі і Касцёле. Я хацеў бы паўтарыцца і падкрэсліць яшчэ раз, што сёння мы кажам пра новую евангелізацыю, а гэта значыць новыя метады, новыя сродкі выражэння і новыя адносіны. Змест Евангелля заўсёды застаецца нязменным, бо «Хрыстус той жа ўчора, сёння і заўсёды», аднак спосабы і мова, якую мы выкарыстоўваем для перадачы евангельскіх праўдаў, могуць успрымацца розным чынам. Прапаведнікі пакліканы быць вынаходлівымі і праяўляць творчыя ініцыятывы для прадстаўлення Евангелля людзям, асабліва сёння, калі існуе велізарная колькасць магчымасцяў у Інтэрнэце і сацыяльных сетках.
— Засноўваючыся на асабістым прыкладзе, падзяліцеся разважаннем, як свецкі чалавек можа ўдзельнічаць у евангелізацыі ў сучасным свеце.
— Я ўжо ўзгадваў, што не заўсёды быў цалкам пагружаны ў працу па евангелізацыі. Маё першачарговае пакліканне — быць мужам і бацькам, быць кармільцам сям’і. Аднак у час майго новага навяртання я ўсвядоміў, што быў прапаведнікам заўсёды. Не паўнавартасным служыцелем, а свецкім хрысціянінам я з’яўляюся пастаянна. Перш за ўсё, я прапаведнік у сваёй сям’і і сярод сваіх сяброў. Я прапаведую сваё сведчанне веры і тое, як я рэагую на складанасці, праблемы і рэаліі жыцця. Для гэтага я звяртаюся да штодзённай малітвы, прашу Святога Духа дапамагчы мне ўвасабляць Яго плёны ў жыццё, асабліва любоў, супакой, гуманнасць, увагу да іншых, валоданне сабой і г.д. Я таксама давяраю і прысвячаю Богу больш і больш сябе і раю звяртацца да Яго любові і шчодрасці іншым, калі яны перажываюць цяжкасці. Вера дадзена нам для таго, каб мы ёю дзяліліся з іншымі. Так, у сваім жыцці мяне не спыняюць ніякія перашкоды ад выражэння сваёй пазіцыі, нават калі суразмоўцы спрачаюцца або збіваюць з панталыку. Зноў жа паўтаруся, асабісты кантакт, які магчымы сярод свецкіх, незаменны. Далей, кожны са свецкіх павінен старацца прысвячаць уласны час вечарам або ў выходныя дні для працы ў парафіі, наведваць розныя парафіяльныя групы. Мая жонка і я пачыналі з малітоўнай групы ў парафіі 26 гадоў таму, пасля чаго мы арганізавалі Парафіяльную школу фармацыі ў евангелізацыі, якая дзейнічае на працягу апошніх 20 гадоў. Парафіяльны святар падтрымаў нас, мы заўсёды працавалі поруч і заўсёды лічылі, што не трэба чакаць распараджэнняў ад святара, а трэба праяўляць уласную ініцыятыву ў сваёй парафіі і парафіяльных супольнасцях. Таму я заклікаю кожнага не хаваць свае таленты і запрашаць іншых хрысціян для рэгулярнага наведвання касцёла (не толькі на святую Імшу). Такім чынам будзе ўмацоўвацца іх вера, людзі змогуць маліцца разам, удзельнічаць пастаянна ў фармацыі, а таксама вучыць лідэраў, якія змогуць працягваць гэтую працу ў будучыні. Можна таксама дапамагаць святарам ствараць хрысціянскія супольнасці, якія абвяшчаюць любоў, мір, талерантнасць і цярпімасць не толькі ў дачыненні да тых, хто наведвае касцёл, але і да ўсіх людзей, уключаючы няверуючых.
— Запрашаю Вас звярнуцца да вернікаў Беларусі, заклікаючы іх да прапаведавання, па крайняй меры ў асабістым жыцці.
— Сярод католікаў-беларусаў распаўсюджаны, напэўна, дзве перашкоды на дадзеным шляху, характэрныя, зрэшты, для ўсіх вернікаў. Гэта страх і абыякавасць. Страх таго, што чалавек выглядае дзіўным, таго, што іншыя лепш, страх быць абсмяяным. Абыякавасць асабліва праяўляецца ва ўяўленні, што евангелізацыя «робіцца іншымі». Але хто такія іншыя, калі не вы з намі? Калі ўсе будуць думаць такім чынам, то евангелізацыя проста перастане існаваць! Калі б першыя прапаведнікі з Дзеяў Апосталаў баяліся яўрэяў і іх рэлігіі,, або імі авалодала б абыякавасць, то вера не дасягнула б нас. Смеласць, цвёрдасць перакананняў, а таксама самааддача павінны замяніць страх. Абыякавасць павінна быць разбурана верай у тое, што кожнае дзеянне чалавека, нават самае нязначнае, служыць евангелізацыі незлічонай колькасці людзей. Збаўленне не прымаецца павярхоўна, а цемру можна пераадолець толькі святлом Евангелля, а святлом з’яўляецца кожны з нас.
У кожнай краіне ёсць свае мясцовыя асаблівасці і праблемы, але замест таго, каб засяроджваць увагу на тым, што мы не можам рабіць, лепш падумаць пра тое, што мы можам рабіць. Вернікі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, абапіраючыся да ўдзячнасць Святому Духу, які з’яўляецца галоўным пасланцам евангелізацыі, здольныя зрабіць вельмі шмат, распаўсюджваючы ісціну з любоўю, мірам і цярпеннем, а таксама молячыся аб збаўленні іншых людзей. На заканчэнне хачу дадаць, што малюся аб беларускіх верніках, якіх знаходжу вельмі пакорнымі, адкрытымі і добразычлівымі, у надзеі, што яны будуць абвяшчаць радасць і самі будуць напоўнены ёю. Давайце не забываць пра тое, што хрысціяне, уключаючы братоў і сясцёр з Беларусі, павінны быць сапраўдным народам, які нясе людзям Добрую Навіну дзякуючы надзеі ў Хрысце, Валадару над валадарамі, які памёр, але працягвае жыць у сваім уваскрасенні і будзе жыць вечна!
Дзякую за запрашэнне падзяліцца сваімі разважаннямі, а таксама вітаю здалёку ўсіх жыхароў Беларусі. Памятаю пра вас у сваіх малітвах.
Гутарыў кс. Юрый Марціновіч