«Ёсць рэчы, якія нельга купіць за грошы. Такою з’яўляецца любоў, якую ты аддаеш і атрымліваеш, служачы іншым», — сцвердзіў генеральны сакратар «Caritas Europa» Хорхе Нуньё Маер, акрэсліваючы сэнс валанцёрскага служэння ў інтэрв’ю для Catholic.by.
— На Вашую думку, кім з’яўляецца валанцёр і хто ім можа стаць?
— Кожны хрысціянін пакліканы быць валанцёрам. Мы, хрысціяне, жывём у грамадстве і павінны несці іншым Добрую Вестку, у тым ліку праз валанцёрскую дзейнасць. Нават калі разглядаць гэтую тэму не з пункту гледжання «Карытас» як дабрачыннай арганізацыі Касцёла, то ў любым мястэчку знойдуцца людзі, якія жадаюць быць дабравольцамі ў чыненні дабра.
— Людзі з адкрытымі сэрцамі да патрэбаў іншых, безумоўна, ёсць. Але як падштурхнуць іх да дзейнасці?
— На маю думку, гэта цэлы адукацыйны працэс, які пачынаецца яшчэ ў дзяцінстве і адбываецца ў сям’і. Дзіця ўжо з малых гадоў можа вучыцца чыніць дабро для сваіх блізкіх. Гэта могуць быць самыя простыя рэчы. Натуральна, што ўсведамленне таго, наколькі важна чыніць дабро іншым, пачынаецца ў раннім дзяцінстве.
Галоўнае — даць зразумець дабравольцам, што праз валанцёрства адбываецца пазнанне іншых людзей, а служэнне ім спрыяе адкрыццю здольнасцяў працы з людзьмі.
Быць валанцёрам — гэта значыць не толькі даваць, але і атрымліваць. Атрымліваць не грошы, а задавальненне ад той усмешкі, якою можа адарыць пажылы чалавек ці маленькае дзіця, задавальненне ад таго, што робіш для іншых.
Вельмі важна, каб перад распачаццем валанцёрскай дзейнасці чалавек азнаёміўся з існуючымі праблемамі ў грамадстве, пазнаў псіхалогію хворых і каштоўнасці, якімі яны жывуць. Ёсць рэчы, якія нельга купіць за грошы. Такою з’яўляецца любоў, якую ты аддаеш і атрымліваеш, служачы іншым.
Валанцёрства адыгрывае важную ролю ў будаванні адносінаў паміж людзьмі.
— У якіх сферах найбольш запатрабавана дапамога валанцёраў сёння?
— Валанцёрства — гэта старадаўняя метадалогія Каталіцкага Касцёла, якая мае тры прынцыпы: убачыць — падумаць — зрабіць. Не толькі кіраўніцтва павінна ўказваць валанцёрам на кірункі іх дзейнасці. Валанцёры самі павінны ўмець аналізаваць сітуацыю і разумець, што неабходна для канкрэтнай вёскі. Другім важным аспектам з’яўляецца разуменне сваёй працы: з кім працаваць і як працаваць.
Ведаючы валанцёрскія прынцыпы, дабравольцы будуць разумець, што яны не проста інструменты, а што яны запатрабаваны і важныя ў грамадстве.
— У Беларусі валанцёрства знаходзіцца на пачатковым этапе. На Ваш погляд, які сур’ёзны крок мы павінны зрабіць для развіцця гэтага кірунку?
— У маіх вачах «Карытас» у Беларусі — вельмі актыўная арганізацыя. Важна, што ў ёй задзейнічаны таксама валанцёры, якія жадаюць дапамагаць патрабуючым. Гэта ўжо, на маю думку, вельмі важны крок у развіцці.
Для таго ж, каб валанцёрская дзейнасць развівалася, варта выконваць тры крокі. Кожны з іх вельмі значны. Першы — азнаямленне людзей з існуючымі праблемамі ў грамадстве. Гэта дапаможа зразумець важнасць валанцёрскай дзейнасці. Варта інфармаваць пра гэтае служэнне як пры парафіях, так і ў пазакасцёльных колах. Другі крок — гэта навучанне валанцёраў. Трэці — іх падтрымка. Валанцёры не павінны заставацца сам-насам. Важна, каб яны пастаянна адчувалі падтрымку.
Валанцёрства адыгрывае важную ролю ў грамадстве, таму што спрыяе яднанню людзей, дапамагае ім быць разам. У кантэксце вашай краіны, дзе існуе прамлема міграцыі моладзі, валанцёрства можа таксама выхоўваць любоў да свайго народа і Радзімы, у якой хочацца застацца.
Гутарыла Валянціна Крутая
Даведка
«Caritas Europa» (CE) з’яўляецца адной з сямі рэгіянальных арганізацый, якія ўваходзяць у склад «Caritas Internationalis» (CI). «Caritas Internationalis» у сваю чаргу аб’ядноўвае 162 арганізацыі. У склад «Caritas Europa» ўваходзяць 48 краін-удзельніц, якія працуюць на тэрыторыі 44 еўрапейскіх дзяржаў.
«Caritas Europa» быў створаны і зарэгістраваны як самастойная арганізацыя ў 1977 г.
Асноўныя кірункі ў працы:
- Барацьба з беднасцю і сацыяльным адчужэннем
- Праца з мігрантамі, эмігрантамі, бежанцамі
- Гуманітарная дапамога
- Арганізацыя і падтрымка сеці арганізацый нацыянальных «Карытас» на еўрапейскім кантыненце
- Падтрымка структуры і развіцця стратэгіі арганізацый-удзельніц
- Павышэнне кваліфікацыі
- Арганізацыя дапамогі ў надзвычайных сітуацыях
- Праца па тэмам ВІЧ/СНІД, дапамога інвалідам, састарэлым дома і г.д.
- Сацыяльныя праекты і праграмы.