Пошук

23.07.2011 21:45  

Кардынал Казімір Свёнтэк захапіў мяне сваёй энергічнасцю і пачуццём гумару, -- аздначыў у інтэрв’ю для Catholic.by Мітрапаліт Віленскі кардынал Аўдрыс Бачкіс. Літоўскі іерарх назваў спачылага кардынала жывым прыкладам мужнасці і таксама заклікам ніколі не здавацца.

— Як даўно Вы ведаеце кардынала Свёнтка і кім ён быў асабіста для Вас?

— Першы раз пра кардынала Свёнтка я пачуў ад благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, які захапляўся яго асобай, гісторыяй яго жыцця. Як мы ведаем, ён быў арыштаваны і асуджаны на высылку ў Сібір, у Варкуту, таксама як і некаторыя іншыя святары. Я сустрэў яго ў Рыме, калі ён ужо быў кардыналам і старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Я бачыўся з ім шмат разоў на сустрэчах Біскупскіх Канферэнцый Еўропы. У 2003 годзе падобная канферэнцыя была ў Вільні. Там быў прысутны і ён. У нас адбылося некалькі размоў. Тады ён захапіў мяне сваёй энергічнасцю і пачуццём гумару.

— Сёння Вы прыбылі сюды ў Мінск. Якія былі Вашы першыя думкі пра тое, што ён здзейcніў у сваім жыцці?

— Ён быў сапраўдным абаронцам веры. Ён быў сведкам веры і любові да Бога. Ён паказаў вялікую любоў да беларускага народа: захацеў застацца тут, каб служыць людзям у цяжкія часы. Як я ўжо не раз падкрэсліваў, кардынал Свёнтэк адбудаваў не толькі будынак касцёла, ён адрадзіў веру ў душах людзей. Ён часам гаварыў, што «мы з Усходу», за які церпім, каб адрадзіць веру ва ўсёй Еўропе, бо цяперашняя Еўропа шмат пакутуе, мае вялікія праблемы з матэрыялізмам, якія мы бачым у заходнім забяспечаным грамадстве. Таму ён для мяне з’яўляецца прыкладам вернасці Касцёлу, сведкам вялікай надзеі. Не ўсё яшчэ згублена. Мы можам усё адбудаваць, можам маліцца і працаваць, каб адрадзіць святло веры ў душах людзей. І ён быў прыкладам у гэтым. Ён заўсёды ішоў наперад, не страчваючы надзеі, маючы добрае пачуццё гумару і энтузіязм. І дзяліўся гэтым са святарамі і вернікамі не толькі тут, у Беларусі, але і з Касцёлам у Еўропе і ў іншых краінах свету. Мы павінны вучыцца ў яго мужнасці і вытрываласці. Я захапляюся ім і глыбока паважаю яго. І я думаю, што сёння ён з неба выпрошвае ласкі для нас.

— Якія словы падтрымкі Вы хацелі б сказаць тым людзям, якія ведалі кардынала, а таксама тым, якім ён дапамог аднавіць веру?

— Мы павінны даверыцца Божай Міласэрнасці. Бог сапраўды міласэрны і Ён ніколі не пакіне свой Касцёл. Нават у часы пераследу і цярпенняў Бог заўсёды нас аберагае. Кардынала Свёнтка як святара і біскупа Бог адарыў моцаю, неабходнай для адраджэння Касцёла, і ён цярпеў разам з людзьмі і Касцёлам. Гэта жывы прыклад і таксама заклік да кожнага з нас ніколі не здавацца, ніколі не засмучаць Бога ў цяжкія часы. Вернікі ведаюць, колькі цярпеў кардынал Свёнтэк, таксама і ў апошнія хвіліны свайго жыцця.

— Кім у Вашай памяці застанецца кардынал Свёнтэк?

— Для мяне ён быў сімвалам мужнасці і прастаты. Ён ніколі не скардзіўся на свае хваробы, на свае цярпенні. Ён глядзеў на сваё жыццё праз прызму Божага Провіду. Ён гаварыў: гэта мая місія, гэта маё пакліканне, гэта мае людзі. Для мяне ён быў пастырам, добрым пастырам Касцёла. Ён быў пастырам як святар, як біскуп і заўсёды давяраў Богу. Асабіста для мне ён даў урок, як быць пастырам, добрым пастырам, даў урок, як усё рабіць з любоўю для сваіх людзей.

— Дзякуем за размову і Вашую прысутнасць сярод нас у час жалобы.

Размаўляў кс. Юрый Жэгарын

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця