Што такое Эўхарыстычны рух маладых, якая яго гісторыя і мэты, хто можа ў яго ўступіць, — аб гэтым чытайце ў інтэрв’ю з нацыянальным мадэратарам Эўхарыстычнага руху маладых ад імя Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак с. Датунай Пусты USJK (Польшча).
— Сястра Данута, распавядзіце пра мэты Вашага візіту ў Мінск і падзяліцеся першымі ўражаннямі ад прабывання ў беларускай сталіцы?
— Прыехала ў Мінск, каб сустрэцца з сёстрамі і братамі з супольнасці Каталіцкага Касцёла, таму на гэтым я і сканцэнтравала ўсю сваю ўвагу. Дзякую Богу за тое, што сталіца Беларусі з’яўляецца цэнтрам, у якім праз асобаў і падзеі жыве і дзейнічае Езус Хрыстус, а Дух Эўхарыстыі надае штодзённым справам збаўленчае вымярэнне, якое дазваляе ва ўсім бачыць сэнс і прыгажосць.
— Вы належыце да Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак. Распавядзіце пра сябе. Як выглядае Ваша штодзённае жыццё?
— У Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага я ўжо 28 гадоў. Напачатку я была накіравана на катэхетычную і педагагічную працу. На дадзеным этапе я з’яўляюся нацыянальным мадэратарам Эўхарыстычнага руху маладых ад імя Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак.
— Адкуль ідуць карані гэтага руху?
— Эўхарыстычны рух маладых паходзіць з Апостальства малітвы, якое паўстала ў езуіцкім навіцыяце ў Францыі. У снежні 1844 года а. Францішак Гатрэле сказаў славутую прамову да сваіх маладых субратоў, якія загарэліся прагненнем місійнай працы ў далёкіх краінах. Ён заахвочваў, каб сталі місіянерамі «адразу» — праз малітву і штодзённае ахвяраванне свайго жыцця ў лучнасці з Езусам Хрыстом дзеля збаўлення душ. Маладыя езуіты з запалам узяліся за глыбока ўсвядомленае апостальства. Фарміравалі сябе ў школе Эўхарыстыі, у якой Езус складае сябе ў ахвяры Богу Айцу. Заахвочаныя прыкладам Божага Сына, ахвяроўвалі сябе разам з Ім і такім чынам уключаліся ў апостальскую місію Касцёла.
Праз дваццаць гадоў, у 1865 г., калі дзяржаве Ватыкан пагражалі войскі Гарыбальдзі (італьянскі рэвалюцыянер, палітык, змагар за аб’яднанне Італіі), папа Пій ІХ звяртаецца да католікаў — да дарослых і да моладзі — з просьбай аб дапамозе. Жаданне дапамагчы Святому Айцу прывяло да стварэння папскай арміі, у шэрагі якой пажадалі ўступіць шматлікія студэнты. Занепакоены гэтым фактам, а. Крос SJ выкарыстаў думку а. Гатрэле. Ён прадставіў іншага салдата — які праз малітву, адрачэнні і прыманне святой Камуніі будзе найлепшым абаронцам Папы.
Так узнікла Папская місія — секцыя Апостальства малітвы для дзяцей і моладзі. Адной з мэтаў Папскай місіі была духоўная фармацыя, а таксама фарміраванне любові да Эўхарыстыі. Перш за ўсё ў яе ўваходзіла моладзь з французскіх школ і інтэрнатаў. Функцыянавала яна ў межах Апостальства малітвы яшчэ ў 1-й палове ХХ ст. Пазней Папская місія дзейнічала ў іншых еўрапейскіх краінах: Бельгіі, Іспаніі, Італіі. У 1869 г. гэтая арганізацыя атрымала прывілеі ад папы Пія ІХ. У 1880 г. Папская місія ў Італіі атрымала назву Арміі Анёлаў, а яе галоўным заданнем была падрыхтоўка дзяцей да прыняцця Першай святой Камуніі. Арганізацыя ахоплівала вучняў і выхаванцаў каталіцкіх школ.
Эўхарыстычныя дэкрэты, абвешчаныя падчас Пантыфікату Пія Х, прычыніліся, між іншым, да далейшага развіцця сённяшняй эўхарыстычнай арганізацыі падчас Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу ў Лурд у 1914 г. Аднак пачатак Эўхарыстычнай Круцыяты меў месца ў лістападзе 1915 г. у Бардо (Францыя). Кардынал Андрыё, які ўзяў на сябе патранат над гэтымі дзецьмі, зацвердзіў яе пазней у спецыяльным пастырскім пасланні, напісаным у Вялікі чацвер у 1916 г. На чале Эўхарыстычнай Круцыяты стаў дырэктар Апостальства малітвы а. Альберт Бэссэрэс SJ. Ён дастасаваў асноўвыя правілы Апостальства да ўзросту і патрэбаў дзяцей, а арганізацыі надаў вузка эўхарыстычнае вымярэнне ў сілу дэкрэтаў Апостальскай Сталіцы, а таксама пастанаўленняў Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса ў Лурд. Поўная назва арганізацыі гучала так: Эўхарыстычная Круцыята Апостальства малітвы. Яе члены маглі карыстацца ўсімі прывілеямі і адпустамі, устаноўленымі Папамі для Апостальства малітвы. У 1921 г. папа Бэнэдыкт XV афіцыйна зацвердзіў Круцыяту, а наступных Пантыфікаў вельмі ўсхваляла яе дзейнасць.
Удзел і сведчанне дзяцей і моладзі спрыяла хуткаму развіццю арганізацыі ў многіх краінах Еўропы. Яе выхаваўчыя каштоўнасці, асабліва клопат пра малітву наймалодшых, а таксама поўны ўдзел у Эўхарыстыі атрымалі прызнанне з боку касцёльных уладаў. Просьба Бэнэдыкта XV, скіраваная да ўсяго свету, а асабліва да дзяцей, аб малітве ў інтэнцыі супакою ў свеце паспрыяла хуткаму развіццю Круцыяты. (…)
У 1930 г. арганізацыя налічвала больш за 2 мільёны членаў, і не толькі ў Еўропе, але і ў Амерыцы, Азіі, Афрыцы і ў Аўстраліі. Ролю і значэнне Эўхарыстычнай Круцыяты ацаніў таксама Пій ХІ, які ў 1932 г. надаў ёй годнасць «Primaria ad honorem».
На сённяшні дзень Эўхарыстычны рух маладых існуе больш чым у 50 краінах свету.
— Якія асноўныя мэты Эўхарыстычнага руху маладых?
— Сярод мэтаў руху можна вылучыць наступныя: развіццё і ўмацаванне ў дзіцяці прагнення лучнасці з Езусам Эўхарыстычным; дапамога дзіцяці трываць у штодзённай духоўнай Камуніі з Езусам праз чытанне Евангелля і іншыя малітоўныя формы; развіццё эўхарыстычнай паставы: паслухмянасць Божаму слову, еднасць, любоў, удзячнасць, ахвярнасць; прызвычаенне да сістэматычнай працы над сабою; паглыбленне сувязі дзяцей з Касцёлам і падрыхтоўка да апостальства.
— Хто можа ўступіць у гэты рух? Ці ёсць узроставыя абмежаванні? Як выглядае працэс фармацыі?
— У рух запрашаюцца дзеці да Першай святой Камуніі. Працэс фармацыі працягваецца 6 гадоў. Цяпер крыху падрабязней.
«Следапыты Хрыста» — гэта наймалодшыя дзеці, якія вывучаюць тое, што крые ў сваёй фармацыі Эўхарыстычны рух маладых. Яны прымаюць запрашэнне Езуса сябраваць з Ім, а таксама клапаціцца аб распаўсюджванні Валадарства Сэрца Езуса ў сваім жыцці, у сваіх сем’ях і ў сваім асяроддзі. Яны адкрываюць значэнне прынцыпаў, якія ад гэтага часу жадаюць зрабіць слупамі сваіх выбараў. Пасля заканчэння гэтага этапу фармацыі ідзе ўрачыстае прыняцце дзяцей (падчас літургіі) у супольнасць руху. На знак прыналежнасці да яго яны атрымліваюць жоўтыя хустачкі.
«Вучні Езуса» — гэта час, калі, абапіраючыся на Евангелле, мы пазнаём асобу Езуса, захапляемся Ім і прагнем наследаваць у розных сітуацыях нашага жыцця. Гэты этап фармацыі завяршаецца складаннем абяцанняў вернасці Езусу падчас цырымоніі прыняцця кандыдатаў у члены руху (т. зв. рыцары Хрыста Валадара). Падчас гэтай урачыстасці таксама ўручаюцца значкі руху і пасведчанні членаў ЭРМ.
«Апосталы сёння» — гэты фармацыйны год, сканцэнтраваны ля апосталаў, руплівасць якіх у справе здабывання вызнаўцаў Езуса, Сына Божага, уражвае, захоплівае і нараджае ў душы пытанне: «Адкуль у іх гэта? Што рабіць, каб быць такімі, як яны?»
«Шукальнікі Праўды» — гэта злучальнае звяно да ўступнай фармацыі ў святле сакрамэнтаў хросту і паяднання. Для тых членаў руху, якія працягваюць навучанне, гэта з’яўляецца паглыбленнем пазнанага, а для тых, хто пачынае, — пачатковымі ўводзінамі ў тое, чым з’яўляецца ЭРМ і чаму варта карыстацца яго праграмай дзеля шчаслівага жыцця. Для пачынаючых гэты этап завяршаецца ўвядзеннем у рух і атрыманнем жоўтай хусткі.
«Адкрывальнікі Скарбу» — гэта час паглыблення таямніцы Эўхарыстычнай Любові, мацнейшай за грэх і смерць, якая становіцца прысутнай у нашай сучаснай рэчаіснасці праз моц Духа Святога. Тэмы дапамагаюць адкрываць скарб Эўхарыстыі і сакрамэнту канфірмацыі, а таксама абудзіць у маладым чалавеку прагненне жыць паўнатою жыцця. На заканчэнне гэтага этапу фармацыі пачынаючыя атрымліваюць значкі руху і пасведчанні членаў ЭРМ.
«Пакліканыя і пасланыя» — у гэты апошні год фармацыі моладзь уводзіцца ў прыгажосць жыцця, якое разумееца як дар для іншых. Адкрывае разнароднасць шляхоў у крочанні па жыцці з Богам. Робіць чуйным слых сэрца на голас Пана Бога, які прагне дапамагчы ў адкрыванні асабістага паклікання да быцця Яго апосталам, а праз гэта да крочання шляхам радасці і супакою, шляхам збаўлення. Гэты год павінен падрыхтаваць маладога чалавека да прыняцца рашэння, дзе ён будзе працягваць далейшую фармацыю. Сваё рашэнне асоба пацвярджае падчас урачыстай «цырымоніі паслання».
— Маладая асоба, якая належыць да ЭРМ, будуе сваю індывідуальнасць праз разнастайныя фармацыйныя сустрэчы. Што з гэтага яна можа ўзяць для сябе на будучыню? Ці варта прысвячаць гэтай справе час?
— Ад нашай сувязі з Езусам залежыць тое, як мы жывём і выкарыстоўваем усё, што маем: матэрыяльную маёмасць, таленты, здольнасці. Езус фарміруе да аддавання сябе дзеля дабра і шчасця іншых. Таму выпрацоўвае такія рысы, як умілаванне Праўды, мужнасць у чыненні дабра, сціпласць у матэрыяльнай маёмасці, прагненне жыць дзеля шчасця іншых. Дзякуючы любові да Езуса мы можам абараніць сваё жыццё ад хцівасці, жадання панаваць над іншымі, ад насілля, несправядлівасці і г.д.
— Дзе можна больш адшукаць інфармацыі пра ЭРМ?
— Больш інфармацыі можна знайсці на старонцы Эўхарыстычнага руху маладых у Польшчы www.erm.pl або на старонцы сусветнага маштабу http://www.apostleshipofprayer.net/eym/what-is-EYM-en.aspx
— Сястра Данута, скіруйце, калі ласка, слова да дзяцей і моладзі Беларусі, каб таксама пажадалі ўключыцца ў гэтую вялікую справу малітвы, каб адкрылі вялікую каштоўнасць Эўхарыстыі.
— Усе мы прагнем жыць прыгожа, у спакоі, кіруючыся любоўю, праўдай, справядлівасцю. Гэтаму нас вучыць Хрыстус у Эўхарыстыі. Дарагі сябра, ад цябе залежыць, кім хочаш быць і што іншыя атрымаюць дзякуючы табе. З Езусам будзеш пераможцам ва ўсім! Без камуніі з Богам страціш і тое, што здаецца больш важным за Яго. Чакаем цябе ў Эўхарыстычным руху маладых.
Размаўляў кс. Юрый Марціновіч