Пошук

31.08.2011 16:32  

Распачынаецца новы навучальны год. Пасля летніх канікулаў пачнуцца не толькі заняткі ў школах, але і катэхезы ў парафіях. У мінулым годзе за часы адраджэння Касцёла ў Беларусі ўпершыню былі выдадзены падручнікі для вучняў базавай і сярэдняй школы па навучанні катэхезе. У чым іх спецыфіка і якія праблемы яшчэ стаяць перад катэхетамі нашай краіны, мы спыталі ў с. Фабіяны Патшонсай MSF, былой старшыні Катэхетычнай секцыі пры ККББ.

— Сястра Фабіяна, якая ў Беларусі сітуацыя з падручнікамі па катэхэзе?

— Восенню 2010 года Міждыяцэзіяльнай катэхетычнай секцыі ўдалося выдаць падручнікі пяці ўзроўняў. Дагэтуль падручнікі па катэхезе на беларускай мове былі толькі для малых дзяцей (да, пасля і для навучання да Першай Камуніі). Цяпер існуюць ужо падручнікі для 5 («Гісторыя збаўлення»), 7 («Біблія — кніга жыцця»), 8 («Сакрамэнты — крыніца новага жыцця»), 9 («Узмоцненыя Духам Святым») і 10 класа («Быць вучнем Хрыста»).  

Да гэтых падручнікаў распрацаваны таксама канспекты для катэхетаў, што з’яўляецца добрай дапамогай у падрыхтоўцы да заняткаў. Падручнікі для іншых класаў плануецца выдаць у 2011/2012 гг.

— У чым асаблівасці новых дапаможнікаў?

— Усе падручнікі адаптаваныя да ўзросту вучняў. Прадугледжваецца, што кожны вучань павінен мець гэты падручнік-сшытак, паколькі ў ім самім можна пісаць, выконваць практыкаванні, як на занятках катэхезы, так і дома (хатняе заданне).

Заняткі звычайна (у залежнасці ад узросту) працягваюцца 45 хвілін. У падручніках прапаноўваецца распачынаць працу з разгляду пэўнай сітуацыі з жыцця равеснікаў, пасля шукаць адказ у Бібліі, дакументах Касцёла і паразважаць над асабістым жыццём, зрабіць высновы і пастановы.

Падобны ход працы і адпаведныя практыкаванні дапамагаюць вучню адказаць на словы Пана, якія Ён скіроўвае да яго ў гэтай канкрэтнай катэхезе. У падручніках змешчаны разнастайныя практыкаванні, накіраваныя на паглыбленне зместу катэхезы: вусныя, пісьмовыя; крыжаванкі, пытанні, рэбусы, тэсты, галаваломкі.

Паколькі падручнікі выдадзены згодна з праграмай катэхетычнага навучання, прынятага ў Беларусі, то ўсе вучні павінны мець такія падручнікі. Пры гэтым катэхет можа дадаваць да прапанаваных практыкаванняў свае.   

— Ці можна казаць пра плёны выкладання па дадзеным падручнікам?

— Многія катэхеты ўжо казалі мне пра тое, што дзеці і моладзь з вялікай ахвотай карыстаюцца дадзенымі падручнікамі. Думаю, вельмі карысна, што падручнікі даюць магчымасць, а, можа, у чымсьці і абавязваюць знаёміцца, разважаць Божае слова не толькі на катэхезе, але і дома. Падручнік дапамагае жыць Божым словам на штодзень, нагадвае, што кожны дзень Бог прамаўляе да нас і чакае адказу.

— Чым можна зацікавіць сучасных дзяцей і моладзь, і што з гэтага выкарыстана ў дапаможніках?

— У падручніках і канспектах для катэхетаў мы стараемся выкарыстоўваць актывізуючыя метады. Яны неабходны для таго, каб дапагчы вучням больш моцна і глыбока засвоіць змест катэхезы. У той жа час стараемся, каб катэхеза не ператварылася ў гульню, але дапамагла ў разуменні Божага слова.

— З якімі праблемамі сустракаюцца катэхеты пры выкладанні катэхезы?

— Са свайго вопыту выкладання катэхезы магу сказаць аб адной вялікай праблеме. Яна заключаецца ў тым, што бацькі часта водзяць дзяцей да бабак, варажбітоў, не разумеючы пры гэтым, што адкрываюць поле дзейнасці д’яблу. Што не мінае без наступстваў.

Часта таксама навучанне катэхезе адрозніваецца ад таго, што дзіця бачыць і чуе дома. У сваёй сям’і дзіця не бачыць прыкладу рэлігійнага жыцця. А часам пэўныя веды бацькі атрымліваюць ад сваіх дзяцей, якія распавядаюць аб тым, што даведаліся на катэхезе.

Таму справа датычыць выхавання не толькі дзяцей, але і бацькоў.

— З якога ўзросту варта прыводзіць дзіця на заняткі па катэхезе?

— Першымі катэхетамі павінны быць бацькі. Гэта яны павінны першымі казаць аб існаванні Бога. Калі дзіця ідзе ў сад (мае 3–4 гады), то пажадана было б і наведваць катэхезу, якая для гэтага ўзросту займае 10–15 хвілін. На жаль, пакуль што ў Беларусі такое вельмі рэдка сустракаецца.

— Дзякуй за размову.

Гутарыла Святлана Жылевіч

P.S. У хуткім часе катэхетычныя матэрыялы з’явяцца і на нашым сайце.

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця