Пошук

31.07.2011 16:17   Ілья Лапато / Catholic.by

Ганне Дзмітрыеўне Жураўлёвай 86 гадоў. У 15 гадоў яе адправілі на прымусовую працу ў Германію. Дзяўчына выжыла, перажыўшы чатыры канцлагеры ў Саласпілсе, Майданэку, Равенсбруку і Ноен-Брандэнбургу. Сёння яна жыве ў Маскве, але кожны год прыязджае на радзіму ў Росіцкі касцёл. Тут яна прымала Першую святую камунію і яскрава памятае постаці росіцкіх пакутнікаў айцоў марыянаў Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча. У інтэрв’ю для Catholic.by спадарыня Ганна ўзгадвае сваё жыццё, ваенны час і разважае пра веру.

— Ганна Дзмітрыеўна, рапавядзіце, калі ласка, пра сябе.

 

— Я нарадзілася ў вёсцы Ліпаўка, побач з Росіцай. Мой тата быў ваенным, сям’я была невялікай — я была адзіным дзіцём. А вось у мамінай сястры — трое дзетак: Валечка, Валодзенька і Алачка. Вось іх таксама спалілі (голас дрыжыць — Аўт.). У той год мае стрыечныя браты і сёстры гасцявалі ў нас.

Мне было 14-15 гадоў, калі пачалася вайна.

Немцы прыйшлі вельмі хутка, як нашых ужо не стала. А мы, дзеці, пахаваўшыся, сядзелі хто дзе. Я хавалася пад ложкам... Мы вельмі баяліся гэтых немцаў. Першыя немцы, якія праходзілі праз вёску, былі не такія. А вось як прыйшоў карны атрад, які паліў вёскі, было вельмі страшна.

— Узгадайце, калі ласка, што адбылося ў той дзень сорак трэцяга года?

— Спачатку прыехалі нейкія ваенныя. З усіх дамоў яны зганялі людзей у вялікае калгаснае гумно. Мужчын у вёсцы амаль што не было — усе на фронце або ў партызанах. Фашысты казалі: «Мы вас навучым як жыць, каб ніколі не было партызанаў». Нас выгналі з хат і пастроілі ўздоўж дарогі. Пасля пачалі сартаваць, выбралі з натоўпу 10 чалавек, у тым ліку і мяне, і загадалі нам: «Вы пойдзеце ў турму ў Германію, а вашыя родныя будуць сядзець і чакаць вас. Калі адседзіце ў турме, вернецеся».

Нас пагналі да леса, а астатніх пачалі зганяць у гумно. Калі мы дайшлі да леса, з боку вёскі пачалі даносіцца вельмі моцныя крыкі і стогны. Паваліў дым. Немцы палілі людзей…

— Як вы думаеце, чаму немцы выбралі з натоўпу вас?

— Я не ведаю, не разумею, чаму. Я была маленькай дзяўчынкай. 14-15 гадоў. Я нават да сённяшняга часу над гэтым разважаю… Але думаю, што гэта была Божая воля. З тых дзесяці сагнаных на прымусовыя працы ў канцлагер выжыла і вярнулася дамоў толькі 4 асобы.

Вось тут на магіле напісана: 211 спаленых з усёй вёскі. Але мы падлічылі і зразумелі, што спалена больш 280 чалавек. У гэтай брацкай магіле няма мужчын, толькі жанчыны і дзеці.

«…Людзі казалі: мы сустрэнемся з Божанькам і вам дапаможам»

— Што адбывалася з вамі ў канцлагеры?

— У лагерах з намі абыходзіліся вельмі жорстка, білі палкамі. Надзіральнікамі ў нас былі не немцы, а палякі. Усё трэба было рабіць бягом. Працавалі на розных працах: насілі палкі, капалі зямлю. Нас ганялі і мы вельмі баяліся. Падчас гэтых прац людзей часта забівалі. Не дай Божа нікому на свеце пабачыць тое, што я там пабачыла і перажыла.

У канцлагеры я не сустракала тых, хто б не верыў у Бога. Усе мы былі веруючымі. Калі чалавек паміраў, і мы падыходзілі да гэтых людзей, каб быць з імі, яны казалі нам: «Не плачце, мы ідзём да Бога. З Богам сустрэнемся і вам дапаможам». Памірала шмат. Кладзёмся вечарам спаць — усе здаровыя, а раніцай — чалавек ужо нежывы.

— Як вас вызвалілі?

— За ўвесь час я пабывала ў трох лагерах. У апошнім канцлагеры Ноен-Брандэнбург аднаго дня нас выгналі з барака і павялі ў лес. Мы разумелі, што нас мала і жыць нам засталося няшмат. Нас загналі ў гумно і закрылі на замок. Заставалася толькі запалку падставіць… Але яны не паспелі. З розных бакоў пачалі малаціць «Кацюшы». «Кацюша» лупіла некалькі гадзін, але ніводны снарад не трапіў у наш хлеў. І тут адкрываюцца дзверы, а там — савецкае войска! Салдаты, якія нас вызвалялі, вельмі плакалі — мы былі яшчэ дзецьмі.

Калі мы выйшлі з гумна, адзін камандзір крыкнуў салдатам: «Калі дзяўчынкам хтосьці дасць хлеба, расстраляю на месцы». Я тады падумала: «Вось жа як: немцы не давалі, і гэтыя так сама робяць». А нам не можна было… Мы заплакалі, што нам не можна хлеба нават з’есці. А яны і кажуць: «Вось нельга хлеба, дадзім вам кашкі смачнай па лыжачцы».

«Хто, як не Бог, выратаваў мяне ў канцлагеры?»

— Калі пасля вызвалення вярнуліся дамоў, што Вы тут спаткалі?

— Тут ужо жылі людзі. І паколькі наш дом быў спалены, застаўся толькі комін, мяне прыняла суседка з двума дзецьмі. Добра памятаю яе словы: «Ой, Анечка, як жа ж ты выжала? Мы думалі, што вы там усе загінулі». Я адразу пайшла на тое месца, дзе ўсё здарылася, паглядзела. Але там было пуста, толькі абгароджаны плотам узвышаўся вялікі крыж.

— Як і ў Ліпаўцы, у Росіцы загінула шмат людзей. Ці памятаеце вы святароў Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча?

— Яны ў мяне ў вачах і цяпер стаяць. Невялікага росту, такія ласкавыя і прыветныя. Яны заўсёды з намі жартавалі (усміхаецца — Аўт.), гладзілі па галаве (паказвае — Аўт.). Яны былі нам, як бацькі. Вось успамінаю, і перад вачыма іх твары. Айцы вельмі добра нам тлумачылі (не так, як у школе), што душой, сэрцам і розумам трэба ведаць, што ёсць Бог, што Бог нас выратуе.

Я часта думаю пра сябе: хто, як не Бог, выратаваў мяне у канцлагеры?

Росіцкі касцёл — мой родны касцёл, мяне там хрысцілі. Цяпер ён выглядае крыху па-іншаму, а да вайны быў вельмі прыгожы. Мой дзед нават дапамагаў будаваць гэтую святыню.

«Як кажуць, без Бога ні за парог»

— Як вы апынуліся ў Маскве?

— Я напісала ў Маскву да цёці, якая яшчэ да вайны выйшла туды замуж за ваеннага. Мы засталіся толькі ўдваіх, нікога з радні больш не было. Цёця адпісала: «Прыязджай у Маскву і будзем з табой тут жыць». Што мне было рабіць? Я басанож і ў адной сукенцы. Так у 1945-м годзе я паехала ў Маскву, выйшла там замуж, нарадзіла дачку. Але муж, на жаль, памёр. Дачку я вырасціла, але яна была вельмі слабенькай і таксама пазней памерла. А я ўсё жыву.

Дачка пазаставіла ўнука Сяргея, які зараз вучыцца на праваслаўнага святара. У Маскве амаль усе праваслаўныя. Але ёсць і касцёл, куды я хаджу. Ён вельмі прыгожы і там мяне ўсе ведаюць.

— Ганна Дзмітрыеўна, Вы прайшлі праз некалькі канцлагераў, перажылі цяжкі пасляваенны перыяд, што дапамагло Вам вытрымаць усё гэта?

— Са мною заўсёды Бог, прысутнасць якога я адчуваю на працягу ўсяго свайго жыцця. Уся нашая сям’я веруючая: дзед, бабуля, мама, я. Цяпер толькі я жывая засталася. Як кажуць, без Бога не за парог. Ды і за парогам трэба, каб быў Божанька. І дзядуля, і мама мне заўсёды казалі гэтыя словы. Я Бога шчыра, усім сваім сэрцам люблю. Гэта, дзетанька, такая любоў і вера, якую нічым не выб’еш: ні кулаком, ні малатком, як кажуць. Я моцна перакананая ў тым, што, дзе б я не знаходзілася, Бог заўсёды са мною. З ім я дажыла ўжо да сваіх 86-і гадоў. І маю моцную надзею, што не пакіне мяне нават у хвіліну маёй смерці.

Размаўляў Ілья Лапато

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця