Пошук

25.07.2011 15:32  

Сястра Бэрнадэта Клім MSF была побач з кардыналам Казімірам Свёнткам на працягу яго хваробы, была тою асобай, якая падтрымлівала святой памяці іерарха, размаўляла з ім, асобай, у якой кардынал нават часам пытаўся парады.

— Cястра Францішка (такое імя с. Бэрнадэта атрымала падчас хросту і так яе называў вечнай памяці кардынал – Рэд.), Вы былі побач з кардыналам у час яго хваробы. Як ён перажываў гэтыя цярпенні?

— Як толькі кардынал Казімір вярнуўся з Польшчы (другая аперацыя і рэабілітацыя ў Любліне – Рэд.), то адразу пачаў працаваць. Стаў разглядаць паперы, дакументы, якія назбіраліся за час яго доўгага прабывання ў Польшчы. Ён вельмі жадаў гэтай актыўнасці. Аднак, ізноў трапіў у бальніцу. Пасля наркозу цяжка прыходзіў да памяці. Потым адкрыўся крывацёк у страўніку, затым з прычыны запалення лёгкіх яму было складана гаварыць.

— Чым для Вас асабіста стаў вопыт прабывання побач з кардыналам у хвіліны яго цярпення, побач з чалавекам моцнага духам і верай?

— Яшчэ калі не быў у бальніцы, ён так прыгожа, як дзіця, гаварыў са мною пра боль. Казаў, што, калі яму баліць і ён крычыць, то нібы становіцца лягчэй, аднак пытаўся, як лепш: крычаць ці не крычаць. Я ж адказвала: калі маленькае дзіцятка крычыць, мама ўспрымае гэта не заўсёды з бояззю, яна проста імкнецца прыгарнуць дзіця да сябе бліжэй. Езус таксама пакутаваў, таму Ён усё зразумее. І кардынал на гэта адказваў: ну, у такім разе, мне лягчэй. І гэтае яго перажыванне хваробы нагадвала заклік Хрыста “станьце, як дзеці”; гэта было яго цалкавітае адданне сябе Богу, адданне сваіх пакутаў і болю.

— Ці гаварыў кардынал пра смерць?

— Ён вельмі хацеў жыць і гэта было відаць. Ён яшчэ шмат хацеў зрабіць. Чакаў, калі да ліку благаслаўлёных будзе далучаны Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі. Тады, думаў кардынал, будзе ўсё зроблена. Гэта была яго вялікая мэта. Кардынал адчуваў моцную дапамогу біскупа Лазінскага.

Смерць жа кардынал Казімір называў адыходам у Дом Айца. А ў Доме Айца ўсім добра.

— Што ўвогуле любіў кардынал Казімір, чым ён жыў?

— Ён шмат жартаваў. Добрае пачуццё гумару ў ім засталося да канца. 13 сакавіка ён падпісваў дакументы, неабходныя для атрымання святарскага пасвячэння дыякану Юрыю Медушэўскаму (апошні святар, які атрымаў пасвячэнні паводле дазволу кардынала Свёнтка – Рэд.). Тады я паспрабавала над ім пажартаваць і запыталася, што азначае нейкае лацінскае слова. На гэта ён мне з усмешкай адказаў: я яшчэ пры добрай памяці!

Кардынал Казімір вельмі любіў ружанцовую малітву. У яго быў ружанец ад с. Луцыі (адна з трох пастушкоў, якім аб’явілася Маці Божая Фацімская). Маліўся на ім заўсёды. Пасля літургіі ён любіў застацца ў касцёле, каб памаліцца ў цішыні. На гэта было прыемна глядзець.

— Дзякую за размову.

Размаўляла Валянціна Крутая

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.