Пошук


31.07.2011 00:23  

29 ліпеня 2011 г., ва ўрачыстасць падзякі Пану Богу за дар благаслаўлёных мучанікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, Росіцу наведаў сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Польшчы біскуп Станіслаў Будзік. Іерарх прыбыў у Беларусь па запрашэнні біскупа Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслава Бліна. У інтэрв’ю для Сatholic.by госць з Польшчы нагадаў пра важнасць сведчання веры.

— Ваша Эксцэленцыя, у Беларусі Вы ўжо другі раз. А як даўно вы даведаліся пра мучанікаў з Росіцы і ці ўпершыню ў росіцкім санктуарыі?

— Так, сапраўды, у Беларусі я другі раз. Пра мучанікаў з Росіцы я даведаўся гадоў дзесяць таму. У 1999 годзе Святы Айцец Ян Павел ІІ беатыфікаваў у Варшаве 108 пакутнікаў часоў Другой сусветнай вайны. Адным з беатыфікаваных быў і рэктар семінарыі ў Тарнове кс. Раман Сітка, арыштаваны ў часы Другой сусветнай вайны і вывезены ў Асвенцым, дзе ён і загінуў.

У 1999 годзе я быў рэктарам семінарыі ў Тарнове, таму ледзьве не ўся наша семінарыя прыехала ў Варшаву на гэтыя ўрачыстасці. Якраз тады сярод шматлікіх прозвішчаў, якія там прагучалі, я ўпершыню пачуў прозвішчы росіцкіх мучанікаў. На жаль, тады мне не ўдалося пазнаёміцца з біяграфіяй беларускіх пакутнікаў бліжэй.

Памятаю, як Ян Павел ІІ падчас беатыфікацыі звярнуўся да ўсіх нас з заклікам: няхай сведчанні пакутнікаў не будуць забытыя. Ён узгадаў тады, што ХХ стагоддзе можна па праву назваць часам хрысціянскіх мучанікаў, якіх было, магчыма, нават больш, чым у іншыя перыяды гісторыі.

Я таксама вельмі цешуся, што магу сёння аддаць пашану двум святарам, якія, будучы салідарнымі са сваімі парафіянамі, пайшлі на смерць і далі фантастычнае сведчанне — так, як калісьці гэта зрабілі Максімільян Кольбэ і кс. Юрый Папялушка. Так, як калісьці гэта зрабілі і мучанікі першых стагоддзяў, якім мы аддаём пашану ў рымскіх катакомбах…

— Якія месцы, акрамя Росіцы, Вы плануеце наведаць?

— Я ўжо паглядзеў Мінск і Глыбокае. Сёння па дарозе сюды з біскупам Уладзіславам Блінам мы наведалі Хатынь. Я быў вельмі ўражаны гэтым месцам і тым фактам, што ў гады вайны ў Беларусі загінуў кожны чацвёрты жыхар.

Нядаўна ў свет выйшла вельмі цікавая кніга амерыканскага аўтара пад назвай «Акрываўленая земля», дзе гаворыцца пра тое, што на землях Польшчы, Беларусі і Украіны на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў было закатавана некалькі дзясяткаў мільёнаў чалавек — вынік працы фашысцкай і сталінскай таталітарных сістэм.

Цэлебраваць святую імшу ў Росіцы з’яўляецца для мяне асаблівай ласкай --  я вельмі цешуся, што тыя пілігрымы, якія прыбылі сюды, спаўняюць заклік благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ: “Няхай не будуць забытыя сведчанні мучанікаў!”.

— Ваша Эксцэленцыя, з якімі словамі Вы хацелі б звярнуцца да тых, хто прыехаў сюды, каб маліцца да Пана Бога праз заступніцтва гэтых мучанікаў? Якім прыкладам для святароў і для вернікаў можа служыць ахвяра гэтых мучанікаў?

— Я ўзгадаў бы тут першыя стагоддзі хрысціянства, першых мучанікаў Касцёла, а таксама тое, што часта ўзгадвалі айцы Касцёла: кроў мучанікаў — гэта насенне для хрысціянства. Можна сказаць, што гэтыя землі такім чынам пазначаныя на працягу гісторыі хрысціянскай веры.

Няхай кроў росіцкіх мучанікаў будзе сапраўды насеннем, з якога заквітнее ласка веры, адказ на ласку веры для гэтага народа, гэтай супольнасці і гэтай краіны. Ёсць меркаванне, што хрысціянства — рэлігія, якая ў свеце найбольш церпець перасцлед. Слова «мартыр» па-грэчаску азначае «сведка». Мы жывём у такім месцы і ў такі час, што не праліваем кроў за веру, але мы павінны даваць сведчанні, што часам нават цяжэй. Трэба мець адвагу сведчыць аб вызнанні Хрыста, нават калі мы меншасць і астатнія не падзяляюць нашу веру. Сведчыць пра Евангелле, сведчыць пра Бога, у якога верым. Даць сведчанне веры і любові. Гэта цудоўнае заданне.

Думаю, што росіцкія мучанікі, якія пакінулі на гэтай зямлі такі цудоўны прыклад веры, дададуць нам адвагі і любові, каб мы належалі да тых, хто і  далей будзе несці веру ў сучасны свет. Любоў і вера — без іх сёння мы не зрушымся з месца.

Размаўляў кс. Юрый Жэгарын

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця