Шмат рухаў і супольнасцяў дзейнічаюць у Касцёле ў Беларусі. Аднак не вядомая яшчэ нашым землям справа Кольпінга. Пра гісторыю і мэты дадзенай арганізацыі свецкіх, а таксама магчымасць яе заснавання ў беларускіх парафіях чытайце ў інтэрв’ю са старшынёй Цэнтральнага саюза справы Кольпінга ў Польшчы кс. Зэнанам Мышкам.
— Ксёндз Зэнан, раскажыце, калі ласка, што гэта за справа Кольпінга, чым яна займаецца і якія яе асноўныя прынцыпы?
— Бог, Радзіма, сям’я і праца — гэта слупы нашага жыцця. Нядобрае адбываецца ў нашым жыцці, калі ў ім адсутнічае які-небудзь з гэтых прынцыпаў. Таму ў зменлівым свеце патрэбны веды і ўменні, каб мы маглі на гэтых апорах будаваць сваё жыццё. Чалавек шчаслівы, калі любіць сваю Айчыну, калі любіць сям’ю, калі захоплены сваёй працай. Гэтаму можна і варта вучыцца.
Справа Кольпінга з’яўляецца аб’яднаннем католікаў, якія ў добра арганізаванай супольнасці вучацца і разам дзейнічаюць у справе вырашэння разнастайных грамадскіх праблем.
На пачатку свайго існавання (амаль 150 гадоў таму) справа датычыла перш за ўсё маладых рамеснікаў і работнікаў, якія ў выніку прамысловай рэвалюцыі апынуліся на перыферыі грамадскага жыцця. У тагачасных сем’ях Кольпінга яны знайшлі жыццёвую падтрымку і братэрскую супольнасць.
Сёння справа Кольпінга сама сябе называе «каталіцкай, сямейнай і практычнай супольнасцю навучання і дзеяння», мэтай якой з’яўляецца фарміраванне здаровага рэлігійнага і грамадзянскага духу сярод членаў супольнасці, каб яны сталі ўпэўненымі католікамі, добрымі грамадзянамі, аданымі членамі сваіх сем’яў і паважанымі прафесіяналамі.
На практыцы гэта азначае правядзенне шырокай фармацыйнай і адукацыйнай дзейнасці сярод удзельнікаў руху, а таксама (у залежнасці ад лакальных патрэбаў) разнастайных дапаможных акцый.
Напрыклад, сем’і Кольпінга ў Польшчы вядуць цэнтры пазашкольнай працы для дзяцей і моладзі, цэнтры падрымкі беспрацоўных, офісы юрыдычных парад, заняткі для пенсіянераў, падтрымліваюць лакальную культурную і інтэграцыйную дзейнасць у сваіх асяродках.
— У Беларусь вы прыехалі невыпадкова, бо вашай асноўнай мэтай прабывання тут з’яўляецца заахвочванне да развіцця справы Кольпінга ў нашай краіне. Што неаб’ходна зрабіць, каб стварыць такую арганізацыю ў парафіі?
— Кожная парафія павінна быць супольнасцю веры і жыцця. Сям’я Кольпінга ў парафіі з’яўляецца гатовай прыладай, выпрабаванай у 60 краінах свету на працягу 150 гадоў.
Спачатку неабходна знайсці не менш за 15 чалавек, якія разам з пробашчам бачаць грамадскія патрэбы ў сваім асяроддзі і жадаюць пераадолець іх у меру сваіх магчымасцяў і пры падтрымцы і супрацоўніцтве з іншымі сем’ямі Кольпінга нават з-за мяжы (На сённяшні дзень справа Кольпінга налічвае звыш паўмільёна груп (сем’яў) па ўсім свеце).
Пасля статут парафіяльнай супольнасці, зацверджаны біскупам, будзе будаваць атмасферу, адкрытую на іншых. Тут усе жадаючыя будуць навучацца ўсяму таму, што ім патрэбна для шчаслівага жыцця, а таксама паспяховай арганізацыі дзейнасці на карысць парафіі і мясцовай супольнасці.
— У справе Кольпінга святар выконвае ролю старшыні. У чым заключаюцца яго функцыі?
— Самым першым старшынёй справы быў абраны сам бл. кс. Адольф Кольпінг. Паколькі на чале парафіяльнай групы супольнасці знаходзіцца яго наступнік — святар, часцей пробашч, то ён і носіць гістарычны тытул старшыні. Выконвае ж ён ролю касцёльнага асістэнта арганізацыі, якой фармальна кіруе абраны кіраўнік. Старшыня адказны за душпастырскае служэнне і фармацыю ў супольнасці, а таксама разам з кіраўніком дбае пра развіццё і еднасць сям’і Кольпінга, бо з’яўляецца яе душпастырам.
Я сам з’яўляюся пробашчам у маленькай прыморскай парафіі ў Лебе. Будую цалкам новую парафію і касцёл. І мне напачатку, так, як кожнаму пробашчу, які ствараў супольнасць Кольпінга, здавалася, што мне дадалося шмат працы. Аднак вельмі хутка аказалася, што перш за ўсё дадаліся супрацоўнікі. «Захаваны» час мог прысвяціць справе Кольпінга ў Польшчы, дзе на працягу васьмі гадоў з’яўляюся старшынёю Цэнтральнага саюза справы Кольпінга ў Польшчы.
— Хто можа ўступіць у супольнасць справы Кольпінга? Ці існуюць абмежаванні па ўзросце?
— Да справы Кольпінга могуць уключацца прадстаўнікі розных пакаленняў. З дазволу бацькоў членамі супольнасці могуць быць дзеці з 12 гадоў. Моладзь з 12 да 18 гадоў заахвочваецца да стварэння «Маладога Кольпінга». Адказнасці за супольнасць варта вучыцца з маленькага ўзросту.
— Члены справы Кольпінга фарміруюць сваю духоўнасць праз рознага роду сустрэчы, рэкалекцыі, рэгулярны ўдзел у Эўхарыстыі. Што такая асоба можа вынесці для сябе на будучыню? Ці варта прысвячаць час і жыццё на гэтую справу?
— Вера ў Езуса Хрыста вядзе нас да супольнасці Касцёла. На практыцы, аднак, гэта азначае, што ў парафіяльнай супольнасці застаёмся ананімамі, якія кантактуюць з ёй толькі праз удзел у літургіі.
Сям’я Кольпінга змяняе гэты стан. Яна дазваляе перанесці вопыт веры на плоскасць грамадскага жыцця. Плёнам такога працэсу стануць глыбокія адносіны ў супольнасці, якая сама па сабе з’яўляецца прыгожым дарам, што захапляе таксама і няверуючых. Хто з нас не памятае вядомага каментарыя на тэму першых хрысціянскіх супольнасцяў, як яны любяць адно аднаго?
— Дзе можна атрымаць падрабязную інфармацыю пра справу Кольпінга?
— Раю азнаёміцца з наступнымі інтэрнэт-сайтамі супольнасці: kolping.net, kolping.de, kolping.pl.
На польскай мове існуе кніга ксяндза Казіміра Холы «Благаслаўлёны Адольф Кольпінг і яго справа» («Błogosławiony Adolph Kolping i Jego Dzieło»).
Пытанні можна дасылаць таксама на маю паштовую скрыню: zenonmyszk@kolping.pl.
— Скіруйце, калі ласка, словы да беларускіх вернікаў, асабліва тых, хто зацікавіўся дзейнасцю справы Кольпінга
— У Касцёле Бог сканцэнтраваў разнастайныя дары і багацці. Адкрыцца на справу Кольпінга — значыць адкрыцца на багацце дароў, якімі Бог адарыў свецкіх у Касцёле.
Заахвочваю ствараць супольнасці справы Кольпінга ў парафіях, паколькі яна нясе з сабой багаты вопыт і правераныя спосабы міжнароднага супрацоўніцтва.
Гутарыў кс. Юрый Марціновіч